Saturday, March 5, 2011

АНАЛІЗ ГРАФІЧНЫХ ВЫЯВАЎ САФІЙСКАГА САБОРУ Ў ПОЛАЦКУ

Н. Кушнярэвіч
Адной зь самых цікавых, загадкавых і трагічных старонак мураванага дойлідзтв Беларусі зьяўляецца сакральная і архітэктурна—будаўнічая гісторыя Сафійскага сабора ў Полацку. Помнік захаваўся значна горш за аднайменныя храмы Кіева і Ноўгарада, але гэта не зьменшыла навуковага інтарэсу да яго.
Храм вывучалі расійскія дасьледчыкі А.П.Паўлінаў, П.П.Пакрышкін, К.В.Шыроцкі, М.І.Бруноў, І.М.Хозераў, М.К.Каргер, П.А.Рапапорт, а таксама беларускія навукоўцы М.М.Шчакаціхін, М.А.Ткачоў, В.Р.Сьлюнчанка, Г.В.Штыхаў, А.А.Трусаў і інш. Заключны этап яго архітэктурна—археалягічных дасьледаваньняў быў праведзены ў 1975—1980 гг. навукоўцам зь Ленінграда В.Булкіным [1]. Вынікі гэтай працы дазволілі адказаць на многія пытаньні, зьвязаныя з гісторыяй храма і эвалюцыяй яго аб’ёмна—прасторавай структуры.
Аднак да апошняга часу не была удакладнена і растлумачана вэрсія аб прыстасаванасьці полацкага Сафійскага сабора да абароны. Амаль што адначасова гэту гіпотэзу выказалі польскі гісторык С.Александровіч, а таксама беларускі археоляг М.Ткачоў. На іх думку, у канцы XV—першай палове XVI ст. сабор быў перабудаваны зь сямікупальнага ў пяцівежавы храм абарончага тыпу. Пятая вежа, як адзначыў М.Ткачоў, узвышалася над цэнтральнай часткай храма [2]. Падчас раскопак В.Булкіна не былі выяўлены рэшткі гэтых вежаў, хоць падмурак ХI ст. захаваўся па усяму пэрымэтр храма. Выявы вежаў можна знайсьці на акварэлі С.Пахалавіцкага 1579 г. “Штурм Полацка войскамі Стэфана Баторыя, 11—30 жніўня 1579 г.” і на шведзкім плянэ, складзеным пасьля захопу горада войскам Карла ХII у 1706 г. М.Ткачоў выявіў шэраг пісьмовых крыніц, якія ускосна сьведчаць, што полацкая Сафія стала прататыпам чатырохвежавых храмаў ВКЛ. Прапанаваная С.Александровічам і М.Ткачовым гіпотэза грунтавалася на пісьмовых і выяўленчых крыніцах і уяўлялася навукова аргумэнтаванай.
Спачатку аўтар гэтага артыкула цалкам яе падзяляў. Адсутнасьць рэшткаў вежаў ён патлумачыў у сваёй манаграфіі “Культавае дойлідзтв Беларусі ХIII—XVI стст.” тым, што яны па прычыне вострай ваеннай неабходнасьці былі прыбудаваны на неглыбокіх падмурках па вуглах храма [3]. На думку Т.Габрусь, вежы не былі выяўлены таму, што яны “не былі круглымі, узьведзенымі ад падмуркаў, як лічыў Ткачоў, а надбудаваны над квадратнымі ў плянэ вуглавымі часткамі (кампартамэнтамі) старажытнага сабора” [4]. Пры больш глыбокім аналізэ гэтай гіпотэзы відаць яе неадпаведнасьць поліцэнтрычнаму характару разьвіцьця культуры ВКЛ. Відавочным зьяўляецца таксама той факт, што зь утварэньнем Вялікага княства Літоўскага адбылося перамяшчэньне цэнтра дойлідзтв з Полацкай зямлі на Наваградчыну і Віленшчыну. Усе вядомыя цяпер чатырохвежавыя храмы ў асноўным узьведзены ў Вільні і прылеглых да яе рэгіёнах. Менавіта тут выразна прасочваецца рух насустрач архітэктуры дзьвюх хрысьціянскіх канфэсій — праваслаўя і каталіцызму і ў многім абумоўлены моцнымі уніяцкімі тэндэнцыямі XV—пачатку XVI ст. Таму тутэйшыя праваслаўныя храмы (Сынковіцкая, Супрасьльская, Мураванкаўская цэрквы і інш.) уяўляюць сабой сынтэз руска—бізантыйскага і гатычнага дойлідзтва. У Полацку не выяўлена элемэнтаў гатычнага стылю, акрамя фрагмэнтаў сасудападобнай і кратавай кафлі. Пра распаўсюджваньне готыкі ў драўлянай архітэктуры горада дакладных зьвестак няма.
