Saturday, April 2, 2011

АКАФІСТ НОВАМУЧАНІКАМ, СПАВЯДАЛЬНІКАМ І ПАКУТНІКАМ ЗЯМЛІ БЕЛАРУСКАЙ

Кандак 1
Абраныя авечкі статку Хрыстовага, Беларусі ўпрыгожаньня і слава вечная, як нівы сваёй крывёй напаілі вы, крыніцамі саду райскага зьяўляючыся. Верай і праўдай Ісусу Хрысту паслужыўшыя, нават жыцьцё свае на ахвярнік паклаўшыя, у жыцьці вечным адвагу стаяць прад пасадам Яго атрымаўшыя. Каля яго стоячы, прад Уладыкам за нас маліцеся, каб Беларусь Сьвятую, Царкву і народ як ад нападу ворага і падкопаў злога захаваў, ад усіх бед і смутку вызваліў народ яе, зь пашанай вам сьпяваючы: Радуйцеся, новамучанікі, спавядальнікі і пакутнікі, у Беларусі празьзяўшыя.
Ікас 1
Анёлаў Творца, неба і зямлю стварыўшы, сьветлымі зоркамі новамучанікаў Беларускай Царквы небасхіл упрыгожыўшы. Праславіў уславіў вас, звышгодныя мучаніцы, сьвятамучанікі, мучанікі, спавядальнікі і пакутнікі беларускія. Вы ж Уладара славу сьвету бязбожнаму паказалі цярпеньнем пакуты сваёй і ўсталі па правую руку Бога Айца. Сёньня, вас праслаўляючы, сьпяваем так:
Радуйцеся, за веру Хрыстову пакутнікі у Богу шчасьлівыя; радуйцеся, набожнага жыцьця Ісуса Хрыста прапаведнікі.
Радуйцеся, славу сьвету гэтага адкінуўшыя; радуйцеся, зямное жаданьне плоці зьняважыўшыя.
Радуйцеся, голас Пастыра Ісуса Хрыста пачуўшыя; радуйцеся, больш усяго ў сьвеце гэтым Госпада ўпадабаўшыя.
Радуйцеся, крыж на плечы свае ўзяўшыя; радуйцеся, добры цяжар гэты да сьмерці насіўшыя.
Радуйцеся, душы свае напоўніўшыя жаданьнем даброт Царства Боскага; радуйцеся, гэтых дабротаў дасягнуўшыя.
Радуйцеся, дзеля Хрыста сьмерць прыняўшыя; радуйцеся, дзеля Яго ўсю мітусьню сьвету адкінуўшыя.
Радуйцеся, новамучанікі, спавядальнікі і пакутнікі, у Беларусі празьзяўшыя.
Кандак 2
Змагары за Беларусь Вольную, жыцьцё свае за людзей паклаўшыя і пакору крыжа цяжкага прыняўшыя, сілу сатанінскую цярпеньнем пакуты і верай зваявалі вы. Славу зямную ў нішто паставіўшы, за шчасьце статку жыцьцё на ахвярнік паклаўшыя. Госпаду праз служэньне Бацькаўшчыне пераймаўшыя і вянком сьвятасьці на нябёсах каранаваныя, умацаваньне веры для нас выпрасіце, няспынна Хрысту сьпяваючым: Алілуя.
Ікас 2
Волю Ўладара Хрыста ў невымоўнай мудрасьці зразумеўшыя, крыж, пакуты, зьнявагу ў пакоры прынялі вы і годнымі пераймальнікамі сьвятых павадыроў народаў зьявіліся. Кроў сваю пралілі вы, як ваду нябесную, слаўныя павадыры народу беларускага. Подзьвігам вашым пашану аддаючы, схіляючы галовы так сьпяваем:
Радуйцеся, годныя дзеці Хрыстовы; радуйцеся, добрыя ваяры Гасподні.
Радуйцеся, выгнаньне, зьнявагу і сьмерць за Хрыста і Беларусь Сьвятую Прыняўшыя; радуйцеся, жыцьцё свае за народ свой паклаўшыя.
