Wednesday, June 3, 2009

Барыс Данілюк

ГІСТАРЫЧНЫ ШЛЯХ ДА АЎТАКЕФАЛІІ
БЕЛАРУСКАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ


Гiсторыя нашае Бацькаўшчыны, а зь ёю й гiсторыя Беларуcкае Праваслаўнае Царквы ды Ейнага шляху да аўтакефалii пачынаеца з другое паловы Х-га стагодзьдзя. Ведамаж, гэта ня значыць, што працягам амаль тысячы год перад тым на нашых землях нiчога ня было й нiчога ня дзеялася.
Наадварот, за той час нашыя продкi: крывiчы зь iльмяньcкiмi славенамi, дрыгвiчы й радзiмiчы, якiх справядлiва было-б называць паўночнымi, а ня ўсходнiмi славянамi, выйшаўшы з ранейшых мейсцаў асельля ды асеўшы на гэтых землях, зумелi загаспадарыць iхную новую жыцьцёвую прастору й паставiць на ёй сёлы ды месты. Гэта, пэўна-ж, патрабавала высокага ўзроўню духовае й матэрыяльнае культуры, а таксама грамадзкае сьпеласьцi на стварэньне мяйсцовых ды краёвых уладных структураў, безь якiх iхныя асягненьнi ня былi-б магчымыя.
Асеўшы на густой сетцы водных шляхоў, нашыя продкi, пэўна-ж, не забудоўвалi й не багацiлi стагодзьдзямi iхны край, ды не стваралi ў iм грамадзкага ладу ня сутыкаючыся йз суседнiмi народамi й далейшым вонкавым сьветам. Што гэткiя сутыкненьні былi сьветчаць дзе-якiя пiсьмовыя згадкi далёкiх замежных падарожнiкаў і купцоў.
Гэныя згадкi дазваляюць зрабiць выснаў, што, калi дасягалi нашых земляў купцы, дык разам, або ўсьлед за iмi йшлi й хрысьцiянскiя весьцьнiкi, што, зрэштай, падтрымоўвае легенда праз побыт апостала Андрэя нятолькi ў Кiяве, але, магчыма, i ў Полацку. Калi-ж зьўлялiся хрысьцiянскiя весьцьнiкi, дык можна дапушчаць, што ўжо тады ў нашым кpai былi заснаваныя грамады хрысьцiянскiх вepнiкaў.
Нажаль, праз колькасцi гэтых гpамaдaў і праз пашырэньне хрысьціянства наагул, як і праз усё, што дзеялася на нашых землях да другое паловы Х- га ст. не засталося нiякiх вестак.
Сталася так не выпадкова, а з тае прычыны, што на гэтыя землi навалiлася бяда, якая сьцерла народную памяць мiнулых стагодзьдзяў ды магчымыя ейныя запiсы.
Гэтай бядою былi вapari, цi нарманы, або вiкiнгi йз Скандынавii, што ў VIII-XI-м ст., у першай зьяве "drang nach Osten" гярманскiх плямёнаў, сьпярша гандлюючы, выведалi нашыя землi, а пасьля збройнай сiлай захапiлi iснавалую на мейсцах уладу сабе ды пачалi правiць жорстка й крывава.
Першым зь ведамых варажскiх захопнiкаў на нашых землях быў называны князям Рагвалод, што завалодаў Полацкам.
Пераказ, што дайшоу да нас, з yвaгi на долю, што зрыхтаваў Рагвалоду й ягонай сям'i iншы варажскi захопнiк, ставiцца да яго йз спагадам ды прыхiльнасьцяй, хоць празь ягонае ўладаваньне мала што ведама.
Гэты-ж iншы варажскi заваёўнiк быў Уладзiмер, што раней крывава захапiў Вялiкi Ноўгарад ды меў жаду не на малыя акрайцы зямлi, а на валоданьне вялiкай iмпэрыяй. Iдучы за гэтай жадою, ён заваяваў Полацак, дзе, каб не засталося спадчыньнiкау на ўладу, забiў Рагвалода йз усёю сям'ёю, апрача дачкi Рагнеды, якую сiлком узяў сабе за жонку, ды ўсьлед захапiў i iншыя сёньняшнiя беларускiя, украiнскiя ды часткава расейскiя землi.
Ягоная ўлада над гэтай вялiзнай прасторай была, аднак, вельмi хiсткая, бо трымалася на боязi ягонае лютасьцi й сiлы ягонага войска, а не на пачуцьцi любасьцi да ягонае ўлады.
Разумеючы небясьпеку гэтае хiсткасьцi, Уладзiмер пачаў шукаць лучва, што стварыла-б пачуцьцё супольнасьцi памiж колькіма з рознымі інтарэсамі славянскімі плямёнамі, якімі ён завалодаў.
Доўга, пэўна-ж, шукаць не давялося, бо побач былi дзьве імпэрыі, што пад знакам крыжа панавалі над шмат-якімі народамi. На захад была Сьвятая Рымская Iмпэрыя зь ейнымi васальнымi землямi, дзе зьверхнюю ўладу трымала хрысьцiянская царква ў асобе рымскага папы, а на поўдзень Бiзантыйская Iмпэрыя, у якой хрысьцiянская царква падпарадкоўвалася імпэратару.
Ня цяжка адгадаць, што падпарадкаваньне царквы дзяржаўнай ўладзе было Ўладзiмеру на руку й ён наважыў афiцыйна прыйняць хрысьцiянскую веру зь Бiзантыi.
Што гэта было зроблена з разьлiку, а не з прабуды сумленьня, наўсуперак аповядаў праз пасыланьне за межы пасольстваў на пошукi лепшае новае веры ды празь ягонае раптоўнае абярненьне ў справядлiўца, сьветчыць хоць-бы тое, што Ўладзiмер не адружыўся пахрысьцiянску з Рагнедай, а выправiў яе з сынам Iзяславам на выдзяленыя iм землi, ды, пайшоўшы вайною на Карсунь, у водкуп за мip узяў сабе за жонку Бiзантыйскую князёўну.
Не палепшала ягонае абыходжаньне й з падданымi, на што найлепшы довад тое, што iхны хрост адбыўся ня ў выніку паступовае місыянерскае працы, а за кapoткі час ды на яго нaсельнiцтва зганялася войскам, цi мяйсцовымi ўладамi, дзе было хрышчанае ў веру, якое бальшыня ня ведала й не разумела, бо ня было каму й калi яе навучыць.
Ня дзiва таму, што на асягненьне веданьня й разуменьня, наўгад цi калi поўнага, гэтае, з назову самых варагаў "pyci" ... “рускай" названае веры, спатрэбiлiся стагодзьдзi, празь якiя хрысьцiянскiя й баганскiя вepaньні часта зьлiвалiся ў вадно, балазе славянскае баганства было не зарганiзаваным культам, а родавымi, цi пляменнымi ўявамi сiлаў прыроды.
Затое афiцыйнае хрысьцiянства, стаўшы князявай ды блiзкае да яго, або так, цi iнакш залежнае ад князя часткi насельнiцтва верай, дзякуючы шчодрасьцi кiяўскага ўладара, а таксама ўспомненае прыўладнае й заможнае клясы, буйна расло.
Разам з гэтым, пад князявым i прыўладнае клясы нацiскам на царкву пачалося тварэньне ейнымi кipaўнымi асобамi мiтy славянскага адзiнства йз спадчынным правам скандынаўскiх захопнiкаў на ўладу над iм, ды прытарноўваньне фактаў да вынiклае з гэтага маны, якою да сёньня выпраўдваюцца гвалты расейскага iмпэрыялiзму, што спрычыняў i спрычыняе нам бясконцыя цярпеньні.
Неўзабаве сталася, аднак, што, хоць iмпэрскi міт нарадзiўся й пачаў расьцi, Уладзiмеравая iмпэрыя, пасьля ягонае сьмерцi ды падзелу ўлады памiж сынамi, рассыпалася й пачалося доўгае мiжбратняе змаганьне за зьверхнi кiяўскi пасад ды крывавае зьбiраньне iмпэрыi назад.
Княствы на нашых землях зь нязгаслага ў насельнiцтве пачуцьця пляменнае апрычонасьцi, разуменьня розьнiцы iнтарэсаў ды памяцi на крыўду Iзяславiчаў значнога ўдзелу ў змаганьнi за кiяўскi пасад ня бралi, а часьцей ад яго баранiлiся.
Розьнiца-ж iнтарэсаў ськiроўвала імкненьнi на стварэньне собскае iмпэрыi, праз улучэньне ў ейныя межы ўcix паўночнаславянскiх плямёнаў разам з часткай крывiчоў - iльмянскiмi славенамi ў Вялiкiм Ноўгарадзе, ды здабыцьцё доступу да мора на поўначы й, праз авалоданьне балцкiмi землямi, на захадзе.
Найвыдатнейшым носьбiтам гэтае iдэi й змагальнiкам за ейнае ўжыцьцяуленьне стаў род Рагнедзiных і Iзяслававых нашчадкаў, ды ачоленае імi наймагутнейшае з нашых даўнiх Полацкае княства.
Зразумелая рэч, што й царква, ужо з 992-га году адасобненая ў Полацкую япархiю, нятолькi з yвari на мяйсцовыя нacтpoi ды iнтарэсы, але яшчэ й дзеля таго, што, падобна як i ў Кiяве, матэрыяльна моцна залежала ад шчодрасьцi мяйсцовага князя й прыўладнае клясы, у гэтым дзяржаўным будаўнiцтве й змаганьнi за ягонае асягненьне не заставалася збоку.
Разумелi ролю царквы ў дзяржауным будаўнiцтве й самыя князi, аб чым сьветчыць хоць-бы пабудова у Полацку, няйнакш як дзеля paўнi зь Кiявам i Вялiкiм Ноўгарадам, царквы Сьв. Сафii, а таксама заснаваньнi манастыроў, у адным зь якiх, пашыраючы веды й пiсьменнасьць, служыла Богу й свайму народу Сьв. Князёўна Еўфрасiньня Полацкая.
