Friday, November 27, 2009

«СЛУЦКАЕ ПАЎСТАНЬНЕ»

Антановіч Ірына

1. КАНЕЦ САВЕЦКА-ПОЛЬСКАЕ ВАЙНЫ 1919—1920 гг.

Слуцкае паўстаньне адбылося ў самым канцы грамадзянскае вайны на тэрыторыі Беларусі падчас апошніх баёў, якія вялі на нашай зямлі польскія і савецкія расей-скія войскі. Пасьля разгрому савецкіх войскаў Варшавай у жніўні 1920 г. Чырвоная армія пачала адступаць на усход, аддаючы польскім войскам тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Спроба камандуючага Заходняга фронту савецкіх войскаў М. Тухачэўскага затрымаць свае арміі на лініі старых германа-расейскіх акопаў (умацаваных падчас пазыцый-най вайны ў 1915—1918 гг.) не удалася. У пачатку кастрычніка 1920 г. польскія войскі разьвілі наступ і набліжаліся да Полацку, Менску і Слуцку.

А ў сталіцы Латвіі — Рызе — ішлі мірныя перамовы паміж урадавымі дэлегацыямі Савецкае Расеі ды Савецкае Украіны, з аднаго боку, і Польшчы — з другога. Кіраўнік савецкае дэлегацыі А. Іофэ не дапусьціў прадстаўніка БССР А. Чарвякова да перамоваў, сказаўшы яму, што калі спатрэбіцца, дык савецкі бок перадасьць усю тэрыторыю Беларусі Польшчы. Такая прапанова і была зроблена згодна з інструкцыяй ураду РСФСР. Аднак кіраўнік польскай дэлегацыі Ян Домбскі адмовіўся ад такога падарунку, бо польскі бок лічыў немэтазгодным уключаць вялікую тэрыторыю, населеную беларусамі, у склад Польскай дзяржавы, каб не стварыць сабе «беларускае праблемы».

12 кастрычніка 1920 г. быў падпісаны трактат аб замірэньні і прэлімінарных (папярэдніх.—А. Г.) умовах міру паміж РСФСР і УССР, з аднаго боку, і Польшчай — з другога. Паводле дамовы была прызнаная незалежнасьць Украіны і Беларусі, а таксама устаноўлена усходняя мяжа Польшчы з Украінай і Беларусьсю. Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна адыходзілі да Польшчы. Так, без удзелу ня толькі беларускага народу, але нават і ураду БССР, быў вырашаны лёс народу і дзяржаўнасьці.

Ваенныя дзеяньні спыняліся 18 кастрычніка 1920 г. у 24 гадзіны, праз 6 дзён пасьля падпісаньня дамовы. Гэта дало магчымасьць польскім войскам наступаць далей і займаць усё большую частку тэрыторыі Беларусі. Вызначалася нэўтральная зона: савецкія войскі адыходзілі на 15 км ад лініі фронту, польскія на поўнач ад Нясьвіжу спыняліся на лініі дзяржаўнае мяжы, а на поўдзень ад яго — на лініі свайго найбольшага прасоўваньня (да 18 кастрычніка уключна). Паводле дамовы лінія дзяржаўнае мяжы вызначалася па Дзьвіне, потым праходзіла на захад ад Ветрына, Ушачаў, Бягомля, Плешчаніцаў, Заслаўя, Негарэлага, Капыля, Цімкавічаў, Семежава, Вызны, Старобіну ды Турава, а далей ішла на Украіну. Усходняя ж мяжа БССР была вызначана урадам РСФСР яшчэ улетку 1920 г. паводле межаў былой Менскай губэрні, ды і то ня усёй (на баку БССР — Бягомель — Халопенічы — Барысаў — Клічаў — Парычы — Азарычы — Мазыр — Ельск). Лепель, Крупкі, Бялынічы, Рагачоў, Жлобін, Калінкавічы і Нароўля былі ў складзе РСФСР. Тэрыторыя БССР складалася з 6 паветаў Менскае губэрні, дзе да 1917 г. іх было 9. У склад РСФСР і Полынчы увайшла ня толькі тэрыторыя іншых губэрняў, але і значная частка былое Менскае.

Галява Польскае дзяржавы і галоўнакамандуючы Ю. Пілсудзкі аддаў загад сваім войскам прасоўвацца наперад і пасьля падпісаньня замірэньня. Батальён польскага войска 15 кастрычніка заняў Менск, адкінуўшы савецкія адзінкі на Магілеўскую шашу на 5—7 км ад гораду, але паводле умоваў замірэньня 17 кастрычніка пакінуў горад. Разам з палякамі пайшлі тыя жыхары горада, якія ратаваліся ад рэпрэсіяў бальшавіцкіх уладаў.

На поўдні Беларусі 13 кастрычніка польскія войскі захапілі Тураў, а 16-га — Жыткавічы і Даманавічы, да 18 кастрычніка былі ў Капацэвічах. Пасьля вулічных баёў да вечара 11 кастрычніка занялі Слуцак. Аднак чырвоныя на наступны дзень уварваліся на вуліцы гораду і зноў вялі баі ў ім. У выніку контратакі польскіх войскаў адзінкі 17-й дывізіі чырвоных адступілі на усход. Да 18 кастрычніка пасьля упартых баёў яны былі адціснутыя далей, на лінію за 25 вёрстаў на усход ад Слуцку.

Да моманту спыненьня ваенных дзеяньняў савецкія войскі ў Беларусі разьмяшчаліся за 15 км ад новае мяжы з поўначы Беларусі да раёна на поўдзень ад Негарэлага.

На поўнач ад Узды лінія фронту адыходзіла на паўднёвы усход у бок Вяркалаў (на поўдзень ад Шацку), далей на усход да Амговічаў (Слуцкі раён), Дарасіно-Закальнага (Любанскі раён), на Палесьсі — па лініі Камаровічы — Бобрык — Галубіца на Прыпяці і далей праз Махнавічы на Ельск. Такім чынам, польскія войскі на поўдні Беларусі кантралявалі раёны на усход ад толькі што вызначанае дзяржаўнае мяжы Польшчы і БССР. Тэрыторыя Слуцкага павету была цалкам занятая польскімі войскамі, а заходняя ягоная частка зь Нясьвіжам, Клецкам, Ляхавічамі і Дзяніскавічамі афіцыйна уключаная ў склад Польшчы. Фармальна Слуцкі павет лічыўся ў складзе БССР, але савецкае улады на ягонай тэрыторыі не было. Слуцкі рэўкам знаходзіўся за лініяй фронту Чырвонае арміі — у Старых Дарогах.

2. НАЦЫЯНАЛЬНА-ВЫЗВАЛЕНЧЫ РУХ НА СЛУЧЧЫНЕ.

