Wednesday, September 29, 2010

ДА ГІСТОРЫІ ПЫТАНЬНЯ ПРЫЁМУ КЛІРЫКАЎ У НОВУЮ ЮРЫСДЫКЦЫЮ ПРАЗ ХІРАТЭСІЮ Ў ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЕ

прат. Сяргей Горбік
У працэсе вывучэньня гісторыі Праваслаўнае Царквы, асабліва ХХ стагодзьдзя, пры разглядзе прыёму клірыкаў у іншую юрысдыкцыю, мы часта сустракаемся зь досыць незразумелае фармулёўкай “прыняты праз хіратэсію”. Падобнае неразуменьне выклікана тым, што сам чын хіратэсіі (χειροθεσία – пакладаньне рук, дабраслаўленьне) ужываецца адносна чыну пастаўленьня ніжэйшага царкоўнага кліру: чытальнікаў і сьпевакоў і, у некаторых выпадках, іпадыяканаў. Адносна рукапакладаньня архірэяў, сьвятароў і дыяканаў ужываецца тэрмін хіратонія (χειροτονία). Такім чынам, узьнікае натуральная блытаніна, бо, здаецца лягічным, да архірэяў, сьвятароў і дыяканаў хіратэсія ўжывацца не можа. Тым больш, што ў тэкстах сустракаецца і тэрмін “паўторная хіратонія” (г.зн. першая хіратонія была прызнана несапраўднае). Некаторыя дасьледчыкі і клірыкі, памыляючыся, ставяць знак роўнасьці паміж тэрмінам “прыняты праз хіратэсію” і “прыняты праз паўторную хіратонію”. І, выходзячы з такога сьцьверджаньня, лічаць тэрмін “прыняты праз хіратэсію” некарэктным альбо наогул няправільным.