Wednesday, March 20, 2013

Вялікі Канон Андрэя Крыцкага, што чытаецца ў чацьвер першага тыдня Вялікага посту

Песьня 1
Ірмас: Дапамогай і Пакровам будзь мне ў выратаваньні, Гэта Бог мой, і праслаўлю Яго, Бога айца майго, і ўслаўлю Яго, бо Ён праславіўся. (2 разы)
Прысьпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Ягня Божа, узяўшае грахі ўсіх, / вазьмі ад мяне цяжкае ярмо грахоўнае, / і, як Міласэрны, / падай мне сьлёзы замілаваньня.
Да Цябе прыпадаю, Ісусе, / зграшыў я прад Табой, будзь міласьцівым да мяне, / вазьмі ад мяне цяжкае ярмо грахоў, / і, як Міласэрны Бог, / падай мне сьлёзы замілаваньня.
Не ўвайдзі са мной у суд, / прад’яўляючы  мае дзеі, / выпрабоўваючы словы і выкрываючы імкненьні; / але, па міласэрнасьці Тваёй, не глядзячы на грахі мае цяжкія, / выратуй мяне, Усемагутны.
Час пакаяньня надышоў; / прыходжу да Цябе, Стваральніку майму: / вазьмі ад мяне цяжкае ярмо грахоў, / і, як Міласэрны, / падай мне сьлёзы замілаваньня.
Маёмасьць маю духоўную растраціў у граху, / не маю я пладоў набожнасьці, / і, ад голаду пакуты церпячы, клічу: / “Міласьці Падаўца, пасьпяшай, / Сам над мною зьлітуйся”.