Радуйцеся, да канца крыжовы шлях прайшоўшыя; радуйся, суд няправедны і асуджэньня бязбожнага ворага з як узнагароду прыняўшыя.
Радуйцеся, цярпеньнем у пакуце Хрысту пераймаўшыя; радуйцеся, боль катаваньняў вернасьцю Хрыстовага пакліканьня згасіўшыя.
Радуйцеся, кроў сваю за Хрыста праліўшыя; радуйцеся, Сьвятой Беларусі ўпрыгожаньне.
Радуйцеся, у сялібы сьвятых зь зямлі ўзятыя; радуйцеся, у Пасада Уладара стоячыя.
Радуйцеся, новамучанікі, спавядальнікі і пакутнікі, у Беларусі празьзяўшыя.
Кандак 3
Новамучанікі беларускія, вы сілай Духа Сьвятога ўмацаваныя, зьняважылі ўласнай плоці нямогласьць. Быццам на шлюб да Хрыста запрошаныя, пасьпяшаліся ўвайсьці ў сялібы райскія. Новамучанікі цудоўныя, да вас і Бога клічам у зборы царкоўным разам: Алілуя.
Ікас 3
Моц і ўпэўненасьць маючы ад Духа Сьвятога, волю Хрыста ў сэрцах сваіх напісаўшы, загадаў катаў сваіх не падпарадкоўваліся. Але над іх бязбожніцтвам сьмяяліся, таму так сьпяваем вам:
Радуйцеся, прад пакутай няўхільна Хрыста спавядаўшыя; радуйцеся, верныя слугі Хрыстовы.
Радуйцеся, Царства Боскага жыхары новыя; радуйцеся, зь нябёсаў нам дапамогу падаючыя.
Радуйцеся, мудра пакорныя слову Хрыстоваму; радуйцеся, да сьмерці верныя запаветам Эвангельля.
Радуйцеся, берага жаданага дасягнуўшыя; радуйцеся, плады пакоры атрымаўшыя.
Радуйцеся, галечу і смутак сьвету палюбіўшыя; радуйцеся, праз гэта багацьце нятленнае атрымаўшыя.
Радуйцеся, Хрыстовай веры на зямлі Беларускай слаўнае сьцьверджаньне; радуйцеся, верныя слупы Царквы Боскай.
Радуйцеся, новамучанікі, спавядальнікі і пакутнікі, у Беларусі празьзяўшыя.
Кандак 4
Буру сатанінскай ярасьці катаў вашых, загасілі Вы пакорай Хрыстовай, верай у Сьвятую Тройцу – Бога Айца. Сына і Духа Сьвятога апелі вы годна. Душы свае за сяброў сваіх паклалі, у сэрцах сваіх сьпяваючы Богу: Алілуя.
Ікас 4
Чуе ўвесь сусьвет вашу славу нябесную, за веру Хрыстову беларускія пакутнікі. Выканаўшы веру і праўду Эвангельля, пасарамацілі вы палкі сатанінскія. Праваслаўя спавядальнікі, сьвятыя зямлі нашае, пакорай зваяваўшыя ворага роду чалавечага. Веру сваю ва Хрыста і любоў да Радзімы годна паказалі вы. Таму, у сьпевах вас праслаўляючы, сьпяваем так:
Радуйся, у наш час невымоўныя крыніцы райскія паказаўшыя; радуйцеся, новыя цудатворцы дзівосныя.
Радуйцеся, нятленныя і цудатворныя мошчы нам падараваўшыя; радуйцеся, ваяры Духа Сьвятога непераможныя.
Радуйцеся, дарункамі Сьвятога Духа напоўненыя; радуйцеся, гэтымі дарамі Госпада Ісуса цяпер у раю суцяшаемыя.
Радуйцеся, сэрцы свае ў цьвярозасьці і любові да Бога і Беларусі выхаваўшыя; радуйцеся, мужнасьцю прыроду плоці зваяваўшыя.
Радуйцеся, плоць духу падпарадкаваўшыя; радуйцеся, гэтым подзьвігу Хрыста пераймаўшыя.