Далей важна адказаць на пытаньне: ці гатовы быў Полацк матэрыяльна і тэхнічна да грунтоўнай перабудовы Сафійскага сабора? Дасьледаваньні М.Ткачова, Ю.Якімовіча, С.Тарасава сьведчаць, што ў XIV—XVII стст. сьцены полацкіх замкаў былі зроблены зь дрэва. Выяўленая ў 1980 г. В.Булкіным сядзіба полацкага епіскапа таксама была драўляная [5]. Цікава, што ў XIV—XV стст. працягваў функцыяніраваць княжацкі церам ХII ст. У XIV ст. да яго была зроблена драўляная прыбудова, якая зьяўлялася часткай палаца полацкага намесьніка [6]. Недалёка ад палаца разьмяшчалася ў XIV ст. “дворная” царква Сьвятога Мікалая, якая была узьведзена зь дрэва ў апошняй чвэрці XIV ст. Пасьля атрыманьня ў 1498 г. Полацкам Магдэбурскага права ў Вялікім пасадзе была пастаўлена драўляная ратуша [7]. У канцы XV ст. у Полацку зьявіліся бэрнардынцы, якія толькі ў XVII ст. узьвялі мураваны касьцёл з кляштарам у Запалоцьці [8]. Мураваныя былі і езуіцкія пабудовы апошняй чвэрці XVI—канца XVII ст. [9].
Праваслаўных жа мураваных храмаў, як устанавіў С. Тарасаў па пісьмовых крыніцах, у Полацку ў XIV—XVII стст. не будавалі, а толькі рамантавалі ранейшыя [10].
Аналіз прыведзеных фактаў сьведчыць, што ў XIV—XVI стст. усе важнейшыя пабудовы ваеннага, сакральнага і сацыяльнага характару ў Полацку былі узьведзены зь дрэва. Відаць, эканамічныя магчымасьці горада не дазвалялі ажыцьцявіць капітальную перабудову сабора Сьвятой Сафіі, ды, магчыма, у гэтым і не было патрэбы. Хутчэй за усё ў гэты час адсутнічалі таксама свае высокакваліфікаваныя кадры дойлідаў і майстроў па узьвядзеньні мураваных пабудоў.
У XVI ст. вокны храма былі часткова замураваны, што ператварыла іх у своеасаблівыя байніцы [11]. Напэўна, на гэтым і было завершана прыстасаваньне яго да абароны.
Для канчатковага удакладненьня яго абарончых функцый важна яшчэ раз прааналізаваць і супаставіць вядомыя гісторыка—графічныя і картаграфічныя дакумэнты XVI—XVII стст., на якіх ёсьць выявы полацкага Сафійскага сабора.
На акварэлі С.Пахалавіцкага 1579 г. помнік паказаны ў выглядзе велічнай пабудовы з чатырма вуглавымі вежамі цыліндрычнай формы і адной вежай у цэнтры аб’ёмнай кампазыцыі.
Менш інфармацыйным зьяўляецца другі малюнак С.Пахалавіцкага “Аблога Полацка каралём Стэфанам Баторыем”, выкананы да штурму горада войскамі Рэчы Паспалітай. Але на ім мы бачым зусім іншы храм. Гэта вежападобная двух’ярусная пабудова, якая мае па баках паніжаныя часткі, толькі прыблізна падобныя на вежы. Гэты малюнак вядомы ў некалькіх копіях з пэўнымі дапаўненьнямі. Адна зь іх выканана ў канцы XVI ст., як адзначае С.Тарасаў, Янам Баптыстам, які паказаў сабор як трохнефавую аднакупальную пабудову.
Акрамя двух вышэйзгаданых малюнкаў С. Пахалавіцкі зрабіў таксама карту Полацкай зямлі [12], ілюстраваную выявамі гарадоў Падзьвіньня. На гэтай карце сабор Сьвятой Сафіі ужо не пяцівежавы, а аднакупальны праваслаўны храм.
