Sunday, March 18, 2012

Слова ў Крыжапаклону нядзелю

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Сёньня, у сярэдзіне Вялікага пасту, Сьвятая Праваслаўная Царква шануе Сьвяты Крыж Гасподні, той Крыж, на якім Хрыстос Выратавальнік прынёс Сябе ў ахвяру за выратаваньне роду чалавечага. Гэта глыбока сымбалічна, бо, калі сілы падзьвіжнікаў слабеюць і хрысьціяне стамляюцца, Царква усталявала вынесьці Сьвяты Крыж на сярэдзіну сьвятога храма для сузіраньня і цалаваньні. Выносіцца ён для таго, каб з глыбокай павагай гледзячы на яго і прыкладваючыся да яго, чэрпалі мы ад гэтай сьвятыні для сябе бадзёрасьць духу і ішлі на далейшае зьдзяйсьненьне цяжкага, але дабрадатнага подзьвігу Вялікага посту.
Бо перад вачамі нашымі ляжыць для поўнай глыбокай пашаны і цалаваньня Крыж Гасподні, сіла якога часта услаўляецца ў царкоўных малітвах і гімнах; то я жадаю, дарагія браты і сёстры, сказаць вам некалькі слоў пра ягоную сілу, месца ў нашым праваслаўным жыцьці. Калі думаем пра Сьвяты Крыж Гасподні, то зь аднаго боку усюды бачны яго дзіўную сілу і не ведаем на чым спыніцца, які выпадак узяць для прыкладу жыватворчай сілы Крыжа, яго вечнага месца ў справе нашага выратаваньня.
Крыжам адзначана усё жыцьцё хрысьціяніна ад нараджэньня да самай сьмерці. Пры Таямніцы хрышчэньня на нас ускладаецца сьвятаром крыжык, які мы павінны насіць заўсёды на сваіх грудзях, не здымаючы яго ні пры якіх акалічнасьцях нашага жыцьця. Калі ў храм прыходзіць шлюбная пара для зьдзяйсьненьня Таямніцы Шлюбу, адной зь сямі Таямніц нашай царквы, то ў канцы Чыну Шлюбу сьвятар абводзіць шлюбную пару вакол аналоя, на якім ляжаць Сьвятое Эвангельле і Крыж Гасподні. Гэта знак таго, што цэнтрам, стрыжнем жыцьця гэтай новай пары, якая нясе новае жыцьцё ў наш сьвет, павінны быць крыж і слова Боскае Эвангельле…
Не будзем забываць: Сьвяты Крыж для хрысьціяніна зьяўляецца і непераможнай зброяй. Сьвятая Царква ў сваіх песьнях кажа нам: “Гасподзь, зброя на сатану - Крыж Твой даў нам: бо трапеча і трасецца, не можа глядзець на сілу ягоную”. Крыж агароджвае хрысьціяніна ва усіх акалічнасьцях ягонага жыцьця.
Адзін афонскі манах, кажучы пра мэту свайго жыцьця, сказаў: “Маім жаданьнем ёсьць тое, каб у гэтым жыцьці заслужыць крыж на сваёй магіле…” Удумаемся ў гэтыя словы, бо быць Праваслаўным у духу гэта значыць ісьці за Хрыстом. Менавіта пра гэта нагадвае Царква ў сярэдзіне Вялікага пасту, калі ў цэнтар храма выносіцца Крыж Гасподні і калі на Літургіі гучаць уладныя словы Выратавальніка: “Хто хоча ісьці за Мною, зрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною сьледам” (Мк. 8, 34).
Аднак сёньняшняя нядзеля павінна стаць для нас зь вамі не толькі днём глыбокай пашаны сьвятому жыватворчаму Крыжу Госпада, але і днём разважаньня: А што ж азначае для нас, праваслаўных, гэты Крыж?
