Saturday, August 6, 2011

ПАМАЦЬ ПРАТАЯРЭЯ ІВАНА КУШНЕРА

Пятага траўня 1943 года чырвоныя сталінскія бандыты забілі вернага сына Беларусі, сьвятара Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, пратаярэя Івана Кушнера.
Справа БАПЦ, як і ўся беларуская нацыянальная дзейнасьць пад нямецкай акупацыяй, не адпавядала палітыцы Масквы. У ліпені 1942 г. немцы перахапілі радыёвую дэрэктыву з Масквы, у якой гаварылася: "Здраднікі павінныя быць высачаныя. Сьмерць здраднікам! Гэтае датычыць і сьвятароў, якія пайшлі на згоду з новымі нячысьцікамі й пачалі ім служыць". Савецкія партызаны мардавалі ў Беларусі ўсіх тых, хто прымаў удзел у Саборы. На другі дзень пасьля вяртаньня з Сабору быў замардаваны айцец Анатоль Сярпоў з Пастаўшчыны, пасьля - а. Вячаслаў Малашка, а. Мікалай Скабей, а. Антон Каліноўскі, а. Мікалай Дзяруга, прат. I. Кушнер, а. Аладка, а. К. Маеўскі. Савецкія партызаны мардавалі пераважна сьвятароў-беларусаў. Таксама й Армія Краёва, каб перашкодзіць арганізацыі беларускага нацыянальнага й рэлігійнага жыцьця ў Заходняй Беларусі, мардавала сьвядомых і актыўных беларусаў, а сярод іх праваслаўных сьвятароў. Акаўцамі былі зьверскі замардаваныя а. Іван Аляхновіч разам з матушкай, іераманах Лукаш, прат. Леванчук.

ПСАЛТРЫ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ

Шостага жніўня 1517 года ў Празе пабачыла сьвет першая друкаваная кніга Францыска Скарыны - Псалтыр. Ён быў надрукаваны на беларускім ізводзе царкоўнаславянскае мовы, але доля тагачаснай жывой (літаратурнае) беларускае мовы складала ў ім не менш 35-37%%. Пры гэтым канон Псалтыры быў праваслаўным і ўключаў у сябе 151 Псальму.

З прадмовы да «Псалтыра» Ф. Скарыны

Усялякае Слова, Богам натхнёнае, - карысна! Яно вучыць, выкрывае, выпраўляе і карае!




«Няхай будзе божы чалавек дасканалы і скіраваны на ўсякую добрую справу!» - так піша святы апостал Павел. Менавіта дзеля нашага навучання, духоўнага і цялеснага выпраўлення існуюць святыя пісьмы. Адны - дадзены нам у Старым і Новым Законах, другія - у «Дзеяннях» святых айцоў, іншыя - у прытчах прамудрых настаўнікау, некаторыя - у песнях і псалмах Давыда і іншых божых песняроў, што складаюць «Псалтыр». Тыя пісьмы, якія пералічаны спачатку, звычайна ўтрымліваюць штосьці адно. Так, Закон вучыць, як людзям дасягнуць вечнага жыцця. Прарокі прадказваюць будучыню: добрую добрым, злую - злым. «Дзеянні» і жыцці святых айцоў навучаюць нас цярпенню і патрабуюць жыць у страху божым. Прытчы і прыслоўі вучаць малых і старых добрым звычаям. «Псалтыр» жа, адзіны, усе тыя рэчы ў сабе замыкае, усяму таму вучыць і ўсё прапаведуе! Яго псалмы - гэта скарб, безліч каштоўных каменняў! Яны розную немач духоўную і цялесную выганяюць! Душу і розум прасвятляюць! Гнеў і лютасць уціхамірваюць! Мір і пакой чыняць! Смутак і скруху адганяюць! Пачуцці ў малітвах даюць! Людзей зычлівымі робяць! Ласку і міласць мацуюць! Д'ябла праганяюць, анёлаў па дапамогу заклікаюць! Псалом - гэта шчыт супраць начных д'ябальскіх спакус і страхаў! Пакой у дзённай мітусні і беганіне! Абарона і вяселле малым, пацеха і песня старым! Жонкам - набожная малітва і ўкраса! Дзецям малым - пачатак усялякае добрай навукі, юнакам - памнажэнне іх ведаў, мужам - умацаванне вялікае! Псалом святочна ўпрыгожвае голас усёй адзінай царквы! Псалом усялякую супраціўнасць дзеля Бога выпраўляе! Псалом жорсткае сэрца змякчае і слёзы яго, як струменьчык з крыніцы, выводзіць. Псалом - анёльская песня, духоўны тэмпан, які цела спевамі весяліць і адначасна душу вучыць! Чаго толькі не знойдзеш у псалмах! Там - вялікасць боская і хвала яму! Там - справядлівасць! Там - чысціня душэўная і цялесная! Там - навука праўды! Там - мудрасць і розум дасканалы! I ўсе іншыя добрыя звычаі, нібы з крыніцы, струменяць адтуль! Там ёсць вялікая тайна пра Бога адзінага ў Тройцы! I аб увасабленні Госпада нашага Ісуса Хрыста! I аб пакутах яго без віны і аб уваскрэшанні з мёртвых! Там ёсць надзея на вечнае жыццё і выратаванне! Там - боязь Страшнага суда і пякельнага агню! Там - адкрыццё многіх тайнаў схаваных! Усе тыя рэчы, як у вялікай скарбніцы, знойдзеш у гэтым малым «Псалтыры»!

Ведаючы такія пажыткі ад гэтае кнігі, я, Францішак, Скарынін сын з Полацка, у лекарскіх навуках доктар, загадаў «Псалтыр» ціснуці рускімі словамі славянскае мовы. Найперш - для ўшанавання і хвалы Бога ў Тройцы адзінага і Прачыстай маці яго Марыі, і ўсіх нябесных чыноў, і святых божых. А таксама — для карысці паспалітага люду. I асабліва з тае прычыны, што мяне літасцівы Бог з гэтае мовы на свет пусціў...