Wednesday, March 2, 2011

ВЯЛІКІ ПОСТ

архімандрыт Максім (Матфеў)
Пост Вялікай Чатырохдзесятніцы, як і серада і пятніца на працягу усяго года — найстаражытнейшыя пасты, адзіныя, якія маюць Сусьветнае значэньне. Іх важнасьць была пацьверджана канонамі Сусьветных Сабораў (69 правіла [1] сьвятых апосталаў, 5 правіла [2] I Сусьветнага Сабору, 29 [3] і 89 [4] правіла VI Сусьветнага Сабору). Іншыя усталяваныя Царквой пасты заснаваны на Сьвятым Паданьні, якое, зрэшты, мае тую ж сілу і аўтарытэт.
Вялікі пост узыходзіць да апостальскіх часоў і быў заснаваны ў перайманьне саракадзённаму посту Выратавальніка (Мц. 4:2), а таксама саракадзённаму посту прарока Майсея (Вых. 34:28) і посту прарока Ільлі (3 Цар. 19:8).
Пра яго старажытнасьць сьведчыць тое, што толькі ў пэрыяд Вялікага посту, у адрозьненьне ад іншых, пазьнейшых шматдзённых пастоў, не дазваляецца), акрамя суботы і нядзелі, зьдзяйсьненьне Бяскроўнай Ахвяры (г.зн. поўнай Літургіі).
З раньніх часоў Вялікі пост быў злучаны са старажытным пастом перад Вялікаднём — адным, дзьвюма, а потым шасьцю днямі перад Велікоднай Нядзеляй (Пакутны тыдзень, у іншай традыцыі — Вялікі тыдзень). Не знаходзіць сур'ёзных пацьверджаньняў і пераканаўчых доказаў здагадка, што спачатку дзеля дакладнага перайманьня саракадзённаму посту Выратавальніка ў пустэльні пасьля Ягонага хросту Чатырохдзесятніца была злучана са сьвятам Богазьяўленьня і пачыналася, такім чынам, 7 студзеня.
Першапачатковае значаньне
Значэньне саракадзённага посту першапачаткова атаясамлялася з падрыхтоўкай пакліканых і “да сьвятой асьветы падрыхтаваных” да іх хрышчэньня на Велікодным Усяночным дбаньні ў ноч Вялікай Суботы. Пра гэта першапачатковае значэньне сьведчаць некаторыя нязьменныя дагэтуль “прашэньні” на Літургіі Раней Асьвячоных Дароў, якая зьдзяйсьняецца ў Вялікую Чатырохдзесятніцу. Пра тое ж кажуць і штодзённыя Чытаньні на багаслужбах гэтага пэрыяд, абраныя з кніг Быцьця, прарока Ісаі і Парэмій, якія Старажытная Царква выкарыстоўвала для катэхізацыі.
На Вялікдзень па асабліваму перажывалася Таямніца Хрышчэньня як удзел (са—пахаваньне і са—уваскрэсеньне) у вольнай Сьмерці і Уваскрэсеньні Госпада. Паводле тлумачэньня апостала Паўла, “…мы і пахаваныя зь Ім хрышчэньнем у сьмерць, каб, як Хрыстос уваскрэс зь мёртвых славаю Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцьці” (Рым. 6:4). Літургія Велікоднай ночы была выключна Літургіяй “хрышчэньня”, яе статутам па сёньняшні дзень кіруецца вячэрняя Літургія Вялікай Суботы (Вячэрня Уваскрэсеньня зь Літургіяй Васіля Вялікага). Асаблівасьці, якія паказваюць характар “хрышчэньня” гэтай Літургіі, наступныя:
1) Чытаньне на Вячэрні пятнаццаці Старазапаветных урыўкаў для пакрыцьця часу хрышчэньня абвешчаных у Баптыстэрыі, пакуль вернікі чакалі іх у храме, каб усім разам зьдзейсьніць Боскую Літургію. Прыбыцьцё новаахрышчаных у храм адбывалася пры сьпеве уваходнага гімна “Калі ў Хрыста хрысьціліся…”;
2) Чытаньне пачаткаў зь Новага Запавету (Апостал і Эвангельле), якія зьяўляюцца чытаньнямі Таямніцы Хрышчэньня;
3) Сьпеў замест Трысьвяцьця гімну хрышчэньня Калі ў Хрыста хрысьціліся…”.
