Sunday, March 27, 2011

СЫНАКСАР У ТРЭЦЬЦЮ НЯДЗЕЛЮ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

Ды паклоніцца ўся зямля Крыжу,
Праз які пазнала слова аб пакланеньні Табе
У гэты дзень, у трэцьцю Нядзелю посту, мы сьвяткуем глыбокую пашану Годнаму і Жыватворчаму Крыжу па наступным чыньніку. Паколькі падчас саракадзённага посту і мы нейкім чынам прымаем раскрыжаваньне, забіваючы запал, і адчуваем гаркату, смуткуючы і зьнемагаючы, то і пакладаецца перад намі Годны і Жыватворчы Крыж, які ахалоджвае і умацоўвае нас, які нагадвае нам пра пакуты Госпада нашага Ісуса Хрыста і суцяшаючы: калі Бог наш раскрыжаваўся дзеля нас, то колькі ж нам належыць рабіць дзеля Яго, — робячы палёгку нашай працы уяўленьнем і успамінам смутку Уладара, і надзеяй на славу Крыжа. Бо як Выратавальнік наш, узьняўшыся на Крыж, праславіўся праз зьнеслаўленьне і засмучэньне, так і нам належыць рабіць, каб і праславіцца зь Ім, калі некалі пацерпім нешта сумнае (журботнае). Інакш кажучы, як праходзячыя доўгі і цяжкі шлях стомленыя падарожнікі, адшукаўшы нейкае цяністае дрэва, адпачываюць, прысеўшы пад ім, і са сьвежымі сіламі ідуць далей, так і зараз, падчас посту, на шляху жальбы і подзьвігу, пасярэдзіне яго сьвятыя айцы пасадзілі падаючае жыцьцё дрэва Крыжа, што дае нам палягчэньне і прахалоду, і якое робіць нас, стомленых, моцнымі і здольнымі да далейшай працы. Ці як пры набліжэньні [прышэсьці] цара спачатку нясуць яго сьцягі і скіпэтры, а потым і сам ён прыходзіць, цешачыся і вяселячыся пра перамогу, і людзі ягоныя вяселяцца разам зь ім. Так і Гасподзь наш Ісус Хрыстос, жадаючы паказаць канчатковую перамогу над сьмерцю і са славаю прыйсьці ў дзень Уваскрэсеньня, раней паслаў нам Свой скіпэтар, царскі сьцяг — Жыватворчы Крыж, які напаўняе нас шматлікай уцехай і суцяшэньнем і падрыхтоўвае нас належным чынам прыняць наколькі можам зьмясьціць [наколькі можна магутна] Самага Цара і радасна праславіць як Пераможца.
Усталявана ж гэта ў сярэдні тыдзень пасярэдзіне сьвятой Чатырохдзесятніцы — таму, што сьвятая Чатырохдзесятніца падобная горкай крыніцы з-за зьнішчэньня нашага і бываючай гаротнасьці і смутку, якія дастаўляе нам пост. Таму як у сярэдзіну той крыніцы боскі Майсей паклаў дрэва і зрабіў яе салодкай, — так і Бог, які правёў нас праз духоўнае Чорнае мора і вызваліўшы ад фараона уяўнага, Жыватворчым Дрэвам Сумленнага і Жыватворчага Крыжа цешыць гарката саракадзённага посту і суцяшае нас, як вандруючых у пустэльні, пакуль не узьвядзе Сваім Уваскрэсеньнем у горны Ерусалім. Ці, паколькі Крыж завецца і зьяўляецца дрэвам жыцьця, а гэта дрэва пасаджана было пасярод раю — Эдэму, адпаведна гэтаму і боскія айцы пасадзілі Хроснае Дрэва пасярод сьвятой Чатырохдзесятніцы, адначасова нагадваючы тым Адамава юрлівасьць (падзеньне), і разам з тым атрымліваючы праз дрэва збавеньне ад яго, бо, смакуючы ад яго, мы ужо (больш) не паміраем, але насупраць, ажыўляемся.
Сілаю яго, Хрысьце Божа, захавай нас ад спакус нячысьціка, удастой нас, радасна прайшоўшы саракадзённы шлях посту, пакланіцца Боскім Тваім Пакутам і Жыватворчаму Уваскрэсеньню і памілуй нас, бо Ты адзін Добры і Чалавекалюбца. Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.