Wednesday, March 21, 2012

Петыцыя супраць смяротнага пакарання ў Беларусі

Беларусь – апошняя краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне. Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Amnesty International выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння.

Мы лічым, што жыццё з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю, натуральным і неад’емным правам чалавека. Смяротнае пакаранне мы расцэньваем як парушэнне права на жыццё, гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі ў галіне правоў чалавека. Мы цвёрда перакананыя: нішто не можа апраўдаць наўмыснае і бязлітаснае пазбаўленне чалавека жыцця ад імя дзяржавы.

Sunday, March 18, 2012

Слова ў Крыжапаклону нядзелю

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Сёньня, у сярэдзіне Вялікага пасту, Сьвятая Праваслаўная Царква шануе Сьвяты Крыж Гасподні, той Крыж, на якім Хрыстос Выратавальнік прынёс Сябе ў ахвяру за выратаваньне роду чалавечага. Гэта глыбока сымбалічна, бо, калі сілы падзьвіжнікаў слабеюць і хрысьціяне стамляюцца, Царква усталявала вынесьці Сьвяты Крыж на сярэдзіну сьвятога храма для сузіраньня і цалаваньні. Выносіцца ён для таго, каб з глыбокай павагай гледзячы на яго і прыкладваючыся да яго, чэрпалі мы ад гэтай сьвятыні для сябе бадзёрасьць духу і ішлі на далейшае зьдзяйсьненьне цяжкага, але дабрадатнага подзьвігу Вялікага посту.
Бо перад вачамі нашымі ляжыць для поўнай глыбокай пашаны і цалаваньня Крыж Гасподні, сіла якога часта услаўляецца ў царкоўных малітвах і гімнах; то я жадаю, дарагія браты і сёстры, сказаць вам некалькі слоў пра ягоную сілу, месца ў нашым праваслаўным жыцьці. Калі думаем пра Сьвяты Крыж Гасподні, то зь аднаго боку усюды бачны яго дзіўную сілу і не ведаем на чым спыніцца, які выпадак узяць для прыкладу жыватворчай сілы Крыжа, яго вечнага месца ў справе нашага выратаваньня.

Sunday, March 11, 2012

АКАФІСТ УСІМ ЗВЫШГОДНЫМ АЙЦАМ НАШЫМ КІЕВА–ПЯЧОРСКІМ

Кандак 1
Богам абраны хор і сабор прыгожы, айцы нашы Кіева–Пячорскія, шматлікіх цудаў крыніца, манаскага подзьвігу ў Кіеўскае Русі першыя настаўнікі, мы вам, праз душэўнае жаданьне, імкнёмся прынесьці пахвальны сьпеў. Вы ж, маючы адвагу прад заснавальнікам подзьвігу Хрыстом і Богам нашым, маліцеся Яму, молім вас, каб ад усялякай бяды і скрухі былі мы вызвалены, каб з падзякай сьпявалі Вам: Радуйцеся, усе звышгодныя айцы нашы Кіева – Пячорскія, усясьветныя сьвяцільнікі, вялікія і ўсяслаўныя цудатворцы.
Ікас 1
Жыцьця падобнага анёльскаму пажадалі вы, айцы богамудрыя, мітусьню сьвету адкінуўшы, у пячорах цёмных і цесных пасяліліся, дзе працу вялікую і подзьвігі зьдзяйсьнялі, каб Хрыста праславіць, таму і чуеце, ад нас грэшных і нямоглых, такі сьпеў:
Радуйся, Антоні, стрыманьня, зьмераньня, послуху і маўчаньня прыклад, моцны шчыт веры праваслаўнай.
Радуйся, Феадосій, манахаў пахвала; радуйся, манастыра твайго надзвычайнае ўпрыгожаньне.
Радуйся, Міхайла, наш першы архіпастыр і настаўнік; радуйся, веры Хрыстовай стараны насаджальнік і паганства зьнішчальнік.
Радуйся, Прохар, цудатворца дабрашчасны, ты хлебам з белены ды сольлю з попелу галодных нагадаваў.

