Sunday, March 6, 2011

ДУХОЎНЫЯ РАЗМОВЫ. РАЗМОВА 3

звышгодны Макар Эгіпэцкі
аб тым, што браты паміж сабой павінны жыць шчыра, у прастаце, у любові, у міры, разам з тым весьці барацьбу і змаганьне зь унутранымі думкамі
1. Браты павінны знаходзіцца адзін з адным у вялікай любові. Ці яны моляцца, альбо чытаюць Пісаньне, альбо займаюцца нейкай працай, – у падмурак ды пакладуць любоў адзін да аднаго; у такім выпадку жаданьне іх можа ўдастоіцца Боскай дабрыні. І хто моліцца, і хто чытае, і хто працуе, усё здольныя рабіць з карысьцю, калі яны жывуць паміж сабой у шчырасьці і прастаце. Бо што напісана? “Хай будзе воля Твая як на небе, так на зямлі” (Мц. 6:10), каб, – як Анёлы на нябёсах знаходзяцца паміж сабой у вялікае аднадумнасьці, жывучы ў міры і любові, і няма там ганарыстасьці альбо зайздрасьці, але ўзаемная любой і шчырасьць, – так жывуць разам і браты. Калі выпадзе нейкім трынаццаці людзям быць у адной справе, то не могуць яны працягваць яе цэлы дзень і цэлую ноч; наадварот, некаторыя зь іх правядуць у малітве шэсьць гадзін, і жадаюць чытаць, іншыя старана прыслужваюць, а іншыя займаюцца нейкай працай.