мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Мы уступаем сёньня ў пакутныя дні. Гэта дні, калі Хрыстос, па любові Сваёй да нас, дзеля нашага выратаваньня, не толькі прыняў на Сябе чалавечае цела і чалавечы зямны трагічны лёс, але час, калі адхілены людзьмі, Ён пайшоў на сьмерць для таго, каб з Крыжа мець улада сказаць: Ойча! Прабач ім, яны не ведаюць, што дзеюць... — і гэтым як бы зьняць грэх зь людзей, нават тых, якія Яго крыжавалі.
Але гэтыя падзеі часта здаюцца нам такімі далёкімі, — гэта калісьці было, дзьве тысячы гадоў таму назад: ці можам мы іх адчуць глыбока, жыва? Можам! Мы можам перасягнуць тыя выявы, якія нам дадзены ў набажэнстве, якія чаруюць наша сэрца, якія глыбока нас чапаюць, і якія, аднак, часам нам не даюць бачыць сапраўдную, жудасную трагедыю таго, што адбываецца.
І для таго, каб абнавіць у вас гэта сьвядомасьць, я жадаю вам даць прыклад таго, як іншы чалавек, у наш час, даў сваё жыцьцё, і як тыя людзі, дзеля якіх гэта жанчына, Натальля, памерла, цэлае жыцьцё пражылі пад знакам яе велічы і ахвяры.
Тое было ў дні грамадзянскай вайны. Маладая, гадоў дваццаці пяці, жанчына зь двума дзецьмі апынулася ў горадзе, які занялі чырвоныя войскі. Яна, жонка белага афіцэра, схавалася на ускраіне горада ў хаце, спадзяючыся, што аблава пройдзе і яна выратуецца. Але ў цёмную ноч да яе хтосьці пастукаўся. Яна зь жахам адчыніла дзьверы, але там быў не жах, а выратаваньне: там стаяла маладая жанчына, якая ёй сказала: Вас здрадзілі, сёньня уначы вас возьмуць на растрэл; вам трэба ў гэту ж хвіліну сысьці! Маці паглядзела на сваіх малых дзяцей і сказала: Як жа мне сысьці! Нас адразу пазнаюць, ды дзеці і не змогуць далёка прайсьці! І гэта жанчына, якая яшчэ нядаўна была проста суседкай, раптам вырасла ў меру таго, што Эвангельле заве "блізкім" — самым блізкім чалавекам, гатовым усё аддаць, усё зрабіць для іншага. Гэта Натальля сказала: Не, вас ніхто шукаць не будзе, — я тут застануся і азавуся вашым імем... — Але вас расстраляюць! — Так, — сказала Натальля, — але ў мяне няма дзяцей... І Зоя сышла зь двума сваімі дзецьмі. Натальля засталася ў цемры, якая усё згушчалася, у холадзе, які праймаў косткі; яна магла б у адно імгненьне выйсьці і стаць ізноў не Зояй, а Натальляй. Але яна не выйшла... Якія думкі ў яе тады былі? Якія страшныя спакусы: раптам мяне расстраляюць, а іх усё адно возьмуць і заб'юць, і мая сьмерць будзе марная, — ці не сысьці мне?... Яна не сышла. І калі раніцай за ёй прыйшлі і расстралялі, маці і дзеці былі выратаваны.
Гэта маці і дзеці мне блізка знаёмыя, і яны мне казалі калісьці, што яны усё жыцьцё пражылі, памятаючы, якім коштам яны жывыя, памятаючы, што ім трэба так пражыць, каб сьмерць Натальлі не апынулася марнай.
А мы? Хрыстос, Сын Божы стаў чалавекам па любові да нас; Ён быў адданы Сваім вучнем, ад Яго зрокся іншы вучань, Яго самыя блізкія апосталы уцякалі са страхам. Ён застаўся адзін, са Сваёй Маці і апосталам Янам у Крыжа; адзін Ён паміраў, нават Богам пакінуты: Божа Мой, Божа Мой, навошта Ты Мяне пакінуў?!.. — і усё гэта для таго, каб нас выратаваць.
Няўжо мы не адгукнёмся на Яго сьмерць так, як Зоя і яе дзеці адклікаліся на вольную сьмерць Натальлі? Няўжо мы не адгукнёмся, не пачнём жыць так, каб Хрысту не было б сорамна за нас, і каб нам не было сорамна, калі мы станем перад Крыжам і убачым на Ім, на Ягоных руках раны цьвікоў, на Ягоных нагах — раны цьвікоў, на плячы — рану ад крыжа, на лбу — раны ад цярновага вянку! Няўжо мы станем і скажам: Так, мы ведалі, што Ты для мяне памёр, а я пражыў у сваю волю, таму што жыць годна Цябе мне было занадта цяжка!..
Падумаем пра гэта. Калі не атрымаецца вам хадзіць у храм маліцца і стаяць перад жахам гэтага тыдня, адкрытым у набажэнстве, то думайце пра гэта дома; не толькі думайце, перажывайце, але вырашыце так з гэтага часу жыць, каб Хрыстос на вас глядзеў і казаў бы: Я не дарма памёр, — ён зразумеў кошт свайго жыцьця і меру Маёй любові! Ён жыве годна сябе і годна любові Маёй! Амін!
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.