Вялікія і старажытныя скарбы, дзівосна і радасна адкрытыя, цудоўныя і незьлічоныя багацьця, вечна пададзеныя блізкім дары, слаўныя і годныя ўмелыя будаўнікі дому, дастатковыя і вялікія рэшткі Царскае трапэзы, якімі сілкуюцца жабракі – не тленнай ежай, але што знаходзіцца ў вечным жыцьці! Бо слова Эвангельскія, тыя, што шматвобразна казаў Хрыстос дзеля выратаваньня людзей, – ежа для душаў нашых.
Слаўны ж і годны Ягоны дом, Царква, умелымі будаўнікамі мае патрыярхаў і архірэяў, сьвятароў і ігуменаў, і ўсіх царкоўных настаўнікаў, якія верай і чысьцінёй наблізіліся да Бога і прынялі па дабрыні Сьвятога Духа розныя дарункі настаўніцтва і вылячэньня, у меру дадзеную ім Хрыстом. Тым да і мы, нямоглыя, беручыя кавалкі, што засталіся ад той трапэзы, насычаемся, бо ўсялякі слуга хваліць свайго гаспадара. Цяпер нам радасьць і ўсяму сьвету вясельле, браты, праз надышоўшага сьвята, у які спраўдзіліся прароцкія пісаньні праз зьдзейсьненыя Хрыстом у гэты дзень знакі. Сёньня Хрыстос уваходзіць у Ерусалім з Віфаніі, сеўшы на маладога асла, каб спраўдзілася прароцтва Захарыі, сказаўшага аб Ім: “Радуйся і весяліся, дачка Сіёну, вось Цар твой крочыць пакорны, сеўшы на маладога жарабца!”
Гэтае прароцтва разумеючы, вяселімся. Дочкамі вышэйшага Ерусаліму названы душы сьвятых, а маладой жарабец – паверыўшыя ў Яго народы зь язычнікаў, якіх Ён вызваліў, паслаўшы да іх апосталаў, ад спакушэньня сатаны.
Сёньня народы выйшлі насустрач Ісусу, трымаючы ў руках зялёныя расьліны і тым надаючы яму пашану, пасьля таго, як Ён вызваліў зь магілы Лазара і ўваскрэсіў яго зь мёртвых. Прыгожа чалавечае сьведчаньне, паверыўшы якому, народы пазналі ў Ім Сына Боскага. Ён цуды зьдзяйсьняў сярод жыдоў, а выратаваньне і мілату дараваў язычнікам. Тыя не пазналі Яго, а язычнікі прынялі Яго. Ізраіль зрокся ад паклікаўшага іх да вечнага жыцьця, а паверыўшых язычнікаў прывёў Ён у Царства Нябеснае. Для тых – падзеньне і спакуса, а канцам зямлі – паўстаньне і вера.
Сёньня апосталы паклалі рызы свае на маладога жарабца, і Хрыстос сядзіць паверх із. О, зьяўленьне вялікай таямніцы! Бо дабрадзейнасьці хрысьціян – гэта рызы апосталаў, бо сваім прыняцьцем навукі Хрыстовай стварылі набожныя людзі пасад Богу і ёмішча Сьвятому Духу: “Весялюся ў іх, – гаворыцца, – і пачну жыць у іх, і буду ім Богам, і зробяцца людзьмі Маімі”.
Сёньня народы усьцілаюць шлях Ягоны сваёй вопраткай, а іншыя зразалі зь дрэваў галіны і імі ўсьцілалі. Праведным і добрым шляхам зрабіўся Хрыстос для сьвецкіх уладыкаў і для ўсіх знатных; усьцілаючы гэты шлях міласьцінай і пакорай, без цяжкасьці ўваходзяць яны ў Царства Нябеснае. А ломячыя зь дрэваў галіны – гэта простыя людзі і грэшнікі, хто прыходзіць да Бога, выроўніваючы свой шлях болем сэрца і замілаваньнем душы, постам і малітвамі, бо сказана: “Я – Шлях, Ісьціна і Жыцьцё”.
Сёньня пачаўся рух усяго Ерусаліму праз прыход Госпада: сьпяшаюцца старыя, каб пакланіцца Ісусу як Богу; сьпяшаюцца юнакі, каб праславіць Яго за цуд уваскрашэньня Лазара; крычаць дзеці, быццам на крылах лятаючы вакол Ісуса: “Слава сыну Давыда! Дабраслаўлёны крочачы ва імя Госпада! Бог – Гасподзь і зьявіўся нам!” О, адкрыцьцё таямніцы і зьдзяйсьненьня прароцтваў! Бо старцамі названы язычнікі: бо і раней Аўраама і Ізраіля былі народы; тады, спакушаныя, сышлі яны ад Бога, зараз жа – зь верай Сыну Боскаму пакланяюцца. Узорам жа юнакоў названы годны, упадабаўшы нявіннасьць, айцоўскі чын, бо няспынна славіць ён Хрыста і творыць цуды па Боскай дабрыні. А ў дзецях выяўлены ўсе тыя хрысьціяне, якія аніяк не мудрагеляць аб Хрысьці, але для Яго жывуць і за Яго паміраюць, і прыносяць яму зарокі і малітвы.