Слуцак і Слуцкі павет былі асяродкамі дзейнасьці беларускага нацыянальнага руху. Тут і раней была моцная нацыянальна-вызваленчая традыцыя ў грамадзкім жыцьці, якая падтрымлівалася ідэямі незалежнае Беларускае Народнае Рэспублікі. Паўплывалі на гэта і грамадзянская вайна, чарговыя германская, расейская і польская акупацыі. Беларусы актыўна выступалі за незалежнасьць.

Яшчэ ў 1918 г. у Слуцку быў створаны Беларускі Нацыянальны Камітэт на чале са старшынёй Паўлам Жаўрыдам, які адразу прыступіў да творчае дзяржаўнае працы. Тут у 1918 г. была арганізаваная і адчыненая Слуцкая беларуская гімназія, адна зь першых на Беларусі. Нацыянальны Камітэт і гімназію зьліквідавалі ў сьнежні 1918 г. расейскія бальшавікі, якія зьмянілі нямецкіх акупантаў. Аднак карані беларускага нацыянальнага руху тут засталіся. Да гэтага трэба дадаць і палітычную пазыцыю вольналюбівага беларускага сялянства, падманутага палітыкай бальшавікоў у зямельным пытаньні. Як гэта ні парадаксальна, аграрная палітыка, у тым ліку і ў падаткаабкладаньні, якую праводзілі нямецкія і польскія акупанты, была не такая жорсткая, як «ваенны камунізм» з амаль поўнаю канфіскацыяй ураджаю й жывёлы (харчразьвёрстка). Усё гэта абвастрала сытуацыю і незадаволенасьць беларускага сялянства, якое не прызвычаілася да палітыкі савецкае улады. Сялянства Случчыны таксама займала патрыятычную паставу.

Асноўным чыньнікам Слуцкага паўстаньня было беларускае сялянства. А актыўным элемэнтам, які падняў сялянства на барацьбу супраць іншаземнага нацыянальнага й сацыяльнага прыгнёту дыктатуры пралетарыяту, была сьвядомая беларуская нацыянальная інтэлігенцыя.

3. НАПЯРЭДАДНІ.

У Слуцку і Слуцкім павеце ў пэрыяд другое польскае акупацыі ў кастрычніку — лістападзе 1920 г. разьмяшчаліся 11-я і 16-я польскія пяхотныя дывізіі. Тут жа ў кастрычніку 1920 г. фармаваліся гусарскі, уланскі і Тульскі драгунскі палкі Рускае народнае дабрахвотніцкае арміі генэрала С. Булак-Балаховіча непасрэдна перад ягоным паходам на Палесьсе.

Яшчэ ў лістападзе 1919 г., падчас першае польскае акупацыі, паводле інструкцыі нацыянальных дзеячаў зь Менску, сход з 16 чалавек выбраў Беларускі Нацыянальны Камітэт Случчыны зь 5 сяброў на чале з прадстаўніком партыі беларускіх эсэраў У. Пракулевічам. Гэты камітэт вёў культурную і каапэратыўную працу. Пасьля заняцьця Слуцку Чырвонай арміяй у ліпені 1920 г. Беларускі Нацыянальны Камітэт і ягоны каапэратыў былі зачыненыя. Але зь лета 1920 г. у горадзе працаваў камітэт Партыі беларускіх сацыялістых-рэвалюцыянэраў, бо ў часе вайны партыя беларускіх эсэраў была саюзьніцай бальшавікоў у барацьбе супраць Польшчы. Таму арганізацыі беларускіх эсэраў дзейнічалі легальна.

У кастрычніку 1920 г. Слуцак занялі польскія войскі, і Беларускі Нацыянальны Камітэт адразу узнавіў сваю дзейнасьць. Аднак сярод беларускіх нацыянальных дзеячоў у Слуцку не было адзінства. Тут існавалі групы розных палітычных поглядаў.

Адна з гэтых групаў 2 лістапада 1920 г. арганізавала сход («прадстаўнікоў горада» і двух чалавек зь вёскі), на якім у камітэт было уведзена яшчэ 7 сяброў. Але стары склад камітэту, у які уваходзілі ў асноўным беларускія эсэры, не прызнаў паўнамоцтваў некаторых абраных членаў, абвінаваціўшы іх у тым, што яны «русыфікатары». Нават старшыня Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Слуцку лекар А. Паўлюкевіч абвінавачваўся ў тым, што дрэнна гаворыць па-беларуску, а дагэтуль пагардліва ставіўся «да усяго беларускага». Гэтая групоўка дзеячоў у камітэце арыентавалася на супра-цоўніцтва з польскімі уладамі.

Такое рознагалосьсе адмоўна паўплывала на далейшыя падзеі, бо быў страчаны час для лепшай арганізацыі беларускага войска.

Польскія вайсковыя улады даволі позна, толькі ў лістападзе 1920 г., перадалі цывільную уладу ў Слуцку і павеце Беларускаму Нацыянальнаму Камітэту. У горадзе былі паднятыя бел-чырвона-белыя сьцягі Беларускае Народнае Рэспублікі. Адміністрацыя і гаспадарка перададзеныя ў рукі беларусаў. Але тыя ж улады не дазво-лілі стварыць нацыянальнае войска, спасылаючыся на умовы Рыскага трактату. Толькі пачала фармавацца беларуская міліцыя на чале з афіцэрам Мацэлі зь Менскае рэзэрвы Беларускае вайсковае камісіі — зь 5 тысячаў чалавек: 500 чынных і астатнія ў рэзэрве міліцыі. Мацэлі быў прыхільнікам Булак-Балаховіча і намагаўся выкарыстаць міліцыю як рэзэрву для беларускіх адзінак арміі Булак-Балаховіча.

У воласьцях Слуцкага павету замест прызначаных польскімі уладамі войтаў былі створаныя беларускія камітэты; потым такія ж камітэты ў вёсках замянілі солтысаў. Такім чынам, польскую адміністрацыю зь яе прызначэньнямі на пасады і савецкую адміністрацыю з вылучанымі Чырвонай арміяй рэўкамамі на Случчыне зьмяніла дэмакратычная форма мясцовага кіраваньня. Ва усіх гэтых камітэтах знаходзіліся прадстаўнікі партыі беларускіх эсэраў, якая карысталася падтрымкай сялянства.

4. ЗЬЕЗД СЛУЧЧЫНЫ I РАДА СЛУЧЧЫНЫ.