Радуйцеся, добрыя праведнікі Хрыстовы; радуйцеся, беларускія сьвяцільнікі веры Праваслаўнай
Радуйцеся, новамучанікі, спавядальнікі і пакутнікі, у Беларусі празьзяўшыя.
Кандак 5
Зоркі Боскія зямлі Беларускай, слупы Праваслаўя, што хуткім і цесным шляхам на Горны Сіён узышлі. Плоць сваю раскрыжавалі са страхам і запаламі, атрымалі дабрыню Духа Сьвятога. Шлях выратаваньня праўдзіва нам паказалі вы, ды адзіным сэрцам і адзінымі вуснамі Богу, выратаваўшаму вас, засьпяваем: Алілуя.
Ікас 5
Бачыць уся Беларусь зару цудаў вашых, бо адукаваньнем духоўным і ўмацаваньнем веры для ўсёй Беларусі ёсьць памяць ваша. Невымоўнай радасьці на нябёсах удастоіліся вы, ахвярнікі беларускія, таму маліцеся за нас, нягодных, у Пасаду Сьвятой Тройцы. Пераймаць подзьвігам вашым маючы жаданьне, так сьпяваем вам:
Радуйцеся, новыя дзеці новага вечнага Ізраіля; радуйцеся, увайшоўшыя ў Горны Ерусалім Нябесны.
Радуйцеся, жыхары зямлі абяцана і доўгачаканай; радуйцеся, нябеснай насельнікі нябеснай сялібы.
Радуйцеся, Самога Ісуса Хрыста бачыць удастоіўшыся; радуйцеся, Усясьвятую Багародзіцу цяпер няспынна сузіраючыя.
Радуйцеся, малітвай сваёй усе задумы варожыя разбураючыя; радуйцеся, Духа Сьвятога на нас заклікаючыя.
Радуйцеся, спакою розуму дасягнуўшыя; радуйцеся, прасіцелям даброты ва імя Ісуса Хрыста падаючыя.
Радуйцеся, цяпер імя Ягонае няспынна заклікаючыя; радуйцеся, спадкаемцы Царства Боскага.
Радуйцеся, новамучанікі, спавядальнікі і пакутнікі, у Беларусі празьзяўшыя.
Кандак 6
Сёньня ўся сапраўдная Царква Беларуская вашу славу прапаведуе. Веру праўдзівую, надзею неразбуральную на Хрыста, вы ў душы мець удастоіліся, жыцьцё свае паклаўшы за слова Уладара Хрыста, спавядальнікі і пакутнікі Беларускія. І калі Бог пакліча да вечнага жыцьця ўвесь род чалавечы, тады, стоячы ў Пасада Госпада, памяніце і нас, нягодных, Яму сьпяваючых: Алілуя.
Ікас 6
Зазьзяла новае сьвятло ўсёй зямлі Беларускай, бо новамучанікаў хор Сам Уладыка Хрыстос праславіў. Сьвятлом нятленным увянчаў праўдзіва іх увянчаўшы і мошчы іх сьвятыя нам падаўшы. Да вас прыбягаючы ва ўсіх патрэбах, новамучанікі слаўныя, сьпяваем так:
Радуйцеся, Царквы Хрыстовай надзея і сіла; радуйцеся, лекары нашых душаў і целаў.
Радуйцеся, сатану перамогшы словам пакоры; радуйцеся, паказаўшыя нам шлях праўдзівага шанаваньня Бога.
Радуйцеся, нашы прад Госпадам абаронцы; радуйцеся, раны Ісуса Хрыста на свае цела прыняўшыя.
Радуйцеся, выпрабаваньне душаў сваіх радасна прайшоўшыя; радуйцеся, шанаваньне сьвету бязбожнага адкінуўшыя.
Радуйцеся, нябесную славу гэтым атрымаўшыя; радуйцеся, любоўю Хрыстовай свае грахі адмыўшыя.
Радуйцеся, малітву за ненавідзячых вас праліўшыя; радуйцеся, за доблесьць гэтую цяпер адвагу стаяць прад Госпадам атрымаўшыя.
