Saturday, March 5, 2011

ПАВУЧАЛЬНАЕ КАЗАНЬНЕ НА ВЯЛІКІ ПОСТ 2011 г. КАНСТАНТЫНОПАЛЬСКАГА ПАТРЫЯРХА ВАРФАЛАМЕЯ

ВАРФАЛАМЕЙ
ЛАСКАЙ БОЖАЙ
АРХІЕПІСКАП КАНСТАНтыНОПАЛЬСКІ - НОВАГА РЫМУ
І сусьветны ПАТРЫЯРХ
УСЁЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ ЦАРКВЫ
ЛАСКА І МІР ЗБАЎЦЫ І ГОСПАДА НАШАГА ІСУСА ХРЫСТА, Зь НАШАЙ МАЛІТВАЙ, Дабраслаўленьнем І ПРАБАЧЭНЬНЕМ
Упадабаныя браты і дабраслаўлёныя дзеці ў Госпадзе,
“Вось, хада цноты адкрытае, усе ахвочыя спаборнічаць, уваходзьце, добра падрыхтаваўшыся да поснага змаганьня”, нават лепей сказаць, гэтае бегавішча - заўжды адкрытае, з таго самага часу, калі Усяміласьцівы Госпад Славы з добрай волі прыняў чалавечую прыроду. З таго часу Сьвятой Царквой кожны чалавек заклікаецца да удзелу ў бязьмежных дарунках ласкі Ўсясьвятога Духа, асабліва цягам гэтага дабраслаўлёнага пэрыяд Сьвятой і Вялікай Чатырохдзесятніцы.
Любыя дзеці ў Госпадзе,
Бязьмежнае Дабро, у Тройцы усьляўляемы праўдзівы Бог наш, паводле Сваёй любові, і толькі, стварыў чалавечы род, для таго, каб зрабіць людзей, наколькі магчыма для чалавечай прыроды, супольнікамі і удзельнікамі велічы Сваёй Боскай славы. Гэта і ёсьць выключнай мэтай чалавечага жыцьця ва усе часы. Каб насамрэч гэтая мэта была дасягнутая, усё сьвятое духаноснае Паданьне нашае Праваслаўнае Царквы навучае, адукоўвае і паказвае увесь спэктар духоўнага жыцьця і сродкаў духоўнай барацьбы, карыстаючыся якімі, вернік мае рухацца наперад з мужнай перакананасьцю.
Кожны хрысьціянін праз сьвятую таямніцу Хрышчэньня атрымлівае мілату Сьвятога Духа. Калі мы пачынаем усёй сваёй душой любіць Бога, тады неспасьціжным чынам ласка перадае нам багацьце сваіх дабротаў. Такім чынам, кожны, хто імкнецца атрымаць досьвед гэтае ласкі, мусіць з вялікай радасьцю адрынуць ад сваёй душы дачасныя даброты гэтага веку, каб здабыць сабе маёнтак са схаваным скарбам праўдзівага жыцьця. Наколькі душа прасоўваецца ў духоўнай барацьбе, настолькі ў ёй праяўляецца дарунак Боскай ласкі, схаванай у глыбінях Божае добрасьці, і яна становіцца надзейным стырном у шматстайнай духоўнай барацьбе.
Гэтая духоўная барацьба для кожнага верніка бесьперапынная, а гэта вымагае ад нас, каб мы наноў пачыналі кожны дзень, кожнае імгненьне. “Прыйшоў час пачатаку духоўнага змаганьня, перамогі над дэманамі, устрыманьня ў поўным узбраеньні, ангельскай дасканаласьці, адвагі перад Богам”. Сьвяты Пост і ёсьць пастаянным пачаткам духоўнага адраджэньня і аднаўленьня людзей. Таму і гімнограф Трыёдзі накіроўвае нас да слушнага разуменьня, што цялесны пост як устрыманьне ў ежы, калі не суправаджаецца духоўнай барацьбой і змаганьнем з запаламі, не прыводзіць да выпраўленьня нашых жыцьцяў, а таму Бога такі пост адкідае, як фальшывы.