Прадстаўнікі беларускіх эсэраў у Слуцку і на Случчыне займалі незалежніцкія пазыцыі ў дачыненьні як да Польшчы, так і да Расеі. Яны вырашылі склікаць зьезд Случчыны, каб устанавіць легальную уладу. Былі праведзеныя выбары на зьезд: па 5 прадстаўнікоў ад кожнае воласьці і па 1 прадстаўніку ад беларускіх культурна-асьветніцкіх гурткоў, якія існавалі ў горадзе і вёсцы.

Польскія улады не запярэчылі скліканьню зьезду Случчыны, таму што канчальна мір з Савецкай Расеяй падпісаны яшчэ ня быў і ў Рызе працягваліся мірныя перамовы. А усякае аслабленьне пазыцыяў савецкага боку на перамовах было на карысьць Польшчы.

Паводле прэлімінарнае дамовы, замірэньне уступіла ў сілу пасьля абмену ратыфікацыйнымі граматамі. Да канца кастрычніка 1920 г. дамова была ратыфікаваная. Войскі абодвух бакоў павінны былі адысьці і разьмясьціцца за 15 км па абодвух бакох ад лініі дзяржаўнае мяжы. Аднак польскія войскі не сьпяшаліся.

У такіх палітычных стасунках разгортваліся падзеі ў Слуцку.

«Першы беларускі зьезд Случчыны» адбыўся 14—15 лістапада 1920 г. у Слуцку ў вялікай залі дому Эдварда Вайніловіча, фундатара Чырвонага касьцёлу ў Менску. На зьезд сабралася 107 прадстаўнікоў гораду Слуцку і 15 воласьцяў Слуцкага павету з правам пастаноўчага і 10 прадстаўнікоў з правам дарадчага голасу.

Зьезд адкрыўся 14 лістапада а 12 гадзіне дня ў багата прыбранай залі дому Э. Вайніловіча і працягваўся да 10 гадзін вечара 15 лістапада. Зеляніна уперамежку з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі запаўняла залю і трыбуну. Панаваў сьвяточны, прыўзьняты і усхваляваны настрой.

Кіравалі зьездам беларускія эсэры. Старшынёю быў абраны Васіль Русак, а віцэ-старшынёю Уладзімір Пракулевіч.

Пасьля адчыненьня зьезду і прывітаньня сабраных дэлегатаў, як піша ў сваіх успамінах А. Сокал-Кутылоўскі, з дазволу старшыні зьезду на трыбуну узышоў малады чалавек, дастаў паперу і сказаў, што ён, Павал Жаўрыд, прызначаны эміграцыйным урадам Беларускае Народнае Рэспублікі камісарам на Случчыну. Тут жа ён прачытаў дэкрэт аб сваім прызначэньні на камісара. Гучныя воплескі усёй залі былі адказам на гэтую заяву. Воплескі разам з тым былі выяўленьнем падпарадкаванасьці ураду БНР. На зьездзе выступіла з прамовамі каля 10 дэлегатаў, у тым ліку В. Русак, капітан Анцыповіч, капітан Самусевіч, Ю. Сасноўскі, Р. Грынько. Яны выказваліся супраць чужое улады і толькі за тую, што выбраная беларускім народам. На зьезьдзе склалася даволі моцная групоўка прыхільнікаў Булак-Балаховіча на чале з А. Паўлюкевічам і раённымі начальнікамі міліцыі. Яна абапіралася на дэлегацыю, якая езьдзіла раней да Булак-Балаховіча, на чале зь мясцовым урадзімцам капітанам Самусевічам. Ен заявіў на зьезьдзе, што «Булак-Балаховіч абароніць Случчыну ад бальшавікоў» і што для гэтага трэба «даць сваіх сыноў на змаганьне». Самусевіч паведаміў, што Булак-Балаховіч даручыў яму сфармаваць Слуцкі полк і камандаваць ім. Аднак гэтая заява не сустрэла водгуку сярод удзельнікаў зьезду, таму што прыхільнікі Балаховіча былі ў меншасьці. Іх праціўнікі, у асноўным сябры партыі беларускіх эсэраў, абвінавачвалі «балахоўствуючых», што тыя — замаскаваныя расейскія белагвардзейцы. Яны заклікалі «ня верыць ніякім расейскім абяцанкам». Адным зь лёзунгаў беларускіх эсэраў быў заклік да адзінства беларускіх інтэлігентаў і сялянаў у барацьбе з «масквафільствам». Былі на зьезьдзе і людзі, якія не прымыкалі да гэтых асноўных груповак.

14 лістапада зьезд прыняў рэзалюцыю, у якой вітаў Найвышэйшую Раду Беларускае Народнае Рэспублікі і заявіў катэгарычны пратэст супраць савецкае улады ў Беларусі «як чужацкае». У рэзалюцыі зьмяшчаўся заклік «да усяго сьвету і Лігі Нацыяў аб дапамозе ў стварэньні нашае вайсковае сілы». Асноўным зьместам гэтае рэзалюцыі было рашэньне падняць паўстаньне «супраць акупацыі» за «незалежную Беларусь».

Зьезд прыняў наступную рэзалюцыю:

«Першы Беларускі зьезд Случчыны, скліканы ў ліку 107 асобаў, вітае Раду Беларускае Народнае Рэспублікі і заяўляе, што усе свае сілы аддасьць на адбудову Бацькаўшчыны. Зьезд катэгарычна пратэстуе супраць заняцьця нашае Бацькаўшчыны чужацкімі і самазванчымі савецкімі уладамі. Хай жыве Вольная, Незалежная Беларуская Народная Рэспубліка ў яе этнаграфічных межах!».

Зьезд Случчыны выбраў Раду Случчыны Беларускае Народнае Рэспублікі ў складзе 17

У. ПРАКУЛЕВІЧ

чалавек на чале з У. Пракулевічам, даверыў ёй цывільную уладу і даручыў арганізаваць нацыянальнае войска. Гэтая Рада лічылася часовым урадавым органам аж да утварэньня выбарнага органу на Беларусі.

На зьезьдзе былі абвешчаныя патрыятычныя лёзунгі, якія выяўлялі інтарэсы беларускага народу: аб «вольнан, незалежнай, дэмакратычнан Беларускай Народнай Рэспубліцы ў яе этнаграфічных межах», аб беларускай арміі і беларускім устаноўчым сойме, аб братэрстве усіх славянскіх народаў.

Паколькі зьезд прыняў пастанову аб падрыхтоўцы збройнага змаганьня, пасьля яго закрыцьця некалькі дэлегатаў выехалі ў вёскі Грозаўскай, Грэскай, Раманаўскай, Чапліцкай, Быстрыцкай, Старобінскай, Вызьнянскай, Капыльскай, Цімкавіцкай ды іншых воласьцяў, каб рыхтаваць узброеныя атрады і заклікаць жыхароў да змаганьня.