Час пакаяньня
Да VI ст. ужо пераважаў хрышчэньне немаўлят, і інстытут пакліканых паступова губляў сваё значэньне. Вынікам гэтага зрабіліся:
а. Адмена групавога хрышчэньня як вялікай царкоўнай падзеі, злучанай зь Літургіяй Вялікадня;
б. Зьдзяйсьненьне асобных (шматлікіх зараз ужо!) хрышчэньняў, не злучаных зь Вялікаднём ці іншымі вялікімі сьвятамі Госпада (Каляды, Багазьяўленьне, Тройца, якія, тым не менш, дагэтуль захоўваюць характар хрышчальных у Літургіі) і, галоўнае,
в. Зьмена сэнсу Вялікай Чатырохдзесятніцы з “катэхізічнага” (як пэрыяд падрыхтоўкі пакліканых) у "пакутны" (як падрыхтоўкі вернікаў да сьвята Вялікадня).
Сэнс хрысьціянскае Пасхі як асабістага пераходу кожнага чалавека (праз Царкву і ў Царкве) з рабства запалу і з палону сатаны да свабоды “сыноў Боскіх” утрымліваецца ў барацьбе, якую мы дзеля пераадоленьня гэтага шляху прымаем на сябе на “арэне дабрадзейнасьці”, якой зьяўляецца Вялікая Чатырохдзесятніца. Гэты пераход пераадоленьнем дасягаецца пакаяньнем, як прапаведаваў яго Той, Хто зьяўляецца Выкананьнем і Зьяўленьнем першага “абяцаньня Айца” – Мэсія – у Сваёй першай пропаведзі: “Пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае”. Апрача гэтага, пакаяньне – гэта “другі хрост”, яно атаясамляецца з “намаганьнем посту”, якім зьяўляецца Вялікая Чатырохдзесятніца.
Гэта новая скіраванасьць Вялікага посту спрыяла зьяўленьню прыкладна ў IX стагодзьдзі адмысловай літургічнай вялікапостнай кнігі “Трыёдзь”, у якой было сабрана і захавана неперасягненае сьпеўнае багацьце, засяроджанае менавіта на новым значэньні Чатырохдзесятніцы — на пакаяньні. Гэта кніга зьявілася ў Канстантынопальскім Студыцкім манастыры ў коле звг. Хвядора Студыта і зафіксавала канчатковае аб'яднаньне Чатырохдзесятніцы з Пакутным тыднем, “павелічэньне” старажытнага велікоднага паста.
Працяг Вялікай Чатырохдзесятніцы
Працягласьць Чатырохдзесятніцы і спосаб адліку яе працягласьці да набыцьця канчатковай формы, сапраўднай да сёньняшняга дня, у першыя стагодзьдзі хрысьціянства былі досыць разнастайныя.
Гаворка ідзе пра розныя спосабы падліку дзён гэтага працяглага посту. У прыватнасьці, зь самага пачатку ў Памесных Цэрквах зьявілася шэраг пытаньняў:
1. Якія менавіта дні лічыць днямі посту?
2. Уваходзяць лі суботы і нядзелі (дні Еўхарысьціі, калі “пост адмяняецца”), у лік дзён посту?
3. Уключаецца лі Пакутны тыдзень у лік гэтых сарака дзён?
