Saturday, January 7, 2012

НАРАДЖЭНЬНЕ ХРЫСТОВА

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Нараджэньне Хрыстова нам кажа і пра Бога, і пра чалавека; і ў адносінах да Тога і іншага яно адчыняе перад намі велічэзную надзею, але надзею, якую мы павінны апраўдаць.
Што ж нам кажа нараджэньне Хрыстова пра Бога? Яно нам кажа пра тое, што Бог, Які ў Старым запавеце уяўляўся неспасьціжным, вялікім, сьвятым і страшным, перастае быць страшным. Ён робіцца нам родным, таму што раптам мы выяўляем, што любоў Ягоная да чалавека такая, што Ён гатовы зрабіцца адным з нас. А гэта значыць, што Ён бярэ на Сябе усе наступствы Свайго творчага дзеяньня, што Ён нас не стварае проста з тым, каб мы потым перад Ім адказвалі за тое, што не здолелі жыць так, як Ён пачаў марыць пра нас. Нараджэньне Хрыстова нам кажа пра тое, што Бог нас прымае, якімі мы ёсьць, з усёй любоўю і з усёй адказнасьцю. Ён бярэ на Сябе асабіста адказнасьць за Свой творчы акт і за чалавечае адпадзеньне і грэх. Ён робіцца чалавекам, не робячыся грэшнікам, але прымаючы на Сябе усе наступствы чалавечага адпадзеньня, гэта значыць граху. Ён адзін з нас, і ў Ім мы можам бачыць ідэал чалавека, поўнасьць таго, для чаго мы закліканы.