3 16 лістапада пачалі сваю дзейнасьць Рада Случчыны зь 17 сяброў і яе прэзыдыюм зь 5 чалавек. Старшынёй Рады быў абраны Уладзімір Пракулевіч. У складзе Рады было 8 беларускіх эсэраў — У. Пракулевіч, В. Русак, Асьвяцімскі і іншыя. Да іх прымыкалі спачувальнікі, такія, як Ю. Лістапад. Другой групоўкай у Радзе Случчыны былі прыхільнікі Булак-Балаховіча і Алексюка — А. Паўлюкевіч, Мацэлі ды іншыя. Урэшце, былі і прадстаўнікі «нэўтральных групаў». Сярод іх раздаваліся галясы пра тое, каб не падымаць паўстаньня, але і яны далучыліся да большасьці і актыўна удзельнічалі ў Слуцкім паўстаньні. Бальшыня сяброў Слуцкае Рады была настроена насьцярожана да Булак-Балаховіча, не жадаючы падпарадкоўвацца ягонаму камандаваньню. Усё ж прадстаўнікі Балаховіча прыяжджалі ў Слуцак для сувязі з Радаю.

Першачарговаю справаю Рады Случчыны зьяўлялася фармаваньне войска, дзеля чаго была створана вайсковая тройка зь сяброў Рады Жаўрыда, Анцыповіча і Мацэлі, якія сьпешна пачалі зьбіраць узброеныя атрады. Іншыя сябры Рады займаліся арганізацыяй розных цывільных установаў.

Рада занялася і дыпляматычнай дзейнасьцю. Яна заявіла «энэргічны пратэст... савецкаму ураду на чале з Кнорынам» супраць намераў савецкіх войскаў заняць Слуцкі павет пасьля адыходу адтуль палякаў. Рада абвесьціла, што «перадасьць сваю уладу толькі ураду, створанаму Усебеларускім Кангрэсам 1917 г.». Слуцкая Рада заявіла таксама пратэст і польскаму ураду супраць перадачы Слуцкага павету уладам БССР.

Слуцкая Рада 21 лістапада выдала дэклярацыю, якая заклікала сялянства на барацьбу за «незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах» і за «інтарэсы сялянства».

У дэклярацыі Рады Случчыны гаварылася:

«У мамэнт самавызначэньня усіх народаў і змаганьня іх за сваю самастойнасьць і свабоду Беларуская Рада Случчыны, выконваючы волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны Беларусі, заяўляе усяму сьвету аб асноўных дамаганьнях беларускага сялянства:

1. Беларусь павінна быць вольнай, незалежнай рэспублікай у яе этнаграфічных межах.

2. Абвяшчаючы аб гэтым і зьяўляючыся выразіцелькай волі народу, Слуцкая Рада дакляруе цьвёрда стаяць за незалежнасьць роднае Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту з боку чужаземных захопнікаў.

3..У выпадку патрэбы, Слуцкая Рада будзе бараніцца нават сілаю аружжа, нягледзячы на лічбовую перавагу ворага.

Мы верым, што наша справа ёсьць справа праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе».

Пры актыўнай патрыятычнай падтрымцы сялянства і гараджанаў Слуцку Рада Случчыны за тры дні сфармавала з дабрахвотнікаў «1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войскаў Беларускае Народнае Рэспублікі» ў складзе двух палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага. Асноўным ядром збройнае сілы зьявілася беларуская міліцыя. Фармавалася войска пасьпешна, бо, паводле умоваў прэлімінарнае мірнае дамовы, польскія войскі павінны былі хутка адысьці за лінію дзяржаўнае мяжы.

Вывад польскага войска пачаўся толькі пасьля падпісаньня спэцыяльнага пагадненьня (14 лістапада) — з 22 лістапада. Адыходзілі вайсковыя адзінкі марудна, ня 20 кілямэтраў у суткі, як гэта прадугледжвалася умовамі замірэньня, а па 10 кілямэтраў ці трохі больш. У раёне Слуцку адвод войскаў адбываўся ў апошняй дэкадзе лістапада 1920 г., а 24 лістапада палякі пакінулі Слуцак. Савецкія адзінкі паволі прасоўваліся наперад, не сустракаючыся з польскімі. 26 лістапада апошнія польскія салдаты-уланы адышлі за лінію мяжы. 29 лістапада 1920 г. войскі Чырвонае арміі выйшлі на новую дэмаркацыйную лінію: мястэчка Вызна — мястэчка Леніна, заняўшы Слуцак. Да канца лістапада савецкія войскі вышлі на лінію ад Леніна на рацэ Случ да Турава.

Паміж дзяржаўнаю мяжой і дэмаркацыйнаю лініяй савецкіх войскаў утварылася 15-кілямэтровая нэўтральная палоса. Паводле мірнае дамовы, яна не была занятая адзінкамі Чырвонае арміі.

У Слуцку заставацца было небясьпечна. Дастатковую ягоную абарону яшчэ не зарганізавалі. Таму Слуцкая Рада прыняла рашэньне, а камандаваньне Слуцкае брыгады выдала загад 24 лістапада пакінуць Слуцак, адыходзіць па дарогах, што вядуць на захад, і зьбірацца ў Сэмежаве. Слуцак быў пакінуты надвячоркам у той жа дзень.

Не пасьпеўшы канчальна сфармаваць абодва палкі, Слуцкая брыгада разам з Радаю Случчыны усьлед за польскімі войскамі адышла з гораду на захад, у мястэчка Сэмежава, якое знаходзілася ў нэўтральнай зоне (прыкладна за 8 км ад мяжы). Тут да канца лістапада быў сфармаваны 1-шы Слуцкі полк, а фармаваньне 2-га Грозаўскага палка амаль закончылася. Пазьней паўстанцы не аднойчы мянялі сваю дысьлякацыю, каб пазьбегнуць адкрытых баёў зь перасяжнымі сіламі праціўніка.