Усходняя Праваслаўная Царква
Ва Усходніх Праваслаўных Цэрквах пачаў пераважаць Канстантынопальскі статут, г.зн. той спосаб адліку, які ў канчатковым выніку аформіўся ў Бізантыйскай сталіцы пасьля VIII стагодзьдзя, калі вызначылася новае значэньне Вялікага паста, а асабліва пасьля фармаваньня “Трыёдзі”.
Згодна Канстантынопальскаму статуту да Вялікай Чатырохдзесятніцы:
1. Не далучаецца Пакутны тыдзень;
2. Далучаюцца суботы і нядзелі, якія ўключаны ў літургічны пэрыяд Вялікае Чатырохдзесятніцы, хоць не зьяўляюцца днямі посту ў поўным сэнсе гэтага слова.
Такім чынам, для завяршэньня Чатырохдзесятніцы трэба шэсьць тыдняў. Шэсьць тыдняў па сем дзён — сорак два дня (6x7=42). Калі адняць два апошніх дня, суботу Лазара і Нядзелю Ваій, атрымліваецца сорак дзён.
Вялікая Чатырохдзесятніца пачынаецца з панядзелку першага тыдня посту (Чысты панядзелак) і скончыцца ў пятніцу шостага тыдня (напярэдадні Нядзелю Ваій). Трапары гэтага дня ў “Трыёдзі” кажуць аб “выкананьні карыснай душы Чатырохдзесятніцы” і аб чаканьні “сьвятога тыдня Пакуты”.
Паводле шматлікіх тлумачэньняў, такі падлік маецца на увазе і Апостальскімі Пастановамі (тэкст канца IV ст.), якія кажуць: “Зьдзяйсьняйце пост гэты раней посту велікоднага, пачынаючы яго зь другога дня (панядзелку), а канчаючы ў пятніцу. Пасьля гэтых дзён, скончыўшы пост, пачынайце сьвяты тыдзень Вялікадня, трымаючы пост у яе усё са страхам і трапятаньнем”.
Субота Лазара і Нядзеля Ваій — сьвяты Госпада. Новы падлік Чатырохдзесятніцы, паводле якога Вялікі пост сканчаецца перад Пакутным тыдням, адбіўся на статуце Літургіі суботы Лазара, якая захавала элемэнты Літургіі хрышчэньня, прымеркаванай саракадзённай падрыхтоўцы пакліканых. Гэта відаць са сьпеву гімну хрышчэньня “Калі ў Хрыста хрысьціліся” замест Трысьвяцьця на службе суботы Лазара і зь другога трапара Нядзелі Ваій: “Пахаваўшыся з Табой хрышчэньнем, Хрыстос Бог наш, несьмяротнага жыцьця ўдастоімся уваскрашэньнем Тваім…”, які сьведчыць аб толькі што зьдзейсьненым Хрышчэньні пакліканых ў канцы Чатырохдзесятніцы.
Старажытныя (Дахалкідонскія) Цэрквы
Тое, што Пакутны тыдзень спачатку уключалася ў Чатырохдзесятніцу, ясна відаць з 29 канону VI Сусьветнага сабору (691 г.), у якім яна названа “апошнім тыднем” Чатырохдзесятніцы, а таксама зь вядомага “Вандраваньня Этерыі” (381—384).
Уключэньне Пакутнага тыдня ў Чатырохдзесятніцу захавалі старажытныя “малодшыя” цэрквы, якія адышлі ад Праваслаўнай Царквы пасьля Халкідонскага IV Сусьветнага сабору ( 481 г.), напрыклад Армянская, Копцкая, Эфіёпская і інш.
Паводле старажытнай традыцыі падліку, суботы і нядзелі як дні “сьвяточныя”, “не належныя посту” не уваходзяць у лік дзён Чатырохдзесятніцы. У тыдні лічацца толькі пяць дзён посту, таму для завяршэньня сарака дзён посту патрабуецца восем тыдняў (5x8=40). Такім чынам, Чатырохдзесятніца ў “далхіданітаў” пачынаецца за тыдзень да праваслаўных (у панядзелак Сырнага тыдня).
