Friday, March 11, 2011

МАЛЕБНЫ КАНОН ВЕЛІКАМУЧАНІКУ ХВЯДОРУ ЦІРОНУ

твор звышгоднага Яна Дамаскіна
Песьня 1
Ірмас: Па вадзе прайшоўшы, як па сушы, / і эгіпэцкага разбэшчваньня пазьбегшы, / ізраільцянін заклікаў: / “Збавіцелю і Богу нашаму засьпяваем!”
Як Боскага змагара цябе Хведар, ведаючы, / і злучаны вечнаю любоўю да цябе, / я і душу зь целам, / і словы хвалы табе прысьвячаю.
Прадпісвалася указам брыдкім / ахвяру ідалам, а не Жывому Богу прыносіць: / але ты прыведзены быў, пакутнік, / не зь думкай зьдзейсьніць падобнае, / але каб быць Богу прынесеным.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Любоўю Боскаю працьвічаны, / у войску Сына Адзінароднага Бога Усявышняга / ты, Хведар пакутнік, паслужыў / і ў адносінах узнагарод не ашукаўся.
Цяпер і заўсёды і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Палкі Анёлаў і сьмяротных / Цябе, шлюбу не спазнаўшая Маці, усхваляюць няспынна: / бо Ты Стваральніка іх, як Немаўля / у абдымках Сваіх насіла.
Песьня 3
Ірмас:Ты — сьцьвярджэньне / зьвярнуўшыхся да Цябе, Гасподзь, / Ты — Сьвятло азмрочаным, / і Цябе апявае дух мой.
Сьпеў прыношу зь вуснаў маіх / і маленьне з пакутнай душы: / зьлітуйся над ёю пакутнік Хведар!
Цела скарыў ты, хвалебны пакутнік, / як самадзержцу розуму, / і абодвума служыш Стваральніку.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Устаў ты на суд тырана, / багасловя пра Хрыста Цара: / бо ахвяры лжывым багам / адмовіўся прыносіць, Хведар.
Цяпер і заўсёды і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Цябе усе мы, хрысьціяне, / як прыстанак і сьцяну маем заўсёды; / Цябе праслаўляем не змаўкаючы, / шлюбу не спазнаўшая.
Песьня 4
Ірмас: Пачуў я, Гасподзь, / пра таямніцу Твайго задуму, / зразумеў справы Твае / і уславіў Тваю Боскасьць.
Таямніцы Боскія розумам спазнаўшы, / паспавядаў ты, пакутнік Хведар, / збавеньне годнае / праз Боскае нараджэньне.
Палкім бажаство лічылі / служачыя запалу, / якіх ты выкрыў, пакутнік Хведар, / Духам адукаваны.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Молім стаць збавіцелем / цябе, вялебны Хведар, апяваючым / ад розных няшчасьцяў і запалу, / прынёсшы пра нас сваё прашэньне.
Цяпер і заўсёды і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Няўробленая Ніва, Багародзіца, / узрасьціўшая Колас жыватворны, / падаючы сьвету жыцьцё, / выратоўвай апяваючых Цябе.
Песьня 5
Ірмас: Са сьвітанку выгукваем Табе, Гасподзь: / “Выратуй нас, бо Ты Бог наш, / акрамя Цябе мы іншага не ведаем!”
“Любіце упадабаўшага нас Госпада”, — выгукваў ты, пакутнік Хведар, / з табою пакуту церпячым мучанікам.
Як палаючае сэрцы рэўнасьцю / багіню ілжывую зь яе капішчам / ты, пакутнік, аддаў полымю.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Сілаю непераможнаю, Хведар пакутнік, / варвараў дзёрзкасьць / і мой запал зьнішч.
Цяпер і заўсёды і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Як Дзеву пасьля родаў / мы апяваем Цябе, Багародзіца: / бо Ты Бога—Слова / у целе сьвету нарадзіла.
Песьня 6
Ірмас: Зьлітуйся над мной, Выратавальнік, — / бо шматлікія беззаконьні мае, — / і з глыбіні зла выведзі, малю; / бо да Цябе я заклікаў, — і Ты пачуй мяне, / Божа выратаваньня майго!
Якое слабае, якое нямоглае / мітусьлівых богаў ганарыстасьць! / Для абароны сваёй у людзях яны мелі патрэбу, / і былі пераможаны супрацівам / праўдзівых сьведкаў, / абвяшчаючых праўду. (2)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Умацаваны сілаю Боскай, / ты вялебны Хведар, мучанікаў слава, / як на стрэлы немаўлятаў / пазіраў на пакуты ганебных, / вечнасьць выгод будучых прадбачачы.
Цяпер і заўсёды і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Ды пазбавімся ад цяжкіх грахоў / маленьнем Тваім, Боская Маці Чыстая, / і ды дасягнём, Усячыстая, Боскага азарэньня / ад Цябе невымоўна увасобленага Сына Боскага.
Кандак, тон 8
Веру Хрыстову як шчыт прыняўшы унутр, у сэрца тваё, / ты сілы варожыя растаптаў, шматпакутны, / і вянком нябесным увянчаны быў навекі, Хведар, / як непераможны.
Песьня 7
Ірмас: Зь Юдэі прыйшоўшыя юнакі / у Бабілёне некалі / вераю ў Тройцу растапталі полымя печы, апяваючы: / “Божа айцоў нашых, дабраслаўлёны Ты!”
Зьведаў ты целам раны / за зьведаўшае дзеля нас у целе раны Слова / і Яму з падзякай радасна заклікаў, / пакутнік Хведар: / “Божа айцоў нашых, дабраслаўлёны Ты!”