Безумоўна, засяроджаньне нашага розуму на спазьнаньні Бога, вяртаньне да Яго з жахлівага расьсеяньня, вымагае руплівай і даўгачасовай працы. Аднак гэта неабходна і вызначальнае для нашага духоўнага дабрабыту і супольнага жыцьця. Гэтая дарога цноты здаецца цяжкой і невыноснай для тых, хто толькі пачынае гэты шлях; аднак, не таму што гэтак ёсьць насамрэч, але таму, што чалавечая прырода прывучаная да лёгкіх асалодаў. Для тых жа, хто адольвае гэты шлях да сярэдзіны, ён становіцца насамрэч прыемным і простым.
Часта, не могучы зразумець вялікае таямніцы гэтае пабожнасьці, кажуць, што праваслаўная аскетычная традыцыя - невыносны цяжар, што яна вядзе да пазбаўленьня творчага пачатку, самабытнай ініцыятывы, асалоды жыцьця наогул і, нарэшце, радасьці ад яго. Гэта не мае нічога супольнага з рэчаіснасьцю. Усё, што было створана Богам, было створана “вельмі добрым” і прапанаванае нам, каб мы атрымлівалі асалоду і захапляліся, каб узносілі пастаянную хвалу нашаму Дабрадзею. Божыя запаведзі стырнавалі нас і казалі нам, як правільна выкарыстоўваць гэтыя божыя дары, каб нашае цела, розум і душа, у гармоніі з усімі гэтымі матэрыяльнымі дарамі, сталі крыніцай сапраўднай радасьці, сапраўды спрыяльнымі для нашага жыцьця. Наадварот, эгаістычнае, аўтаномнае і грэблівае выкарыстаньне матэрыяльных дароў, прапанаваных нам Творцам, прыводзіць да мэтаў зусім іншых, чым Бог чакае ад нас, спараджаючы дэпрэсію, трывогу і няўдачы, хаця можа здавацца, што гэтыя дары задавальняюць нашу пыху.
Наш Збаўца, сапраўдны Бог і сапраўдны чалавек, які неспасьціжным чынам адкрываецца пакорлівым, тым, што могуць атрымаць Яго нятворную ласку, Гасподзь славы і Гасподзь гісторыі, які вядзе нашу душу і розум, які трымае сусьвет у сваёй Боскай прадбачлівы - ад найменшай часьцінкі Свайго стварэньня да самых неспасьціжных зьяваў нашага сьвету, назаўжды ёсьць Шлях, Праўда і Жыцьцё. (Ян 14:6) Яго, як крыніцу іпастасі Жыцьця, не магла утрымаць сьмерць, якая была зьнішчана Ягоным ўваскрэсеньнем, гэтак не можа існаваць ніякага чалавечага жыцьця без удзелу ў жыцьцядайным Целе Уваскрэслага Хрыста, у Праваслаўнай Царкве, і боганатхнёным Сьвятым Паданьні. Карацей кажучы, Гасподзь царуе навекі, тады як пыхлівыя чалавечыя ідэі - аблудныя. Ці, як выдатна сказаў сьв. Дыядох: “Няма нічога больш беднага, чым розум, які стараецца філязофнічаць пра Бога без Бога”.
Любыя дзеці ў Госпадзе,
Уступаючы на ніву Сьвятога і Вялікага посту, мы па-бацькоўску заклікаем вас не баяцца і не ленавацца у духоўнае хадзе у найбольш важны для вашага жыцьця пэрыяд. Наадварот, будзьце адважныя і моцныя, каб вы змаглі ачысьціць свае душы і целы ад усіх грахоў, каб дасягнуць Царства Божага, якое ужо дадзенае ў гэтым жыцьці тым, хто шукае яго са шчырасьцю і усёй сваёй душой.
Няхай ласка Бога і Ягоная бясконцая міласэрнасьць будзе з усімі вамі.

Сьвяты і Вялікі Пост 2011
+Варфаламей Канстантынопальскі
Палымяны хадайнік за усіх вас перад Богам

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.