Monday, March 5, 2012

МАЛІТВА ЗА БЕЛАРУСКІ НАРОД

Сёньня над нашае Бацькаўшчынай хмары, бо перасьледуюецца і зьнішчаецца ўсё лепшае, усё самае сьветлае, што ёсьць на нашае Беларускае зямлі.... Стан беларусаў на Беларусі найлепш ілюструе апавяданьне ў аднаго афонскага манаха: "Падчас наведвання Афона адзін зняможаны вернік падышоў да іераманаха і папрасіў памаліцца за палітзняволеных сваёй краіны. Пры гэтым ён абавязкова прасіў памянуць па невялікім спісе кожнага з іх.
Іераманах уважліва паглядзеў на яго, вярнуў паперку зь імёнамі, і адмовіўся выканаць просьбу. Пілігрым разгубіўся: “Чаму, ойча? Вось жа аркуш з імёнамі...”
Святар з сумам растлумачыў: “Мне не хопіць жыцця, каб пералічыць па імёнах УСІХ ЖЫХАРОЎ ТВАЁЙ КРАІНЫ. Бо там, дзе чалавек не мае свабоды, дзе нехта прысвоіў сабе права адзінаасобна вырашаць іхнія лёсы — там зняважаная воля Госпада нашага, і ўсе вы зняволеныя. Проста большасць жыхароў тваёй краіны гэтага яшчэ не разумее...."

Таму памолімся, браты і сёстры, за нашу краіну - Сьвятую Беларусь:


Выратуй, Гасподзь, народ Свой і выратуй мяне.
Але калі не выратуеш народ Твой, а выратуеш мяне, я і ў раю буду як ў вязьніцы цёмнай.
Пачуй, Гасподзь, малітву сьвятых і праведнікаў Тваіх, сьвяціцеля Кірылы і сьвятой маці нашае Еўфрасіньні, ды грэшнікаў народу Твайго выратуй, разам са мной, грэшным і нямоглым.
Як Ты выратоўваў Ерусалім ад бязбожніка і крыўдаў, так выратуй і Беларусь ад згубы нягоднага, ды апяюць усе выратаваньне ад Цябе, а не ад чалавека.

Sunday, March 4, 2012

Слова ў Нядзелю Урачыстасьці Праваслаўя

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Сёньня адмысловы дзень — дзень Урачыстасьці Праваслаўя, дзень імпрэзы Сьвятой Праваслаўнай, Саборнай і Апостальскай Царквы, Царквы Пераможнай — Нябеснай і Царквы ваяўнічай — зямной.
Сёньня, у век плюралізму, гэта значыць усеагульнай абыякавасьці, абыякавасьці да Праўды, гэта Урачыстасьць Царквы шмат каму можа здаецца архаічным і нават небясьпечным сьвятам. Бо нават тыя, хто не часта адкрывае Эвангельле, ведаюць, што ў ім гаворыцца пра любоў. Ці не самае галоўнае ў хрысьціянстве — любоў? Ці не з—за недахопу любові варожасьць і падзелы сярод хрысьціян? Так, крыніца падзелаў — у недахопе любові, але не хапае, першым чынам, не любові да блізкага свайго, але менавіта любові да Бога, — і таму азмрочваецца духоўны позірк чалавека і ужо не пазнае ён Нябеснага Айца свайго. А не ведаючы Айца, не ведае і не пазнае братоў.

Saturday, March 3, 2012

БАГАСЛУЖЭНЬНЕ У СУБОТУ ПЕРШАГА ТЫДНЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

На ранішняй

Пасьля шасьціпсальмаў сьпяваем: Бог Госпад:, на тон 2, і трапар сьвятога Хведара двойчы: Вялікія веры зьдзяйсьненьня: Слава: Цяпер: Багародзічны: Усё вышэй розуму: І звычайнае вершаслоўе. Пасьля 1 вершаслоўя сьпяваем сядальны мучанікам бягучага тону Актоіха з Багародзічным.

Пасьля 2 вершаслоўя сядальны сьвятога Хведара, тон 3

Кіпячы вераю праваслаўнай, / згасіў ты памылку ганебную, / бязбожнасьць ідаласлужэньня скасаваўшы; / і стаўшы усяспаленьням боскім, / цудатворствам абрашаеш сусьвету канцы; / пакутнік хвалебны, Хрыста Бога молі, / падаць нам вялікую міласьць.
 

