Saturday, August 6, 2011

ПСАЛТРЫ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ

Шостага жніўня 1517 года ў Празе пабачыла сьвет першая друкаваная кніга Францыска Скарыны - Псалтыр. Ён быў надрукаваны на беларускім ізводзе царкоўнаславянскае мовы, але доля тагачаснай жывой (літаратурнае) беларускае мовы складала ў ім не менш 35-37%%. Пры гэтым канон Псалтыры быў праваслаўным і ўключаў у сябе 151 Псальму.

З прадмовы да «Псалтыра» Ф. Скарыны

Усялякае Слова, Богам натхнёнае, - карысна! Яно вучыць, выкрывае, выпраўляе і карае!




«Няхай будзе божы чалавек дасканалы і скіраваны на ўсякую добрую справу!» - так піша святы апостал Павел. Менавіта дзеля нашага навучання, духоўнага і цялеснага выпраўлення існуюць святыя пісьмы. Адны - дадзены нам у Старым і Новым Законах, другія - у «Дзеяннях» святых айцоў, іншыя - у прытчах прамудрых настаўнікау, некаторыя - у песнях і псалмах Давыда і іншых божых песняроў, што складаюць «Псалтыр». Тыя пісьмы, якія пералічаны спачатку, звычайна ўтрымліваюць штосьці адно. Так, Закон вучыць, як людзям дасягнуць вечнага жыцця. Прарокі прадказваюць будучыню: добрую добрым, злую - злым. «Дзеянні» і жыцці святых айцоў навучаюць нас цярпенню і патрабуюць жыць у страху божым. Прытчы і прыслоўі вучаць малых і старых добрым звычаям. «Псалтыр» жа, адзіны, усе тыя рэчы ў сабе замыкае, усяму таму вучыць і ўсё прапаведуе! Яго псалмы - гэта скарб, безліч каштоўных каменняў! Яны розную немач духоўную і цялесную выганяюць! Душу і розум прасвятляюць! Гнеў і лютасць уціхамірваюць! Мір і пакой чыняць! Смутак і скруху адганяюць! Пачуцці ў малітвах даюць! Людзей зычлівымі робяць! Ласку і міласць мацуюць! Д'ябла праганяюць, анёлаў па дапамогу заклікаюць! Псалом - гэта шчыт супраць начных д'ябальскіх спакус і страхаў! Пакой у дзённай мітусні і беганіне! Абарона і вяселле малым, пацеха і песня старым! Жонкам - набожная малітва і ўкраса! Дзецям малым - пачатак усялякае добрай навукі, юнакам - памнажэнне іх ведаў, мужам - умацаванне вялікае! Псалом святочна ўпрыгожвае голас усёй адзінай царквы! Псалом усялякую супраціўнасць дзеля Бога выпраўляе! Псалом жорсткае сэрца змякчае і слёзы яго, як струменьчык з крыніцы, выводзіць. Псалом - анёльская песня, духоўны тэмпан, які цела спевамі весяліць і адначасна душу вучыць! Чаго толькі не знойдзеш у псалмах! Там - вялікасць боская і хвала яму! Там - справядлівасць! Там - чысціня душэўная і цялесная! Там - навука праўды! Там - мудрасць і розум дасканалы! I ўсе іншыя добрыя звычаі, нібы з крыніцы, струменяць адтуль! Там ёсць вялікая тайна пра Бога адзінага ў Тройцы! I аб увасабленні Госпада нашага Ісуса Хрыста! I аб пакутах яго без віны і аб уваскрэшанні з мёртвых! Там ёсць надзея на вечнае жыццё і выратаванне! Там - боязь Страшнага суда і пякельнага агню! Там - адкрыццё многіх тайнаў схаваных! Усе тыя рэчы, як у вялікай скарбніцы, знойдзеш у гэтым малым «Псалтыры»!

Ведаючы такія пажыткі ад гэтае кнігі, я, Францішак, Скарынін сын з Полацка, у лекарскіх навуках доктар, загадаў «Псалтыр» ціснуці рускімі словамі славянскае мовы. Найперш - для ўшанавання і хвалы Бога ў Тройцы адзінага і Прачыстай маці яго Марыі, і ўсіх нябесных чыноў, і святых божых. А таксама — для карысці паспалітага люду. I асабліва з тае прычыны, што мяне літасцівы Бог з гэтае мовы на свет пусціў...

