Wednesday, July 24, 2013

АКАФІСТ СЬВЯТОЙ РОЎНААПОСТАЛЬНАЙ КНЯГІНІ ВОЛЬЗЕ



Кандак 1
Першаабраніцы ад усяго народу Русі Кіеўскай, слаўнай і роўнаапостальнай добра дагадзіўшай Богу Вользе складзём славу, як зорцы, што ў цемры ідалахваленьня сьвятлом праўдзівай веры зазьзяўшай і шлях да Хрыста ўсім людзям беларускім ды ўкраінскім паказаўшай. Ты ж, як маючая гонар стаяць прад праславіўшым цябе Госпадам, абарані нас ад усялякіх бед малітвамі тваімі, мы ж сьпяваем табе: Радуйся, сьвятая роўнаапостальная княгіня Вольга богамудрая.
Ікас 1
Анёлаў і людзей Творца, гадзіны і гады ў Сваёй уладзе маючы і лёсам царстваў і народаў па Сваёй волі кіруючы, калісьці пажадаў народ Русі Кіеўскай Сьвятым хрышчэньнем асьвяціць, тады, бачачы добрую волю сэрца твайго, паклікаў цябе першай дзеля пазнаньня Сябе, ды будзеш усяму народу Русі Кіеўскай вобразам і настаўніцай у хрысьціянскай веры. Таму праслаўляем цябе сьпяваючы:

СЬВЯТА РОЎНААПОСТАЛЬНАЯ КНЯГІНЯ ВОЛЬГА


Памяць 11/24 ліпеня
Старажытныя летапісы сьведчаць, што сьв. Княгіня Вольга была крывічанкай з Пскоўскай зямлі. Паходзіла яна з роду Гастамысла, па радзе якога былі закліканыя на Русь князі-варагі. Аднойчы пры пераезьдзе праз раку Пскову яна пазнаёмілася з маладым князем Ігарам і уразіла яго сваёй прыгажосьцю і мудрасьцю. Пасьля гэтага апякун Ігара князь Алег сам паехаў за ёй, прывёз яе ў Кіеў і выдаў замуж за Ігара, прычым яе славянскае імя замяніў сваім уласным, вараскім, і назваў яе Вольгай. У 945 г. князь Ігар быў забіты дрэўлянамі. Так звалася славянскае племя, якое жыла на Валыні. Вольга, па паганскім звычаі, загадваючаму удовам помсьціць за сьмерць свайго мужа, жорстка адпомсьціла ім. І, паколькі сын яе Сьвятаслаў быў яшчэ малы, яна стала кіраваць сваім народам замест яго, і кіравала з мудрасьцю і літасьцю.