Sunday, March 13, 2011

ТАРАС НАВУЧЫЎ НАС НЕ ЗЬНЯВЕРВАЦЦА…

Сьвяцейшы Мяфодзій, мітрапаліт Кіеўскі і ўсёй Украіны, Першагерарх УАПЦ
Ужо сто пяцьдзесят гадоў украінцаў па ўсяму сьвету аб’ядноўвае прароцкае слова вялікага Паэта. Але вельмі часта здараецца так, што калі нават суседнія народы ўспрымаюць усім сэрцам бясспрэчны талент гэтага чалавека, не ўсе ўкраінцы нашага часу разумеюць ягоную геніяльнасьць.
Тыя, хто мае звычку перачытваць “Кабзар” не з прымусу, а са сваёй добрай волі, не можа не заўважаць асаблівую харызму Шаўчэнка, якая ёсьць не толькі ў тым, што ён умеў складаць словы ў вершы. У гэтым не ёсьць вялікая мудрасьць. Сваімі словамі ён умеў запаліць чалавечыя сэрцы, адшукаць нейкія патаемныя струны, і нават праз скруху і галгофы народу падараваць кожнаму зь нас добрую хрысьціянскую надзею на добрую будучыню Украіны і ўкраінцаў. Ён навучаў нас не зьнявервацца. Простыя словы ён адточваў быццам дыямэнты, тым самым не проста ўвекавечыў свае імя ў гісторыі нашага народу. Ён зрабіў нешта, нашмат большае. Ён увекавечыў сам наш шматпакутны народ, сярод іншых раўнапраўных і свабодалюбівых народаў сьвету.
У час, калі шмат хто нават зь нашых дзяржаўных службоўцаў называе нашу мову “цялячай”, жадалася бы іх зноў запрасіць у бібліятэкі і ў школы. Здаецца, што найлепшы варыянт для такіх людзей – проста пакараць іх адукацыяй. Магчыма прадбачыць, што такое пакараньне будзе для іх нясьцерпным. Пры гэтым, для лекаваньня хваробы ўкраінскай меншвартасьці я б параіў на пачатак усяго дзьве кнігі – “Кабзар” Шаўчэнка і “Праблемы ўкраінскай рэлігійнай сьвядомасьці” яшчэ аднаго вялікага сына  нашага народу – лекара Арсена Річынскага, нядаўна кананізаванага нашае Царквой як новамучанік і спавядальнік веры. Сёньня, калі “мода” на іншаземцаў і ўсё іншаземнае паглынае нашу моладзь, толькі вяртаньне да чыстых крыніц здатнае захаваць нас і нашу будучыню.
Наша Царква моліцца сёньня за паэта Тараса, аддаючы яму належную пашану і падзяку за тое полымя, якое ён запаліў у нашых сэрцах. Мы будзем маліцца за яго да таго часу, пакуль самі будзем жывы. І калі малітва пра Шаўчэнку прыпыніцца ва ўкраінскай Царкве, гэта можа значыць толькі адно – Украінскай Царквы больш няма. Ад чаго няхай захавае нас Гасподзь, Усясьвятая Багародзіца і ўсе сьвятыя.
10.03.2011
Пераклад “Беларускай Аўтакефаліі” паводле http://uaoc.net/2011/03/shevchenko/

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.