На усіх трох малюнках С.Пахалавіцкага, зробленых прыкладна ў адзін і той жа час, помнік мае розны архітэктурны выгляд. Таму можна зрабіць вывад, што перад намі не што іншае, як сымбалічныя выявы Сафійскага сабора.
Сымбалічныя выявы сабора разьмешчаны і на шведзкім плянэ Полацка 1707 г., дзе храм мае выгляд аднакупальнай пабудовы з трыма вежамі па вуглах. На гэтым плянэ намалявана яшчэ адна царква аналягічнай аб’ёмнай кампазыцыі. На думку М.Ткачова, гэта быў хутчэй за усё храм Сьвятога Мікалая, пастаўлены на тэрыторыі Вялікага пасада [13].
У вышэйзгаданай манаграфіі аўтара артыкула ў пачатку раздзела, прысьвечанага храмам абарончага тыпу, у пацвярджэньне графічнай вэрсіі аб прыставаньні Сафійскага сабора да абароны была зьмешчана выява з гравюры ХIХ ст. “Ефрасіньня Полацкая”, дзе помнік намаляваны зь усходняга боку ў выглядзе кампактнага чатырохвежавага храма. Аднак дэталёвае вывучэньне гэтага графічнага матэрыялу сьведчыць, што эфэкт асобна стаячых вежаў утваралі тры апсіды*, якія мелі самастойныя дахі шатровай формы.
Для пацвярджэньня далейшых высноў важна таксама згадаць гравюру “Штурм Полацка маскоўскім войскам” з “лятучага лістка” 1563 г., які ў гэты час выдаваўся ў Нюрнбэргу, Аўгсбургу, Любеку і іншых нямецкіх гарадах [14]. На гэтай гравюры Полацк паказаны эўрапейскім горадам са шчыльнай гатычнай забудовай. Менавіта такім яго уяўлялі жыхары ганзэйскіх гарадоў. Таму пры дасьледаваньні сярэдневяковых графічных і картаграфічных выяў гарадоў важна улічваць, у якім культурным асяродзьдзі выхоўваліся іх стваральнікі. Аўтарамі вышэйзгаданых выяў Сафійскага сабора былі мастакі, чые архітэктурныя веды і мэнтальнасьць фарміраваліся пад уплывам вежавых кампазыцый каталіцкіх храмаў.
Шматлікія архітэктурныя сымбалі Сафійскага сабора важна суаднесьці зь данымі пісьмовых крыніц, каб вызначыць, у якой ступені гэтыя выявы адпавядаюць рэчаіснасьці. Так, напрыклад, не пацвярджае абарончага прыстасаваньня Сафійскага сабора апісаньне, зробленае асабістым сакратаром Стэфана Баторыя Р.Гейдэнштэйнам, які адзначыў, што “храм у замку агромністы, на прыгожай мясцовасьці і цудоўна пабудаваны з каменьня” [15]. Яно хутчэй за усё сьведчыць пра тое, што ў другой палове XVI ст. помнік у асноўным захоўваў архітэктурны выгляд ХI ст. Калі б абарончыя функцыі сабора былі яскрава выражаны ў зьнешнім выглядзе, то Р.Гейдэнштэйн гэта б адзначыў.
На існаваньне вежаў не указваюць і летапісныя крыніцы, прысьвечаныя аблозе Полацка войскамі Івана Грознага ў 1563 г. Не узмацняе аргумэнтацыю пра абарончыя функцыі храма і той факт, што ў 1579 г. маскоўскі ваявода і полацкі епіскап Кіпрыян зачыніліся ў Сафійскім саборы і апошнімі здаліся на міласьць вялікага князя літоўскага і караля польскага Стэфана Баторыя, бо мураваныя храмы выкарыстоўваліся як сховішча ад ворага ў старажытнарускіх землях яшчэ ў ХIII ст.
Асаблівай увагі заслугоўвае сьведчаньне архімандрыта гродзенскага кляштара базыльянаў Ігнація Кульчынскага пачатку XVII ст., што уніяцкі архіепіскап Полацкі і Віцебскі Іасафат Кунцэвіч “у чатырох вуглавых вежах вярхі непатрэбныя і царкве ніякай красы не прыдаваўшыя скінуў, а сярэднюю вежу, прыгожа аздобіўшы, зрабіў яшчэ больш высокай” [16]. Гэтыя зьвесткі дазволілі С.Александровічу сцвярджаць, што вежы былі увогуле разбураны [17].