Таму Сырны тыдзень, які дагэтуль уяўляе сабою абмежаваны пост (нельга ужываць толькі мяса) і утрымоўвае вялікую колькасьць літургічных прыкмет Вялікай Чатырохдзесятніцы, сьведчыць пра спробу узгадніць працягласьць Вялікага посту — 6 ці 8 тыдняў.
Таксама па новым спосабе падліку, паводле якога Пакутны тыдзень не уваходзіць у Чатырохдзесятніцу, на Літургіях Раней Асьвячоных Дароў Пакутнага тыдня ў якасьці заамбонай застаецца тая ж малітва, якая прамаўляецца і падчас Вялікага посту. Прадпісаньні адносна зьмены малітвы ў дні, якія не уключаны ў Вялікую Чатырохдзесятніцу, нідзе не сустракаюцца (Статут храма Уваскрэсеньня, κδ. τ. Σταυρο 43, прадугледжвае, напрыклад, чытаньне адмысловых заамбоных малітваў у дні Пакутнага тыдня пры зьдзяйсьненьні старажытнай ерусалімскай Літургіі Раней Асьвячоных Дароў Якава, брата Гасподняга). Гэта таксама сьведчыць пра тое, што ў старажытнасьці Пакутны тыдзень уключалася ў Чатырохдзесятніцу. Акрамя іншага, у сьвядомасьці вернікаў Пакутны тыдзень не вылучаецца зь Вялікага посту.
Заходняя Рымская Царква
Рыма—каталіцкая царква таксама традыцыйна уключае Пакутны тыдзень у лік дзён Чатырохдзесятніцы. Акрамя таго, з пачатку III ст. у Рыме, затым у IV ст. у Іспаніі (Эльвірскі сабор, правіла 26) і канчаткова ў V ст. (Інакенцій I, 401—417 г.г., пасланьне 25, Migne, 20, 555) Рыма—каталіцкая царква скасавала адмену посту ў суботу і самачынна заснавала суботу “нішчымным” днём тыдня, ператварыўшы такім чынам пост, які ў суботу зьдзяйсьняўся толькі раз у год (пост Вялікай, ці Пакутнай, Суботы), у пост штотыднёвы, нягледзячы на ясную забарону 64 апостальскага правіла [5]. Сьледзтвам гэтай навіны зрабілася строгая забарона 55 канону VI Сусьветнага сабору [6].
Такім чынам, Заходняя царква лічыць пост шэсьць дзён у тыдзень, не улічваючы толькі нядзелі. Для завяршэньня 40 дзён трэба 6 тыдняў (6x6=36) і 4 дня. Такім чынам, Чатырохдзесятніца ў Рымскай царкве пачынаецца ў сераду (Чыстая серада), якая адпавядае серадзе першага (Чыстага) тыдня праваслаўнага Вялікага посту (калі Вялікдзень супадае). Таму заходнія хрысьціяне адзначаюць запускі ў панядзелак (праваслаўны Чысты панядзелак) і ў аўторак. 
Спосаб посту
а) Пэрыяд Трыёдзі
Каб атрымалася тры падрыхтоўчыя тыдні да Вялікага посту, да Сырнага тыдня (Масьленіцы), рэштцы 8—тыднёвай Чатырохдзесятніцы, былі дададзены яшчэ дзва (тыдня ад Нядзелі мытара і фарысэя і ад Нядзелі блуднага сына). Гэты пэрыяд у грэцкай традыцыі завецца Трыёдзь.
У час Трыёдзі веруючыя паступова духоўна рыхтуюцца да ўступленьня ў Вялікі пост.