Супольнасьць уладных i царкоўных iнтарэсаў не магла застацца бяз спробы стварэньня таксама й краёвае полацкае дзяржаўнае iдэi, што, пэўна-ж, мусела адбiцца й у складаных у мяйсцовых манастырах летапiсах, якiя, быццам, згарэлi у 1812 годзе ў Маскве (нейкiм дзiвам у чужой апецы найбольш гараць ды гінуць летапісы й дакумэнты, што датычаць мінуласьці нашага краю).
Што гэтая iдэя ня была адно тэорыяй. а практычным духовым злучвом народу, якога дарма шукаў Ўладзiмер, сьветчыць доўгая й пасьпяховая абарона Полацкам i iншымi нашымi княствамi iхнae незалежнасьцi ад Кiява ды нападных уладзiмеравых нашчадкаў.
Iмкненьне-ж да царкоўнае асобнасьцi можна бачыць хоць-бы з факту, што, калi кiяўскi князь Яраслаў у 1051-м годзе, бяз згоды Канстантынопальскага патрыярха замест грэка, як было да тае пары, паставiў на мiтрапалiчы пасад у Кiяве мяйсцовага чалавека, полацкі яшскап, таксама як і іншыя тады яшскапы грэк, не згадзiўся на новы парадак i пакiнуў пасад.
Праяву мяйсцовага сэпаратызму можна заўважыць і ў тым, што князь Расьцiслаў, абняўшы смаленскi пасад, дамогся адзьдзяленьня ягонага княства ад Пераяслаўскае япархii й у 1137-м годзе ўстанавіў асобную япархiю ў Смаленску.
Урэшце, яшчэ адзiн i неапошнi прыклад цягi да незалежнасьцi ад Кiява вiдно з факту, што калi ў 1147-м годзе iншы кiяўскi князь, Iзяслаў, паставiў на мiтрапалiчы пасад Кляменя (Клiмента) Смаляцiча, полацкi, смаленскi й ноўгародзкi япiскапы на гэта не згадзiлiся, а тypaўcкi япiскап даў згоду толькi пад прымусам у зьняволеньні.
Нажаль iмкнeньнe Полацкага княства стварыць паўночнаславянскую iмпэрыю ня збылося, бо княжы род, што правiў у iм ды ў залежных ад яго княствах, заняпаў i, замест пашыраць дзяржаўныя межы, стаў ледзь здольны да ixнae абароны ад нападаў нямецкiх мячовых рыцараў, што аселi ў Прыбалтыцы, ды ад зьбiральнiкаў рассыпанае ўладзiмеравае iмпэрыi.
Да гэтага ў XIII-м стагодзьдзi зьявiлася новая пагроза: процьмы манголькiх заваёунiкаў, што, хоць нашых земляў ня здолелi зайняць, але прымусiлi краёвыя ўлады нятолькi быць асьцярожнымi ў дачыненьнях з гэтым нападнiкам, але часам i дагаджаць яму водкупамі.
Разам з гэтым зруйнаваньне татapaмi кiяўскае дзяржавы й спусташэньне ў 1240-м годзе Кiява дало новую магчымасьць ужыцьцявiць ранейшыя палачанскiя iмпэрыяльныя імкненьні.
На гiстарычным полi ўва Ўсходняй Эуропе зьяўляецца бо й новы дзейнiк - княжы род балцкага, цi угра-фiнскага паходжаньня, што, дзякуючы ягоным дзяржаўнатворчым i дыпляматычным здольнасьцям за кapoткi час становiцца абсалютным уладаром сьпярша нашага краю, а пазьней i сёньняшнiх украінсіхix земляў, ды гэткiм чынам стварае славянскую iмпэрыю, у якую толькі не ўвайшоу, але хiлiўся да таго Вялiкi Ноўгарад.
У гэтак званай гiстарычнай навуцы, улучна з нашай, амаль бяз вынятку трымаецца пагляд, што гэтая iмпэрыя, або Вялiкае Княства Лiтоўскае, паўстала ў выніку жамойцкiх заваёваў.
Довадаў на гэта, як летапiсных, гэтак i лягiчных няма, бо немагчыма дапусьцiць, каб малое лiкам насельнiцтва дробнага й дзяржаўна несфармаванага, эканамiчна неразьвiтага, ды бяз собскага пiсьма краю, як тагачасная Жамойць, было ў сiле заваяваць вялiзарную тэрыторыю, якую абняло Вялiкае Княства Лiтоўскае й, не пакiнуўшы ў мове падбiтых народаў ды ў ixным дзяржаўным i жыцьцёвым ладзе, сьледу, вярнулася ў ягоныя ранейшыя цесныя межы.
Што да загадкавага дасюль назову, дык ён можа быць як балцкага, гэтак i уграфiнскага, ды нават славянскага паходжаньня - у першых двох выпадках гэта ўсёроуна ня сьветчыць, што этнiчнае паходжаньне ўладара паказвае на нацыянальны характар дзяржавы, бо iнакш, праз Джугашвiлi-Сталiна, Савецкi Саюз трэба было-б лiчыць дзяржавай грузiнскай.
Працэс стварэньня Вялiкага Княства Лiтоўскага становiцца зразумелы адно тады, калi ўзяць на ўвагу, што княжы род, якi гэтую дзяржаву ачолiў, хоць балцкага, цi угра-фiнскага паходжаньня, быў, у сёньняшнiм разуменьнi гэтага слова, зьбеларусiзаваны, ды да гэтага яшчэ ахрышчаны ў праваслаўную веру.
Апрача таго яшчэ лiтоўскiя князi былi пажэняныя з дачкамi мяйсцовых князёу "рускага" роду, ці выдавалi iхных дачок замуж за князёў з таго роду, або за iхных сыноў.
Гэткiм чынам абняцьце ўлады лiтоўскiмi князямi ня было й не адчувалася як чужынскае займо, а было прыйнятае як зьмена заняпалае старое дынастыi поўнай энэргii новай i выклiкала ўздым тагачаснага патрыятызму ў народзе, вынікам якога стала пабудова нашае даўняе магутнае дзяржавы.
Успомнiўшы тагачасны патрыятызм, трэба сказаць, што моцную частку гэтага пачуцьця складала тады ўжо замацаваная ў народнай сьведамасьцi праваслаўная вера.
Таму лiтоўскiя князi, iмкнучыся здабыць народную прыхiльнасьць, намагалiся стварыць на мейсцы асобную лiтоўскую мітраполію.
Падштурхоўвала ix да гэтага яшчэ й тое, што пасьля зруйнаваньня ў 1240-м годзе тaтapaмi Кiява, у 1250-м годзе Кiяўскi мiтрапалiт Кiрыла перабраўся ўва Ўладзiмер на Клязьме, ды трымаючы царкоўную ўладу й зьбiраючы дзесяцiну (дань) у Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, служыў захопнiцкiм iнтарэсам Уладзiмерскага княства - прышлае Macкoвіі.
Iхныя цяжкiя нaмaraньнi былi толькi часткава пасьпяховыя, бо, хоць ужо на пачатку XIV ст. йз згоды Канстантынопальскага патрыярхату зайснавала асобная Лiтоўская, або Наваградзкая Мiтраполiя, той самы патрыярхат, працягваючы ягоную палiтыку ўтрыманьня земляў цяперашнiх Беларусi, Pacei й Укpaiны пад аселым у Маскоўшчыне тытулярным Кiяўскiм мiтрапалiтам, неўзабаве яе зьлiквiдаваў.
Карыстаючыся гэткiм настаўленьнем патрыярхату наступныя тытулярныя "Кiяўскiя" мiтрапалiты Пётра (1308-1326), Феагност (1328-1353) ды Аляксей (1353-1378), знаходзячыся ў Маскве, займаюцца ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм зраднiцкай дзейнасьцяй на карысьць дужалае тады ўжо сiлай i забранскім апэтытам Масквы.
Iхная варожая дзейнасьць была небясьпечная нятолькi ў самым Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, але й шкодзiла ягоным сувязям, ды ўплывам у паўночных землях i паўночна-усходнiх княствах, як Вялiкi Ноўгагарад, Цьвер, Разань, за якiя йшло ўжо змаганьне памiж Лiтвою ды Маскоўшчынай i ягоны вынік у вялiкай меры залежаў ад падтрыманьня царквою аднаго, цi другога боку.
Зразумелая рэч, што на варожую да iхных мэтаў ролю царквы ня былi згодныя нi вялiкiя лiтоўскiя князi, aнi грамадзтва Вялiкага Княства й спробы займець свайго мiтрапалiта, ды мітраполію, працягвалlся.
Адной з гэтых спробаў пры вялiкiм князi Альгердзе было пастаўленьне ў 1353-м г. на Кiяўскi мiтрапалiчы пасад з дапамогай Тырноўскага патрыярхату ў Баўгарыi, ды наўсуперак супрацiву Канстантынопаля, Хвядарыта.
Калi гэтая кароткая спроба не ўдалася, вялiкi князь Альгерд урэшце выпатрабаваў ад Канстантынопальскага патрыярхату, паставiць на асобнага Лiтоўскага мiтрапалiта Хвядарытавага сваяка Рамана (1354-1361).
Пасьля сьмерцi мiтрапалiта Рамана вялiкаму князю Альгерду ўзноў давялося дамагацца ад Канстантынопаля адзьдзяленьня Вялiкага Княства Лiтоўскага ад Маскоўскае мiтраполii й пастаўленьня Лiтоўскага мiтрапалiта.