У гістарычнай літаратуры колькасны склад Слуцкай беларускай брыгады ацэньваецца па–рознаму. Удзельнікі збройнага чыну ва успамінах падаюць, што колькасьць паўстанцаў складала ад 7 да 10 тыс. чалавек. Але гэтая лічба тычыцца усіх тых добраахвотнікаў, хто адгукнуўся на заклік Беларускае рады Случчыны уступаць у беларускае войска і прыйшоў у Сэмежава. Адсутнасьць зброі і хуткі адыход паўстанцаў з гэтага мястэчка прымусілі многіх зь іх вяртацца ў свае вёскі. Рэальна колькасны склад двух палкоў быў значна меншы. У кароткім аглядзе гісторыі беларускага нацыянальнага руху, пададзеным у 1928 г. дэфэнзівай (контравыведкай) Генэральнага штабу польскага войска, узгадваецца 4 тыс. слуцкіх паўстанцаў. Польскія гісторыкі З. Карпус і В. Рэзмэр, паводле сваіх падлікаў, узятых з рапартаў выведкі 4–й польскай арміі за сьнежань 1920 г., прыводзяць значна меншую лічбу — 1100—1200 чал. Савецкія ваенныя крыніцы вызначаюць колькасны склад паўстанцкага войска прыкладна ў 2 тыс. чал., пры гэтым у зводках 16–й арміі за сьнежань 1920 г. паведамлялася, што больш за палову беларускіх вайскоўцаў ня мела узбраеньня*. Такім чынам, і польскія, і савецкія зьвесткі аб рэальным баявым патэнцыяле Слуцкае беларускае брыгады блізкія, і іх можна прызнаць аб’ектыўнымі.

Напачатку паўстаньня ў Слуцкай брыгадзе было усяго 300 карабінаў, перададзеных польскімі уладамі, і 500 вінтовак, якія прынесьлі самі паўстанцы. Потым, праўда, выявілася, што польскія карабіны са зьбітымі прыцэламі і для баёў непрыдатныя.

Калі пачалося паўстаньне, з Лунінца празь Беларускую вайсковую камісію брыгадзе былі перададзены яшчэ вінтоўкі ды кулямёты. Частку зброі атрымалі ад дэзэртыраў або узялі ў баёх як лупы. Усяго ў сьнежні, як сьведчыла беларуская газэта «Наша Думка» (1921, № 11, 18 сакавіка), брыгада мела ужо 2000 вінтовак і 10 кулямётаў. Аднак зброі на усіх не хапала. Артылерыі ў паўстанцаў наагул не было. Забесьпячэньне спачатку наладзілі самі сяляне, але, па меры скарачэньня тэрыторыі пад кантролем, яно пагаршалася.

Камандзерам брыгады Рада Случчыны прызначыла аднаго са сваіх сяброў — капітана Анцыповіча. Камандаваць 1-м Слуцкім палком прызначылі капітана генэральнага штабу расейскае арміі П. Чайку (урадзімца Случчыны), які да другое польскае акупацыі працаваў на пасадзе памочніка ваеннага кіраўніка Слуцкага павятовага ваеннага камісарыяту. Камандзерам 2-га Грозаўскага палка стаўся капітан Сэмянюк, які зь лютага 1920 г. камандаваў Першым Беларускім партызанскім атрадам, створаным Беларускаю Вайсковаю Камісіяй у Менску.

Брыгада была пяхотная, палкі яе падзяліліся на батальёны і роты. Батальёны былі асноўнымі баявымі адзінкамі. У яе складзе знаходзіўся конны атрад, а таксама палкавыя абозы і збраёвая майстэрня. Быў сфармаваны і асобны ад брыгады атрад зь дзьвюх ротаў. У палкох створаныя палкавыя штабы. Арганізаваны штаб брыгады, аддзелы разьведкі і контрразьведкі пры ім. Лекар А. Паўлюкевіч арганізаваў палявы шпіталь, а Я. Біруковіч — вайсковы суд. Беларуская Вайсковая Камісія ў Лодзі прыслала 12 беларускіх афіцэраў, але ў брыгадзе засталося толькі чацьвёра зь іх.

Такім чынам, за некалькі дзён было створана вайсковае аб'яднаньне рэгулярных войскаў Беларускае Народнае Рэспублікі. Беларускія жанчыны з Горадні прыслалі для случакоў сьцяг з прыгожа вышытаю «Пагоняю» і надпісам: «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына».

5. ПАЎСТАНЬНЕ.

У канцы лістапада 1920 г. беларускае войска заняло пазыцыі за 35—40 км ад Слуцку. 1-шы Слуцкі полк займаў ужо франтавы участак ад Сэмежава да Вызны, г. зн. працягласьцю прыкладна 20 км.

Баявыя дзеяньні паўстанцаў пачаліся 27 лістапада, калі падразьдзелы гэтага палка зрабілі налёты на разьмяшчэньне адзінак 8-е дывізіі Чырвонае арміі, на яе палявыя варты і заставы на дэмаркацыйнай лініі. У наступныя дні паўтараліся безупынныя атакі з нэўтральнае зоны ня толькі на фронце 1-га Слуцкага палка, але і на участку 2-га Грозаўскага — на палявыя варты. Асабліва моцна атакавалі на участку Капыль — Цімкавічы — Вызна працягласьцю 60 км.

Найбольш значныя баі паасобныя батальёны 1-й Слуцкай брыгады вялі ля вёсак Садавічы, Дошнава, Быстрыца, Лютавічы, Морач, мястэчкаў Капыль, Вызна ды ля іншых населеных пунктаў. У паасобных баёх з чырвонымі паўстанцы наносілі і значныя страты, бралі палонных, адбівалі назад населеныя пункты. Некаторыя чырвонаармейцы, у асноўным з расейскіх сялянаў, сілаю мабілізаваных у Чырвоную армію, дабрахвотна здаваліся ў палон або пераходзілі са зброяй у руках на бок паўстанцаў.

Тады камандаваньне 16-й арміі савецкіх войскаў вырашыла ачысьціць нэўтральную зону ад паўстанцаў. Польскія улады далі дазвол на уваход 4 сьнежня савецкіх войскаў у нэўтральную зону на тры дні, гэтым выказаўшы сваё адмоўнае стаўленьне да паўстанцаў. Аднак карная апэрацыя дала мізэрны вынік: было затрымана каля 50 дэзэртыраў і 15 перабежчыкаў. Камандаваньне Слуцкае брыгады, карыстаючыся падтрымкаю насельніцтва, вывела асноўныя сілы з-пад удару савецкіх войскаў. Толькі ў раёне Сэмежава частка атрадаў паўстанцаў была разьбітая і 7 сьнежня перайшла польскую мяжу. Польскія вайсковыя улады раззброілі 30 афіцэраў і 400 салдатаў.

У гэты ж час рознагалосьсі ў кіраўніцтве паўстанцаў прывялі да зьмены камандаваньня брыгады. Камандзера 1-га Слуцкага палка капітана П. Чайку арыштавалі па абвінавачаньні ў здрадзе. Ен спрабаваў перадаць пакет з сакрэтнымі дакумэнтамі на савецкі бок. Чайка здолеў уцячы з арышту ў Слуцак, але там быў арыштаваны за здраду чырвонымі і на вырак ваенна-палявога суда расстраляны.