Як у труне па Сваёй волі быў пакладзены / і запячатаны Збавіцель усіх, / так у вязьніцы запячатанай ты усяліўся, / пакутнік Хведар, усклікаючы: / “Божа айцоў нашых, дабраслаўлёны Ты!”
Забіўшы ў сабе і адрынуўшы / запал цела па сваёй волі, / ты не ежай, пакутнік, / але любоўю Боскай сілкуючыся, сьпяваў: / “Божа айцоў нашых, дабраслаўлёны Ты!”
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
У вязьніцы як некалі юнакоў у печы / Адзін зь Нятленнай Тройцы, зьявіўшыся, / падбадзёрвае цябе, пакутнік, сьпяваючага: / “Божа айцоў нашых, дабраслаўлёны Ты!”
Цяпер і заўсёды і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Наша выратаваньне пажадаўшы уладкаваць, / Ты, Выратавальнік, усяліўся ва улоньне Дзевы, / Якую Абаронцам сьвету паказаў. / “Божа айцоў нашых, дабраслаўлёны Ты!”
Песьня 8
Ірмас: Сем разоў печ / Халдзейскі уладар / для шануючых Бога ў апантанасьці распаліў; / але сілай вышэйшаю выратаванымі іх убачыўшы, / да Творцы і Збавіцеля заклікаў: / “Юнакі дабраслаўляйце, сьвятары апявайце, / людзі узьнімаеце ва усе стагодзьдзі!”
Пашкоджаны розумам начальнік беззаконных / цябе, богабаязнага, ганебна ганіў: / “Што ты, неразумны, надзеі усклаў на Чалавека, / сьмерцю гвалтоўнай памерлага?” Але ты заклікаў: / “Юнакі дабраслаўляйце, сьвятары апявайце, / людзі узьнімаеце ва усе стагодзьдзі!”
Як разважлівы і разумны распарадчык мілаты, / па падараванай табе ад Бога літасьці, / заклікаў ты, Хведар, загад ганебны аддаўшаму: / “Хай падобная ганьба / спасьцігне мяне і усіх сьпяваючых: / Юнакі дабраслаўляйце, сьвятары апявайце, / людзі узьнімаеце ва усе стагодзьдзі!”
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Па—юнацку ты змагаўся, рашуча выкрываў: / “Што шалееш”, — тырану усклікаў, — / “загадваючы тварэньням ушаноўваць ілжыва, / пакінуўшы Стваральніка? Але я сьпяваю: / Юнакі дабраслаўляйце, сьвятары апявайце, / людзі узьнімаеце ва усе стагодзьдзі!”
Цяпер і заўсёды і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Рэчавымі формамі, і рознымі загадкамі, / і сымбалічнымі і вобразнымі выразамі / прадвясьцілі багаслоўныя нараджэньне ад Цябе, / звышнатуральнае і цудоўнае, Дзева; / таму мы з радасьцю усхваляем Цябе поўна глыбокай пашаны, / Хрыста узьнімаючы ва усе стагодзьдзі.
Песьня 9
Ірмас: Цябе, не ведаўшую шлюбу Маці Боскую і Дзеву, / Цябе вышэй розуму зачаўшую праз слова праўдзівага Бога, / вышэйшую чыстых Сіл, / мы не змаўкаючым праслаўленьнем славім.
Сутнасьць пакутніцтва твайго / — да Бога любоў, Хведар. / Таму і прайшло цела тваё рэчавае полымя, / зь якога адышоў ты да Полымя Боскага, цешачыся, / пакутнік, слуга Божы Хведар.
Мучанік праслаўлены! / Папаліўшы, ты не быў апалены: / бо ты папаліў зман, але прад Богам стаіш, / жывучы і ў Ім, як пакутнік, вяселячыся, / пакутнік, слуга Божы Хведар.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Мы ведаем Цябе, Адзінага Хрыста, / адзінага з Тройцы, у двух дасканалых існасьцях: / выратуй гэты Твой народ, / які набыў Ты каштоўнаю Тваёю кроўю, / малітвамі Хвядора пакутніка.
Цяпер і заўсёды і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Цябе, якая насіла ў абдымках нябачнага Бога, / апяваемага на нябёсах усім войскам Бесьцялесных, / і праз Цябе нам даруючы заўсёды / выратаваньне ў цяжкіх абставінах, заклікаем.
Ірмас: Цябе, не ведаўшую шлюбу Маці Боскую і Дзеву, / Цябе вышэй розуму зачаўшую праз слова праўдзівага Бога, / вышэйшую чыстых Сіл, / мы не змаўкаючым праслаўленьнем славім.
Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, памілуй нас. (3)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Трапар велікамучаніка Хвядора, тон 2
Вялікія веры зьдзяйсьненьня! / У крыніцы полымя, як на вадзе адпачываньня, / сьвяты мучанік Хведар цешыўся. / Бо ён, у полымі спалены, / як хлеб прыемны быў Тройцы прынесены. / Ягонымі малітвамі, Хрысьце Божа, выратуй душы нашы.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Кандак, тон 8
Веру Хрыстову як шчыт прыняўшы унутр, у сэрца тваё, / ты сілы варожыя растаптаў, шматпакутны, / і вянком нябесным увянчаны быў навекі, Хведар, / як непераможны.
Цяпер і заўсёды і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Як абарону і магутную падтрымку / усе мы, зграшыўшыя, набылі, Усячыстая, / Тваю гарачую дапамогу, Дзева—Маці Марыя, / хрысьціян выратаваньне. / Таму не спыняй маліць Выратавальніка за нас / пра дараваньні прабачэньня.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.