Аўтар праекта рэстаўрацыі помніка В.Сьлюнчанка, які падвяргаў сумненьню яго абарончае прызначэньне, лічыў, што былі зьнішчаны чатыры малыя купалы, а цэнтральны замест сфэрычнага атрымаў шатровае завяршэньне [18]. Аднак такая перабудова сабора, больш падобная на яго разбурэньне, магла выклікаць дадатковае супраціўленьне увядзеньню уніяцтва з боку палачан. М.Ткачоў на аснове паведамленьня І.Кульчынскага і шведзкага пляна 1707 г. выказаў меркаваньне, што вежы засталіся, а было перароблена толькі іх завяршэньне [19]. На нашу думку, І.Кульчынскі меў на увазе хутчэй за усё іх цыбулепадобную форму даху. Аналягічную форму, напрыклад, у першай палове XVII ст. мелі вежы і купал Супрасьльскай царквы. Такі дах па загаду І.Кунцэвіча, напэўна, быў заменены на дах шлемавіднай формы.
Згаданае паведамленьне І.Кульчынскага сьведчыць, што зь усіх вядомых графічных выяў Сафійскага сабора больш за усё рэчаіснасьці адпавядаюць тыя, што зьмешчаны на акварэлі С.Пахалавіцкага “Штурм Полацка войскамі Стэфана Баторыя, 11—30 жніўня 1579 г.”, а таксама на шведзкім плянэ 1707 г. Паўстае пытаньне: як можна растлумачыць, што ёсьць ускоснае упамінаньне вежаў у пісьмовых крыніцах, іх выявы на графічных і картаграфічных матэрыялах другой паловы XVI—пачатку XVIII ст., аднак падмуркаў у працэсе археалягічных раскопак не выяўлена?
Гэтая супярэчлівасьць найперш сьведчыць пра тое, што Сафійскі сабор у XVI—XVII стст. захоўваў першапачатковы архітэктурны выгляд за выключэньнем двух купалаў, якія знаходзіліся над вуглавымі часткамі нартэкса*. Хутчэй за усё яны былі пашкоджаны ў час вялікага пажару 1447 г., пра які полацкі епіскап Сімяон пісаў рыскаму магістрату: “от огню много нам и вам щекоты стало в нашои церкви умурованой в Сьвятемъ Софеи” [20]. У гэты час храм меў ужо не першапачатковы пазакамарны дах** са сьвінцовых лістоў, а драўляны. Магчыма, менавіта ў сярэдзіне—трэцяй чвэрці XV ст. храм меў ужо не сэм, а пяць купалаў. Пра гэта сьведчыць тое, што ў зьвестках пра Полацк у “Сьпісе рускіх гарадоў”, складзеным у канцы XIV ст., сказана: “Сьвятая София о седми версех” [21]. Безумоўна, складальнікі “Сьпіса...” не маглі дапусьціць неадпаведнага апісаньня сабора зь улікам яго славутай сакральнай гісторыі і высокага сацыяльна—рэлігійнага статуса.
На вуглах жа Сафійскага сабора увогуле не было вежаў. Аднак уражаньне іх наяўнасьці тут рэльефна фарміравалі архітэктурная плястыка фасадаў у выглядзе плоскіх лапатак, вузкія аконныя праёмы, камяні, што выступаюць зь муроўкі сьцен, і завяршэньне аб’ёмнай кампазыцыі ў выглядзе сьветавых барабанаў з купалам. Гэта так званая вежавасьць храма добра адлюстравана на рэканструкцыях, зробленых Г.Штыхавым, В.Сьлюнчанкам, Г.Лаўрэцкім.
