Saturday, January 19, 2013

Слова на Богазьяўленьня

Народ, што сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і ўсім, хто сядзеў у краіне і цяні сьмерці, зазьзяла сьвятло.
Мт. 4:16
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Сёньня наша Сьвятая Украінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква, разам са ўсёй паўнатой Усяленскага Праваслаўя сьвяткуе Хрост Госпада нашага Ісуса Хрыста альбо Богазьяўленьня, калі Ён прыйшоў на Ярдан да сьвятога Прарока й Папярэдніка Яна ды абдараваў нас бязьмежнаю мілатой.
Мусім сёньня задумацца: Чаму мы называем гэта сьвята менавіта Богазьяўленьнем?
Варта нам сёньня павярнуцца назад і згадаць, што ў службе прадсьвята Нараджэньня Хрыстовага: Хрыстос ідзе паўшага зямнога чалавека зноў узьвесьці на неба. Але мы таксама памятаем – да свайго прыходу на Ярдан Хрыстос нікому не быў вядомы. Сам сьвяты Ян папярэднік кажа: “Стаіць сярод вас Той, Каго вы ня ведаеце” (Ян. 1:26).

Friday, January 18, 2013

СЬВЯТОЕ БОГАЯЎЛЕНЬНЯ. ХРОСТ ГАСПОДЗЬА БОГА І ЗБАЎЦЫ НАШАГА ІСУСА ХРЫСТА Ў БЕЛАРУСКАМ ПРАВАСЛАЎНЫМ АБРАДЗЕ

6 студзеня

ПАСЬЛЯДОЎНАСЬЦЬ ГАДЗІН У НАВЯЧОР’Я АСЬВЕТНІЦТВА

ПЕРШАЯ ГАДЗІНА

Сьвятар: Дабраслаўлёны  Бог наш, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Чытальнік: Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
Уладару нябесны, Суцяшальнік, Духу ісьціны, што ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра й Жыцьцядаўца, прыйдзі і ўсяліся ў нас і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.
Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, памілуй нас. (тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Усясьвятая Тройца, зьлітуйся над намі. Гасподзьзе, ачысьці правіны нашы. Уладару, выбач бяспраўе наша. Сьвяты, наведай нас і аздараві немачы нашы дзеля імя Твайго.
Гасподзьзе, памілуй. (тройчы)

Sunday, January 6, 2013

КАЛЯДНАЕ ПАСЛАНЬНЯ Сьвяцейшага Мяфодзія, Мітрапаліта Кіеўскага і ўсёй Украіны, Прадстаяцеля Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.

Сьвятарству, манаству і ўсіх вернікам Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.
Глянь вокам шчырым, о Сын Боскі,
На нашу зямлю, на Украіну.
Хрыстос Нарадзіўся!
“І Слова стала плоцьцю, і ўсялілася ў нас, поўнае мілаты і праўды; і мы бачылі славу Ягоную, славу, як Адзінароднага ад Айца” (Ян. 1:14).
На гэтую сьветлую і суцяшальную падзею род чалавечы чакаў з часу грэхападзеньня нашых прабацькоў, пакорліва пераносячы пакуты, няўцешна сустракаючы сьмерць. Але калі споўніўся час, Бог паслаў Сына Свайго (Адзінароднага), Які нарадзіўся ад жанчыны (Гал. 4:4). На зямлі павінна была нарадзіцца і Дзева, якая была б годнай, каб стаць Маці Хрыста. І такая Дзева зьявілася на зямлі — гэта Усясьвятая і Ўсячыстая Дзева Марыя, якая стала Багародзіцай. Таямніцу неабходнасьці нараджэньня Хрыста на зямлі было адкрыта анёлам Гасподнім ва сны Праведнаму Язэпу: “Ён уратуе людзей Сваіх ад грахоў іхніх” ц. 1:21). Толькі з Богам мы можам вырвацца з рабства граху. Для таго Ён нарадзіўся, каб прыняць на сябе пакараньне за грахі, каб Праўдай Божай згладзіць іх. Сьвяты апостал Павел кажа: “…Бог у Хрысьце прымірыў з Сабою сьвет, ня ставячы людзям у віну злачынстваў іхніх, і даў нам слова прымірэньня” (2 Кар. 5:19), каб падаць людзям Боскую сілу, стаць дзецьмі Божымі па ласкі. Грэх (Ян. 3:4) — сьведчыць сьвяты апостал і эвангеліст Ян — ёсьць беззаконьне. Скароныя грахом і запалам людзі не могуць быць шчасьлівыя, з грахом прыходзіць пакута.