Рада Случчыны сабралася на надзвычайнае паседжаньне і пастанавіла арыштаваць камандзера брыгады капітана Анцыповіча і начальніка контрразьведкі паручніка Мірановіча. Камандзерам брыгады 3 сьнежня быў прызначаны штабс-капітан Антон Сокал-Кутылоўскі, камандзерам 1-га палка — падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч, а начальнікам контрразьведкі — паручнік Янушэнка. Ваенна-палявы суд вынес вымову арыштаваным афіцэрам і вызваліў іх з арышту. Камандзеру брыгады Рада Случчыны часова перадала дыктатарскія паўнамоцтвы.

Штаб Слуцкае брыгады пасьля адступленьня знаходзіўся ў вёсцы Грыцэвічы, за 2 кілямэтры ад ракі Лані, у нэўтральнай зоне, але ужо на тэрыторыі, якая адышла да Польшчы паводле прэлімінарнае мірнае дамовы.

Пасьля вяртаньня савецкіх адзінак з нэўтральнае зоны на дэмаркацыйную лінію паўстанцы зноў пачалі нападаць на перадавыя аддзелы Чырвонае арміі. Звычайна гэта бьілі начныя налёты. Так, у ноч на 10 сьнежня напалі на вёскі Крывасёлкі і Навасёлкі, у ноч на 12-га — на вёску Старынь. Потым паўстанцы зрабілі спробу адціснуць перадавыя адзінкі Чырвонае арміі з занятых пазыцыяў. Быў распачаты наступ на мястэчкі Сэмежава і Вызна.

У ноч на 13 сьнежня паўстанцы зноў занялі Сэмежава, але потым вымушаныя былі з боем адысьці.

Э. Вайніловіч у сваіх успамінах згадвае, што пасьля баёў ля Вызны і Сэмежава чырвоныя войскі зайшлі далёка за лінію замірэньня (г. зн. за дзяржаўную мяжу, вызначаную дамовай 12 кастрычніка 1920 г.), ажно за Пузаў, пад Едчыцы, што было ужо на тагачаснай польскай тэрыторыі. Ен сьведчыць, што польскія войскі нават адсунуліся за сваю дэмаркацыйную лінію. Можна дадаць, што гэта было зроблена, каб даць магчымасьць савецкім войскам разграміць паўстанцаў.

Штаб Слуцкае брыгады паўстанцаў пераехаў у вёску Морач (за 20 км на захад ад Вызны). У наступных баёх у ноч на 18 сьнежня атрады паўстанцаў зноў занялі Сэмежава, а ў наступную ноч пасьля бою занялі Вызну і прасунуліся на усход ад яе.

Сабраўшы значныя сілы, раніцай 19 сьнежня адзінкі Чырвонае арміі пачалі наступ, каб зьліквідаваць узброенае паўстаньне. У гэты ж дзень чырвонымі было адбіта мястэчка Вызна. Паўстанцы пачалі адыходзіць на захад да вёскі Смалічы (за 10 км на захад ад Вызны). 20 сьнежня яны былі выціснутыя да ракі Морач. У той жа дзень іх выбілі зь Сэмежава.

Па узгадненьні расейскае савецкае і польскае дэлегацыяў на мірных перамовах у Рызе, войскам Чырвонае арміі дазвалялася перасьледаваць паўстанцаў і ў нэўтральнай зоне, нават на тэрыторыі Польшчы. Штаб Слуцкае брыгады вымушаны быў перабрацца ў вёску Заастравечча (Клецкі раён) каля ракі Лань, за якой стаялі польскія войскі. Сюды зьбіраліся аддзелы паўстанцаў, якім была нанесена параза. Рада Случчыны прыняла рашэньне перайсьці раку ў раёне разьмяшчэньня 41-га польскага палка. 28 сьнежня 1920 г. Слуцкая брыгада перайшла за раку Лань.

Перад самым адыходам 1-шы Слуцкі полк за удзел у баёх атрымаў ад Рады палкавы сьцяг залацістага колеру, 2 мэтры даўжынёю і мэтар шырынёю. Пасярэдзіне сьцяга Пагоня 45 сантымэтраў дыямэтрам, а навокал яе надпіс: Першы Слуцкі полк Беларускае Народнае Рэспублікі. 31 сьнежня на польскі бок перайшоў апошні аддзел слуцкіх паўстанцаў.

Пасьля пераходу на тэрыторыю, кантраляваную польскімі войскамі, салдаты і афіцэры Слуцкае брыгады былі раззброеныя ды інтэрнаваныя спачатку ў раёне Сіняўкі, потым у канцэнтрацыйным лягеры ў Беластоку, а пасьля гэтага у лягеры ў Дарагуску. Іх вызвалілі толькі ў траўні 1921 г., пасьля падпісаньня канчальнага савецка-польскага мірнага трактату (сакавік 1921 г.).

«Рада Случчыны пераехала ў м. Баранавічы, дзе й сядзела праз цэлы месяц бяз жаданае працы. Працаваць яна не магла, бо ня было ніадкуль дапамогі з боку матарыяльнага. За гэты месяц шмат прыйшлося чаго няпрыемнага перажыць ад агентаў генэрала Булак-Булаховіча, якія стараліся, каб перацягнуць да "Бацькі", але ім не удалося гэтага зрабіць. На абяцанкі Балаховіча ні адзін паўстанец не згадзіўся, і войска, як было беларускім, так і засталося. Вось 20 студзеня 1921 г. на пасяджэньні частка сяброў Рады Случчыны прызнала сваім важаком Балаховіча й паехала да яго. Другая частка Рады прымушана была распаўзьціся хто куды: некаторыя засталіся ў Баранавічах, трохі паехала да Вільні, каб часова знайсьці прытулак, і такім чынам Рада Случчыны фактычна ня уснуе».( Ю. Лістапад.) Газэта "Наша Думка" 1921, №9-11 (Спадчына 1/1998 с. 162-163)

Архіў Слуцкае брыгады штабс-капітан А. Сокал-Кутылоўскі ў ліпені 1921 г. адвёз у Вільню і перадаў Браніславу Тарашкевічу. Са складу брыгады адзін батальён (каля 400 чалавек) на чале са сваімі афіцэрамі застаўся ў нэўтральнай зоне, каб працягваць ваенныя дзеяньні партызанскага характару. У асноўным гэта былі прыхільнікі Булак-Балаховіча. Яны змагаліся яшчэ доўгі час.

6. УДЗЕЛЬНІКІ ПАЎСТАНЬНЯ.

Сярод слуцкіх паўстанцаў было шмат слаўных людзей. Адзін зь іх — Макар Косьцевіч (Макар Краўцоў), аўтар гімну «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

Мы выйдзем шчыльнымі радамі

На вольны родны наш прастор.

