Thursday, March 10, 2011

ГІСТОРЫЯ БАПЦ НА ЭМІГРАЦЫІ: КРЫНІЦЫ ДАСЬЛЕДАВАНЬНЯ

Гарбінскі Юры, Варшава
Як ведама, падзеі Другой Сусьветнай вайны й яе вынікі паклалі пачатак чарговай хвалі эміграцыі зь Беларусі, што доўжылася ад 1944 г. да другой паловы 1950—х гг. і мела палітычны характар. Як слушна заўважыў доктар Вітаўт Кіпель, пры выразна акрэсьленай сацыяльнай неаднастайнасьці гэтую хвалю, якую складалі сяляне, інтэлігенцыя, вайскоўцы, характарызавала “моцная беларуская нацыянальная сьвядомасьць, незалежніцкая ідэалёгія й абсалютная бескампраміснасьць да камуністычнае сыстэмы”. Паводле канфэсійнай прыналежнасьці пераважная большасьць эмігрантаў была праваслаўная, адна пятая ад агульнай колькасьці — каталікі, і невялікі адсотак — пратэстанты. Першапачаткова гэтая хваля эміграцыі затрымалася ў Заходняй Нямеччыне, Аўстрыі, Бэльгіі, Ангельшчыне, Францыі. Аднак ужо на пачатку 1950—х гг. большасьць беларусаў—эмігрантаў з гэтых краінаў перабралася за акіян — у ЗША, Канаду, Аўстралію, а таксама ў Аргентыну. Час паказаў, што ў складаных варунках эміграцыйнага жыцьця царква й рэлігія, нягледзячы на закалоты й крызысы, сталіся для многіх важнымі фактарамі захаваньня беларускага традыцыяналізму й нацыянальнай саматоеснасьці. Галоўную ролю пры гэтым адыгралі новазарганізаваныя парафіі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, адноўленай у чэрвені 1948 году ў Канстанцы (Нямеччына), і першыя беларускія прыходы ў грэцкай юрысдыкцыі ў ЗША й Канадзе.
Беспасрэдная роля царквы ў штодзённым жыцьці беларускай дыяспары адлюстраваная ў рэляцыі др. Янкі Запрудніка, які, між іншым,заўважаў:
Там, дзе была беларуская царква, людзі гарнуліся, можа, ня гэтулькі ў моц сваёй нацыянальнай сьвядомасьці, колькі ў моц сваіх пэўных больш або менш рэлігійных перакананьняў. Трэба было ўзгадоўваць дзяцей, калі сем’і былі. Трэба было трымацца пэўных хрысьціянскіх абрадаў — хрысьціцца, жаніцца. I трэба памятаць, людзі ж наогул маральныя. Яны ведалі, што Царква вучыць дабру. Царква была яшчэ такім месцам таварыскіх сустрэчаў, знаёмстваў і адначасна месцам малітвы. Сыстэматычнасьць богаслужбаў забясьпечвала тое, што калі чалавек хацеў з кімсьці сустрэцца, то ў нядзелю ў царкве на службе ён абавязкова з патрэбным чалавекам мог убачыцца. (...)
Былі пэўныя маральныя й царкоўныя законы, зь якімі грамадзтва лічылася. Людзі прыслухоўваліся, што на пропаведзях гаварылі, і выконвалі рэгулярны нядзельны цырыманіял”.
Царква ня проста прыцягвала кожнага, але, як заўважаў доктар Вітаўт Кіпель, спрыяла фармаваньню беларускага грамадзкага й царкоўнага актыву на эміграцыі:
“Людзі паходзілі больш—менш з аднаго краю, гаварылі на адной і той жа мове, елі тыя самыя аладкі, дранікі. У іх была культурная супольнасьць, а нацыянальная сьвядомасьць магла быць і зусім нізкай. Вось жа, царква, як нэўтральны грунт, дала магчымасьць усім гэтым людзям сыходзіцца рэгулярна — раз на тыдзень, або час ад часу. Гэта была агульная база, якая не вымагала нацыянальнай сьвядомасьці, але прыцягвала максымальную колькасьць людзей. (...) У такіх варунках паступова закладалася арганізацыйная аснова для беларускага грамадзка — рэлігійнага, а пры гэтым і палітычнага, і культурнага жыцьця. Усё гэта спалучалася адно ў адным.”
