Sunday, March 13, 2011

СЛОВА Ў НЯДЗЕЛЮ ПЕРАМОГІ ПРАВАСЛАЎЯ

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Мы сьвяткуем сёньня дзень Перамогі Праваслаўя; але мы павінны памятаць, што мы сьвяткуем Боскую перамогу, перамогу праўды, перамогу Хрыстову над усімі слабасьцямі чалавечага уразуменьня. Гэта не перамога нас, праваслаўных, над іншымі веравызнаньнямі і іншымі людзьмі; гэта перамога Боская над намі і, праз нас, колькі ні ёсьць у нас сьвятла, над іншымі. Хто зь нас можа асьмеліцца сказаць, што ён верыць так, як апісана гэта ў Сьвятым Пісаньні? У канцы Эвангельля ад Марка нам гаворыцца пра тое, што верніку усе цуды будуць адкрыты, мовы новымі загаворыць, хвароба скончыцца, мёртвых уваскрэсіць, калі нейкую атруту вып'е, не шкодзіць яму: хто зь нас можа пра сябе сказаць, што ў яго такая ці падобная вера?
Пра нас можна сказаць тое, што апостал Павел сказаў, што мы нясём сьвятыню як бы ў гліняных сасудах; мы — гліняныя сасуды, мы — сасуды нявартыя таго зьместу, які нам Гасподзь дае. І сапраўды, Царква нас ахінае, але мы Царкву не ахінаем, яна неабсяжная, а мы — малыя. Царква гэта не толькі чалавечае грамадзтва людзей, якія паверылі ў Хрыста. Царква — гэты цуд, гэта прысутнасьць усёй таямніцы Сьвятой Тройцы ў нашым асяродзьдзі і прылучэньне наша літасьцю Боскай, мілатой Боскай да гэтага цуду. Першы член Царквы гэта Выратавальнік Хрыстос, у Якім уся поўнасьць Боскасьці насяляе цела. Ён у целе Сваім Бог, Ён у Боскасьці Сваёй чалавек. І разам зь Ім Яго дарунак, Дух Сьвяты праліваецца на усё стварэньне, не толькі на вернікаў, але на увесь сусьвет, таму што Ён расчыніў дзьверы, праз якія таямніца вечнасьці уліваецца падчас. “Я ёсьць дзьверы авечкам”, Я — дзьверы авечкам; калі хто праз гэтыя дзьверы увойдзе, ён выйдзе ў новае жыцьцё, ён атрымае плод.
І ў іншым месцы апостал Павел нам кажа, што сіла Боская ў немачы зьдзяйсьняецца. Так, мы усё нявартыя таго багацьця, якое нам Гасподзь даравала і дае кожны дзень, з гадзіны ў гадзіну на працягу усяго нашага жыцьця. Мы нямоглыя, але сіла Боская ў нас зьдзяйсьняецца. І вось гэта мы сьвяткуем сёньня. Не тое, што праваслаўныя людзі так перабольшваюць сьвятасьцю свайго жыцьця, сваімі ведамі пра Бога, тым, як яны будуюць новы сьвет па навучаньні Боскаму; мы сьвяткуем тое, што ў Сваёй літасьці Гасподзь нам дае, у нашай немачы, разумець тое, чаго інакш зразумець нельга. Мы ведаем шмат; але мы не так Яго ведаем, як мы закліканы Яго ведаць.
Адзін са старажытных багасловаў кажа, што вера — гэта жыцьцё Сьвятога Духа, Які адчыняе ў нас усе таямніцы Боскія. Хто зь нас асьмеліцца гэта сказаць? І таму, паколькі мы прылучаны гэтаму цуду пазнаньня Боскага праз увасабленьне Хрыстова, праз дарунак Сьвятога Духа, праз малую нашу веру, наш давер да Бога, наш смутак па Богу, паколькі мы прылучаны да гэтага, то сёньня мы можам радавацца пра тое, што Бог у Сваёй любові, у Сваёй літасьці, у Сваёй ласцы гэтулькі нам дае пазнаньні Сябе, і не мазгавога, не пазнаньня халодным розумам, а пазнаньні, якое дасягае да самых глыбінь нашай душы, нам дае разумець Хто Бог, і нам дае і зь іншымі падзяліцца хоць тым малымі ведамі, якія ў нас ёсьць. А часам тое, што мы кажам, дасягае іншага чалавека глыбей, чым яно дасягнула нас; мы кідаем насеньне, якое мы толькі ў руцэ трымаем, а яно валіцца на добрую зямлю, якая прыносіць такі плод, пра які мы і марыць не маглі.
