Wednesday, February 24, 2010

ІЛЮСТРАЦЫЯ ЕРАСІ, АЛЬБО ЯШЧЭ РАЗ АБ КАТАЛІЦКАЙ “ІКАНАГРАФІІ”

– Што гэта?

– Каталіцкі абраз…

– Ня можа быць…

(зь размовы з рыма–каталіцкім ксяндзом)

Восеньню 2009 г. на прасторах інтэрнэту выбухнуў чарговы скандал павязаны зь адкрыта антыхрысьціянскім і, па нашаму меркаваньню, блюзьнерскім падыходам каталіцкіх (грэка–каталіцкіх) царкоўных уладаў да багаслоўя іконы. Маецца на ўвазе асьвячэньня япіскапам Каламійска – Чарнавецкай япархіі Украінскай Грэка–Каталіцкай Царквы Мікалаем (Сімкайлам) “іконы”, дзе сядзячы на руках Багародзіцы Дзіця Хрыстос трымае футбольны мяч і прысутнічае выява футбольнага поля. Вышэйшая герархія ЎГКЦ і наогул Каталіцкага касьцёлу квола і абсалютна індыфэрэнтна адрэагавала на падобнае блюзьнерства: афіцыйныя каталіцкія сайты, ужо пасьля трывалага абмеркаваньня ў інтэрнэце, абмежаваліся мала зразумелай адпіскай, якая фактычна апраўдвала ўладыку – блюзьнера. Падобнага стаўленьня да хрысьціянскай іканаграфіі не вытрымалі нават украінскія міране–уніяты і ўжо ў студзенскім нумары часопісу “Патрыярхат” Маркіян Філевіч друкуе артыкул “Багародзіца – пэнальці” з рэзкай крытыкай падобнага падыходу да багаслоўя іконы…

Але, як высьветлілася, блюзьнерства герарха ЎГКЦ – гэта дробнае свавольства ў параўнаньні зь афіцыйна задэкляраванай ерасьсю Рыма–Каталіцкага Касьцёла на сусьветным узроўні, даведацца аб якой нам дапамог адзін з чытачоў “Беларускай Аўтакефаліі”, што даслаў у рэдакцыю яшчэ адзін “шэдэўр” каталіцкае “іканаграфіі” (падаецца як ілюстрацыя да дадзенага тэксту).

Дадзены “абраз” ёсьць афіцыйнае іконай так званага “Легіёну Марыі” – сусьветнай каталіцкай сьвецкай арганізацыі дзеючай зь дазволу і пад патранатам РКЦ. Разумеючы ўсю ерась падобнае “іканаграфіі”, мы зьвярнуліся да ераманаха Эладскай Праваслаўнай Царквы а.Рыгора (Карнуракіса):

– Слава Ісусу Хрысту! Ойча, як Вы пракамэнтуеце зьяву “футбольнай іконы”, а таксама “легіянэрскі” абраз?

– Слава навекі! Мусім разумець, што Каталіцкі Касьцёл без малага тысячу год знаходзіцца ў ерасі. За гэтыя стагодзьдзі адбылося руйнаваньне праўдзівай хрысьціянскай сьвядомасьці каталікоў. Сёньня, гледзячы на Ватыкан, мы бачым не Царкву Хрыстову, а карпарацыю па наданьню пэўных паслуг. І тут, як у кожнай камэрцыйнае карпарацыі, “кліент заўсёды правы”… Менавіта адсюль сыходзіць асьвячэньне коцікаў і сабачак; аднаполых шлюбаў; прамая ерась экумэнізму, калі каталіцкія герархі моляцца зь яўнымі язычнікамі, юдэямі і нават прыхаванымі сатаністамі. Таму зьяўленьне падобных “іконаў” ёсьць у каталіцтве зьява не выпадковая – гэта зьява прадбачаная і натуральная.

– Ойча, пракамэнтуйце, калі ласка, гэтую “ікону”.

– На мой погляд, дадзены “абраз” ёсьць іскравым сьведчаньнем не толькі дэградацыі разуменьня іконы ў Рыма – Каталіцкім Касьцёле, а і сьведчаньнем ерасі каталіцызму. Тут прысутнічае цэльны букет ерасі, яна сьведчыць аб поўным адыходзе каталікоў ад праўдзівага разуменьня хрысьціянства..

Сама выява ёсьць кампіляцыяй некалькіх ікон, але кампазыцыйным падмуркам яе зьяўляецца адлюстраваньне другога прыходу Ісуса Хрыста. Менавіта падобная выява прысутнічае ў шэрагу выданьняў “Апакаліпсіса” зьдзейсьненых італьянскімі грэкамі–уніятамі (т.зв. грота–фэрацкая традыцыя) у канцы ХVII – пачатку ХVIIІ стагодзьдзя. Вось толькі цэнтральнае месца займае выява Ісуса Хрыста… і ніякіх цмокаў ды легіянэраў няма. На пярэднім пляне людзі сапраўды сустракаюць Хрыста па рознаму: нехта радасна, нехта ўпаў у жаху, нехта ў чаканьні суду на каленях прыносіць апошняе пакаяньне…

Калі наогул казаць аб кампілятыўным стылі “іконы”, то тут прысутнічаюць сюжэты абразоў: Дабравешчаньня Багародзіцы і сьв. Георгія.