Пакуль не было БАПЦ беларуская эміграцыя з рэлігійнага пункту гледжаньня была зусім раскіданая.Аднаўленьне БАПЦ дазволіла ўтрымаць нацыянальна— сьвядомую эміграцыю, бо нельга было будаваць прыходаў, арганізоўваць царкву як арганізацыйную адзінку, калі няма кіраўніцтва“.
Гісторыя БАПЦ налічвае не адно дзесяцігодзьдзе й мае пэрыяды велічы й заняпаду, дасягненьні й страты. У беларускай гістарыяграфіі, пераважна эміграцыйнай, ёсьць шэраг грунтоўных публікацыяў, прысьвечаных гэтай праблеме. Аднак і сёньня дасьледніку цяжка знайсьці аўтарытэтныя аналітычныя працы, манаграфіі, якія б дэталёва разглядалі асноўныя пэрыяды разьвіцьця ідэі аўтакефаліі праваслаўнай царквы беларускага народу, гістарычны й кананічны фундамэнт БАПЦ. Да ўсяго, ненапісаная й сама гісторыя БАПЦ. Вось чаму сёньня адной з галоўных задачаў беларускай гістарыяграфіі ёсьць навуковая распрацоўка гісторыі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы наогул і яе эміграцыйнага пэрыяду ў прыватнасьці. Важная праблема гэткай распрацоўкі ў яе мэтадалягічным аспэкце — вывучэньне ідэі аўтакефаліі як магістральная ў разьвіцьці беларускай нацыянальна—рэлігійнай думкі ад часоў беларуска—літоўскай мэтраполіі да нашых дзён. I гэта зразумела, бо ў рэлігійна—гістарычных пошуках беларусаў ідэя аўтакефаліі беларускай царквы, як трапна заўважыў айцец Мікалай Лапіцкі, была “тым коранем, зь якога расьце дрэва нашае Царквы”.
Мэта гэтага артыкула — сыстэматызацыя крыніцаў з гісторыі БАПЦ, кароткі агляд—рэтраспэктыва найважнейшых публікацыяў і дасьледаваньняў, якія ў большай ці меншай ступені закраналі праблему аўтакефаліі праваслаўнай царквы беларускага народу й асабліва эміграцыйны пэрыяд гісторыі БАПЦ.
Як жа выглядае крыніцазнаўчая база матэрыялаў з гісторыі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы? Што зроблена ў гэтым кірунку? Якія аспэкты дзейнасьці БАПЦ знайшлі сваё адлюстраваньне ў публікацыях беларускіх і замежных дасьледнікаў? Адказаць на гэтыя пытаньні дазваляе беспасрэднае знаёмства з багатай навукова—культурнай спадчынай беларускай дыяспары й эміграцыйнымі архівамі, у першую чаргу, царкоўнымі.
Пры клясыфікацыі крыніцазнаўчай базы з гісторыі БАПЦ варта вылучыць чатыры асноўныя катэгорыі матэрыялаў: архіўныя дакумэнты; крыніцы эпісталярна—мэмуарнага характару; публікацыі ў беларускім, пераважна эміграцыйным, і іншамоўным друку (у сьвецкіх пэрыёдыках і царкоўна—рэлігійных выданьнях); манаграфічныя працы й апрацаваньні як друкаванага, гэтак і машынапіснага характару. Разгледзім больш канкрэтна кожную групу.
Першую і, бадай, найбольш каштоўную катэгорыю матэрыялаў да гісторыі БАПЦ складаюць архівы царкоўных інстытуцыяў, герархаў і сьвятарства, а таксама сьвецкіх рэлігійных дзеячаў. У гэтай групе варта вылучыць адносна добра захаваныя зборы кансысторыі й парафіяў БАПЦ у Гайлэнд—Парку, Нью—Ёрку, Кліўлэндзе (ЗША) і Таронта (Канада), а таксама багатую калекцыю арыгінальных дакумэнтаў і копіяў зь беларускіх парафіяў у Аўстраліі. Сярод іншых крыніцаў асаблівую каштоўнасьць мае калекцыя матэрыялаў япіскапату БАПЦ з часоў Другой Сусьветнай вайны, якая па волі лёсу разам з прыватным архівам уладыкі Філафея (Нарко) шчасьліва захавалася ў Нямеччыне.
