Saturday, November 20, 2010

МАЛІТВЫ НА ВОЗЕРЫ (працяг 9)

сьвяціцель Мікалай Сэрбскі
91. Гасподзь мой, праведнікаў суцяшэньне і мучанікаў адвага, памілуй і выратуй нас
Кроў праведнікаў – адзінае на зямлі пісаньне, якое сьцерці немагчыма.
Ці забілі вы Хрыста, акаянныя, як на тое спадзяваліся? Альбо Кроў Ягонае да сёньня гарыць на галовах вашых?
Мора, рокатам хваляў сваіх абвясьці па ўсёй зямлі: кроў праведніка гарыць на галовах да калена сотага.
Скрыжуецеся маланкі ад усходу да захаду і напішыце, каб і сьляпыя убачылі: ніякага зла не прычыняць людзі праведніку, каб не упала зло удвая на іх галовы.
Бо камень, кінуты ў праведніка, уверх кінуты і, уніз падаючы, дадае ў вазе.
Камяні ерусалімскіе, раскіданыя цяпер, закрычыце да роду чалавечага, роду няпамятліваму, і яму нагадаеце, што бывае зь забітым праведнікам і што зь ягонымі забойцамі.
Бачыў я некалі сабаку, пашча кашай гарачэй абпаліўшага, так што не еў потым і лядоўню. Людзей жа зь дня ў дзень бачу, крывёй праведнікаў абпальваюцца і навукі не ўспрымаючых.
О бяздумныя з бяздумных, не сорамна вам паўтараць урок, сабакам з першага разу засвоены.
Лепш загінуць аднаму роду злачыннаму, чым аднаму праведніку. Бо неба не пытае, колькі крыві разьліта, але пытае, чыя кроў пралілася.
Калі усе народы паўстануць на аднаго праведніка, нічым не пашкодзяць яму. Толькі да магілы праводзяць яго, ён жа будзе выкрываць іх па сьмерці сваёй.
Сапраўды, міласьцю сваёй карае праведнік да сьмерці і праўдай – пасьля сьмерці.
Не зьбірайце маёнткі дзецям сваім, вы, праліўшыя кроў праведніка. Сапраўды, увесь маёнтак іх зьнікне, акрамя крыві праведніка, вамі разьлітай.
І не праведнік пракляне вас, але дзеці вашы, калі будуць спажываць горкі хлеб рабства.

РАЗЬВІЦЬЦЁ СЭРБСКАГА ЦАРКОЎНАГА СЬПЕВУ АД XIV ДА ХVІІІ СТАГОДЗЬДЗЯ

Браніслава Зорыца
Працэс вылучэньня сэрбскага царкоўнага сьпеву з першапачатковай бізантыйскай мадэлі, пасьля сярэднявечча была значна запаволена нападам турэцкіх захопнікаў. У землях, якія патрапілі пад турэцкае панаваньне, зьдзяйсьняўся ўціск сэрбскіх народных звычаяў і праваслаўя, які, сярод іншага, спрыяў міграцыі сэрбскага насельніцтва.
Гэты пакутлівы стан выклікаў запаволеньне ў культурным разьвіцьці сэрбаў, у тым ліку – і ў музыцы. Вынікам гэтага ёсьць вельмі малая колькасьць дадзеных аб разьвіцьці царкоўнага сьпеву. Сёньня дасьледаваньні аб гісторыі Сэрбіі ў пэрыяд ХІV – ХVІІІ ст.ст. амаль цалкам грунтуецца на розных крыніцах.