Гэтае працяглае змаганьне скончылася посьпехам ажно ў 1375-м годзе, калi ўрэшце баўгар Цупрыян (Кiпрыян) быў пастаўлены на мiтрапалiта "Кiяўскага й усяе Pyci".
Узяць жаданую ўладу над "усёй Русяй" Цупрыяну адразу, аднак, не ўдалося, бо ў Маскве да 1378 г. правiў мiтрапалiт Аляксей, а пасьля ягонае сьмерцi да 1389 г. было царкоўнае бязуладзьдзе.
Таму Цупрыян, асеўшы ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, на выгляд прыяў iнтарэсам Княства, а тайком пракладаў сабе шлях на Ўсход.
Чакаць, пакуль гэты шлях адчынiўся, давялося яму ажно 15 год, але, перабраўшыся ўрэшце ў Маскву, ён там праз наступныя 16 год шчыра й старанна служыў новаму гаспадару.
Праваслаўная-ж царква ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм узноў апынулася пад варожым кiраўнiцтвам i, каб пазбыцца яго, трэба было нанава таргавацца зь няпрыхiльным Канстантынопалям.
Тымчасам, пакуль Вялiкае Княства Лiтоўскае на ўсходзе iмкнулася ўлучыць у ягоныя межы Вялiкi Ноўгарад ды Цьвер, на захадзе на ягоныя землi, заходзячы няраз далёка ўглыбкi, часьцей i часьцей нападалi нямецкiя крыжовыя рыцары з Пруcii, што падштурхнула наступнiка памерлага ў 1377-м годзе Альгерда, Ягайлу, на думку шукаць xaўрусьнікаў у Польшчы, каб пераадолець гэтyю небясьпеку.
Разам з гэтым Ягайла iмкнўся здабыць i польскую карону, ды забясьпечыць сабе вялiкакняжы пасад у Лiтве, на якi пасягаў ягоны браценьнiк Biтаўт.
У выніку, замест скончыць працэс iнтэграцыi Вялiкага Ноўгараду й Цьверы зь Вялiкiм Княствам Лiтоускiм i з гэтай сiлай супрацьставiцца Крыжоваму Ордэну, Ягайла, атрымаўшы за згоду на ўлучэньне Вялiкага Княства ў Польшчу польскую карону, загубiў будучыню нашае дзяржавы.
Iнакш, як нацыянальным няшчасьцем, гэтага ўчынку назваць нельга, бо дзяржаўная вунiя з Польшчай i прыймо каталiцтва за дзяржаўную рэлiгiю абярнула ў нiшто нятолькi дзяржаўныя й царкоўныя асягненьнi Вялiкага Княства Лiтоўскага, ды пэрспэктывы ягонае палiтыкi на ўсходзе й у Балтыцы, але й выцяла па праваслаўным насельнiцтве - стваральнiку й будаўнiку Вялiкага Княства й ягонае магутнасьцi, ды культурнае вышынi, адабраўшы ад яго правы й аддаўшы пад перасьлед за веру.
Выратаваць Вялiкае Княства ад гэтае бяды й, разам здабыць сабе лiтоўскi каралеўскi пасад прабаваў вялiкi князь Biтаўт, што абняў вялiкакняжы пасад пасьля перамогi у 1410-м годзе над крыжакамi пад Грунвальдам.
Разумеючы, што iснаваньнe Вялiкага Княства апынiцца пад пагрозай, калi, захапiўшы Вялiкi Ноўгарад, яго з поўначы абыйдзе й адгародзiць ад мора Масква, ён патрапiў давесьцi да фактычнага ўлучэньня гэтае крывiцкае рэспублiкi ў Лiтву.
Biтаўт ведаў таксама, што ўлучэньне Вялiкага Ноўгараду ў Лiтву й мip у самым Вялiкiм Княстве, у якое ўваходзiла й сёньняшняя Ўкраінa, залежыць у вялiкай ступенi ад спрыяльнага настаўленьня Праваслаўнае Царквы, i таму працягваў Альгердавыя намаганьні стварыць асобную ад Маскоўскае Лiтоўскую мiтраполiю.
Як i раней, i тады Канстантынопальскi патрыярхат на гэта не згаджаўся й прымушаў Праваслаўную Царкву ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм падпарадкоўвацца супрацьдзейнаму лiтоўскiм iнтарэсам мiтрапалiту з Масквы.
Калi ўрэшце шкоднiцкая нахабнасьць маскоўскага мiтрапалiта Фоцiя перайла ўсе меры, вялiкi князь Biтаўт выгнаў зь Кiява ягонага намесьніка з памочнiкамi, канфiскаваў назьбiранае iмi дабро, а мiтрапалiчую майнасьць узяў пад свой нагляд.
Усьлед, у 1414-м годзе Bітаўт загадаў склiкаць сабор япiскапаў, на якiм было пастаноўлена ня вызнаваць зьверхнасьцi Фоцiя й выбраць на Лiтоўскага мiтрапалiта Рыгора Цамблака.
Нажаль, калi Цамблак прыехаў на зацьверджаньне ў Канстантынопаль, патрыярх, дагаджаючы Маскве, адмовiўся гэта зрабiць.
Калi, пасьля наступнае пастановы сабору япiскапаў у 1415-м годзе, Канстантынопаль узноў Цамблака не зацьвердзiў, Biтаўт наважыў дзеяць на сваю руку.
Увoceнi 1415-га году ў Наваградку быў склiкананы Краёвы Сабор, што канчаткова пастанавiў паставiць Рыгора Цамблака на Лiтоўскага Мiтрапалiта.
Пастанова Сабору мела часткава наступны зьмест:
"Мы, япiскапы, зыйшоўшыся ў Новым Горадзе Лiтоўскiм з дадзенае нам Сьвятым Духам Ласкi, паставiлi Мiтрапалiтам нашае Сьвятое Царквы Рыгора, паводле наказу Сьвятых Апосталаў, што ў iхных правiлах пiшуць: "два, або тры япiскапы пастаўляюць мiтрапалiта". Гэтак перад намi дзеялi япiскапы за вялiкага князя Iзяслава. Таксама дзеялi родныя нам баўгары, што раней за нас прыйнялi хрышчэньне, i сэрбы, што найменавалi сабе Прасьвiцера собскiмi япiскапамi ... Так устаноўлена Сьв. Апосталамi. Ласка Сьв. Духа роўна дзее на ўcix праваслаўных япiскапаў: пастаўленыя Самым Госпадам Апосталы пастаўлялi iншых, i гэткiм спосабам Ласка Сьв. Духа дайшла й да нас пакорных. І мы, як вучнi Апосталаў, маем уладу пасьля выспытаў пастаўляць Саборам пастыра нашай Бацькаўшчыне".
Гэтай пастановай быу зроблены першы крок да аўтакефалii Праваслаўнае Царквы ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм - шлях, як у ёй успомнена, якiм iшлi раней да ixнae аўтакефалii баўгары й сэрбы, ды, як цяпер ведама, у XIX ст.ст. прайшлi грэкi, румыны i ўзноу-жа тыя самыя баўгары.
Пэўна-ж, вызваленьне зь iхнara бяспраўнага ярма ня прыйшло да спадобы нi Канстантынопалю, aнi Маскве й абое кінулi на мiтрапалiта Рыгора праклёны.
Не зважаючы на гэта ён, хоць коратка, але дбайна правiў Лiтоўскай Мiтраполiяй, стараючыся паправiць ейны, ад маскоўскага лупецтва й каталiцкага захопнiцтва зруйнаваны стан, пакуль вялiкi князь Biтаўт, што спадзяваўся здабыць падтрыманьне рымскага папы на ягоную каранацыю, ня прымусiў яго ў 1418-м годзе паехаць на вунiйны сабор у Канстанцы.
І хоць дэлегацыя, якую ачольваў мiтрапалiт Рыгор заявiла, што "прыбылi на загад iхнaгa князя, але падпарадкавацца Папу не жадаюць" i нiякiх дамоваў не падпiсала, ейная прысутнасьць у Канстанцы дала прычыну да далейшых паклёпау на яго з боку Канстантынопаля й Масквы, што выклiкалi недавер i непрыязьнь сярод праваслаўных у Вялiкiм Княстве, ды разам iз стратай зацiкаўленасьцi з боку Biтаўтa, прымусiлi гэтага выдатнага царкоўнага дзеяча й пiсьменьнiка зыйсьцi зь мiтрапалiчага пасаду й падацца ў манастыр за мяжою.
Пасьля гэтага Праваслаўная Царква ў Вялiкiм Княстве Літоўскім узноў падпала пад уладу Маскоўскага мiтрапалiта Фоцiя, ажно да ягонаяе сьмерцi ў 1431-м годзе.
Фоцiявая сьмерць дала, удала выкарыстаную цьвёрдым абаронцам незалежнасьцi ВКЛ i Праваслаўя ў iм вялiкiм князям Сьвiдрыгайлам, нагоду дамагчыся ў 1433-м годзе ад Канстантынопалю пастаўленьня на мiтрапалiчы пасад смаленскага япiскапа Гapaciмa.
Нажаль, гэты-ж самы князь Сьвiдрыгайла западозрыў Гараciмa ў зрадзе й спалiў яго ў 1435-м годзе.
Тымчасам Бiзантыйская iмпэрыя канала пад турэцкiм наступам i, шукаючы вайсковае дапамогi ў Заходняй Эўропе, была гатовая заплацiць за гэтую дапамогу вунiяй Праваслаўнае Царквы з Каталiцкай.
Маючы гэткi свой iнтарэс на ўвеце, Канстантынопальскi патрыярхат, пасьля сьмерцi мiтрапалiта Гapaciмa, не чакаючы на зьяўленьне кандыдатаў зь Лiтвы, цi Macкoвii, паставiў у 1436-м годзе на "Кiяўскi й усяе Pyci" мiтрапалiчы пасад высака адукаванага грэка Сiдара (lзыдара).