Надзвычай каштоўная дакумэнтацыя пра функцыянаваньне Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы знаходзіцца ў архіве ўладыкі Васіля (Тамашчыка). Яе характар і дыяпазон надзвычай шырокія: гэта карэспандэнцыя, сьведчаньні й публікацыі ў справе аднаўленьня й дзейнасьці БАПЦ на эміграцыі ад 1949 году, пратаколы нарады япіскапаў БАПЦ. Сярод іншых матэрыялаў — дакумэнты й копіі асабістых папераў сьвятароў; пратаколы Япархіяльных Сабораў Япіскапаў і Япархіяльнай управы, дакумэнтацыя з парафіяў у ЗША й Канадзе; службовыя паперы й карэспандэнцыя ў справе ўладыкі Андрэя (Крыта); матэрыялы, зьвязаныя з арганізацыяй царкоўнага жыцьця ў Ангельшчыне, Бэльгіі ды Аргентыне; ліставаньне з рэдакцыямі газэтаў „Бацькаўшчына“ й „Беларус“; асабістыя паперы архіяпіскапа Васіля (Тамашчыка), нататкі, накіды й фрагмэнты ягоных рэлігійных твораў; тэксты малітваў у Кангрэсе ЗША; Калядныя й Велікодныя пасланьні Сьвяшчэннага Сабору Япіскапаў БАПЦ на чужыне. Значную частку архіву складаюць эпісталярыі: карэспандэнцыя архіяпіскапа Васіля зь япіскапамі, сьвятарствам і вернікамі БАПЦ, каштоўнае ліставаньне з архіяпіскапам Сяргеем (Ахоценка), беларускімі палітычнымі й грамадзка—культурнымі дзеячамі, царкоўным сьвецкім актывам у паваеннай Заходняй Эўропе, ЗША й Канадзе; лісты да сьвятароў і рэлігійных дзеячаў у справе арганізацыі беларускага царкоўнага жыцьця ў Аўстраліі, лісты герархаў Украінскай Праваслаўнай Царквы й Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.
Ня менш вартасным выглядае й архіў уладыкі Мікалая (Мацукевіча), дзе, дарэчы, перахоўваецца багатая калекцыя матэрыялаў царкоўнага характару, некалі перасланая герарху з Аўстраліі. Можна меркаваць, што ў гэтую “аўстралійскую” калекцыю трапіла дакумэнтацыя з прыватнага архіву архіяпіскапа Сяргея. Галоўную частку архіву архіяпіскапа Мікалая складае карэспандэнцыя з кансысторыі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, лісты да Япархіяльнай управы БАПЦ у ЗША, ліставаньне зь архіяпіскапам Васілём і архіяпіскапам Андрэем, эпісталярыі з Ангельшчыны й Аўстраліі. Зь іншых матэрыялаў варта адзначыць дакумэнтацыю ў справе Надзвычайнага Сабору БАПЦ (28 красавіка — 5 траўня 1983, Кліўлэнд) і некалькі важкіх тамоў, зьвязаных з судовымі справамі Царквы. У гэтак званай “аўстралійскай калекцыі” матэрыялаў адклаліся дакумэнты з царкоўнага жыцьця парафіяў БАПЦ Аўстраліі, карэспандэнцыя архіяпіскапа Сяргея й багатае ліставаньне мітрафорнага протаярэя Міхася Шчурко. Варта адзначыць, што ўладыка Мікалай вёў працу ў сыстэматызацыі матэрыялаў да гісторыі праваслаўнай Царквы беларускага народу. Сьведчыць пра гэта ёмістая падшыўка ксэракопіяў газэтных, часопісных і кніжных публікацыяў, што зьбіралася ад пачатку 1970—х г.г. На жаль, рэалізаваць задуманую справу цалкам уладыку Мікалаю не ўдалося.
