Saturday, November 5, 2011

Канон сьвятому звышгоднаму Ялісею Лаўрышэўскаму, тон 8

Песьня 1
Ірмас: Мора прайшоў як сушу, і эгіпэцкага зла пазьбегнуўшы, ізраільцяны засьпявалі: “Выратавальніку і Богу нашаму сьпяваем”
Прысьпеў: Звышгодны ойча наш Ялісей, малі Бога за нас.
Чысьціню розума атрымаў праз цяжкія подзьвігі, разумовага фараона перамог і ад рабства граху вызваліўся ты, звышгодны, малітвамі тваімі выратаваныя, цябе ўзьвялічваем.
Грэх перамогшы малітвай і постам, душу ўпрыгожыў ты шматлікімі дабротамі, што роўныя анёльскім, гэтаму пераймаючы ўслаўляем Госпада, у гэтым і нас удастой стаяць малітвамі тваімі.
Гасподзь, слава Табе, падаўшаму нам дзівоснага малітоўніка і абаронца зямлі нашай, і дазволь, Уладыка, сьвету ў міры знаходзіцца, малітвамі звышгоднага слугі Твайго.
Багародзічны: Пачатак нашага выратаваньня, Усясьвятая Багародзіца, пакладзі пачатак нашага выпраўленьня, малітвамі Ялісея, абраньніка Твайго.

ПАМЯЦЬ ЗВЫШГОДНАЯ ЯЛІСЕЯ ЛАЎРЫШЭЎСКАГА

23 кастрычніка / 5 лістапада
Амаль восем стагодзьдзяў прайшло зь моманту заснаваньня лаўрышэўскага манастыра, заснавальнікам якога быў вялебны Ялісей. На беразе ракі Нёман у аддаленых месцах ад людзей, сярод лясоў і балот, пераймаючы старажытным пустэльнікам, пачаў свой подзьвіг сьвяты Ялісей. Пакінуўшы марнасьць зямнога жыцьця і занядбаўшы чалавечую славу дзеля любові да Хрыста, ён рушыў усьлед свайму Госпаду. Шмат стагодзьдзяў прайшло з тых часоў. Аднак памяць слугі Божага застаецца незабыўнай для беларускага і украінскага народаў.
Звышгодны Ялісей нарадзіўся ў сям'і жмудзінскага князя Тройната, які, верагодней за усё, быў язычнікам. Дзіцячыя і юнацкія гады, якія праходзілі ў сям'і багатых і уплывовых бацькоў, паслужылі набыцьцю добрай адукацыі, дастатковага для таго, каб знаходзіцца ў вышэйшых плястах грамадзтв. Дасягнуўшы паўналетняга узросту, Ялісей, адрозьніваючыся ад іншых аднагодкаў разумовымі здольнасьцямі, паступіў на службу пры двары вялікага князя Міндоўга.