Monday, March 5, 2012

МАЛІТВА ЗА БЕЛАРУСКІ НАРОД

Сёньня над нашае Бацькаўшчынай хмары, бо перасьледуюецца і зьнішчаецца ўсё лепшае, усё самае сьветлае, што ёсьць на нашае Беларускае зямлі.... Стан беларусаў на Беларусі найлепш ілюструе апавяданьне ў аднаго афонскага манаха: "Падчас наведвання Афона адзін зняможаны вернік падышоў да іераманаха і папрасіў памаліцца за палітзняволеных сваёй краіны. Пры гэтым ён абавязкова прасіў памянуць па невялікім спісе кожнага з іх.
Іераманах уважліва паглядзеў на яго, вярнуў паперку зь імёнамі, і адмовіўся выканаць просьбу. Пілігрым разгубіўся: “Чаму, ойча? Вось жа аркуш з імёнамі...”
Святар з сумам растлумачыў: “Мне не хопіць жыцця, каб пералічыць па імёнах УСІХ ЖЫХАРОЎ ТВАЁЙ КРАІНЫ. Бо там, дзе чалавек не мае свабоды, дзе нехта прысвоіў сабе права адзінаасобна вырашаць іхнія лёсы — там зняважаная воля Госпада нашага, і ўсе вы зняволеныя. Проста большасць жыхароў тваёй краіны гэтага яшчэ не разумее...."

Таму памолімся, браты і сёстры, за нашу краіну - Сьвятую Беларусь:


Выратуй, Гасподзь, народ Свой і выратуй мяне.
Але калі не выратуеш народ Твой, а выратуеш мяне, я і ў раю буду як ў вязьніцы цёмнай.
Пачуй, Гасподзь, малітву сьвятых і праведнікаў Тваіх, сьвяціцеля Кірылы і сьвятой маці нашае Еўфрасіньні, ды грэшнікаў народу Твайго выратуй, разам са мной, грэшным і нямоглым.
Як Ты выратоўваў Ерусалім ад бязбожніка і крыўдаў, так выратуй і Беларусь ад згубы нягоднага, ды апяюць усе выратаваньне ад Цябе, а не ад чалавека.
Зьнясіліўся народ Твой ад чаканьня, не дапусьці да адчаю цярпеньня ягонае, Гасподзь, Гасподзь, зьнясіліўся народ Твой ад чаканьня.
Уся зямля наша пакрылася трупамі верных Тваіх, не можам капнуць, каб рыдлёўка не зазьвінела аб косьці родзічаў нашых і не адгукнулася гэта болесна ў душах нашых.
Нема каменя, які б не зрабіўся помнікам надмагільным, няма дрэва, якое б не шумела над магілай беларуса. Уся зямля беларуская ператварылася на могілкі.
Зьмілуйся над намі, Гасподзь, і выратуй народ Свой, са мной альбо без мяне.
Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.