Досыць дзіўная, калі не казаць больш жорстка, і каляровая гама гэтай “іконы”. Яна наогул не ўпісваецца ў колер нармальнай іканаграфіі.

– Ойча, давайце павернемся да багаслоўя гэтае “іконы”.

– Пачнём з цэнтральнага сюжэту. Як бачым, Багародзіца зьяўляецца ці не асноўным змагаром зь сатаной (намаляваным у выглядзе цмока). Менавіта Марыя насылае на яго агонь і, на погляд аўтара “іконы”, у будучым канчаткова пераможа сатану. Ужо гэта супярэчыць праваслаўнаму, ды і наогул хрысьціянскаму, багаслоўю: Бо адзіным пераможцам пекла і сатаны ёсьць Ісус Хрыстос (Узгадаем: сьмерцю сьмерць зваяваў і зруйнаваў браму пекла). А Багародзіца ніколі не ёсьць змагаркай. Абаронцай, покрывам, малельніцай – так, зьяўляецца. Але ніколі сама не ўступае ў бой, Яе атачаюць палкі анёльскія – менавіта яны змагаюцца, калі гэта патрэбна. Але ў бой яны ўступаюць праз загад Бога, адданы па малітве Ягонай Маці.

Мы мусім усьвядоміць – Багародзіца ня ёсьць Богам. Яна – чалавек. Праз Яе наш Бог Ісус Хрыстос атрымаў чалавечую прыроду, чалавечае цела… Ерэтычны каталіцкі догмат аб “непарочным зачацьці”, прыняты ў ХІХ ст., паступова трансфармаваў сьвядомасьць каталікоў такім чынам, што яны пачалі бачыць у Багародзіцы фактычна “чацьвертую асобу Тройцы”. І, як наступства ерасі, надзяляць Багародзіцу сілай і ўласьцівасьцямі Бога. Тут, на разглядаемым малюнку, гэта ерась атрымала свае выяўнае ўвасабленьне.

Таксама раю паглядзець на німб Багародзіцы. Ён крывавы, чырвонага колеру. Гэта, на мой погляд, хутчэй адзнака сьмерці чым славы. Што ён сымбалізуе? Кроў і сьмерць? Але ж гэта супярэчыць усёй хрысьціянскай дагматыцы.

Кампазыцыйная кампаноўка “іконы” такая, што і Багародзіца, і сатана як бы стаяць на ўваходзе да раю. Тут адбываецца “вечнае і апошняе змаганьне” Але ж апошнім судзьдзёй ёсьць толькі Бог. Толькі Ён будзе вырашаць нашу долю, вяршыць апошні суд. Няздольны сатана зачыніць прад праведнікам дзьверы раю… А Багародзіца здольная толькі маліць Сына свайго аб міласэрнасьці да грэшніка…

– А што Вы, ойча, скажаце аб людзях на “іконе”?

– Уласна для мяне застаецца таямніцай задум аўтара малюнку, калі ён намаляваў упаўшых. Бо нават адпаўшы ад Хрыста праз грэх здатны павярнуцца праз пакаяньне… Загінуць за Хрыста, магчыма толькі целам. Слугі сатаны ў гэтым сьвеце могуць забіць цела, але не душу хрысьціяніна. А загінуўшы за Хрыста ніколі не ёсьць упаўшым… Тут жа, зь агляду на шчыты, упалі як раз змагары за Хрыста. А загінуўшыя ў праўдзе – гэта сьвятыя... Такім чынам, згодна выкладзенаму на “іконе” багаслоўю, ёсьць магчымасьць цалкам загінуць… у змаганьні за Хрыста, а гэта ўжо нават сюжэт няварты камэнтару.

Варта таксама разгледзіць і саму выяву “легіянэраў” на “іконе”. Відавочна, што аўтар у іх постацях намаляваў зборную выяву сяброў “легіёну”. Гэта значыцца – гераічнае іх змаганьне зь сатаной. Але ж, гэта ёсьць ужо сапраўдны грэх ганарлівасьці…

– Але ж, па сьведчаньню аднаго “легіянэра”, гэтая “ікона” была афіцыйна зацьверджана і асьвячоная Рымам…

– У пачатку нашае размовы я ўжо выказаў думку: каталіцтва ёсьць своеасаблівай “камэрцыйнай карпарацыяй”. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што па меркаваньням мэтазгоднасьці (ці нейкім іншым) зацьвярджаюцца і асьвячаюцца падобныя “іконы”. Часам звычайныя каталіцкія ксяндзы не разумеюць дзеяў ватыканскай улады.

Напрыклад, я паказаў дасланую вамі “ікону” аднаму знаёмаму ксяндзу (дарэчы, доктару багаслоўя). Дык ён спытаў у мяне: “Што гэта?” А калі я адказаў: “Каталіцкі абраз…”,– дык на ягоным твары чыталася толькі зьдзіўленьне. У канцы ён здолеў толькі вымавіць: “Ня можа быць…”

У канцы мушу яшчэ раз заклікаць усіх праваслаўных да стойкасьці ў нашае сьвятой праваслаўнай веры. Пажадаць годнага Вялікага посту і радаснай сустрэчы Ўваскрашэньня Госпада нашага Ісуса Хрыста.