Радуйцеся, новамучанікі, спавядальнікі і пакутнікі, у Беларусі празьзяўшыя.
Кандак 7
Змагары беларускія, вядомыя і невядомыя, пакліканьне Боскае прыняўшыя і жыцьцё свае на ахвярнік паклаўшыя, словам Хрыста дасканала пераймаўшыя і вянкамі неўміручасьці каранаваныя, словаў не знойдзем, каб годна праславіць вас, пакутнікі самаахвярныя. Але, на дапамогу вашы малітвы заклікаючы, зь адвагай сьпяваем праславіўшаму вас Богу: Алілуя.
Ікас 7
Змагары беларускія, верныя дзеці Бацькаўшчыны, адмовіліся вы ад жыцьця асабістага, пацярпелі ад ворагаў зьняслаўленьня, зьнявагу і сьмерць страшную. Але, любоўю да Бога і Беларусі ўмацаваныя, крыжовы шлях годна пракрочылі. Гэтым Хрыста слаўна праславілі, самі Яму пераймаючы ў ахвярнасьці і супакою ў сялібах райскіх ўдастоеныя. Вернымі дзяцьмі Праваслаўя Беларускага сябе паказалі вы, подзьвігам сьвятую веру ў Беларусі ўмацоўваючы. Мы, нашчадкі вашы, сьпеў праслаўленьня прыносім вам, пакутнікі беларускія, так сьпяваючы:
Радуйцеся, крэпасьць і слуп Праваслаўя Беларускага; радуйцеся, Царквы Беларускай слава і ўпрыгожаньне.
Радуйцеся, запаветаў Хрыстовых выканаўцы добрыя; радуйцеся, слаўныя дзеці народу беларускага.
Радуйцеся, ягоныя вечныя абаронцы і суцяшальнікі; радуйцеся, душы свае за народ беларускі паклаўшыя.
Радуйцеся, наша ў веры ўмацаваньне; радуйцеся, хор сьвятых беларускіх у Пасаду ўладара папоўніўшыя.
Радуйцеся, катаў сваіх верай зваяваўшыя; радуйся, зямлю Беларусі да веры абудзіўшыя.
Радуйцеся, у подзьвігу добрым жыцьцё пражыўшыя; радуйцеся, гэтым ворагаў сваіх зьдзівіўшыя.
Радуйцеся, новамучанікі, спавядальнікі і пакутнікі, у Беларусі празьзяўшыя.
Кандак 8
Дзіўны і недасяжны розуму чалавечаму сёньня цуд выявілі нам вы, беларускія новамучанікі. Моцна зьдзіўленыя вамі: як ў ганеньнях і смутках здолелі захаваць мілату Духа Сьвятога. Вы жыцьцём сваім сьвятасьць выявілі, будучы Айца Нябеснага дзяцьмі добрымі, сябрамі годнымі Сына Боскага і слугамі пакорнымі Духа Сьвятога. Сёньня голасна вас праслаўляючы, дзеці Царквы Беларускай сьпяваюць праславіўшаму вас Госпаду: Алілуя.
Ікас 8
Усе радасьці сьвету гэтага адкінулі вы, сьвятыя новамучанікі беларускія, цела свае ў ахвяру слаўную аддаць пажадалі. Узнагароду дасканалую ад Бога разам атрымаць удастоіліся годна, таму так сьпяваем вам:
Радуйцеся, узышоўшыя ад зямлі на неба ў сялібы райскія; радуйцеся, Сьвятую Тройцу там сузіраючыя.
Радуйцеся, верныя слугі Ўсясьвятой Багародзіцы; радуйцеся, мілатой Сьвятога Духа напоўненыя.
Радуйцеся, скарбніцы залатыя, дарункам вылячэньня напоўненыя; радуйцеся, Царства Боскага жамчужны бісэр бясцэнны.
Радуйцеся, Анёльскіх хароў сьпевакі мілагучныя; радуйцеся, вусны нямоглыя, херувімскую песьню ў Пасада Ўладара сьпяваючыя.