Сiдар, абмiнуўшы падпарадкванае каталiцкай уладзе Вялiкае Княства Лiтоўскае, адразу накiраваўся зь ягонай мiсыяй у Маскву, дзе здолеў здабыць прыхiльнасьць да вунiйнае справы князя Васiля, ды зь ягонае ўхвалы ачолiў маскоўскую царкоўную дэлегацыю на вунiйны сабор у Фэррары.
Наўсуперак спадзеву грэкаў i праваслаўных зь iншых краёў на задзiненьне ўсходняе й заходняе цэркваў на роўных правох, на пачатым у 1438-м годзе ў Фэррары, ды неўзабаве перанесеным у Фларэнцыю саборы, Рым не згаджаўся на вунiю iнакш, як пад ягонай зьверхнасьцяй.
На дзiва, згоду на гэткi вынік сабору даў мiтрапалiт Ciдap i ў 1439-м годзе падпiсаў акт г.зв. Фларэнцкае Byнii.
Падарозе зь Iталii Сiдар быў затрымаўся у Лiтве, дзе быў прыйняты ветлiва, але без захапленьня.
Горшая сустрэча й доля чакала яго ў Маскве, куды ён вярнуўся ў пачатку 1441-га году й адразу быу ськінуты зь мiтpaпалiчага пасаду, ды ўвязьнены.
Праз колькi месяцаў яму ўдалося ўцячы зь няволi й, не атрымаўшы падтрыманьня ў Лiтве, давялося падацца у Рым.
Некалькi год пасьля гэтага пасад "Кiяўскага й усяе Pyci" Miтрапалiта пуставаў, ажно пакуль 1448-м годзе йз згодай караля й вялiкага князя Казiмера Ягайлавiча яго не абняў паслужнік мacкoўcкix iнтарэсаў Ёна.
Як i трэба было спадзявацца, згода памiж Лiтвою й Маскоўшчынай у царкоўных, ды й iншых, справах ня трывала бясконца й у 1458-м годзе Казiмер Ягайлавiч дамовiўся з прыйнялым Фларэнцкую вунiю Канстантынопальскiм патрыярхам Рыгорам Маммам, паставiць на "Кiяўскi й усяе Pyci" мiтpапалічы пасад памочнiка cькiнyтaгa мiтрапaлiта Сiдара, Pыгора (Баўгарына).
У адказ на гэта мacкoўcкi мiтрапалiт Ёна ў 1459-м годзе склiкаў сабор засталых пад ягонай уладай япiскапаў, на якiм i пасьля яго было пачатае афiцыйнае называньне ягонае мiтpaполii "маскоўскай царквою".
На Лiтве-ж i Ўкраінe настала блiзка паўтара стагодзьдзя трывалая пара Лiтоўскае, а ў сёньняшнiм значаньнi Беларускае Праваслаўнае Царквы.
Мiтрапалiт Рыгор, нядоўга захоўвау ягоную паказную перад каралеўскай уладай прыхiльнасьць да вуніі й, адкрыта выявiўшы вернасьць Праваслаўю, быў Канстантынопальскiм патрыярхам Дзянiсам зацьверджаны на тытульным "Кiяўскiм i ўсяе Pyci", а ў запраўднасьцi на Лiтоўскiм мiтрапалiчым пасадзе, на якiм дажыў да 1473-га году.
Скарыстаўшы з гэткае пастановы Канстантынопальскага патрыярхату, Вялiкi Ноўгарад, што фактычна ўжо быў далучыўся да Вялiкага Княства Лiтоўскага, у скарб якога плацiў дань i дзе ўжо быў вялiкакняжы намесьнік, прызнаў i царкоўную юрысдыкцыю над iм мiтрапалiта Рыгора.
Гэткiм чынам Вялiкае Княства Лiтоўскае стала на парозе магчымасьцi стаць славянскай iмпэрыяй, бо абшары земляў Вялiкага Ноўгараду сягалi ад Балтыйскага мора ўздоуж узьбярэжжаў Паўночнага ажно да Уралу - заставалася толькi забясьпечыць гэты мipны здабытак моцнай вайсковай сiлай i мacкoўcкi спаборац быў-бы ўняты ў ягоных няшырокiх межах.
Сталася, як ведама, наадварот.
Высачыўшы, што Казiмер Ягайлавiч, зайняты здабываньнем эўрапэйскiх каралеўскiх пасадаў ягоным сынам i ўвязаны ў бясконцыя войны з гэтае прычыны, цалком занядбаў абарону Вялiкага Княства Лiтоўскага йз усходу, мacкoўcкi князь Iван III у 1470-м годзе бясцырымонна пайшоў вайною на Вялiкi Ноўгарад, абрабаваў вольнае места й ваколiцы йз усяго, што можна было злупiць, пазабiваў, або узяў у палон выдатнейшых людзей ды узяў землi Вялiкага Ноўгараду пад ягоную ўладу.
Казiмер Ягайлавiч моўчкi й бязьдзейна назiраў за гэтай трагэдыяй, наўгад цi цемячы, што зь яе пачаўся прышлы канец лiтоўскае, а зь ёю й польскае дзяржаваў.
Пасьля сьмерцi мiтрапалiта Рыгора у 1473-м годзе Казiмер Ягайлавiч два гады пазьней прызначыў на мiтрапалiчы пасад смаленскага япiскапа Мiсаiла (Пяструча), ды яго, ня гледзячы на пяцiгадовыя каралёвыя захады, нятолькi не зацьвердзiў Канстантынопальскi патрыярхат, але й яшчэ на ягонае мейсца паставiў манаха Сьпiрыдона (за зачэплiвы нораў празванага Сатаною), якога узноў-жа ня прыйняу кароль ды духавенства ВКЛ i ён падаўся у Маскву.
Спрэчка памiж Казiмерам Ягайлавiчам i Канстантынопалям за права ставiць мiтрапалiта ў ВКЛ была ўрэшце разьвязаная кампра мiсам - кандыдата на мiтрапалiта меў выбiраць краёвы сабор, а зацьвярджаць, iз каралеўскай згодай, Канстантынопальскі патрыярх.
Гэткiм чынам быў выбраны на мiтрапалічы пасад полацкi япiскап Сямён (1480-1488 гг.), а пасьля яго Ёна (Глезна, 1488-1494 гг.) ды ўсьлед архiмандрыт Сьв. Траецкага манастыра ў Вiльнi Макар (1494-1497 гг.).
Мiтрапалiту Макару, аднак, не давялося доўга правiць - у 1497-м годзе на Лiтву ўзноў напалi татары й зь iхных рук ён загінуў мучанiцкай сьмерцяй, спайманы каля Мозыра.
Пасьля яго мiтрапалiчы пасад коратка займалi Язэп І (Баўгарыновiч) (1497-1501) i Ёна ІІ (1503-1507).
Усьлед за апошнiм зь ix на мiтрапалiта быў пастаўлены смаленскi япiскап Язэп ІІ (1507-1522), што паходзiў з магнацкага роду Солтанаў i, маючы спадчынныя ды атрыманыя ад караля ўва ўзнагароду за дзяржаўныя заслугi землi, быў незалежны ў ягонай дзейнасьцi ад пабочных нацiскаў.
Карыстаючы з гэтае свабоды й крыху адлёглага пры каралi й вялiкiм князi Жыгiмоньце ІІ (Старым) каталiцкага наступу, Miтрапалiт Язэп ІІ склiкаў ужо ў 1509-м годзе ў Вiльнi сабор, на якiм былi вызначаныя асновы царкоўнага жыцьця й кiраваньня iм у Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм.
Вылажаныя ў 15-цi пунктах пастановы сабору, узнаўлялi кананiчны, незалежны ад сьвецкага патранату, кантроль над выбарам кандыдатаў на духоўнiцкiя становiшчы, умацоўвалi нутраную царкоўную дысцыплiну й акрэсьлiвалi праўныя спосабы абароны царкоўных iнтарэсаў.
Гэткiм чынам Праваслаўная Царква ў Вялiкiм Княстве Літоўскім здабыла яшчэ адну азнаку аўтакефальнасьцi - статут ейнага асобнага iснаваньня.
Варта ўспомнiць таксама, што пры мiтрапалiту Язэпу замацавалася яшчэ адна краёвая асаблiвасьць нiжэйшага царкоўнага кiраўнiцтва - удзел у iм зарганiзаваных у брацтвы вернікаў.
Пасьля сьмерцi мiтрапалiта Язэпа ІІ, Праваслаўную Царкву ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм ачольвалi: былы Полацкi япiскап Язэп ІІІ (1522-1534) i Лyцкi, ды Acтpoгcкi Макар ІІ (1534-1555).
Пры ўcix мiтрапалiтах, пачынаючы ад падпiсваных Ягайлам i ягонымi наступнiкамi дзяржаўных вунiяў з Польшчай, што рабiлi каталiцтва дзяржаўнай рэлiгiяй, становiшча Праваслаўнае Царквы ў Вялiкiм Княстве Лrгоўскiм было вельмi цяжкое.
Сёньня цяжка ўявiць, як, супраць дзяржаўнага розуму, можна было адважыцца абмежыць у правох абсалютную большасьць краёвага насельнiцтва да такой ступенi, што адкрытая практыка iхнae веры была забароненая й каралася, як злачынства, але, наўсуперак казкаў праз рэлiгiйную талеранцыю ў нашай мiнуласьцi, што баюць новазьяўленыя сярод нас вунiяты, гэтак у запраўднасьцi было.
Апрача польска-каталiцкага ўцiску, пад палову XVI-ra стагодзьдзя ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм зьявiлася яшчэ адна небясьпека Праваслаўю - была ёй прынесеная з Захаду рэфармацыя, або мода на пратэстанцтва, цi, дакладней кажучы, сэктанцтва, што маланкай ахапiла вялiкую частку магнатаў, шляхты й мяшчанства.
Гэта пазбавiла Праваслаўную Царкву праўнае абароны й матэрыяльнага падтрыманьня кipaўнoe клясы ВКЛ, зь якiмi яна больш выразна выявiла-б азнакi нацыянальнае апрычонасьцi.
Як i да кожнае моды, запал да сэктанцтва не гарэў доўга й не наўчыўшы народ чытаць Сьв. Пiсьмо на роднай мове, неўзабаве, калi на яго зьявiлася рэакцыя, пагас.