3ь архіваў сьвятароў і рэлігійных сьвецкіх дзеячаў заслугоўваюць асаблівай увагі прыватныя калекцыі мітрафорнага протаярэя Васіля Кендыша (Самэрсэт, ЗША), Аляксандра Міцкевіча (Нью—Ёрк, ЗША) і Барыса Данілюка (Самэрсэт, ЗША), якія пашыраюць і ўдакладняюць дакумэнтальную базу гісторыі БАПЦ.
Другой важнай крыніцай для вывучэньня царкоўна—рэлігійнага жыцьця эміграцыі ёсьць матэрыялы эпісталярна—мэмуарнага характару: дзёньнікі, успаміны, вусныя й пісьмовыя рэляцыі. Іх, аднак, ня так багата, як хацелася б — у складанай эмігранцкай рэчаіснасьці далёка ня ўсё з напісанага захавалася й знойдзена. У гэтай катэгорыі крыніцаў трэба вылучыць успаміны архіяпіскапа Апанаса “На ніве Хрыстовай”, арыгінальны, закадаваны й адначасна шмат у чым супярэчлівы дзёньнік архіяпіскапа Васіля, успаміны Віктара Войтанкі—Васілеўскага “50 год Аўтакефаліі”, а таксама некалькі сшыткаў дзёньнікавых запісаў уладыкі Мікалая. Кожная з гэтых крыніцаў не пазбаўленая суб’ектыўнасьці ў ацэнках тых або іншых падзеяў, фактаў, учынкаў розных асобаў — як сьвятароў, гэтак і вернікаў. 3 гэтае прычыны шырокае выкарыстаньне ўспамінаў, дзёньнікаў, карэспандэнцыі, пісьмовых і вусных рэляцыяў, іншых крыніцаў такога кшталту пры адсутнасьці арыгінальных дакумэнтаў заўсёды будзе рабіць больш складаным аб’ектыўнае асьвятленьне й аналіз вострых і супярэчлівых момантаў у гісторыі БАПЦ на эміграцыі, зьвязаных з царкоўнымі закалотамі ці судовымі працэсамі 1960—1980—х гг. I разам з тым, кожная з гэтых крыніцаў па свайму непаўторная, важная й для разуменьня спэцыфікі царкоўна—рэлігійнага жыцьця на эміграцыі, і для асэнсаваньня гісторыі БАПЦ. Іншая катэгорыя матэрыялаў — манаграфічныя працы й дасьледаваньні абагульняльнага характару. Сярод іх вылучым наступныя аналітычныя публікацыі й крыніцы інфармацыйна—кампілятыўнага пляну.
1. Мгр. А. М. [Мартас А.] Матар’ялы да гісторыі Праваслаўнае Беларускае Царквы. (Пэрыяд савецкай і нямецкай акупацыі Беларусі.) Нямеччына, 1948.— 138 б.
2. М. Л. [Лапіцкі М., а.] Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква // Царкоўны Сьветач. №2. Саўт Рывэр, сьнежань 1951 —люты 1952. б. 5—8; 1952. №2 (3). б. 5—9; 1953. №1 (4). б. 3—8; 1954. №1 (5). б. 7—10; 1955. №1 (6). б. 5—11.
3. Гарошка Л., а. Герархія і некаторыя важнейшыя статыстычныя даныя аб Праваслаўнай Царкве ад Першае Сусьветнае Вайны да нашых дзён (1950). Парыж, 1950. — 51 б.
4. [Гарошка Л., а.] Храналёгія да гісторыі Хрысьціянства на Беларусі.Парыж, 1952.— 24 б.
5. Касяк I. 3 гісторыі Праваслаўнай Царквы беларускага народу. Нью—Йорк, 1956.— 190 б.
6. [Рэлігійны стан на Беларусі]. Нью Ёрк: БІНІМ, 1957. [Б. п.] Зборнік артыкулаў у ангельскай і беларускай мовах пра стан рэлігіі ў Беларусі.