Хай воля вечна будзе з намі,

А ґвалту мы дамо адпор!

Хай аджыве закамянелы

Наш беларускі вольны дух;

Штандар наш бел-чырвона-белы

Пакрыў сабой народны рух!

На бой за шчасыде і за волю

Народу слаўнага свайго!

Браты, цярпелі мы даволі.

На бой! - усе да аднаго!

Імя і сілу беларуса

Няхай пачуе й бачыць той,

Хто сьмее нам нясьці прымусы

І першы выкліча на бой.

Браты, да шчасьця мы падходзім:

Хай гром грыміць яшчэ мацней!

Ў крывавых муках мы народзім

Жыцьцё Рэспублікі сваей!

Неверагодна хутка песьня пачала набываць велізарную папулярнасьць. Натхнёныя ідэяй дзяржаўнай незалежнасьці, случакі ішлі ў бой на расейскіх вайскоўцаў з "Ваяцкім гімнам", або, як яго тады называлі ў беларускіх вайсковых аддзелах, "Ваяцкім маршам".

Актыўным удзельнікам змаганьня быў таксама Іосіф Лагіновіч, які разам зь іншымі слуцкімі паўстанцамі прымаў чынны удзел у патрыятычнай дзейнасьці Беларускае Рэвалюцыйнае Арганізацыі ў Заходняй Беларусі, а потым стаўся нацыянальным сакратаром кампартыі Заходняе Беларусі. Абодва загінулі ў вязеньнях БССР. Сярод слуцкіх змагароў было шмат палітычных дзеячоў, афіцэраў і шарагоўцаў, інтэлігентаў і гараджанаў. Усе яны выступалі за незалежнасьць роднае Беларусі.

Многія са змагароў вярнуліся пазьней на радзіму, паверыўшы ў магчымасьць адбудовы Беларускага гаспадарства пад бальшавікамі, але былі зьнішчаныя ў часе рэпрэсій.

ЗАКЛЮЧЭНЬНЕ.

Слуцкі збройны чын адыграў вялікую ролю ў барацьбе беларускага народа за сваю незалежнасьць. Беларускія патрыёты змагаліся супраць далучэньня да Расіі, бо БССР была рэспублікай несамастойнай, на чале якой стаялі бальшавікі, Расійская камуністычная партыя (бальшавікоў) была адзінай, а кампартыя Беларусі была філіяй РКП(б). Таму Беларусь кіравалася з Масквы, і яе кіраўніцтва самастойных рашэньняў не прымала. Бальшавіцкая дыктатура вяла палітыку жорсткіх рэпрэсій, у тым ліку і супраць беларускіх незалежнікаў.

Слуцкія паўстанцы адказвалі на гэтую палітыку бальшавікоў і на іх палітыку рабаваньня сялянства. Яны мужна змагаліся супраць значна пераважнай узброенай сілы. Аднак у тых абставінах, якія склаліся напрыканцы грамадзянскай вайны і пэрыяд інтэрвэнцыі, пры варожай пазыцыі Польшчы ў змаганьні з савецкімі войскамі, шанцаў на перамогу ў герояў Случчыны не было Аднак слуцкі збройны чын паказаў волю беларускіх сялян, беларускай інтэлігенцыі, беларускіх патрыётаў адстаяць сваю свабоду і незалежнасьць Беларусі. Таму дзень 27 лістапада ёсьць Беларускае нацыянальнае сьвята – Дзень Герояў, якое штогод адзначаецца ў Беларусі і ў іншых краінах. У 1992 г. мы упершыню на Бацькаўшчыне адкрыта ушанавалі іх сьветлую памяць і адзначылі чарговыя угодкі Слуцкага паўстаньня 1920 г. разам з суайчыньнікамі за мяжой. Аднак афіцыйныя асобы, прыхільнікі старое савецкае камуністычнае сыстэмы, у гэтых урачыстасьцях ня удзельнічалі. Устрымалася ад удзелу ў сьвяткаваньні і значная частка інтэлігенцыі, у тым ліку і менская.

Палякі тут, а тут –

бальшавікі.

І горад Слуцк –

у паласе нэўтральнай.

А па-над гэтай

паласой лунае:

- Быць Беларусі вольнай

на вякі!..

І ў бой ідуць яны за

родны край,

За уласныя дзядзінцы

ды гасьцінцы,

За тое, каб народ увесь

чужынцы

Не зацягнулі

ў пралетарскі рай.

Алесь Мікалайчанка,

“Героям Слуцкага збройнага чыну”.

Слуцкія паўстанцы, не зважаючы на значную лічбавую перавагу бальшавікоў, на здрадніцкую пазыцыю польскіх уладаў, падняліся на барацьбу за незалежнасьць Беларускае Народнае Рэспублікі, за самастойнасьць сваёй дзяржавы і свайго народу. Гэта не было паўстаньне — гэта быў збройны чын беларускага сялянства і нацыянальнае інтэлігенцыі, збройны чын беларускага народу.


89-Е УГОДКІ СЛУЦКАГА ПАЎСТАНЬНЯ 1920 г. ДЗЕНЬ ГЕРОЯЎ.

Сёньня мы молімся за беларускіх герояў! За тых, хто ў далёкім 1920-м годзе пайшоў у свой апошні бой за Вольную і Незалежную Беларусь.

Але змаганьня за Беларусь працягваецца – таму памолімся да Госпада нашага, каб дараваў нам перамогу над ворагам!

Малітва:

Госпад Божа сілаў, Божа выратаваньня, Божа, адзіны творца цудаў, паглядзі ў міласьці й шчодрасьці на набожных слугаў Тваіх, верных дзяцей асьвячанай Табой зямлі Беларускай, і памілуй нас. Бо ворагі нашы пайшлі на нас, каб зьнішчыць нас і разбурыць сьвятыні нашы. Ты ж, усe ведаючы, ведаеш, што нягодны і бязбожны нясправядліва паўстаў на нас. І няздольны супрацьстаяць мы шматлікасьці іх, калі не падаш нам дапамогі. Таму грэшныя і нягодныя, ў каяньні молімся Табе: Дапамагі нам, Выратавальнік наш, й вызвалі нас дзеля славы імя Твайго. Ды не вымавяць ворагі нашыя: Бог пакінуў іх й няма выратаваньня ім. Але ды мовяць усе народы: Ты Бог наш й мы людзі Твае, пад аховай Уладарства Твайго заўсёды перабываем. Выяві нам, Госпадзі, міласьсь Тваю ды будуць дзеля нас словы, прамоўленыя Маясеям да людзей Ізраіля: Трымайцеся, стойце й пабачыце выратаваньня ў Госпадзе, бо Госпад змагаецца за нас. Зрабі зь намі ў дабро, каб бачыў вораг наш праваслаўную веру нашу, і ганьбою пакрыўся, і зьмірыўся. Ты, Госпадзі Божа наш, моц і надзея, і абарона наша, не памятай грахоў, беззаконьня і памылак людзей Тваіх, не пакарай нас гневам Тваім, але ў міласэрнасьці і шчодрасьці наведай слугаў Тваіх, што няроўны бой вядуць зь ворагамі Тваімі за вольнасьць зямлі Тваёй Беларускай й народу яе шматпакутнага, але ў набожнасьці няпераможнага, і да Тваeй дабрыні прыпадаючага. Узрадуй сэрцы нашы ў міласьці Тваёй ды ўмацуй нас у міласьці Тваeй. Паўстань на дапамогу нам і разбуры ўсе намеры злыя ворагаў нашых, і зьнішчы дзeрзкасьць іх ды пераўтвары яе ў страх і бегства. А праваслаўнай і справядлівай арміі дзяцей зямлі беларускай, на Цябе надзею маючых, падай адвагу і мужнасьць гнаць ворага зь зямлі Беларускай ды імeм Тваім перамогаць заўсeды, а калі каму судзілася пакласьці ў сьвятой барацьбе душу сваю за веру праўдзівую й Радзіму сваю, гэтым прабач усе грахі іхнія сьвядомыя і несьвядомыя, і як сьвятых Тваіх у дзень судны вянчай вянцамі нятленнымі. Бо Ты ёсьць абарона й перамога, й выратаваньня надзею на Цябе ўскладаючых, й Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсeды, і на вякі вякоў. Амін.


АПОСТАЛ ПІЛІП

Памяць 14 лістапада

Сьвяты апостал Піліп, выхадзец горада Віфсаіды (Галілея), быў глыбокім знаўцам Сьвятога Пісаньня і, правільна разумеючы сэнс старазапаветных прароцтваў, чакаў прыходу Месіі. Па закліку Выратавальніка (Ян. 1:43) ён пайшоў за Ім. Аб апостале Піліпе некалькі разоў гаворыцца ў Сьвятым Эвангельлі: ён прывёў да Хрыста апостала Нафанаіла (Ян. 1:46); яго Госпад спытаў, колькі трэба грошай для куплі хлеба 5-ці тысячам чалавек (Ян. 6:7); ён прывёў элінаў, якія жадалі убачыць Хрыста (Ян. 12:21– 22); нарэшце, ён падчас Таемнай Вячэры пытаў Хрыста аб Богу Айцы (Ян. 14:8).

Пасьля Ушэсьця Госпада апостал Піліп прапаведаваў Слова Боскае ў Галілею, суправаджаючы пропаведзь цудамі. Так, ён уваскрэсіў немаўля, памерлага на руках у маці. З Галілеі ён накіраваўся ў Грэцыю і прапаведаваў сярод перасяліўшыхся туды юдэяў. Некаторыя зь іх паведамілі ў Ерусалім аб пропаведзі апостала, і тады зь Ерусаліму ў Эладу прыбытку кніжнікі на чале з першасьвятаром для абвінавачваньня апостала Піліпа. Апостал Піліп выкрыў хлусьню першасьвятара, гаварыўшага, што вучні Хрыстовы выкралі і схавалі цела Госпада, распавёўшы, як фарысэі падкупілі ваяроў варты, распаўсюдзіўшых гэтую чутку. Калі жа юдзейскі першасьвятар і яго спадарожнікі сталі ганіць Госпада і накінуліся на апостала Піліпа, яны раптам асьлеплі. Па малітве апостала усё празерэлі, і, бачачы гэты цуд, шматлікія паверылі ў Хрыста. Апостал Піліп паставіў ім япіскапа, імем Наркіс (далучаны да ліку 70 апосталаў).

Зь Элады апостал Піліп адправіўся ў Парфы, а затым у горад Азот, дзе вылечыў хворыя вочы дачкі мясцовага жыхара Нікакліда, які прыняў яго ў свой дом і затым прыняўшага хрост са усім сямействам.

Зь Азоту апостал Піліп адправіўся ў Іярапаль Сірыйскі, дзе, падбухторваныя фарысэямі, юдэі падпалілі дом Іра, які прыняў да сабе апостала Піліпа, а апостала жадалі забіць. Але, бачачы цуды, зробленыя апосталам: вылячэньне высмаглай рукі начальніка горада Арыстарха, які хацеў стукнуць апостала, а таксама уваскрашэньне памерлага хлопца, – раскаяліся і шматлікія прынялі сьвяты Хрост. Паставіўшы Іра япіскапам у Іяраполь, апостал мінуў Сірыю, Малую Азію, Лідзію, Місію, усюды прапаведуючы Эвангельле і пераносячы пакуты. Яго і яго спадарожніцу – сястру Марыамну пабівалі камянямі, зьнявольвалі ў вязьніцы, выганялі з паселішчаў.

Затым апостал прыбыў у Фрыгію, у горад Іераполь Фрыгійскі, дзе было шмат паганскіх храмаў, у тым ліку храм, прысьвечаны зьмеям, дзе жыла велізарная яхідна. Апостал Піліп сілай малітвы забіў яхідну і вылечыў шматлікіх укушаных зьмеямі. У ліку вылечаных была жонка кіраўніка горада Анфіпата, якая прыняла хрысьціянства. Пазнаўшы аб гэтым, кіраўнік Анфіпат загадаў схапіць Піліпа, яго сястру і прыйшоўшага зь імі апостала Варфаламея. Па нагавору жрацоў храма яхідны Анфіпат загадаў укрыжаваць сьвятых апосталаў Піліпа і Варфаламея. У гэты час пачаўся землятрус, і усіх прысутных на судзе засыпала зямлёй. Вісеўшы на крыжы ў храма яхідны апостал Піліп маліўся аб выратаваньні ўкрыжаваўшых яго ад наступстваў землятрусу. Бачачы адбыўшаеся, народ паверыў у Хрыста і стаў патрабаваць здыманьня з крыжа апосталаў. Апостал Варфаламей, зьняты з крыжа, быў яшчэ жывы і, атрымаўшы вызваленьне, хрысьціў усіх паверыўшых і паставіў ім япіскапа.

Апостал Піліп, малітвамі якога усё, акрамя Анфіпата і жрацоў, засталіся жывыя, памёр на крыжы.

Сястра яго Марыамна пахавала яго цела і разам зь апосталам Варфаламеям накіравалася з пропаведзьдзю ў Армэніі, дзе апостал Варфаламей быў укрыжаваны, Марыамна ж прапаведавала да свайго скону ў Лікаоніі.