Рэакцыя-ж на сэктанцкую моду зьявiлася ня толькi ў сэньсе супрацьдзеяньня, але й у найгоршым увасабленьнi гэтага слова - фанатызьме й шавiнiзьме, ды не праваслаўнага й лiтоўскага краёвага зьместу, а сьляпога каталiцкага навяртанцтва й бяздумнага польскага захопнiцтва.
Г.зв. контррэфармацыя, на якую былi змабiлiзаваныя й кiнутыя разумова найлепшыя каталiцкiя сiлы, ды за якою стала каралеўская й вялiкакняжая ўлада, неўзабаве дала багаты плод, бо тыя зь лiтоўскiх магнатаў, шляхты й мяшчанства, што так хутка былi абярнулiся ў сэктанцтва, гэтаксама хутка ад яго й адраклiся, але не вярнулiся ў Праваслаўе, а пайшлi ў ваяўное польскае каталіцтва.
Аслабленая гэтым Праваслаўная Царква ў ВКЛ ня мела сiлаў, каб у той сам час супрацьдзеяць сэктанцтву й каталiцтву, ды, гэткiм чынам пачаўся ейны заняпад, што выявiўся ў пастаўленьнях на мiтрапалiчы пасад неадпаведных на крызысны час aдзінак, як мiтрапалiт Сыльвэстар (Бялькевiч)(1556-1567) ды Ёна ІІІ (Пратасевiч)(1568-1576).
Яшчэ адным вытням па Праваслаўнай Царкве была Люблiнская дзяржаўная вунiя памiж ВКЛ i Польшчай, што адарвала ад Княства верныя Праваслаўю ўкраiнскiя землi й адчынiла туды дарогу польскай калянiзацыйнай навале.
Урэшце, немалой прычынай заняпаду Праваслаўнае Царквы ў ВКЛ была амаль няспынная вайна з Маскоўшчынай, што з канца XIV, iмкнучыся адарваць усходнiя землi, а то й захапiць усю тэрыторыю ВКЛ, раз за разам прарывалася празь дзяржаўныя межы.
Iзь зьменным шчасьцем, больш як стагодзьзе йшло змаганьне за Смаленск, ад чаго цярпела Смаленская япархiя, а ў Лiвонскую вайну ў 1577-м годзе цар Iван Жахны зайняу вялiкую частку Княства, з Полацкам улучна, дзе паставiў свайго архiяпiскапа, што пазьней рабiлi й iншыя цары, хоць гэныя япiскапы й не абыймалi прызначанага iм пасаду.
У самым-жаж Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм i на адарваных ад яго ўкраінскіх землях iснавалi й прыймалiся законы, што як быццам забясьпечвалі правы праваслаўных, але на практыцы яны цярпелі прыгнёт і перасьледаваньні.
Наступ на Праваслаўе ачолiў каталiцкi манаскі ордэн язуiтаў, што зьявiўся ў Лiтве пасьля Люблiнскае вунii й адразу пачаў шырокую асьветную, выдавецкую й прапагандную дзейнасьць за задзiненьне цэркваў пад папскай зьверхнасьцяй.
Моцны нацiск на гэткае задзiненьне рабiла й каралеўская ўлада, асаблiва пры Жыгiмоньце IV (Вазе), ды ўрэшце зламала супрацiў, цi спакусiла прывiлеямi амаль ycix праваслаўных япiскапаў, на чале зь мiтрапалiтам Мiхайлам (Рагозам) (1589. 1596) i яны згадзiлiся на царкоўную вунiю ў Рэчыпаспалiтай.
Вунiя была ўхваленая й зацьверджаная на саборы ейных прыхiльнiкаў у 1596-м годзе ў Берасьцi.
У той сам час i тамсама склiканы сабор праваслаўных супрацiўнiкаў вуніі яе адкiнуў, але ягоны голас ня быў узяты на ўвагу дзяржаўнай уладай i, гэткiм чынам, Праваслаўная Царква ў Рэчыпаспалiтай, застаўшыся з адным япiскапам была фактычна зьлiквiдаваная ды, разам з гэтым, скончылася лiтоўская пара ў ейнай гісторыі.
Усьлед, аднак, уздымаецца змаганьне за ейнае ўзнауленьне, цэнтар якога пераносiцца ў Львоў і Кiяў на Ўкраіне, дзе вядуць яго праваслаўныя брацтвы й казацтва.
Праваслаўныя ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм у гэтым змаганьнi не застаюцца ззаду й у кpai ствараецца густая сетка праваслаўных, галоўным чынам мяшчанскiх, брацтваў, што закладаюць школы, займаюцца выдавецтвам i дабрадзейнай дзейнасьцяй ды ўтрымоўваюць царкоўнае жыцьцё.
Высiлкi брацтваў i казацтва, ды засталых у Праваслаўi магнатаў i шляхты ўзнавiць iз каралеўскай згодай пры Жыгiмоньце IV праваслаўную герархiю, не далi, нажаль, выніку й у 1620-м годзе Ярузалiмскi патрыярх Тэахван, што наведваў у той час Украіну, тайком усьвяцiў 5 япiскапаў, у тым лiку й Мялета Сматрыцкага на Полацкi, Вiцебскi ды Амсьцiслаўскi пасад.
Прыбылы з патрыярхам япiскап Аўраам быў пастаўлены япiскапам у Пiнску.
Усьвячаны гэткiм чынам япiскапат ня быў, аднак, вызнаны каралеўскай уладай ды iснаваў нелегальна, але, усё-ж, паводле магчымасьцi выконваў ягоныя архiпастырскiя абавязкi.
Гэтак трывала да 1632-га году, калi памёр Жьгiмонт IV i каралеўскi пасад зайняу больш талерантны ягоны сын Уладзiслаў II.
Новы кароль дамогся ад сойму ухвалiць г.зв. "пункты задаволеньня", якiмi праваслаўным вярталася большасьць iхных правоў i дазвалялася ўзнавiць царкоўную герархiю.
У выніку на "легальнага" мiтрапалiта, iз згодай Канстантынопальскага патрыярхату, у 1632-м годзе быў пастаўлены Пётра Магiла, добра адукаваны пад заходнiм уплывам, але верны Праваслаўю, нашчадак мажнога малдаўскага роду, што перабраўся на ўкраiнскiя землi Рэчыпаспалiтай.
Разам зь iм Амсьцiслаўска-Аршанска-Магiлёўскую япархію абняў япiскап Язэп Бабрыковiч.
Пётра Магiла быў выдатны першагерарх: ён перабудаваў i ўспраўнiў царкоўную адмiнiстрацыю, пашырыў школьнiцтва й узьняу ягоны ўзровень, завяршыўшы гэтую рэформу заснаваньнем у Кiяве ведамае пазьней калегii, ды ўрэшце сам уклаў i выдаў дасюль важныя ў царкоўным жыцьцi працы: "Праваслаўнае вызнаньне веры", "Катэхiзiс", "Вялiкi трэбнiк", i iнш.
Што ягоную дзейнасьць высока цанiлi й у нашым Kpai, сьветчыць хоць-бы тое, што Магiлёускае брацтва падтрымала гэтую дзейнасьць вялiкай грашовай ахвярай.
Пры Пётры Магiлу зьявiлася таксама, магчыма iм самым заахвочаная, думка ўстанаўленьня Кiяўскага патрыярхату.
Пасьля сьмерцi Пятра Магiлы у 1647 -м г., ягонае мейсца на мiтрапалiчым пасадзе зайняў тадышнi Амсьцiслаўскi япiскап, а ранейшы рэктар Кiяўскае калегii, лiцьвiн Сыльвэстар Косаў.
На ягоны час кiраваньня Кiяускай мiтраполiяй выпаў цяжкi час казацкага паўстаньня пад павадырствам Хмяльнiцкага й казацка-польскае вайны, што руйнавала разам з краям i Праваслаўную Царкву, бо ейныя нядысцыплiнаваныя "абаронцы" патраплялi рабаваць яе нягорш каталiцкiх i вунiяцкiх ворагаў.
Да гэтага, пасьля пачатковых посьпехаў на палёх бiтвы, збройнае змаганьне казакоў супраць Польшчы слабла й сярод ix, як i часткi праваслаўнага духавенства зьявiлася думка перайсцi пад апеку Маскоўскага цара, што й было ўхвалена на г.зв. Пераяслаўскай радзе ў 1654-м годзе.
Мiтрапалiт Сыльвэстар Косаў, як i Пётра Магiла прыхiльнiк стварэньня Кiяўскага патрыярхату, падпарадкавацца Маскоўскаму патрыярхату адмовiўся й да канца жыцьця у 1657-м годзе баранiў асобнасьць Кiяўскае мiтраполii.
Ягоным сьледам iшлi й ягоныя наступнiкi: мiтрапалiт Дзянiс Балабан (1657-1653), i кiруючыя ў розных частках краю япiскапы Лазар Барановiч, Язэп Нялюбовiч-Тукальскi, Антон Biньнiцкi, Язэп Шумлянскi, настойлiва заставалiся ў юрысдыкцыi Канстантынопальскага патрыярхату.
Не зламаўшы iхнara супрацiву, Масква ўрэшце знайшла паслухмянага ейнай волi кандыдата й у 1685-м годзе паставiла на Кiўускi мiтрапалiчы пасад Гэдэона, князя Чацьвярцiнскага.
Вясною 1686-га году Рэчпаспалiтая "Вечнай дамовай", якую "аблiваючыся ... сьлязьмi" падпiсаў кароль Ян Сабескi, згадзiлася на ўлучэньне Кiяўскае мiтраполii ў Macкоўскі Патрыярхат.
Вызнаў гэтае ўлучэньне й Канстантынопальскi патрыярхат.
Гэтак скончылася iснаваньне супольнае народам ВКЛ i Ўкраіны Праваслаўнае Царквы, ды пачалося змаганьне за ейнае ўзнаўленьне ўжо ў асобных для кожнага краю адзiнках.