Сёньня Анна і Каіфа зьляцца. Усім вясельле, а ім – смутак і неразуменьне. Належала б ярэйскаму чыну быць мудрым і выпрабоўваць па прарокам, не гэта лі Хрыстос, аб Якім запаведаў сыпам сваім Якаў, сказаўшы ім: “З спадчыны тваёй, Юда, выйдзе Ўладыка неба і зямлі. Ён – спадзяваньне народаў, прывязаўшы да лазы свайго маладога жарабца”. Не згадалі яны і Давыда, даўшага прароцтва аб Ім і сказаўшага: “Радуйся, Ерасалім, і рыхтуй шлях твайму Богу, бо прыйдзе Ён у Сваю Царкву, зьдзяйсьняючы цуды і падаючы знакі”, але склалі змову на Падаўцу ўсіх дабротаў, каб згубіць не толькі Ісуса, але і Лазара, і не пажадалі разам зь народам казаць так: “Вялікі Ты, Гасподзь! Голас Твой патрос глыбіні пекла і вызваліў зь іх душу памёршага, і, выратаваны, зноў павярнуўся да жыцьця Лазар!”
Сёньня ўсялякае стварэньне весяліцца, вызваляючы ад варожага палону, сёньня скаланулася брама пекла і ланцугі, і жахнуліся сілы нячысьцікаў. Сёньня пагоркі і горы салодкасьць стуменяць, нівы і палеткі прыносяць плады Богу, вышэйшыя сьпяваюць, а пякельныя рыдаюць, і дзівуюцца анёлы, бачачы ідучым па зямлі Нябачнага на нябёсах, сядзячым на жарабцы, Сядзячага на пасадзе Херувімскім, атачоным народамі Таго, Хто недасягальны для сілаў нябесных. Сёньня дзеці радасна праслаўляюць Таго, Каго са страхам праслаўляюць і Серафімы. Сёньня крочыць па шляху ў Ерусалім Той, Хто памераў неба рукамі і зямлі далоньню, сёньня ўваходзіць у Царкву не ўмяшчальны нябёсамі.
Сёньня старэйшына жрацоў напаўняецца гневам на Творцу вялікіх цудаў, сёньня кніжнікі і фарысэі зайздросьцяць дзецям, бягучым з галінкамі на сустрэч Хрысту і сьпяваючым: “Слава сыну Давыда!” Дзіўная справа! Як забіліся яны прарокаў, якія кожны па свайму пісаўшых аб Хрысьці дзеля нашага, язычніцкага, выратаваньня! “Ужо – сказана – няма прагненьня да Мяне сярод сыноў Ізраіля, зьявіўся Я да тых, хто не шукае Мяне, і скажу Я людзям чужым: “Вы людзі Мае””.
Таму, браты, годна нам, людзям Боскім, праславіць упадабаўшага нас Хрыста. Прыйдзіце, паклонімся Яму і прыпадзем, як блудніца, цалуючы ў думках Ягоныя Ўсячыстыя ногі, і адыдзем, як яна, ад злых спраў; пральём, як міро на галаву Ягоную, веру і любоў нашу; зь любоўю выйдзем, як народы, Яму насустрач і, як галіны, зломім сваю злапомнасьць; пакладзем Яму, як рызы, добрыя справы; апяём малітвамі і дабрынёй, як дзеці, сустрэнем міласьцінай патрабуючым, трыманьнем дбаньня і посту – і не зьнішчым працу саракадзённага посту, у якім мы жылі, ачышчаючыся ад усялякага бруду, каб уступіў сёньня ў наш Ерусалім Хрыстос. Бо ўвесь склад нашага цела названы Ерусалімам, як кажа Ісая: “на сваіх руках, Ерусалім, напісаў я твае сьцены і пасялюся ў табе”.
Падрыхтуем жа пакорай, быццам пакой, нашы душы, каб з прычасьцем увайшоў у нас Сын Божы і зьдзейсьніў зь вучнямі Сваімі Пасху. Пойдзем разам з пайшоўшым добраахвотна на пакуту, панясем свой крыж у цярпеньні ўсялякай крыўды, раскрыжуем сябе супрацівам граху, заб’ем нашы жаданьні цялесныя, прамовім: “Слава ў вышынях! Дабраслаўлёны Ты, прыйшоўшы на добраахвотную пакуту, якой зваяваў Ты пекла і перамог сьмерць!” і, спыніўшы на гэтым словы, увянчаем песьнямі, як кветкамі, Сьвятую Царкву і ўпрыгожым сьвята, узьнясём Богу праслаўленьне і Хрыста, Выратавальніка нашага, узьвялічым, ахінутыя мілатой Сьвятога Духа, каб, адзначыўшы ў радасьці сьвята, дасягнуць у міры трохдзённага Ўваскрэсеньня Госпада нашага Ісуса Хрыста, Якому належыць ўсялякая слава, гонар і пакланеньне, зь Айцом і Ўсясьвятым, Добрым і Жыватворчым Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.