Saturday, August 16, 2014

СЬВЕТЛАСЬЦЬ…. ЗАМЕСТ ЭПІТАФІІ ЮРКУ СТАНКЕВІЧУ

Гасподзь прызывае лепшых, вось і няма больш з намі Юркі Станкевіча… Дзеда - так трошкі фамільярна (значыць, па-сямейнаму, па-блізкаму, з павагай і сэнтымэнтам як да роднага) звалі спадара Юрку ў вузкім коле. А успамінаў - на кнігу, і ў вачах саланее як пачынаю думаць і перабіраць, пра што ж важней сказаць, каб каротка (задоўгае не чытаюць, а хачу, каб прачыталі).
Быў такі момант, як Дзедавы рэгулярныя (без аглядкі ні на што) тэлефанаваньні. Па суботах у праскай “Клюбоўні” ладзіцца школка для малых беларусаў (Юрка Станкевіч яе колькі год таму задумаў і зарганізаваў). Дык вось, шторазу, напярэдадні заняткаў, ён абзвоньваў бацькоў і настаўнікаў (настаўнічала і я), ветліва нагадваў. Камусьці лянотна ехаць у выходны ў цэнтар з прыгараду, хтосьці хоча сплянаваць іншыя справы, у кагосьці дзьве працы (эмігрантам выжыць ня проста), але пасьля такіх простых душэўных запрашэньняў сумленьне не дазваляла адмовіць. Уласна Дзеда можна назваць нашым (чэскіх беларусаў) нацыянальным сумленьнем.