Беларускі Праваслаўны Царкоўны Каляндар на 2004-ты год.

Чытаньні Роўнаапостальным

ЧЫТАНЬНІ РАЎНААПОСТАЛЬНЫМ

Дзеі Сьвятых Апосталаў, пач. 49

У тыя дні: Агрыпа сказаў Паўлу: дазваляецца табе гаварыць за сябе. Тады Павал, прасьцёршы руку, пачаў гаварыць у сваю абарону: цару Агрыпе! лічу сябе шчасьлівым, што сёньня магу бараніцца перад табою ва ўсім, у чым вінавацяць мяне Юдэі, тым болей, што ты ведаеш усе звычаі і спрэчныя думкі Юдеяў. Таму прашу цябе выслухаць мяне шчырадушна. Жыцьцё маё зь юнацтва майго, якое спачатку праводзіў я сярод народу майго ў Ерусаліме, ведаюць усе Юдэі; яны здаўна ведаюць пра мяне, калі захочуць засьведчыць, што я жыў фарысэем паводле найстражэйшага ў нашым веравызнаньні вучэньня. Дзеля гэтага ідучы ў Дамаск з уладаю і даручэньнем ад першасьвятароў, сярод белага дня на дарозе я ўбачыў, цару, зь неба сьвятло, большае за сонечнае зьзяньне, якое азарыла мяне і ўсіх, што ішлі са мною. Усе мы ўпалі на зямлю, і я пачуў голас, які гаварыў мне па-Габрэйску: Саўле! Саўле! што ты гоніш Мяне? цяжка табе ісьці супраць ражна. Я сказаў: хто Ты, Госпадзе? Ён сказаў: я Ісус, Якога ты гоніш. Але ўстань і стань на ногі твае; бо Я на тое і зьявіўся табе, каб паставіць цябе слугою і сьведкам таго, што ты бачыў і што я адкрыю табе, вызваляючы цябе ад народу Юдэйскага і язычнікаў, да якіх Я цяпер пасылаю цябе адкрыць вочы ім, каб яны навярнуліся зь цемры ў сьвятло і ад улады сатаны да Бога, і празь веру ў Мяне атрымалі дараваньне грахоў і долю з асьвечанымі. Таму, цару Агрыпе, я не супрацівіўся нябеснай уяве, а спачатку жыхарам Дамаска і Ерусаліма, потым усёй зямлі Юдэйскай і язычнікам прапаведаваў, каб яны пакаяліся і навярнуліся да Бога, учыняючы дзеі, вартыя пакаяньня.

