Sunday, March 27, 2011

СЛОВА Ў ТРЭЦЬЦЮ НЯДЗЕЛЮ ПОСТУ – КРЫЖАПАКЛОНУЮ

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
У адным са старажытных твораў Кіеўскай Царквы адзін падзьвіжнік разважаў пра тое, якім чынам зьдзейсьнілася тварэньне сьвету. Чаму Бог не толькі стварыў сьвет, а прыйшоў яго ратаваць? І ён уяўляе гэта разважаньне як гутарку паміж Айцом і Сынам: І сказаў Айцец: “Сын Мой! Створым сьвет і чалавека, і падзелім зь ім усё, што ў Нас ёсьць”. І Сын адказаў: “Ды будзе так, Ойча”. І Айцец сказаў: “Так, але чалавек не выканае свайго пакліканьня, ён здрадзіць яму, і тады Табе, Сын Мой, прыйдзецца зрабіцца чалавекам і памерці за яго”. І Сын адказаў: “Ды будзе так, Ойча”. І сьвет быў створаны.
Мы сёньня успамінаем сьвята Крыжа Гасподняга, дзень, калі усё стварэньне замірае як бы ў маўчаньні, трымціць у жаху аб тым, што Бог зрабіўся чалавекам для таго, каб памерці, і памерці за нас, памерці зь намі і усю сьмяротнасьць землі панесьці ў Сябе.
Хрыстос памёр на крыжы для таго, каб зь намі падзяліць самае трагічнае наступства нашай здрады, нашага адпадзеньня ад поўнасьці зносін з Богам. Ён памёр, таму што толькі сьмерць можа выказаць у максымальным сэнсе, да мяжы любоў, ахвяраваньне сябе для іншага. Але мы не заўсёды гатовыя ахвяраваць жыцьцём. І Бог, Які зьяўляецца самым Жыцьцём, для таго каб мы не страцілі яго назаўжды, ахвяраваў Сваім жыцьцём. Ён пагадзіўся зь намі падзяліць не толькі нашу сьмерць, але самая страшная умова гэтай сьмерці; працьвічаны на крыжы Хрыстос выклікнуў: “Божа Мой, Божа Мой, навошта Ты Мяне пакінуў?” Бог Яго не пакідаў; Хрыстос у глыбінях Сваёй Боскасьці і нават Свайго чалавецтва, — не, не губляў Бога, але Ён у Сваёй сьвядомасьці раптам злучыўся зь усім чалавечым сьветам, нават зь усім стварэньнем, на якіх лёг праклён сьмерці з—за нашага падзеньня, і гэта зачыніла Яму Ягоную чалавечую сьвядомасьць Ягонай Боскай вечнасьці. Ён прыняў на Сябе не толькі рэчавую сьмерць, Ён прыняў на Сябе жах страты вечнага жыцьця, страты самога жыцьця з Богам.
Як нам пасьля гэтага ставіцца да любові Гасподняй? Так лёгка мы жалімся на тое, што Гасподзь не выконвае нашых просьбаў, нашага маленьня, часам — нашага крыку пра дапамогу, пра выратаваньне. І аднак, калі падумаць: Ён жа аддаў усё жыцьцё Сваё, і не толькі простае чалавечае жыцьцё, але жыцьцё Богачалавека, Чалавека, які быў ужо цалкам адзіным з Богам, для таго, каб мы маглі паверыць, што нас Бог любіць.
Падумаем над гэтым і адкажам Яму годна. Адкажам Яму не толькі верай у тое, што Ён аддаў Сваё жыцьцё за нас і мы Яму удзячныя, — не, падзяка не ў словах павінна выяўляцца, не ў пачуцьцях, а ў жыцьці. І мы павінны навучыцца жыць так, як нас вучыць жыць Гасподзь. У першую чаргу зразумець, што любоў — гэта не кранальнае пачуцьцё, гэта не замілаваньне, не салодкасьць сэрца, гэта гатоўнасьць, і не толькі гатоўнасьць, — але рэальнасьць аддачы уласнага нашага жыцьця для іншага чалавека, для усіх людзей, для любога чалавека, дарагога нам ці абыякавага, знаёмага і не знаёмага, для любога чалавека павінна быць наша жыцьцё як ахвяра. І гэта можна выказаць вельмі шматлікімі спосабамі, таму што мы сваё жыцьцё можам аддаваць адзін аднаму мноствам шляхоў.
Падумаем, кожны зь нас, якое маё жыцьцё, хто мы? Сярод якіх людзей мы жывём? Якое наша жыцьцёвае пакліканьне? Наша дзейнасьць, наша асяродзьдзе? Чым мы здрадзілі свайму пакліканьню, чым я і кожны зь нас здрадзіў свайму пакліканьню любіць да ахвяраваньня сябе да канца? Бог не патрабуе ад нас той страшнай аддачы, якую мы бачым у Хрысьці, прынамсі, не заўсёды. На вайне гэта бывае: бывае, што чалавек ідзе на сьмерць для таго, каб выратаваць іншага. Я гэта бачыў мноства разоў. Бывае, што чалавек сваё жыцьцё так аддае для выратаваньня іншых людзей, што ён ад гэтага вымірае і канчаецца, як мы кажам, заўчасна, гэта значыць тады, калі Гасподзь яму кажа: Надышоў час, слуга Мой верны, табе увайсьці ў Мой супакой, ты сваё зрабіў на зямлі, зараз ды будзе радасьць твая вечнай!.. І мы павінны, кожны зь нас, паставіць гэта пытаньне перад сабой, і так жыць, каб наша любоў да іншага чалавека, нават да самага упадабанага чалавека, якога мы любім усёй ласкавасьцю нашага сэрца, была подзьвігам аддачы сябе, нясеньнем ягонага крыжа, ягонага цяжару, ягонай пакуты, ягоных сумневаў, ягонай болі — усяго. Пачнем адзін аднаго цяжар насіць і так мы выканаем закон Хрыстовы, які ёсьць толькі ў адным: любіце адзін аднаго так, як Я вас упадабаў, кажа Хрыстос. Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.