Saturday, March 5, 2011

ДУХОЎНЫЯ РАЗМОВЫ. РАЗМОВА 2

звышгодны Макар Эгіпэцкі
Аб царстве цемры, гэта значыцца граху, і аб тым, што толькі адзін бог можа адпусьціць нам грахі і збавіць нам ад рабства князя зла
1. Князь зла – царства цемры, найперш паланіўшы чалавека, так атачыў і апрануў душу ўладай цемры, як апранаюць чалавека, каб зрабіць яго царом і даць яму ўсе царскія рызы, і каб ад галавы да пазногцяў насіў ён на сябе ўсё царскае. Так князь зла апрануў душу грахом, усю сутнасьць яе, і ўсю апаганіў, усю паланіў у царстве сваім, не пакінуў у ёй вольным ад сваёй улады ніводнага яе члена, ні думак, ні розуму, ні цела, але апрануў яе ў парфіру цемры. Як у целе пакутывае  не адна ягоная частка, альбо не адзіны ягоны член, але ўсё яно цалкам адданае пакуце: так і душа ўся пацярпела ад хваробы пароку і граху. Злы ўсю душу, гэтую неабходную частку чалавека, гэты неабходны член ягоны, апрануў у злосьць сваю, гэта значыцца ў грэх; і такім чынам, цела зрабілася хварэючым і тленным.
2. Калі Апостал кажа: зьніміце “зь сябе старога чалавека” (Кал. 3:9), тады разумее чалавека дасканалага, у якога адпавядаюць вачам свае вочы, галаве – свая галава, вушам – свае вушы, рукам – свае рукі, і нагам – свае ногі. Бо злы, апаганіў і паланіў усяго чалавека, душу і цела, і апрануў чалавека ў чалавека старога, апаганенага, нячыстага, богазмагара, непакорнага Боскаму закону, – у сам грэх,  каб не глядзеў ужо, як належыць чалавеку, але і бачыў злога, і чуў злога, і ногі ягоныя сьпяшаліся дзеяць зло, і рукі тварылі беззаконьне, і сэрца думала аб злым. Таму, будзем і мы маліць Бога, каб зьняў зь нас старога чалавека; бо толькі адзін Бог даў зарок – пазбавіць нас ад гэтага рабства. Калі сьвеціць сонца, і дуе нейкі вецер; і ў сонца – свае цела і свая прырода, і ў ветру – свая прырода і свае цела, і ніхто няздольны аддзяліць вецер ад сонца, калі адзіны Бог не спыніць вецер, каб не дуў ён болей. Так і грэх прыляпляецца да душы; але і ў граху, і ў душы – свая ўласная прырода.
3. Такім чынам, немагчыма разлучыць душу з грахом, калі Бог не спыніць і не зьнішчыць гэты злы вецер, што знаходзіцца ў душы і целе. І яшчэ, як іншы бачыць палёт птушкі, і жадае сам лятаць; але, не маючы крылаў, лятаць няздольны: так і ў чалавека ёсьць жаданьне быць чыстым, бездакорным, не апаганеным, не мець у сябе пароку, заўсёды быць з Богам; але моцы на гэта ў яго няма. Жадае ён ўзьляцець у боскае паветра, у свабоду Сьвятога Духа; але няздольны, пакуль не атрымае крылы. Таму, будзем маліць Бога, каб даў нам “крылы голуба” Сьвятога Духа, ды паляцім да Яго і супакоімся (Пс. 54:7), і ды аддзеліць у нас злое ад душы і цела, і ды спыніць у нас злы вецер – менавіта грэх, што жыве ў членах душы і цела. Бо Яму аднаму магчыма зрабіць гэта. Сказана: “вось Ягня Божае, Якое бярэ на Сябе грэх сьвету” (Ян. 1:29). Ён адзіны людзям, веруючым у Яго, стварыў міласьць гэтую, каб збавіць іх ад граху; Ён робіць невымоўнае гэта выратаваньне тым, якія заўсёды жадаюць і спадзяюцца, і няспынна шукаюць яго.
4. Як у цёмную і глыбокую ноч дуне нейкі жорсткі вецер і прыводзіць у рух, мітусьню і трымценьне ўсе расьліны і насеньне: так і чалавек, падпаўшы пад уладу цёмнае ночы – сатаны, і знаходзіцца ў ночы і цемры, жахліва дуючым ветрам граху прыводзіцца ў трымценьне, страсаньне і рух; у яго ў страсаньні ўся прырода, душа, думкі ягоныя і розум, у трымценьні ўсе члены цела. Аніякі член душы і цела не вольны і не можа не пакутаваць ад жывучага ў нас граху. Падобна гэтаму ёсьць дзень сьвятла і боскі вецер Сьвятога Духа, які вее і ажыўляе душы, што знаходзяцца ў дне Боскага сьвятла, і пранікае ва ўсю рыроду душы, і ў думкі, і ў сутнасьць, і ўсе цялесныя члены ахалоджвае і супакойвае Боскім і невымоўным супакоем. Гэта і адлюстраваў Апостал: “бо ўсе вы – сыны сьвятла і сыны дня: мы – ня сыны ночы, ні цемры” (1 Сал. 5:5). І як там, у спакушэньні, стары чалавек зьняў зь сябе чалавека дасканалага і носіць вопратку царства цемры, вопратку апаганеньня, няверы, адсутнасьці страху Боскага, гонару, ганарыстасьці, срэбралюба, блуду, а падобным чынам, і другую вопратку царства цемры, бруднае і кепскае рызьзё: так і тут зноў, у адпаведнасьці вачам маюць свае вочы, і ў адпаведнасьці вушам – свае вушы, і ў адпаведнасьці галаве – сваю галаву, каб дасканалы чалавек быў чысты і насіў на сябе нябесную выяву.
5. І Гасподзь апрануў іх у рызы царства невымоўнага сьвятла, у рызы веры, надзеі, любові, радасьці, міру, міласэрнасьці, мілаты, а падобна, і ва ўсе іншыя боскія, жыватворчыя рызы сьвятла, жыцьця, невымоўнага спакою, каб, як Бог ёсьць любоў, радасьць, мір, дабрыня, міласэрнасьць, так і новы чалавек зрабіўся гэтым па мілаце. І як царства цемры і грэх схаваны ў душы да дня уваскрэсеньня, калі і само цела пакрыецца і будзе праслаўлена тым сьвятлом Гасподнім, якой яшчэ цяпер ёсьць у душы чалавечай, каб тады і самому целу цараваць разам з душой, яшчэ цяпер прымаючай у сябе царства Хрыстова, супакоеную і асьветленую вечным сьвятлом. Слава Ягонай шчодрасьці і дабрыні! Прабачае Ён слуг Сваіх, і адукоўвае, і збаўляе іх ад царства цемры,  і даруе ім сьвятло Свае. Яму слава і ўлада ва ўсе стагодзьдзі! Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.