Радуйцеся, разам зь Анёламі хвалу Ўсясьвятой Тройцы сьпяваючыя; радуйцеся, прапаведнікі славы будучага Царства Боскага.
Радуйцеся, новапраслаўленыя грамадзяне нябесныя і жыхары вечнага Ерусаліму; радуйцеся, беларускіх хрысьціян упрыгожаньне.
Радуйцеся, новамучанікі, спавядальнікі і пакутнікі, у Беларусі празьзяўшыя.
Кандак 9
Усялякі смутак, новамучанікі беларускія, вашымі малітвамі суцяшаецца, нячысьцікаў палкі ва ўцёкі зьвяртаюцца і як дым расьсейваюцца. Боскай мілатой умацаваныя і вашымі малітвамі ў сьвеце гэтым ад злога агароджаныя, радасна Богу сьпяваем: Алілуя
Ікас 9
Словамі прамудрымі немагчыма апець вас, сьвятыя новамучанікі беларускія. Пакутніцкай сьмерцю праславілі вы Хрыста Ісуса. Любоўю да Яго перамагаючы, усе катаваньні пацярпелі вы годна. Праслаўляем вас, сьвятыя беларускія, так сьпяваючы:
Радуйцеся, сьпевам любові да Бога напоўненыя; радуйцеся, на нябёсах да хору мучанікаў далучаныя.
Радуйцеся, у сялібах райскіх за пакуты паселеныя; радуйцеся, усіх смуткуючых суцяшэньне.
Радуйцеся, мілату Сьвятога Духа атрымаўшыя; радуйцеся, яе цярпеньнем пакуты заслужыўшыя.
Радуйцеся, законы прыроды сілай Хрыстовай пакоры зваяваўшыя; радуйцеся, плоць сваю дзеля Царства Боскага скарыўшыя.
Радуйцеся, сэрцы свае ў ахвяру Богу прынесшыя; радуйцеся, боскім полымем да канца ачышчаныя.
Радуйцеся, чысьціню сьвету тленнаму паказаўшыя; радуйцеся, у гэтым добрым духу жыцьцё свае скончыўшыя.
Радуйцеся, новамучанікі, спавядальнікі і пакутнікі, у Беларусі празьзяўшыя.
Кандак 10
Выратаваць жадаючы душы нашы ад нападаў сатанінскіх, у часы апошнія падараваў Гасподзь нам хор новамучанікаў беларускіх, малітоўнікаў за нас у падножжа Пасаду Свайго. Абаронцамі Сьвятой Беларусі іх зрабіў, Добры, бо ў раю няспынна сьпяваюць Табе: Алілуя
Ікас 10
Сьцяна непарушная і абарона добрая вы, сьвятыя новамучанікі, народу і зямлі Беларускай. Бо ад Госпада прынялі ўладу сьляпым сьвятло дараваць, ад хвароб цялесных і душэўных збаўляць. Зь малітвай і ўдзячнасьцю вашым сьвятым іконам пакланяемся, сьпяваючы так:
Радуйцеся, новыя абаронцы Сьвятой Беларусі; радуйцеся, малітоўнікі беларускія ў Пасада Ўсявышняга.
Радуйцеся, народу нашага міласэрнасьць прад Госпадам; радуйцеся, надзея і спадзяваньня ў жыцьці будучым.
Радуйцеся, новыя брыльянты Беларускага Праваслаўя; радуйцеся, новамучанікі, надзею выратаваньня нам падаючыя.
Радуйцеся, душу свае за запаветы Эвангельля паклаўшыя; радуйцеся, запаветы гэтыя словам і справай выканаўшыя.
Радуйцеся, жыцьцём сваім у Царства Боскае скіраваныя; радуйцеся, добрымі вучнямі Ісуса Хрыста зьяўляючыся.
Радуйцеся, усе думкі аб дабротах зямны дзеля пакліканьня Боскага адкінуўшыя; радуйцеся, праўду Хрыстову больш сьмерці палюбіўшыя.
Радуйцеся, новамучанікі, спавядальнікі і пакутнікі, у Беларусі празьзяўшыя.
