Friday, November 20, 2009

СЛОВА ПРЫ ПАКЛІКАНЬНІ ЯПІСКАПА АФАНАСІЯ (УАПЦ)

Ваша Сьвятасьць, багамудры архіпастыры і сьвяціцелі Хрыстовы! Стаю сёньня прад вамі, прад Сьвятой Праваслаўнае Царквой і трапятаньні мі набожнасьці, а ў маёй душы гучаць словы праведнай Елізаветы: “І адкуль гэта мне …?” (Лк. 1:43) У той жа час, я ўсьвядомліваю сваю нямогласьць, хоць маю і ўпэўненасьць ў Задуму Боскім, у тым, што менавіта Госпад указаў Сваёй рукой на мяне, каб узьняць на невымоўную вышыню архіпастырскага служэньня. Калі Госпад Вашым рашэньнем ўвёў мяне да Сваёй Сіёнскае сьвятліцы, то гэта ўсяляе ў мае сэрца ўпэўненасьць, што Ён мяне не забыў, не пакінуў, а цяпер ставіць на ніву Сваю, дае ў мае нямоглыя рукі чапугу духоўнага пругу араць заляжалую глебу ўкраінскае духоўнасьці – зьбіраць раскіданых авечак ў адзіны статак Хрыстовы і весьці яе шляхам ісьціны, адданасьці Кіраўніку пастыраў – Ісусу Хрысту і Айчыне нашае Ўкраіне, бо гэта дзьве калеі аднаго шляху.

Плача і радуецца душа мая, бо разумею, куды крочу, за што бяруся і якое добрае і цяжкае ярмо кладу на свае плечы, а разам з гэтым разумею і ўсю адказнасьць прад Украінай і нашым, вякамі прыніжаным, гнаным, абдураным і разьяднаным народам. Менавіта гэта і зрабілася вызначальным у тым, што я, пасьля шматлікіх дзён і начэй, праведзеных у душэўных перажываньнях і пакутах, пакорна схіляю сваю галаву прад Вашым рашэньнем сьвяціцеляў і сьлёзна клікаю да Госпада: “Войча! …, не Мая воля, а Твая хай будзе” (Лк. 22:42). Усьвядомліваю таксама і тое, колькі камянёў ляжыць на ніве, якую давядзецца араць, і колькі тых камянёў паляціць у маю душу, на маю галаву ад супраціўнікаў і ворагаў украінскага праваслаўя і ўкраінскае Дзяржавы, апорай якой павінна зрабіцца зьяднаная Праваслаўная Царква.

Яшчэ сьвятамучанік Ігнацій Боганосец вучыў, што “без япіскапа няма Царквы” і “хто ня ёсьць зь япіскапам, той не з Хрыстом”, таму, усьведамляючы гэта, а таксама і тое, што той, хто не знаходзіцца ў еднасьці зь ісьцінай украінскай Царквой, але гаворыць, што ён за вольную Украіну, ёсьць непраўдзівы, прымаю ваш давер быць мне, нягоднаму, япіскапам для народу Боскага, які прагне да выратаваньня. Хай будзе на ўсё воля Божа.

Спадзяюся, што Госпад, Які і паклікаў мяне на гэтае служэньне, дапаможа мне Сваёй усемагутнае дабрынёй несьці пакладзены на мае плечы цяжар. Але малю Госпада аб адным – хай будзе гэты цяжар такой вагі, каб я здолеў яго несьці. Вялікі страх, які ахоплівае маю душу сёньня, хай пераўтворыцца на радасьць ужо заўтра, бо япіскапскае служэньне, па царкоўнаму вучэньню, ёсьць найбольш вялікім служэньнем на зямлі.

Азіраючыся цяпер на пражытыя гады, яскрава бачу і ўсьведамляю, што Госпад, нягледзячы на ўсялякія перапоны людзей, нават ў сьвятарскім сане, вёў мяне па жыцьці, падтрымліваў у цяжкія гадзіны, напаўняў маё жыцьцё мілатой і сіламі і, нарэшце, Вашымі, Ваша Сьвятасьць, рукамі, уручыў мне жазло сьвяціцеля. І я пакорліва схіляю сваю галаву і аддаю сябе ў рукі Боскага Задуму, усьвядомліваючы, што гэта адбываецца сьвятая Боская воля над мной, бо “ніхто сам сабою ня прымае гэтага гонару, а толькі пакліканы Богам” (Жыд. 5:4). Наша ўкраінская духоўная ніва цяпер, які ніколі, патрабуе аратых адданых і верных сваёй Айчыне, такіх, якія, не азіраючыся, уздымуць палі, што зарасьлі быльнікам нацыянальнай абыякавасьці.

Прыношу найшчырую падзяку тым архірэям, пастырам і веруючым людзям, якія сустракаліся на маім жыцьцёвым шляху і дапамагалі мне словам і справай. Зямны паклон усім, хто дапамагаў мне ў асэнсаваньні, якім павінна быць сапраўднае служэньне Богу і людзям. Малю Усяміласьцівага Айца Нябеснага напоўніць мяне мілатой, каб быць мне годным пераймальнікам апостальскага служэньня, каб у дзень Страшнага Суду пачуць голас Госпада: “добра, раб добры і верны! … увайдзі ў радасьць гаспадара твайго” (Мц. 25:21), а я каб мог з радасьцю адказаць: “Вось я і дзеці, якіх даў мне Гасподзь” (Іс. 8:18).

http://uaoc.net/2009/11/17/slovo-pry-narechenni-jepyskopa-afanasiya/#more-475


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.