7. Волаціч М. [Пануцэвіч В.] Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква (БАПЦ). Чыкага, 1957. — 104 б. (манускрыпт).
8. Пануцэвіч В. Матар’ялы да гісторыі БАПЦарквы. Сшытак 2. [ЗША], 1957. [Б.п.]
9. Даведкі з гісторыі аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Мэльбурн, 1960. — 9 б.
10. А. М. [Яцкевіч М., а.] ,Адзіны ратунак“. Аўтакефалія Сьвятое Беларускае Праваслаўнае Царквы. Мэльбурн, 1960. — 9 б.
11. Афанасий, Архиепнскоп. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Книга в трёх частях. Буэнос—Айрес, 1966. – 292 б.
12. Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гадах. Ч. II: Рэлігійныя справы. Лос Анжэлес, 1968. — 119 б, дадаткі; Выд. 2: 1994.
13. Лапіцкі М. Праваслаўе ў Вялікім Княстве Літоўскім за часоў панаваньня Уладыслава Ягайлы. Нью Ёрк, 1978. — 152 б.
14. Збор дакумантаў Сьв. Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы (на выгнаньні). [Аўстралія], 1983. — 193 б. Падрыхтаваны пры ўдзеле мітрапаліта Андрэя й пад рэдакцыяй кансысторыі БАПЦ.
15. Манькоўскі П. 1000 гадоў Хрысьціянства ў Беларусі. Нью Ёрк, 1988.— 26 б.
3 англамоўных працаў беларускіх дасьледнікаў заслугоўваюць увагі публікацыі Надзеі Тэадаровіч (Абрамавай) The Belarussian Autcephalous Orthodox Church і архіяпіскапа Васіля The Holy Byelorussian Autocephalic Orthodox Church, а таксама артыкул амэрыканскага славіста Томаса Бэрда Orthodoxy in Byelorussia: 1917—1980.
Чацьвёртую й апошнюю катэгорыю ў нашай клясыфікацыі крыніцаў з гісторыі БАПЦ складаюць публікацыі ў беларускім эміграцыйным і айчынным пэрыядычным друку (у сьвецкіх пэрыёдыках і царкоўна—рэлігійных выданьнях): газэтах, часопісах, царкоўных календарах і г. д.. Умоўна іх можна падзяліць на чатыры падгрупы. Да першай трэба аднесьці нарматыўныя царкоўныя тэксты (Велікодныя й Калядныя Пасланьні). Другую складаюць публікацыі інфармацыйнага характару: звароты й заклікі герархіі БАПЦ, весткі пра стварэньне парафіі, сястрыцтва, царкоўнага хору, пра першую богаслужбу ў беларускай мове, пра рэлігійныя ўрачыстасьці або прыезд высокапастаўленай духоўнай асобы, пра ўрачыстыя сакавіковыя набажэнствы ў Нью—Ёрку, Нью—Брансўіку, Чыкага, Кліўлэндзе, Дэтройце ды ў беларускіх парафіях грэцкай юрысдыкцыі ў Саўт—Рывэры, Чыкага (ЗША) і Таронта (Канада), пра новы іканастас, харугвы. Да гэтай падгрупы датычаць таксама нэкралёгі. Такія рэляцыі, паведамленьні й камунікаты звычайна публікаваліся ў газэтных ці часопісных рубрыках “3 царкоўнага жыцьця”, “3 нашага жыцьця”, “Зь беларускага жыцьця”. 5. Багатую падгрупу складаюць аглядныя артыкулы з працы царкоўных сабораў, жыцьця парафіяў БАПЦ у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Бэльгіі, Аўстраліі. 6 і гэтак званыя “юбілейныя” публікацыі, зьвязаныя з асобамі й падзеямі з гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу.
