Сьвяціцель Ян Залатавусны
І раней часта Ісус Хрыстос хадзіў у Ерусалім, але ніколі — з такой славай. Чаму ж так? Таму што тады Сам Ён не быў гэтак вядомы і час пакут Ягоных яшчэ не быў гэтак блізка. Ён жыў, не адрозьніваючыся нічым ад іншых, і па большай частцы хаваў Сябе: інакш Ягонае зьяўленьне не было б гэтак дзіўным, а ў юдэях узбудзіла б вялікі гнеў. Па меры таго, як Ён паказваў ужо шмат разоў Сваю сілу і Крыж ужо быў пры дзьвярах,— Ён услаўляўся больш і больш, і зьдзяйсьняў цуды з большай вядомасьцю, і рабіў усё, што магло запаліць веру іх. Вядома, гэта магчыма было і з самага пачатку, але было б не трэба і бессэнсоўна.
А ты памяркуй са мною, колькі ж тут створана цудаў і колькі спраўдзілася прароцтваў? Ісус Хрыстос сказаў: адшукайце асла — і тут жа прадрок, што ніхто не будзе перашкаджаць, але толькі пачуюць — замоўкнуць. Тое, што Ён незнаёмых Яму і не бачыўшых Яго просіць аддаць сваю уласнасьць, а тыя не супярэчаць, служыла немалым абвінавачваньнем супраць юдэяў, якія, быўшы сьведкамі столькіх цудаў, Ім зьдзейсьненых нават праз вучняў Ягоных, не верылі Яму.
Сапраўды, гэта немалаважная рэч. Што прымусіла бедных людзей, можа быць, земляробаў, добраахвотна аддаць сваю уласнасьць? Аддаць без усякіх пытаньняў; ці, спытаўшы, замоўкнуць і саступіць... Калі яны нічога не сказалі, калі адводзілі іх быдла, ці, калі і сказалі штосьці, але, пачуўшы, што Гасподзь яго патрабуе, саступілі без усякай супярэчнасьці,— тое і іншае роўна дзіўна. Тым больш, што яны бачылі не Яго самога, а толькі вучняў. Гэтым Ісус Хрыстос дае разумець, што Ён цалкам мог перашкодзіць жорсткім сэрцам юдэям, калі яны прыйшлі схапіць Яго; мог зрабіць іх безгалосымі, але толькі не захацеў гэтага. Зь іншага боку, Ён навучае і вучняў безадмоўна ахвяраваць усім, чаго б Ён ні запатрабаваў, нават самай душой, бо, калі незнаёмыя Яму падпарадкоўваліся Ягонаму патрабаваньню, тым больш так павінны паступаць вучні.
Далей. Ісус Хрыстос выканаў тут дваякае прароцтва: прароцтва спраў, калі усьсеў на асла, і прароцтва славеснае — словы прарока Захарыя, які прадрок, што Цар будзе сядзець на асьлі. Усьсеўшы ж на асла, Ён не толькі спраўдзіў гэта прароцтва, але і паказаў сваімі Сваімі дзеяньнямі будучыню, гэта значыць даў іншае прароцтва. Якім жа чынам? Ён прадказаў гэтым пакліканьне нячыстых язычнікаў — што Ён у іх спачывае, што яны прыйдуць да Яго і за Ім рушаць усьлед. Такім чынам, прароцтва ішло за прароцтвам.
Зрэшты, Ісус Хрыстос, па маім меркаваньні, не толькі па гэтым чыньніку спрыяў усьсесьці на асла, але і для таго, каб падаць нам правіла жыцьця. Бо Ён не толькі выконваў прароцтвы і укараняў вучэньне праўды, але тым самым выпраўляў і наша жыцьцё, усюды пастаўляючы нам за правіла задавальняць толькі крайнія патрэбы. Такое выпраўленьне нашага жыцьця Ён усюды меў на увазе. Так, калі пажадаў нарадзіцца на зямлі, то не шукаў ні багата прыбранага дому, ні маці багатай і знакамітай, але абраў бедную, якая заручана была старому працаўніку; і нарадзіўся ў пячоры, і пакладзены быў у ясьлях. Абіраючы вучняў, таксама абраў не прамоўцаў і мудрацоў, не багатых і хвалебных, але і паміж беднымі — самых бедных і ані не знакамітых. Калі пастаўляў трапезу, то або прапанаваў хлеб ячменны, або да таго часу загадваў вучням купляць на рынку; замест ложа ужываў траву; адзеньне насіў беднае, што не адрозьніваецца нават ад адзеньня людзей нізкага кляс; дому і зусім не меў; калі трэба было пераходзіць з аднаго месца на іншае, то хадзіў пешы, так што часам і стамляўся: калі садзіўся, не шукаў ні крэсла, ні мяккага ложка, але сядзеў на голай зямлі, часам на гары, часам пры крыніцы, парою ў адзіноце. Размаўляў нават і з самаранкай.