Friday, March 2, 2012

БАГАСЛУЖЭНЬНЕ Ў ПЯТНІЦУ ПЕРШАГА ТЫДНЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

Пасьля прадначартальнай псальмы чытаем кафізму 18

На “Госпада клічу:”вершыры на 10, тон 5

Прыйдзіце, праваслаўныя, / будзем рабіць у сьвятле справы Боскія, / як у дзень будзем рабіць набожна, / усялякую несправядлівую распіску бліжэйшага адрынем ад сябе, / не даючы яму прытулку альбо спакусы. / Пакінем задаволеньня цела, / узрасьцім душэўныя здольнасьці, / дадзім хлеб патрабуючым, / і прыступім да Хрыста ў пакаяньні кліча: / “Божа наш, памілуй нас!” (2)
Затым сьпяваем чатыры вершыры зь актоіха, належнага тону.

Затым саматоныя 4, сьвятога Хведара, тон 2

Прыйдзіце ўсе, любячыя мучанікаў, / духоўна ўзьвяселімся і ўзрадуемся, / бо прапануе ў гэты дзень трапэзу таямніча мучанік Хведар, / весялеючы нас, любячых сьвяткаваць, / і тым падахвочвае заклікаць да яго: / “Радуйся пакутнік непераможны, / пагрозы тыранаў на зямлі зваяваўшы. / Радуйся, тленнае тваё цела за Хрыста Бога аддаўшы на мучэньня. / Радуйся ў розных бедах выявіўшыся / сапраўдным ваяром нябеснага войска. / Таму молім цябе, мучанікаў упрыгожаньня, / замаўляй аб душах нашых.

Sunday, February 26, 2012

Нядзеля сырная. Эвангельля аб посьце

Сьвяціцель Мікалай Сэрбскі (Вельяміравіч)
Не здавацца ворагу – вось асноўнае правіла ваяра на поле бітвы. Ваявода зараней папярэджвае усялякага ваяра аб пагрозе подступаў ворагу, каб той не быў падмануты і ўзяты ў палон. Пакінуты ў адзіноце, галодны, замёршы і распрануты ваяр выпрабоўвае вялікую спакусы здацца ворагу. Ягоны стан падступны вораг будзе выкарыстоўваць усялякімі магчымымі сродкамі. І сам галадуючы, ён пачне падкідваць ваяру столькі хлеба, каб паказаць, што будзе мець ежу ў дастатку. І сам замярзаючы, у драньні і паўголы, ён будзе падкідваць яму нешта зь вопраткі, каб паказаць – будзе апрануты і багаты. Пачне ён падкідваць і лісты, у якіх будзе хваліцца ўжо забясьпечанае перамогай ды падманваць няшчаснага ваяра, кажучы, быццам ужо шматлікія палкі яго сяброў справа і зьлева ад яго здаліся, альбо ягоны генэрал забіты, альбо ягоны кароль просіць міру! Будзе ён абяцаць і хуткае вяртаньне да роднага ачагу, і пасаду, і грошы, і ўсё, што чалавеку, які знаходзіцца ў вялікай патрэбе, толькі ў сьне можа пабачыцца. Усе гэтыя хітрыкі ворага і подступы ваявода зараней апісвае ваярам, засьцерагаючы, каб яны нічому з гэтага не верылі, але ўтрымлівалі пазыцыю, не здаваліся і былі верныя свайму сьцяну нават да сьмерці.