Асабліва каштоўныя матэрыялы — праблемна—аналітычныя артыкулы, прысьвечаныя, сярод іншага, пытаньню рэформы й перакладу богаслужбы ў беларускую мову. Сярод іх найперш прыгадаем сэрыю публікацыяў у газэце „Бацькаўшчына“, што пры канцы 1950—х гг. запачаткавала дыскусію ў справе беларусізацыі БАПЦ. Сутнасьць і асноўныя кірункі гэтае дыскусіі акрэсьленыя наступнымі яе аспэктамі:
1) рэлігійныя сьвятыні ў праваслаўнай царкве беларускага народу: — нацыянальны характар і форма крыжа (крыж Сьв. Эўфрасіньні—Прадславы як уласнабеларускі); — культ іконы Божай Маці; — культ беларускіх нацыянальных сьвятых; — нацыянальны характар царкоўнай архітэктуры (іканастас, нутраны й вонкавы выгляд царквы, яе назва);
2) нацыянальны характар і зьмест богаслужбаў: — пытаньне рэформы й перакладу багаслужбы ў беларускую мову; — пераклад царкоўных тэкстаў (Апостал, Эвангельле, Ойча Наш, Верую) — пераклад літургіі; — пытаньне беларускага царкоўнага пяяньня й музыкі (уласна беларускія царкоўныя кампазыцыі й рэлігійныя песьні; стварэньне Беларускага Абіходу—Васьмігалосьніка);
3) нацыянальныя звычаі й іх культывацыя ў царкоўным жыцьці на эміграцыі;
4) справа календара (стары й новы стыль): — стары каляндар як „тормаз разьвіцьця“ нацыянальнага й рэлігійнага жыцьця;
5) царкоўна—рэлігійны друк і пэрыядычныя выданьні: — друкаванае слова як фактар нацыянальна—рэлігійнага выхаваньня;
6) патрэба стварэньня царкоўных арганізацыяў (брацтваў і сястрыцтваў) і іх роля ў захаваньні беларускай нацыянальна—рэлігійнай тоеснасьці;
7) праблема пераадоленьня кансэрватызму ў справе беларусізацыі царкоўна—рэлігійнага жыцьця на эміграцыі ў шэрагах герархаў і сьвятарства БАПЦ.
Варта заўважыць, што ўсе згаданыя аспэкты дыскусіі ня страцілі сваёй актуальнасьці ў сучасным рэлігійным жыцьці й на эміграцыі, і на бацькаўшчыне. Асобныя зь іх, як прыкладам, пытаньне рэформы й перакладу богаслужбы ў беларускую мову, знайшлі свой далейшы разгляд на старонках газэты “Беларус” ў 1980— 1990—х гг.
Дыскусія на старонках газэты “Бацькаўшчына” ў справе беларусізацыі царквы выходзіла далёка за межы дзейнасьці самой БАПЦ. Яна акцэнтавала ўвагу на праблеме беларусізацыі ўсяго царкоўна—рэлігійнага жыцьця на эміграцыі, акрэсьліла яе шмат аспэктны характар і маштабы. Абумоўлена гэта было стратэгічнай мэтай аднаўленьня нацыянальна—рэлігійнага жыцьця на эміграцыі, якую вельмі трапна й выразна сфармуляваў, між іншым, адзін з удзельнікаў вышэй згаданай дыскусіі:
“Ідэя царкоўнай і рэлігійнай незалежнасьці вяжацца непадзельна з нацыянальнай незалежнасьці кожнага народу, а паняволенага ў асаблівасьці. Змагацца толькі за палітычную й гаспадарчую незалежнасьць свайго народу, а заставацца ў царкоўнай, духовай залежнасьці ад сваіх палітычных і нацыянальных ворагаў — гэта ніякае змаганьне. (...) Незалежнасьць палітычная й нацыянальная мусіць вырастаць з душы народу, з духовай, псыхічнай, культурнай, моўнай, абрадавай, звычаёвай і г. д. незалежнасьці чалавека, зь ягонага маральнага складу, да якога ворагу дабрацца ня так лёгка. I вось царква, як сапраўдная выхавальніца чалавека, мае вытварыць гэткі маральны склад чалавека пры дапамозе сваіх выхаваўчых сродкаў”.

ЗАПІСЫ БЕЛАРУСКАГА ІНСТЫТУТУ НАВУКІ і МАСТАЦТВА № 28/2004

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.