Sunday, June 7, 2009

Чытаньні дня:

Чытаньне Апостальскае на 25 траўня/ 7 чэрвеня 2009 л. Б.

Дзеі Сьвятых Апосталаў, пач. 3

Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе яны былі аднадушна разам. І раптам зрабіўся шум зь неба, як бы ад павеву моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны былі. І зьявіліся ім языкі падзеленыя, як бы вогненныя, і апусьціліся па адным на кожнага зь іх. І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім вяшчаць. А ў Ерусаліме былі Юдэі, людзі набожныя, з усякага народу пад нябёсамі. Калі зрабіўся гэты шум, сабраліся людзі, і захваляваліся, бо кожны чуў іх, што гавораць на ягонай мове. І ўсе зьдзіўляліся і дзівавалі, кажучы паміж сабою: гэтыя, што гавораць, ці ня ўсе Галілеяне? Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся, Парфяне і Мідзяне і Эламіты, і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Асіі, Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, што мяжуюцца з Кірынеяй, і прышлыя з Рыма, Юдэі і празеліты, Крыцяне і Аравіцяне, - чуем іх, як гавораць нашымі мовамі пра вялікія дзеі Божыя?

Дзеі 2:1–11

Чытаньне Евангельля на 25 траўня/ 7 чэрвеня 2009 л.Б.

Паводле сьвятога евангеліста Яна чытаньне, пач. 27

У апошні ж вялікі дзень сьвята стаяў Ісус і ўсклікнуў, кажучы: хто прагне, ідзі да Мяне і пі; хто веруе ў Мяне, у таго, як сказана ў Пісаньні, “з чэрава пацякуць рэкі вады жывое”. Гэта сказаў Ён пра Духа, Якога меліся прыняць тыя, што верылі ў Яго: бо яшчэ ня было на іх Духа Сьвятога, бо Ісус яшчэ ня быў праслаўлены. Многія людзі, пачуўшы гэтыя словы, казалі: Ён сапраўды прарок. Другія казалі: гэта Хрыстос. А іншыя казалі: хіба з Галілеі Хрыстос прыйдзе? ці ня сказана ў Пісаньні, што Хрыстос прыйдзе ад насеньня Давідавага і зь Віфляема, з таго месца, адкуль быў Давід? І вось адбылася наконт Яго спрэчка ў народзе. Некаторыя зь іх хацелі схапіць Яго; але ніхто не наклаў на Яго рук. І вось служкі вярнуліся да першасьвятароў і фарысэяў, і гэтыя сказалі ім: чаму вы не прывялі яго? Служкі адказвалі: ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек. Фарысэі сказалі ім: няўжо і вы ўведзены ў зман? ці паверыў у Яго хто з начальнікаў, альбо з фарысэяў? але гэты народ невук у законе, пракляты ён. Мікадым, які прыходзіў да Яго ўначы, будучы адным зь іх, кажа ім: 51. ці судзіць закон наш чалавека, калі папярэдне ня выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць? На гэта сказалі яму: і ты ці не з Галілеі? паглядзі, і ўбачыш, што з Галілеі ня прыходзіць прарок. Зноў прамаўляў Ісус да людзей і сказаў ім: Я - сьвятло сьвету; хто пойдзе сьледам за Мною, той ня будзе блукаць у цемры, а будзе мець сьвятло жыцьця.

Яна (7:37-52, 8:12)

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.