У першы тыдзень (ад Нядзелі мытара і фарысэя да Нядзелі блуднага сына), якая ў грэцкай традыцыі завецца “Абвяшчаючы”, паколькі зьяўляецца прадвесьнікам Вялікай Чатырохдзесятніцы, ва усе дні тыдня – “дазвол на усё” (суцэльны тыдзень).
У другі тыдзень, у грэцкай традыцыі Мясопусны ці Мясны (ад Нядзелі блуднага сына да Нядзелі пра Страшны суд (мясапуснай)), дазваляецца ужываць усякую ежу ва усе дні, акрамя серады і пятніцы, дні строгага посту. Мясапусная Нядзеля — апошні дзень, калі ужываецца мяса.
У трэці тыдзень, “Сыраядны” ці “Сырны” (з панядзелку пасьля Мясапуснае Нядзелі да Дараванай Нядзелі), ва усе дні без выключэньня ужываецца усё, акрамя мяса (паводле грэцкай традыцыі – “белы пост”). Гэты тыдзень звг. Хвядор Студзіць называе “прадпосным”, а праваслаўная гімнаграфія – “ачышчальным”, паколькі менавіта гэты тыдзень рыхтуе нас да уступа ў Сьвятую Чатырохдзесятніцу.
Прабачальнай (альбо Сырнай) Нядзеляй канчаецца падрыхтоўчы пэрыяд трох тыдняў Трыёдзі і пачынаецца Вялікая Чатырохдзесятніца.
б) Вялікая Чатырохдзесятніца.
У Вялікую Чатырохдзесятніцу пост жорсткі, без ужываньня “віна і ялею”
Ялей і віно дазваляюцца толькі ў суботы і нядзелі (як у дні “адсутнасьці посту”) і ў сьвята сьвятых сарака мучанікаў. Калі хтосьці ужывае сланечнікавае масла (ялей) у панядзелак, аўторак і чацьвер — то толькі па асабістых чыньніках, напрыклад з—за слабасьці ці па хваробе, па развазе і дабраслаўленьню духоўніка.
Рыба дазваляецца ў сьвята Дабравешчаньня Ўсясьвятой Багародзіцы.
Першы тыдзень завецца “Чыстым” і пачынаецца ў Чысты панядзелак, дзень строгага посту. Сваю назву гэты дзень атрымаў з—за спробы імпэратара Юльяна Адрачэнца апаганіць ежу хрысьціян у Канстантынопалі. Яго хітрасьць была выкрытая умяшаньнем Божым: сьвяты пакутнік Хвядор Цірон праз Канстантынопальскага Патрыярха Яўдаксія заахвоціў народ сілкавацца колівам. Гэты дзіўны цуд успамінаецца Царквой у суботу Першага тыдня Вялікага посту, таму што “ў Чатырохдзесятніцу не зьдзяйсьняецца памяць мучанікаў, акрамя суботы і нядзелі”. Гэты тыдзень выконваецца сухаядзеньне ці трохдзённым устрыманьнем ад усякай ежы ў першыя тры дні, ці нават поўным устрыманьнем ад ежы да Вялікага Павячэр'я чацьвер ці Службы Акафіста (грэцкая царкоўная традыцыя) у Пятніцу.
в) Субота Лазара, Нядзеля Ваій
Вялікая Чатырохдзесятніца канчаецца ў пятніцу шостага тыдня. За ёй ідуць два сьвяточных дня, два сьвята Госпада (у якія не зьдзяйсьняецца памінаньне спачыўшых, як і ва ўсе сьвята Госпада), “уваскрашэньне сьвятога і праведнага Лазара, сябра Хрыстовага” у суботу і “сьветлае і слаўнае сьвята ўваходу Ісуса Хрыста, Госпада нашага, у Ерусалім” у нядзелю.
У гэтыя дні дзеля сканчэньня Вялікага посту і перамогі Хрыстовай над сьмерцю, Які “прад Сваёй Пакутай агульнае ўваскрашэньне паказвае”, у суботу ўжываем “ялей і віно”, а ў Нядзелю Ваій – “рыбу”. Звг. Хвядор Студыт манахам Студыцкага манастыра вызначаў ужываньне рыбы і ў Суботу Лазара (Migne 99, 1791).