Сын Божы кажа: Хто не нясе крыжа свайго і ня ідзе за Мною, ня можа быць Маім вучнем” (Лк. 14, 27). Крыж гэта наш жыцьцёвы шлях, шлях жалобы, бедзтваў, пакут, гора, што нярэдка перасьледуюць чалавека зь дзяцінства да самай сьмерці. Гэты крыж зьяўляецца доляй кожнага чалавека на зямлі. І прытым у кожнага зь нас ёсьць свой крыж, які мы павінны несьці, жадаем гэтага ці не. Ніхто не вольны ад гэтага нясеньня крыжа. І добра таму, хто нясе свой крыж пакорліва, годна праваслаўнага хрысьціяніна. Мы павінны быць вучнямі Хрыстовымі не па імю толькі, але і па жыцьці. Напрыклад, наведала нас цяжкая хвароба ці згубілі мы сваіх родных, сяброў і дабрадзеяў, якіх забрала няўмольная сьмерць, ці хтосьці нас дарма бэсьціць, ці іншая якая бяда ці крыўда - мы не павінны стогнуць і падаць духам, але усё цярпець і лічыць няшчасьце цалкам заслужаным і нават малым у параўнаньні зь нашымі грахамі. Гэта крыж наш, які дастаўся нам у гэтым жыцьці, яго трэба узяць і несьці па прыкладу Выратавальніка.
Але разам з грозным напамінкам пра суд і жалобу, Сьвяты Крыж нагадвае усім нам і пра тое, што Крыж Хрыстоў зьяўляецца і знакам любові, невымоўнае, бязьмежнае любові да нас Выратавальніка і Бога, што гэта менавіта бясконцая любоў давяла Яго да Крыжа, да сьмерці, а нам адкрыла шлях выратаваньня і браму Царства Нябеснага.
Сёньня, калі мы стаім у сярэдзіне Вялікага пасту, Царква нагадвае нам у Эвангельскім чытаньні пра той Крыж, які кожны зь нас павінен несьці на сваіх плячах. І гэта невыпадкова. Тыя нягоды, якія мы вольна ці мімаволі з радасьцю ці са смуткам усклалі на сябе падчас Вялікага пасту, далі нам адчуць: Што ёсьць крыж, які кожны нясе на сваіх плячах у гэтым сьвеце, што такое той крыж, які нам запавядаў несьці Выратавальнік. Хтосьці са скрухай, а хтосьці, спадзяюся, з радасьцю адчуў ягоны цяжар на сваіх плячах і адчуў, тым самым, што папярэднія некалькі тыдняў Вялікага пасту не прайшлі дарэмна. Ён пачаў яшчэ больш ясна адчуваць, што зямны жыцьцёвы шлях гэта хросны шлях.
Будзем жа памятаць, што нясеньне Крыжа на сваіх плячах гэта сапраўды подзьвіг, што, калі мы адважваемся зваць сябе хрысьціянамі і насіць на сабе Крыж Гасподні, мы павінны быць гатовымі да таго, што наша жыцьцё будзе напоўнена не радасьцю, а смуткам, не весялосьцю, а пакутай, і толькі тады мы штосьці зразумеем у царкоўным жыцьці, толькі тады мы штосьці зразумеем у хрысьціянстве. Крыж зьяўляецца знакам таго, што мы з годнасьцю і мужнасьцю, якія былі ў Бога нашага Ісуса Хрыста, з пакорай і любоўю, якімі Ён адорваў усіх людзей у гэтым сьвеце, пойдзем за Хрыстом і з Хрыстом. І Крыж, які некалі зьяўляўся прыладай сьмерці, зробіцца і для нас зь вамі прыладай выратаваньня, і тады той маленькі крыжык, які мы носім на сваіх грудзях, зробіцца сапраўды знакам нашай сапраўднае хрысьціянскае годнасьці перад Богам.
Будзем моліцца Богу нашаму, што б блаславіў нас у гэту, Крыжапаклону, нядзелю, каб мы сапраўды прасякнуліся гэтымі словамі пра важнасьць крыжа, каб гэты знак зрабіўся для нас той пуцяводнай зоркай, за якой Бог заклікае нас крочыць. Амін.
прат. Сяргей Горбік
Львоў, 5/18 сакавіка 2012 л.Б.
 

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.