Такім чынам, сымбалічнасьць выяў на гісторыка—картаграфічных дакумэнтах, адсутнасьць падмуркаў мяркуемых вежаў не дазваляюць лічыць полацкі Сафійскі сабор прататыпам абарончых храмаў Вялікага княства Літоўскага. У другой палове XV—XVII ст. помнік уяўляў сабой крыжовакупальны пяцінефавы трохапсідны руска—візантыйскі храм, які, падобна Сафійскім саборам у Кіеве і Ноўгарадзе, на працягу стагодзьдзяў захоўваў амаль што першапачатковы архітэктурны выгляд. Таму мы згодны з пунктам гледжаньня М.Шчакаціхіна, які лічыў менавіта Вільню, дзе ў пачатку XV ст. быў узьведзены касьцёл Сьвятога Станіслава з чатырма вуглавымі вежамі, месцам узьнікненьня новага абарончага напрамку ў сакральным дойлідзтв ВКЛ. Гэты помнік быў прататыпам Дабравешчанскага сабора ў Супрасьлі, Троіцкага, Прачысьценскага сабораў у Вільні, Міхайлаўскай царквы ў Сынковічах, храма Ражаства Багародзіцы ў Мураванцы, Троіцкага кафедральнага касьцёла ў Луцку, касьцёла Іаана Хрысьціцеля ў Камаях, Пэтрапаўлаўскай царквы ў Мінску.
Генэзіс і эвалюцыя чатырохвежавых храмаў сьведчыць аб пэўнай дэіерархізацыі праваслаўнага дойлідзтв гістарычнай Літвы. Традыцыя ж узьвядзеньня абарончых храмаў зарадзілася ў Беларусі яшчэ ў ХIII ст. (храм—вежа ў Мсьціславе) і працягвалася ў першай палове XVII ст. Вежы на вуглах храмаў былі не толькі фартыфікацыйнымі, але і важнымі сакральна—сымбалічнымі элемэнтамі. Праваслаўныя абарончыя храмы гістарычнай Літвы уяўляюць сабой этнарэгіянальны варыянт эўрапейскай готыкі.

1 Булкин В.А. Проблемы изучения Полоцкого Софийского собора // Древнерусское государство и славяне. Мн., 1983. б.113—114; Ён жа. Полоцкий Софийский собор XI в. // Гістарычна—археалагічны зборнік. № 15. Мн., 2000. б. 132—138.
2 Alexandrowicz St. Nowe zrуdlo ikonograficzne do oblezenia Polocka w 1559 r. // Kwartalnik historii kultury materialnej. 1971. Сz. 1. S. 6—29; Ткачоў М. А. Новае пра Сафійскі сабор // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. № 2. б. 23; Ён жа. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХIII—XVIII стст. Мн., 1978. б. 130; Ён жа. Сафія Полацкая: партрэты // Спадчына. 1991. № 2. б. 44—46.
3 Кушнярэвіч А.М. Культавае дойлідства Беларусі ХIII—XVI стст. Мн., 1993. б. 64.
4 Габрусь Т.В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. Мн., 2001. б. 34.
5 Булкин В.А. Исследования Софийского собора в Полоцке // Археологические открытия 1980 г. М., 1981. б. 331—332.
6 Раппопорт П.А., Шолохова Е.В. Дворец в Полоцке // Краткие сообщения Института археологии АН СССР. Вып. 164. М., 1981. б. 96—99.
7 Тарасаў С.В. Полацк IХ—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. Мн., 2001. б. 83—107.
8 Kantak K. Bernardyni w Polscy. Т. 1. Lwуw, 1933. S. 178.
9 Габрусь Т.В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. б. 163.
10 Тарасаў С.В. Полацк IХ—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. б. 80.
11 Слюнченко В.Г. Полоцкий Софийский собор. Мн., 1987. б. 20—21.
12 Тарасаў С.В. Полацк IХ—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. б. 10.
13 Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХIII—XVIII стст. б. 131.
14 Сагановіч Г.А. Нарыс гісторыі Беларусі. Мн., 2001. б. 191—192.
15 Сапунов А. Витебская старина. Т. 4. Витебск, 1885. б. 215—217; Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХIII—XVIII стст. б. 128.
16 Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХІІІ—XVIII стст. б. 129.
17 Alexandrowicz St. Nowe zrуdlo ikonograficzne do oblezenia Polocka w 1559 r. S. 25—26.
18 Слюнченко В. Г. Полоцкий Софийский собор. б. 20—21.
19 Ткачоў М. А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХIII—XVIII стст. C. 129.
20 Тарасаў С. В. Полацк IХ—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. б. 171.
21 Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов. М.–Л., 1950. б. 476; Тарасаў С. Полацкая Сафія: Да пытання паходжання старажытнабеларускіх архітэктурных традыцый // Каштоўнасці мінуўшчыны. Вып. 3. Мн., 2000. б. 43.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.