пераклад з грэцкае “Беларускай Аўтакефаліі”


ПЕРАМОГА ПРАВАСЛАЎЯ

(Першая нядзеля вялікага посту)

Мітрапаліт Антоній (Суражскі)

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.

Мы сьвяткуем сёньня дзень Перамогі Праваслаўя. І шматлікім можа здацца дзіўным, што мы шчыра, пераканана сьвяткуем перамогу, у то час калі праваслаўе прыгнечанае са усіх бакоў, калі, здавалася бы, яно уражанае ў шматлікіх краінах, і калі ў нашым асяродзьдзі мала зьзяе яго слава.

Гэтае сьвята Перамогі Праваслаўя мае, аднак, дваякае значэньне. Па—першае, яно быў усталявана напрыканцы Сусьветных Сабораў, калі Царква Хрыстова абвясьціла канчаткова асноўныя ісьціны, асноўныя догматы чалавечага выратаваньня: бязгрэшнае вучэньне аб Сьвятой Тройцы, ісьціну аб увасабленьні Сына Божага і вынікаючыя з гэтых ісьцін іншыя ісьціны Праваслаўя.

Але перамога, аб якой мы кажам, не ёсьць перамога праваслаўных над іншымі людзьмі. Мы не маглі б сьвяткаваць сваю перамогу або перамогу родных, блізкіх нам людзей, калі іншыя гэтай перамогай пераможаныя. Перамога, якую мы ушаноўваем, перамога, якую мы цяпер сьвяткуем, гэта перамога Боская ў сэрцах людзей, гэта перамога Боская цудам Крыжа, цудам адкупленьня. Мы услаўляем Бога, Які так палюбіў сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў для выратаваньня сьвету. Мы услаўляем Бога за тое, што створаны Ім чалавек здольны Яго любіць, Яго спазнаваць, так Яго любіць, што коштам свайго жыцьця і сьмерці вызнаваць ісьціну не толькі вуснамі, але усім жыцьцём. Мы перамагаем, таму што Бог, Які калісьці, шмат стагодзьдзяў таму назад, адкрыўся людзям, даваў Сябе спазнаць, даваў Сябе любіць, і зараз дзейнічае ў чалавечым жыцьці і ў чалавечых сэрцах. Калісьці падняты на Галгофе Крыж усё яшчэ зьяўляецца цэнтрам жыцьця сьвету. Тысячамі людзі, паверыўшыя Госпаду, пасьля Яго пайшлі гэтым шляхам, вызнаваючы ісьціну і любячы Бога і людзей непадзеленым сэрцам. І у гэтым перамога: перамога Бога ісьціны, Бога любові, перамога Праваслаўя, у якім ёсьць праўдзівая вера і праўдзівая глыбокая пашана Богу любоўю, духам, ісьцінай.

І вось чаму, нягледзячы на тое, што так страшны цяпер лёс праваслаўя, мы сьвяткуем яго перамогу, мы радуемся аб перамозе Гасподняй над чалавечымі душамі, аб выратаваньні, якое яна нам дае, аб дарунку вечнага жыцьця, які усім прапанаваны. І мы сьпяваем і апяём тых незьлічоных спавяданьнікаў Хрыста, якія і ў старажытнасьці, і ў нашы дні выратаваньне Хрыстова робяць рэальнасьцю кожнага дня вакол сябе і крыжам працягваюць ратаваць сьвет, папаўняючы ў целе сваім недастатковую пакуту Госпада. Так, мы можам перамагаць.

Але нядосыць сьвяткаваць перамогу Боскую і велікадушнасьць іншых; мы — Царква Хрыста, кожны зь нас паасобку — жывы чалец гэтага жывога, трапяткога укрыжаванага цела. І вось — якія мы перад тварам гэтай перамогі? Госпад у нас атрымаў частковую перамогу, Ён нам адкрыў веру, Ён нас навучыў любіць, Ён нас вучыць жыць зь дня ў дзень, — але як мала мы адклікаемся на дарункі Госпада! Няўжо можна пра нас казаць, як пра старажытную Царкву: Царква — гэта любоў? Няўжо мы можам казаць аб тым, што мы Хрыстовы і таму ўкрыжавалі цела свае зь запаламі і блудам? Няўжо можам мы сказаць, што мы зь дня ў дзень паміраем для таго, каб іншыя маглі жыць? Вось да чаго нас Госпад кліча, і вось апошняя поўная перамога, якая будзе Гасподняй перамогай і перамогай праваслаўя: калі ў душы кожнага зь нас Госпад пераможа і зацаруе непадзельна, калі кожны зь нас стане зьзяньнем славы Боскай і калі праз нас, жыцьцём нашым, і сьмерцю, і непераможнасьцю любові і іншыя людзі здабудуць шлях да выратаваньня. Амін.