Таму будзем радавацца сёньня пра тое, што Бог і ў нас перамагае, што Бог і ў нас расчыняе і праўду, і жыцьцё, і любоў, і радасьць, робіць нас новым стварэньнем, але не будзем узьнімацца над іншымі. У старажытнасьці былі створаны вельмі строгія правілы пра тое, каб не мець зносіны зь ерэтыкамі; але тыя ерэтыкі не проста іншадумцы былі; тыя ерэтыкі адмаўляліся ад таго, што Хрыстос ёсьць Бог увасоблены, яны адмаўляліся ад таго, што Бог, прыйшоўшы ў сьвет, увасобіўся, казалі, што Ён быў толькі уяўнай чалавечай прысутнасьцю, яны зьнішчалі нашу веру ва увасабленьне і ў выратаваньне, у крыж і уваскрэсеньне. Так, з тымі праваслаўным маліцца было немагчыма; нельга было дзяліць веру, надзею сваю зь імі.
Але час прайшоў, і адзін зь самых традыцыйна — вузкіх багасловаў нашага часу, уладар Антоній Храпавіцкі ў адным артыкуле піша пра тое, што нам трэба задумацца над тым, чаму Царква так строга ставілася да ерэтыкоў старажытнасьці і так больш і больш і больш адчыняе сваё сэрца і абдымкі да іншадумцаў нашых часоў. І ён ставіць пытаньне: няўжо Царква страціла нюх, няўжо Царква больш не умее адрозьніць паміж праўдай і хлусьнёй, паміж праўдай і няпраўдай? І ён адказвае: Не, вядома не! Інакш яна перастала б быць Царквой, месцам, дзе жыве поўнасьць Боскасьці. Але гэта тлумачыцца тым, што па меры таго, як праходзілі часы, іншадумцы выносілі зь нетраў Царквы усё большае і большае багацьце, і памылкі іх рабіліся усё драбней і драбней, і таму паміж імі і намі ёсьць агульнасьць веры, агульнасьць досьведу, агульнасьць жыцьця, якой не было ў раньнія часы зь ерэтыкамі першых стагодзьдзяў. І таму мы можам зьвярнуцца зь весялосьцю да нашых братоў іншадумцам, людзям іншай веры, і цешыцца пра тое, што і яны носяць сьвятыню ў гліняных сасудах, як мы ў гліняных сасудах нашых сэрцаў і розуму носім.
І таму зараз нам трэба адчыніць нашы сэрцы усім. Нам гаворыцца апосталам Якавам: Пакажы мне сваю веру без спраў тваіх, я табе пакаджу маю веру са спраў маіх... Пакажам нашу веру зь нашых спраў і паглядзім, якія справы робяць тыя, якія іншадумцы, якія не падзяляюць нашу праваслаўную веру, і мы убачым, што шматлікія зь іх прыносяць плады веры багацейшыя, больш дасканалыя, чым шматлікія зь нас, жывуць яны больш Хрыстовым жыцьцём, нягледзячы на няпоўнасьць іх веравызнаньня, чым шматлікія і шматлікія зь нас. Я увайшоў у вайну зь вельмі рэзкім пачуцьцём адыходу ад іншадумцаў. І калі я сустрэўся зь людзьмі, якія ў небясьпецы сьмерці сваё жыцьцё аддавалі за іншага, якая б ні была іх вера ці нявера, я на іх пачаў глядзець іншымі вачамі. І таму я і кажу зараз, што мы павінны сьвяткаваць пра тое, што Бог адчыняе Сябе, пералівае Сябе ў душу усіх людзей нейкую частку ведаў. Але калі мы праваслаўную веру спавядаем, калі нам дадзена такая чысьціня, такая поўнасьць веры, то мы павінны поўна глыбокай пашаны, са страхам яе насіць і жыць згодна зь ёй, і толькі тады мы зможам казаць пра тое, што мы Хрыстовы вучні ў поўным сэнсе слова. А на іншых будзем глядзець і дзівавацца таму, як зь малых ведаў людзі будуюць вялікае жыцьцё, і каяцца, што мы з поўнасьці веры праваслаўнай часта не умеем стварыць грамаду, ці сьвет, ці грамадзтва годныя Хрыста і годныя той веры, якую мы вызнаем. Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.