Monday, December 6, 2010

ПАМЯЦЬ СЬВЯТОГА МУЧАНІКА МЕРКУРЫЯ СМАЛЕНСКАГА

Памяць 24 лістапада

Вялікая і цяжкая бяда прыйшла на землі Кіеўскай Русі ў пачатку ХІІІ стагодзьдзя. Божым дазволам за шматлікія грахі на народ напалі злыя ворагі – татары. Шмат жыхароў было забіта альбо ўзяты ў палон; вялікая пустэча ахінула землі Кіеўскай Русі. Палеткі засталіся неабробленымі, – толькі дзікія зьверы бегалі ў вялікай колькасьці па палях, пажыраючы чалавечыя трупы. Шмат князёў Кіеўскай Русі загінула тады, абараняючы сваю айчыну. Бязбожныя ворагі не выяўлялі літасьці ні да немаўлят, ні да безабаронных жыхароў. Усіх яны зьбівалі і без міласэрнасьці забівалі. Шматлікіх аддалі яны на зьнявагу і гвалт. Жорсткія заваёўнікі зьвязвалі палонных іх уласнымі валасамі і гналі прад сабой, як быдла, наносячы ім удары бічом. Сьвятыя царквы і манастыры былі разрабаваныя, а манахі забітыя. Ужо Кіеў быў спалены  варварамі і ляжаў у руінах. Татарскі хан Батый пачаў заваёўваць іншыя гарады; ён дасягнуў Масквы і разрабаваў яе. Далей ён, ідучы на Захад, прыйшоў у ліцьвінскую зямлю і  падышоў да Смаленску, задумаўшы разбурыць яго. Да горада хан набліжаўся зь вялікім войскам. Сярод татар асабліва вызначаўся сваёй сілай адзін велікан са сваім сынам. Ён быў на чале першага полка. Страх і трапятаньне авалодала жыхарамі Смаленска: іх чакала немінуча сьмерць. Адна надзея ім заставалася на апеку Царыцы Нябеснай; яны пачалі старана маліць Усясьвятую Багародзіцу пазбавіць іх ад бязбожных ворагаў і злых катаў. Царыца Нябесная, непераможная дапамога ўсім заклікаючым да яе зь верай, не дапусьціла, каб гэты горад дастаўся ворагу, першыя загоны якога былі ўжо недалёка ад Смаленска і спыніліся ў Даўгамосьце.