г) Пакутны тыдзень
У Пакутны тыдзень, зь Вялікага (Пакутнага) Панядзелка да Вялікай (Пакутнае) Суботы, вызначаны жорсткі пост зь устрыманьнем ад ялею.
Што да Вялікага Чацьверу, то паводле адлюстраванага ў “Трыёдзі” Статуту манастыра Сьвятога Савы і Статутам іншых Цэркваў і манастыроў (а таксама па меркаваньні дабрашчаснага Канстантынопальскага Патрыярха Мікалая і ў згодзе з традыцыямі грэцкага народу і іншых праваслаўных хрысьціян), каб ушанаваць дзень Таемнай Вячэры, у які Гасподзь перадаў нам Таямніцу Боскай Еўхарыстыі, у ежу пасьля Прычасьця можна ужываць ялей.
Што датычыцца Вялікае Суботы, гэты дзень патрабуе асаблівай увагі, бо гэты дзень – дзень жорсткага посту, адзіная субота посту. Пост у Вялікую Суботу працягваецца да паўночы, “да надыходу дня Госпада”, калі будзе абвешчана Уваскрэсеньне Госпада. Апостальскія пастановы вызначаюць: “Субота да абвяшчэньня пеўняў працягваецца, пост канчаецца пры надыходзе “першага дня пасьля Суботы”, які ёсьць Уваскрэсеньне”.
Заўвагі
 [1] Калі хто, япіскап, ці прэсьвітэр, ці дыякан, ці іпадыякан, ці чытальнік, ці сьпявак, не трымае пост у сьвятую чатырохдзесятніцу (сорак дзён) перад Вялікаднём, ці ў сераду, ці ў пятніцу, акрамя перашкоды ад немачы цела: ды будзе вывергнуты. Калі ж парафіянін, ды будзе адлучаны.
[2] …Саборы ж ды бываюць, адзін прад чатырохдзесятніцаю, ды па спыненьні усялякага незадавальненьні, чысты дарунак прыносіцца Богу.
[3] … Каб нішто не ўздымала пакінуць набожную жорсткасьць, то выконваючы Апостальскія і айцоўскіе паданьні, вызначымся: Што не годна ў чатырохдзесятніцу, у чацьвер апошняга тыдня, спыняць пост, і тым самым чатырохдзесятніцу зьняважыць.
[4] Вернікам дні выратавальнае пакуты, у посьце і малітве і смутку сэрца мінаючыя, належыць сканчаць пост у сярэднія гадзіны ночы пасьля Вялікае Суботы: паколькі Боскія эвангелісты Мацьвей і Лука, першы словамі: у вечар суботы, а другі словамі: вельмі рана, паказваюць нам глыбокую ноч.
[5] Калі хто з кліру будзе пабачаны выконваючым пост у дзень Госпада, ці ў суботу, за адзіным выключэньнем Вялікай Суботы: ды будзе вывергнуты. Калі ж (гэта будзе) парафіянін: ды будзе адлучаны.
[6] Паколькі мы даведаліся, што жывучыя ў горадзе Рыме, у сьвятую чатырохдзесятніцу ў суботы трымаюць пост, насуперак паданьню Царкоўнаму, то Сьвятому Сабору пажадана, каб і ў Рымскай Царкве непарушна выконвалася правіла, гаворачае: Калі хто з кліру будзе пабачаны выконваючым пост у дзень Госпада, ці ў суботу, за адзіным выключэньнем Вялікай Суботы: ды будзе вывергнуты. Калі ж (гэта будзе) парафіянін: ды будзе адлучаны.

Пераклад на беларускую мову “Беларускай Аўтакефаліі”

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.