Кандак 11
Анёльскія сілы, сьвятых і спавядальнікаў магутны хор праслаўляюць вас, годныя. Адмовай ад плоці выратавалі душы свае і цяпер у раю няспынныя малітвы аб Сьвятой Беларусі ўзносіце. Радзіму нашу і нас, грэшных, зь цемры бязбожніцтва ўздымаеце. Вам і Богу вас праславіўшаму, хвалу ўздымаем, сьпяваючы Яму: Алілуя.
Ікас 11
Сьветлы дзень агульнага ўваскрэсеньня чакаем, трубны голас Усямагутнага Ўладыкі пачуць жадаем і надзею праўдзівую на вашу абарону маючы, так сьпяваем вам:
Радуйцеся, зямныя Анёлы і нябесныя людзі; радуйцеся, напоўненыя Эвангельскай мудрасьцю.
Радуйцеся, запаветы Хрыстовы жыцьцём і сьмерцю зьдзейсьніўшыя; радуйцеся, новыя  беларускія слупы Праваслаўя.
Радуйцеся, захавальнікі праваслаўнае веры; радуйцеся, верныя слугі Хрыстовы.
Радуйцеся, агароджа наша ад сатанінскіх нападаў; радуйцеся, малым смуткам у Царства Боскае ўвайшоўшыя.
Радуйцеся, там цяпер спачываючыя; радуйцеся, добрыя вучні Хрыстовы.
Радуйцеся, суразмоўнікі серафімаў і херувімаў; радуйцеся, у любові да Бога ім роўныя.
Радуйцеся, новамучанікі, спавядальнікі і пакутнікі, у Беларусі празьзяўшыя.
Кандак 12
Шляхетныя дзеці зямлі Беларускай, новамучанікі годныя, стоячы прад Пасадам Усявышняга, няспынна маліце Яго аб выратаваньні зямелькі нашай, каб у набожнасьці і цішыні жыў народ беларускі, у храмах сьвятых вечна сьпяваючы Богу: Алілуя
Икос 12
Апяваючы ваша жыцьцё нябеснае, верныя дзеці Сьвятой Беларусі, дзякуем міласэрнаму Богу, выявіўшаму вас у адказны час Бацькаўшчыне нашай, ды выратавана яны будзе вашымі малітвамі ад нападу ворага бачна і нябачнага, смутку і бяды, і гневу Ўсявышняга. А мы, грэшныя, вас апяваючы, так сьпяваем:
Радуйцеся, добрыя плады зямлі Беларусі; радуйцеся, узор самаахвярнага служэньня Радзіме.
Радуйцеся, беларускага народу ўмацаваньне; радуйцеся, захавальнікі і настаўнікі зямлі Беларускай.
Радуйцеся, шчасьлівыя дзеці Хрыстовы; радуйцеся, Беларусі годныя дзеці.
Радуйцеся, сьветлыя сьвяцільнікі веры; радуйцеся, нязгасныя лямпады набожнасьці.
Радуйцеся, настаўнікі веры праваслаўнай; радуйцеся, прапаведнікі любові Хрыстовай.
Радуйцеся, Царства Нябеснае атрымаўшыя; радуйцеся, крывёй сваёй Беларусі праславіўшыя.
Радуйцеся, новамучанікі, спавядальнікі і пакутнікі, у Беларусі празьзяўшыя.
Кандак 13
О праслаўленыя новамучанікі, спавядальнікі і пакутнікі, у зямлі Беларускай празьзяўшыя, зь верай і надзеяй да вашых малітваў прыбягаем і да сьвятых мошчаў прыпадаем, каб вымалілі ў Госпада вызваленьня народу беларускага ад улады антыхрыста, мірнае і вольнае жыцьцё ўсім нам падаў. Каб у міры і набожнасьці жыцьцё свае пражыўшы, Ісуса Хрыста сузіраць удастоіліся, а мы, разам зь вамі і хорам анёльскім, няспынна Яму сьпяваем: Алілуя (3).
Апошні кандак сьпяваецца тройчы, потым ікас 1 і кандак 1

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.