Таксама паклаў меру і для самага смутку: калі даводзілася плакаць, плакаў ціха.
Паўсюды, як я сказаў, пастаўляў правілы і межы, да якіх дазволена даходзіць, але далей якіх не павінны ісьці.
Так і зараз Ісус Хрыстос зрабіў абмежаваньне, паказваючы, што не на канях, не на мулах трэба імчацца нават у славе, але можна здавольвацца і аслом і не распасьцірацца далей неабходнага.
Прытым, паўтараю, нельга не бачыць, як спраўджваецца прароцтва і словамі, і самой справай. Якое ж гэта прароцтва? Вось, Цар твой ідзе да цябе... лагодны, седзячы на асьліцы і на маладым асьле, сыне пад'ярэмнай (Зах. 9:9). Не на калясьніцы едзе, як звычайна іншыя цары, не патрабуе даніны, не наводзіць Сабою страху, не мае дзіданосцаў, але — і тут паказвае найвялікую пакорнасьць. Спытай у юдэя: ці быў які—небудзь цар, які б на асьле заяжджаў у Ерусалім? Ён ні пра аднаго цябе гэтага не скажа, як толькі пра Яго.
Але Гасподзь, як я вышэй сказаў, Гасподзь рабіў гэта ў прадвесьце будучыні. Тут асьляня азначае Царкву і народ новы. Асьляня было некалі нячысты, але пасьля таго, як усьсеў на ім Ісус Хрыстос, зрабіўся чыстым.
Заўваж, якая дакладнасьць у пераўтварэньні! Вучні адвязваюць нявольнікаў: і юдэі і мы закліканы ў новую і дабрадатную Царкву праз апосталаў і уведзены ў яе таксама праз апосталаў. Наша шчасьлівая і хвалебная доля узбудзіла рэўнасьць у юдэях: і асёл ідзе ззаду асьляня.
Сапраўды, пасьля таго, як Ісус Хрыстос запануе над язычнікамі, тады і юдэі, па сваёй рэўнасьці, прыйдуць да Яго. Гэта і сьцьвярджае апостал Павел: Ажарсьцьвеньне спасьцігла Ізраіля часткова, да той пары, пакуль ня ўвойдуць усе язычнікі, і так увесь Ізраіль уратуецца. (Рым. 11:25 – 26)
Такім чынам, са сказанага бачна, што гэта было прароцтва. Інакш для чаго ж прароку так падрабязна казаць пра узрост асла?
Прароцтва і тое, што апосталы прывядуць іх без цяжкасьці. І сапраўды, як ніхто не перашкаджаў апосталам, калі яны павялі жывёл, так ніхто не мог спыніць іх у пакліканьні язычнікаў, калі яны улоўлівалі.
Далей. Хрыстос садзіцца не на голага асьляня, але на пакрытага рызамі апосталаў. Гэта таму, што апосталы, узяўшы асьляня, і сваё усё аддаюць, як кажа Павел: Я ахвотна буду траціць сваё і зьнемагаць сябе за душы вашыя. (2 Кар. 12:15)
Але зьвярні увагу таксама і на паслухмянства асьляня. Зусім не навучаны і не ведаўшы яшчэ аброці, ён не панёсься хутка, але пайшоў ціха і спакойна. І гэта служыла прадвесьцем будучыні, выяўляючы пакору язычнікаў і хуткую іх зьмену да добраўпарадкаванага жыцьця.
Усё гэта зьдзейсьнілася словам: вырашыў паслаўшы Мяне,— і бязладнае прыйшло ў добраўпарадкаваньне, і нячыстае зрабілася чыстым.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.