Sunday, March 28, 2010

УВАХОД ГОСПАДА Ў ЕРУСАЛІМ. ВЕРБНІЦА.

У апошнюю нядзелю Вялікага Посту сьвяткуем урачысты уваход Ісуса Хрыста ў Ерусалім. А на пярэдадню, у суботу, вялікі цуд зьдзейсьніў Гасподзь у Віфаніі – уваскрэсіў Лазара, які ўжо чатыры дня ляжаў у магіле. Большасьць людзей ведала і паверыла ў цуд і чакалі прыходу Ягонага ў Ерусалім да сьвята Пасхі. Кіраўнікі юдэйскія, фарысэі і кніжнікі, напоўненыя злосьцю і зайздрасьцю, вырашылі забіць Ісуса Хрыста. Яны выдалі загад паведаміць ім, калі Ён прыйдзе ў Ерусалім.

Ведаючы, якая доля чакае Яго ў Ерусаліме, Гасподзь сказаў сваім вучням, што хутка пачнуцца ягоныя пакуты. Ён разам зь вучнямі вырушыў у Ерусалім на сьвята Пасхі. Наблізіўшыся да горада, дзе, як Ён ведаў, Яго чакалі пакуты і сьмерць, Гасподзь сказаў двум сваім вучням: “Ідзіце ў селішча, што насупраць; увайшоўшы ў яго, знайдзеце маладога асла прывязанага, на якога ніхто зь людзей ніколі не садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзеце; і калі хто спытаецца ў вас: навошта адвязваеце?, скажэце яму так: ён патрэбен Госпаду.” (Лк. 19:30–31)

Яны выканалі Ягоную просьбу і прывялі Яму асьляня. Накінуўшы сваю вопратку на асьляня, пасадзілі на яго Ісуса. Яго сустрачала шмат народу. Людзі з пальмавымі галінамі выйшлі да Яго і віталі “Дабраславёны Цар, Які ідзе ў імя Гасподняе! Мір на нябёсах і слава ў вышынях!” (Лк. 19:38)

Як вядома, конь ёсьць сымбалем вайны, бо калісьці на вайну ваяры вырушалі на конях, а асьляня ёсьць сымбалем міру, бо ён занадта павольны і прыдатны толькі дзеля працы ў мірныя часы. Калі цар павяртаўся зь вайсковага паходу, то звычайна ехаў на кані. Юдэі чакалі цара–заваёўніка, але Хрыстос уехаў у Ерусалім вярхом на асьле, мірнай жывёліне. І ўся пропаведзь Ісуса Хрыста была аб царстве міру на зямлі.

Людзі лічылі, што Ісус Хрыстос крочыць у Ерусалім, каб зрабіцца царом, таму і сустракалі Яго выгукамі, якімі заўсёды вітаюць цароў. “І калі наблізіўся да горада, дык, гледзячы на яго, заплакаў па імі сказаў: о, калі б і ты хоць бы ў гэты твой дзень уведаў, што служыць міру твайму! але гэта схавана сёньня ад вачэй тваіх; бо прыйдуць на цябе дні, калі ворагі твае абложаць цябе акопамі, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль, і зруйнуюць цябе, і заб'юць дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе каменя на камені, за тое, што ты не даведаўся часу адведзінаў тваіх.

І ўвайшоўшы ў храм, пачаў выганяць тых, што прадавалі ў ім, і тых, што куплялі, кажучы ім: напісана: “дом Мой ёсьць дом малітвы: а вы зрабілі зь яго логва разбойнікаў” І вучыў кожны дзень у храме. А першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу намышлялі загубіць Яго, і не знаходзілі, што б зрабіць зь Ім, бо ўвесь народ неадступна слухаў Яго.” (Лк. 19:41–48)

У дзень слаўнага ўваходу Ісуса ў Ерусалім мы сьвяткуем Вербную нядзелю, у якую асьвячаюць у царкве галіны зь лазы альбо вербы і раздаюць людзям.

Трапар сьвята, тон 1

Аб агульным ўваскрашэньні / раней Тваёй пакуты сьведчачы, / зь мёртвых узьвёў Ты Лазара, Хрыстос Бог. / Таму і мы, як дзеці, трымаючы знакі перамогі, / Табе Пераможцу сьмерці клічам: / “Слава ў вышынях, / дабраслаўлёны Крочачы ў імя Госпада!”