Дзеі 26:1–5; 12–20

Паводле сьвятога евангеліста Яна чытаньне, пач. 35

Кажа Госпад прышоўшым да Яго Юдэям: Праўду, праўду кажу вам: хто не дзьвярыма уваходзіць у кашару авечую, а пералазіць дзе-небудзь, той злодзей і грабежнік, а хто ўваходзіць дзьвярыма, той пастух авечкам: яму брамнік адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага, і ён кліча авечкі свае па імёнах і выводзіць іх; і калі выведзе свае авечкі, ідзе перад імі, а авечкі за ім ідуць, бо ведаюць голас ягоны; а за чужым ня ідуць, а ўцякаюць ад яго, бо ня ведаюць чужога голасу. Гэтую прытчу сказаў ім Ісус. Але яны не зразумелі, што такое Ён казаў ім. І вось, зноў Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам, што Я дзьверы авечкам. Усе, хто колькі іх ні прыходзіла перада Мною, - зладзеі і грабежнікі; але авечкі не паслухаліся іх; Я - дзьверы: хто ўвойдзе Мною, той уратуецца, і ўвойдзе і выйдзе, і пашу знойдзе.

Яна (10:1-9)

Чытаньні дня:

Чытаньне Апостальскае на 21 траўня/ 3 чэрвеня 2009 л. Б.

Дзеі Сьвятых Апосталаў, пач. 47

У тыя дні: Павал, паглядзеўшы на сынедрыён, сказаў: мужы браты! Я ўсім шчырым сумленьнем жыў перад Богам па сёньняшні дзень. А першасьвятар Ананія загадаў тым, што перад ім стаялі, біць яго па вуснах. Тады Павал сказаў яму: Бог цябе біцьме, сьцяна павапленая! ты сядзіш, каб судзіць па законе, і, насуперак закону, загадваеш біць мяне. А тыя, што перад ім стаялі, сказалі: першасьвятара Божага бэсьціш? Павал сказаў: я ня ведаў, браты, што ён першасьвятар; бо напісана: “начальніка ў народзе тваім ліхім словам ня гань”. Павал, даведаўшыся, што тут адна частка - садукеі, а другая - фарысэі, узвысіў голас у сынедрыёне: мужы браты! Я фарысэй і сын фарысэя; за надзею і ўваскрэсеньне мёртвых я суд прымаю. І калі сказаў ён гэта, узьнікла нязгода паміж фарысэямі і садукеямі, і зборня падзялілася. Бо садукеі кажуць, што няма ўваскрэсеньня, ні анёла, ні духа, а фарысэі прызнаюць і тое і другое. Усчаўся вялікі крык, і ўстаўшы, кніжнікі фарысэйскага боку даводзілі, кажучы: нічога благога мы не знаходзім у гэтым чалавеку; калі ж дух альбо анёл казаў яму, ня будзем пярэчыць Богу. Але як што разлад узмацніўся, дык тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўла, загадаў воінам сысьці, узяць яго спаміж іх і завесьці ў крэпасьць. У другую ноч Гасподзь, зьявіўшыся яму, сказаў: мацуйся, Паўле; бо як ты сьведчыў за Мяне ў Ерусаліме, так трэба табе сьведчыць і ў Рыме.

Дзеі 23:1–11

Чытаньне Евангельля на 21 траўня/ 3 чэрвеня 2009 л.Б.

Паводле сьвятога евангеліста Яна чытаньне, пач. 54

Кажа Госпад вучням Сваім: Усё, што мае Айцец, ёсьць Маё; бо Я сказаў, што ад Майго возьме і абвесьціць вам. Неўзабаве вы ня ўбачыце Мяне, і зноў неўзабаве ўбачыце Мяне; бо я іду да Айца. Тут некаторыя вучні Ягоныя сказалі адзін аднаму: што гэта Ён кажа нам: “неўзабаве ня ўбачыце Мяне”, і зноў “неўзабаве ўбачыце Мяне”, і: “Я іду да Айца”? І вось яны гаварылі: што гэта кажа Ён: “неўзабаве”? ня ведаем, што кажа. Ісус, зразумеўшы, што хочуць спытацца ў Яго, сказаў ім: ці пра тое распытваецеся вы, што Я сказаў: “неўзабаве ня ўбачыце Мяне”? Праўду, праўду кажу вам: вы заплачаце і загалосіце, а сьвет узрадуецца; вы засмучаныя будзеце, але смутак ваш радасьцю абернецца. Жанчына, калі раджае, трывае цярпеньні, бо прыйшоў час яе; а як толькі народзіць дзіцятка, ужо не памятае цярпеньняў ад радасьці, бо нарадзіўся чалавек на сьвет. Так і вы цяпер маеце смутак; але Я вас угледжу зноў, і ўзрадуецца сэрца ваша, і радасьці вашай ніхто не адбярэ ў вас. І ў той дзень вы не папытаецеся ў Мяне ні пра што. Праўду, праўду кажу вам: чаго ні папросіце ў Айца ў імя Маё, дасьць вам.

Яна (16:15-23)

Роўнаапостальная царыца Алена


РОЎНААПОСТАЛЬНАЯ ЦАРЫЦА АЛЕНА

Першай заслугай царыцы Алены было тое, што яна навучыла свайго сына Канстанціна прыхільнасьці да хрысьціянскай веры ў то час, калі іншыя юнакі высакароднага паходжаньня выхоўваліся ў паганскім духу і пагарджалі хрысьціянства. Другі - узьвядзеньне Крыжа Госпада.

З мэтай знайсьці Крыж Госпада царыца Алена ў 326 г. адправілася ў Ерусалім. Разам з Ерусалімскім Патрыярхам Макарыям сьвятая Алена прыступіла да пошукаў, Ёй паказалі, што Крыж Госпада закапаны ў зямлю на месцы, дзе язычнікі узьвялі храм у гонар Вэнэр. Калі па загадзе Алены зламалі будынак і сталі рыць зямлю, то знайшлі тры крыжа і каля іх дошчачку з надпісам: “Ісус Назаранін, Цар Юдэйскі”.

Каб пазнаць, на якім з трох крыжоў укрыжаваны Выратавальнік, сталі па чарзе ускладаць іх на памерлага. Ад двух крыжоў не адбылося ніякага цуду. Калі жа усклалі трэці крыж, то памерлы уваскрэс, такім чынам пазналі крыж Выратавальніка. Так Задумам Божым Жыватворчы Крыж быў цудоўным чынам здабыты ў 326 году.

Калі людзі пазналі аб цудзе, то усё захацелі убачыць сьвяты Крыж. Тады патрыярх Іерусалімскі Макары і царыца Алена сталі на узьнёслым месцы і паставілі (узьвялі) крыж. Народ, бачачы крыж Госпада, маліўся са словамі: “Госпадзі памілуй!”

У памяць гэтай падзеі Царква усталявала сьвята Узьвядзеньні Крыжа Госпада. Гэтае сьвята далучана да ліку вялікіх і сьвяткуецца 27 верасьня. У гэты дзень сьвяты крыж урачыста выносіцца на сярэдзіну храма для вялікага ушанаваньня. Падчас валадараньня Канстанціна быў адноўлены ранейшы назоў горада Ерусаліма замест новага, Юлія Капіталіна, дадзенага яму пры імпэратары Адрыяне (117-138 гг.).