Wednesday, February 22, 2012

Песьня абаронцаў Праўды (абраная Псальма)

Гасподзь справядлівы, — любіць праўду; аблічча Ягонае бачыць праведніка. (Пс.10:7)
І я выбраў дарогу праўды, паставіў перад сабою суды Твае. (Пс.118:30)
Бо дабрашчасныя — хто трымаецца права, хто чыніць па праўдзе ва ўсякі час! (Пс.105:3)
Таму Госпадзе! вядзі мяне па дарозе ў праўдзе Тваёй, на супастатаў маіх (Пс.5:9)
І не збаюся я процьмы людзей, што адусюль аблажылі мяне. (Пс. 3:7)
Бо ў іх вуснах праўды няма: сэрца іхняе — згубнасьць, горла іхняе — дамавіна адчыненая, лісьлівяць яны языком сваім. (Пс.5:10)
Госпадзе! — як пабольшала ворагаў маіх! як многа іх на мяне паўстае! (Пс.2:3)
Але прыйду і абвяшчаць буду праўду Ягоную людзям, якія народзяцца, якіх стварыў Гасподзь (Пс.21:32)
Я абвяшчаў праўду Тваю на зборні вялікай (Пс.39:10)
Бо вусны праведніка мудрасьць маўляюць, і язык ягоны вымаўляе праўду (Пс.36:30)
Таму і язык мой кожны дзень будзе абвяшчаць праўду Тваю, бо пасаромленыя, бо паганьбёныя тыя, што ліха шукаюць мне. (Пс.70:24)
Наведаю жазлом беззаконьне іхняе, і ўдарамі — няпраўду іхнюю (Пс. 88:33)
Калі клічу я, — акажыся мне, Божа праўды маёй! (Пс. 4:2)
Слаўлю Госпада па праўдзе Ягонай і сьпяваю імю Госпада Ўсявышняга (Пс.7:18)
Бо хто можа быць у жытле Тваім? хто можа жыць на сьвятой гары Тваёй? Той, хто ходзіць бязгрэшна і робіць па праўдзе, і гаворыць ісьціну ў сэрцы сваім. (Пс.14:1—2)
Блізкі Гасподзь да ўсіх, хто кліча Яго, да ўсіх, хто кліча Яго ў праўдзе. (Пс. 114:18)
Даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, (Пс. 17:25)
І я буду славіць Цябе на псалтыры, Тваю праўду, Божа мой (Пс. 70:22)
Бо праўда Гасподняя застаецца навечна. Алілуя. (Пс. 116:2)

Sunday, February 19, 2012

Размова аб Страшным Судзе

Мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Кожны зь нас, вядома, чакае сьмерць у тых катэгорыях, якія яму уласьцівыя. Але не трэба ствараць ілжывых катэгорый. А менавіта: наша сустрэча з Хрыстом — гэта сустрэча зь нашым Выратавальнікам. Сустрэча наша з Богам — гэта сустрэча зь невымернае любоўю. Гэта мы павінны памятаць. І мне здаецца, што Страшны суд складаецца ў тым, што ты устанеш перад тварам дасканалае любові і убачыш, як мала яе ў табе, і жахнесься. Але гэта не значыць, што тут жа пачынаецца пакута. Можа быць, я ерэтык, вы можаце мяне спаліць, раней чым я сыду адгэтуль, але мне уяўляецца, што Бог нас сустрэне з жалем пра тое, што мы цэлае жыцьцё пражылі — і так бясплодна пражылі, і так сапсавалі яго для сябе, не кажучы пра іншых; і Ягоная рэакцыя на нас — жаль і спачуваньне. Калі я чытаю, напрыклад, прыпавесьць пра авечак і казлоў, мяне дзівіць не тое, што казлы пойдуць на левы бок, авечкі на правы, а мяне дзівяць крытэрыі, якія Хрыстос дае на выратаваньне і пагібелі. Крытэрыі усе зводзяцца да аднаго: быў ты людзкім ці не? Накарміў галоднага? Апрануў халоднага? Даў прытулак вандроўніку? Наведаў хворага? Ці не пасаромеўся прызнаць, што твой сябар у турме? і г.д. Не гаворыцца ніводнага слова пра тое, як ты верыў, як ты маліўся, ці быў ты набожным ці не, таму што пытаньне стаіць так: калі ты не быў чалавекам, тваё чалавецтва не можа быць абагаўлёнае. Калі ты быў чалавекам, ты можаш стаць прычасьнікам Боскае прыроды (2 Пят. 1:4). І мне здаецца, што гэта ёсьць глыбока суцяшальным не ў нейкім павярхоўным сэнсе.