Знаходзячыся ў Палестыне, сьвятая царыца шмат здзейсьніла на карысьць Цэрквы. Яна загадала вызваліць усе месцы, зьвязаныя з зямным жыцьцём Госпада і Яго Усячыстай Маці, ад усякіх сьлядоў паганства, загадала узьвесьці ў гэтых памятных месцах хрысьціянскія цэрквы: на Галгофе храм Уваскрэсеньня (і Дамавіны) Госпада, дзе штогод у велікодную ноч сходзіць прасьвядны агонь; на Еліянскай горы (дзе Госпад узьнёсься на Неба); у Бэтлеем (дзе Госпад нарадзіўся ў целе) і ў Хэвроні каля Мамврыйскага дубу (дзе Бог зьявіўся Аўрааму).

Над пячорай Дамавіны Госпада сам імпэратар Кастусь загадаў збудаваць прыгожы храм у славу Уваскрэсеньня Хрыстова. Сьвятая Алена аддала Жыватворчы Крыж на захоўваньне Патрыярху, частку ж Крыжа узяла з сабой для уручэньня імпэратару. Раздаўшы ў Ерусаліме шчодрую міласьціну і ўлаштаваўшы трапезы для бедных, падчас якіх сама слугавала, сьвятая царыца Алена вярнулася ў Канстанцінопаль, дзе неўзабаве сканала ў 327 году.

Роўнаапостальны цар Канстанцін


РОЎНААПОСТАЛЬНЫ ЦАР КАНСТАНЦІН

Сьвяты імпэратар Канстанцін (306 - 337), атрымаў ад Царквы найменьне Роўнаапостальны, а ў сусьветнай гісторыі названы Вялікім, быў сынам цэзара Канстанцыя Хлёр (305 - 306), які кіраваў краінамі Галіеяй і Брытаніяй. Велізарная Рымская імпэрыя была ў то час падзеленая на Заходнюю і Усходнюю, на чале якіх знаходзіліся два самастойных імпэратара, якія мелі суправіцеляў, адным з якіх у Заходняй палове і быў бацька імпэратара Канстанціна. Сьвятая царыца Алена, маці імпэратара Канстанціна, была хрысьціянкай. Будучы кіраўнік усёй Рымскай імпэрыі - Канстанцін - быў выгадаваны ў павазе да хрысьціянскай рэлігіі. Бацька яго не перасьледваў хрысьціян у кіраваных ім краінах, у то час, як ва усёй астатняй Рымскай імпэрыі хрысьціяне падвяргаліся жорсткім ганеньням з боку імпэратараў Дзіакліціяна (284 - 305), яго суправіцеля Максыміяна Галерыя (305 - 311) - на Усходзе і імпэратара Максиміяна Гэркула (284 - 305) - на Захадзе. Пасьля сьмерці Канстанцыя Хлёр сын яго Канстанцін у 306 году быў абвешчаны войскамі імпэратарам Галіі і Брытаніі. Перш за усё справай новага імпэратара было абвясьціць у падуладных яму краінах волю спавяданьня хрысьціянскай веры. Фанатык паганства Максыміян Галеры на Усходзе і жорсткі тыран Максэнці на Захадзе ненавідзелі імпэратара Канстанціна і вырашылі яго зрынуць і забіць, але Канстанцін папярэдзіў іх і ў шэрагу войн, з дапамогай Боскай, разьбіў усіх сваіх сапернікаў. Ён маліў Бога даць яму знак, якое натхніла бы яго войска адважна змагалася, і Госпад явіў яму на небе зьзяючы знак Крыжа з надпісам “Гэтым перамагай”. Зрабіўшыся поўнаўладным кіраўніком Заходняй часткі Рымскай імпэрыі, Канстанцін выдаў у 313 году Міланскі эдыкт аб верацярпімасьці, а ў 323 году, калі запанаваў як адзіны імпэратар над усёй Рымскай імпэрыяй, распаўсюдзіў дзеяньне Міланскага эдыкта і на усю усходнюю частку імпэрыі. Пасьля трохсот гадоў ганеньняў хрысьціяне упершыню атрымалі магчымасьць вольна вызнаваць сваю веру ў Хрыста.

Адмовіўшыся ад паганства, імпэратар не пакінуў сталіцай імпэрыі старажытны Рым, былы цэнтрам паганскай дзяржавы, а перанёс сваю сталіцу на усход, у горад Візантыю, якая і была пераназваная ў Канстанцінопаль. Канстанцін быў глыбока перакананы, што толькі хрысьціянская рэлігія можа аб'яднаць велізарную разнастайную Рымскую імпэрыю. Ён усяляк падтрымліваў Царкву, вяртаў з выгнаньня спавяданьнікаў-хрысьціян, будаваў цэрквы, клапаціўся аб духавенстве. Глыбока шануючы Крыж Госпада, імпэратар жадаў знайсьці і самы Жыватворчы Крыж, на якім быў укрыжаваны Госпад наш Ісус Хрыстос. Для гэтай мэты ён накіраваў у Ерусалім сваю маці - сьвятую царыцу Елену, даўшы ёй вялікія паўнамоцтвы і матэрыяльныя сродкі.

Мірнае існаваньне хрысьціянскай Царквы было парушана узьніклымі усярэдзіне Цэркваў супярэчнасьцямі і разладамі ад якія зьявіліся ерасяў. Яшчэ ў пачатку дзейнасьці імпэратара Канстанціна на Захадзе паўстала ерась данатыстаў і навацыянаў, патрабаваўшых паўторнага хросту над адпаўшымі падчас ганеньняў хрысьціянамі. Гэтая ерась, адпрэчаная двума памеснымі саборамі, была канчаткова асуджаная Міланскім Саборам 316 гады. Але асабліва пагібельнай для Царквы апынулася узьнікшая на Усходзе ерась Арыя, які адважыўся адпрэчыць Боскую сутнасьць Сына Боскага і вучыць аб тварнасьці Ісуса Хрыста. Па наказу імпэратара, быў скліканы ў 325 году Першы Сусьветны Сабор у горадзе Нікеі. 318 япіскапаў сабраліся на гэты Сабор, яго удзельнікамі былі япіскапы-спавяданьнікі ў пэрыяд ганеньняў і шматлікія іншыя сьвяцільні Цэрквы, сярод якіх - сьвяціцель Мікалай Мірлікійскі. Імпэратар прысутнічаў на паседжаньнях Сабора. Ерась Арыя была асуджаная і складзены Сымбаль веры, у які быў занесены тэрмін “Адзінасутны Айцу” назаўжды замацаваўшы ў сьвядомасьці праваслаўных хрысьціян ісьціну аб Боскасьці Ісуса Хрыста, прыняўшага чалавечую прыроду для адкупленьня усяго чалавечага роду.

Можна дзівіцца глыбокай царкоўнай сьвядомасьці і пачуцьцю сьвятога Канстанціна, вылучыўшаму азначэньне “Адзінасутны”, пачутае ім у спрэчках Сабору, і прапанаваўшаму занесьці гэтае азначэньне ў Сымбаль веры.

Пасьля Нікейскага Сабору роўнаапостальны Канстанцін працягваў актыўную дзейнасьць на карысьць Царквы. У канцы жыцьця ён прыняў сьвяты хрост, падрыхтаваўшыся да яго усім сваім жыцьцём. Памёр сьвяты Канстанцін у дзень Тройцы ў 337 года і быў пахаваны ў цэркве сьвятых Апосталаў, у загадзя прыгатаванай ім магіле.

Трапар Канстанціну, цару

Крыжа Твайго вобраз на Небе бачыўшы / і, як Павал, чын не ад людзей прыняўшы, / у царах апостал Твой, Госпадзі, / Цароў горад у рукі Твае паклаў, / яго ж выратоўвай заўсёды малітвамі Багародзіцы, / адзіны Чалавекалюбчы.

Сёньня сьвяткуем памяць:



РАЎНААПОСТАЛЬНЫ ЦАР КАНСТАНЦІН І МАЦІ ЯГО ЦАРЫЦА АЛЕНА

Узьвялічваньне

Узьвялічваем вас, / сьвятыя дабраверныя і роўнаапостальныя цар Канстанцін і царыца Алена, / і шануем сьвятую памяць вашу, / бо вы сьвятым Крыжам / увесь сусьвет адукавалі.

Сёньня 21 траўня / 3 чэрвеня 2009 л.Б.

Серада 7 тыдня пасьля Сьвятой Пасхі.