Monday, July 25, 2011

АКАФІСТ СЬВЯТОМУ ДАБРАВЕРНАМУ ГЕТМАНУ ПЯТРУ САГАЙДАЧНАМУ, ПАДЗЬВІЖНІКУ ПРАВАСЛАЎНАЕ ВЕРЫ І НАБОЖНАСЬЦІ

Кандак 1
Абраны Богам Праведнік і руплівец веры, гетман Пятро Сьвяты. Ты ўсё набожнае жыцьцё прагнуў сьвятасьці і Царства Нябеснага. І здабыўшы Яго праведным жыцьцём, руплівасьцю, зь набожнасьцю сьвяткаваў Сьвяты Царкоўныя, шанаваў Выратавальніка нашага, Боскую Маці Ягоную і ўсіх Сьвятых нябесных. Таму і дасягнуў сьвятасьць вечную ў Божым Царстве. Зьвяртаемся да Цябе, праведнік у Госпадзе, нашчадкі праваслаўныя зь зямлі Ўкраінскае, краю Твайго, у якім Ты на сьвет прыйшоў, дзе вырастаў і мужнеў, пазнаваў навукі выратавальныя, дасягнуўшы сьвятасьць для сябе і для нас, пасьлядоўнікаў Тваіх, якія зь любоўю сьпяваюць Табе:
Радуйся, праведнік Пятро, абаронца праваслаўнай веры і народу!
Ікас 1
Анёламі акрыялы, ад першых дзён сьвядомасьці палюбіў ты Госпада нашага Ісуса Хрыста, Бога ўвасобленага, Пераможцу сьмерці. Для цябе Выратавальнік наш зрабіўся найпершай крыніцай набожнасьці, сьвятасьці жыцьця і прагай Царства Нябеснага. Увесь век свой зямны ты зьвяраў па Ісусу Хрысту, праз гэта ўспрыняў выратаваньне Ягонае. Навучы і нас любові і адданасьці Госпаду, гетман Пятро, сьпяваючых табе:
Радуйся, Нараджэньнем і Пераўтварэньнем Хрыста – Жыцьцядаўцы.
Радуйся, Вялікаднём і Ўзьнясеньнем на неба Госпада Славы.
Радуйся, словамі Госпада: “Я зь вамі ва ўсе дні і да канца веку!”
Радуйся, Сыходжаньнем на зямлю Духа Сьвятога, заслугамі Хрыстовага Подзьвігу.
Радуйся, Абяцаным Хрыстом Другім Ягоным Прыходам.
Радуйся, праведнік Пятро, абаронца праваслаўнай веры і народу!

Wednesday, July 13, 2011

СЬВЯТЫХ, СЛАЎНЫХ І ЎСЯХВАЛЬНЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА

НА ВЯЛІКАЙ ВЯЧЭРНЯЙ

На “Госпада клічу” Вяршыры на 8, тон 2, Андрэя Піра

Якімі пахвальнымі вянкамі / увянчаем Пятра і Паўла, / падзеленых целам / і зьяднаных Духам, / якія стаяць першымі сярод Боскіх прадвесьнікаў? / Аднаго — як апосталаў правадыра, / іншага жа — як больш іншых папрацаваўшага. / Бо іх сапраўды годна / несьмяротнай славы вянкамі вянчае Хрыстос Бог наш, / які мае вялікую літасьць.
Якімі сьпевамі выдатнымі / апяём Пятра і Паўла? / Крылы Багапазнаньня, праліцеўшыя сусьвету канцы / і да Нябёсаў узьнёсшыеся, / рукі Эвангельля міла, / ногі пропаведзі ісьціны, / рэкі прамудрасьці, канцы Крыжа; / імі дэманаў пыху Хрыстос зрынуў, / маючы вялікую літасьць.
Якімі духоўнымі песьнямі / усхвалім Пятра і Паўла? / Зваяваўшыя бязбожнасьць і заўсёды вострыя / лёзы страшнага мяча Сьвятога Духу, / Рыму хвалебныя упрыгожваньні, / усяго сусьвету асалода, / Новага Запавету Богам пісаныя скрыжалі нярэчывыя, / якія на Сіёне Хрыстос абвясьціў, / меючы вялікую літасьць.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Яна манаха: Трохразовым пытаньнем: / “Пётр, ці любіш ты Мяне?” / трохразовае адрачэньне Хрыстос выправіў. / Таму і да таямніцы Ведаючай Сымон: / “Госпад, Ты усё ведаеш, усё ведаеш, / Табе вядома, што я люблю Цябе!” / Тады Выратавальнік да яго: / “Пасі авечак Маіх, пасі абраных Маіх, / пасі агнцаў Маіх, якіх Сваёю крывёй набыў Я ў выратаваньне!” / Яго малі, Богадобры Апостал, / дараваць нам вялікую міласьць.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Праз Цябе, Багародзіца, прарок Давыд стаў богаайцом, / у сьпевах Таму, хто вялікія рэчы дзеля Цябе учыніў, так пра Цябе прадказаў: / “Каралева стала па правай руцэ Тваёй.” / Ён явіў Цябе, як хадатайніцу і Маці Жыцьця, / бо ад Цябе захацеў прыняць цела і стацца чалавекам Хрыстос Бог, / каб аднавіць сатлеты прагнасьцю вобраз свой і знайсьці авечку, / заблукаўшую ў бяздоньні горнам, узяць яе на плечы, прынесьці да Айца і даць ёй месца разам зь нябёснымі сіламі, і збавіць, / Багародзіца, сусьвет у велічы і багацьці міласэрнасьці сваёй.
Уваход. Пракімен дня. І чытаньня сьвята:

Sunday, July 10, 2011

НЯДЗЕЛЯ 4-Я ПАСЬЛЯ ПЯЦІДЗЕСЯТНІЦЫ. ВЫЛЯЧЭНЬНЕ СЛУГІ СОТНІКА

Мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Так часта даводзіцца чуць ад людзей: я малюся, я імкнуся да Бога, я прагну сустрэчы зь Ім, – а разам з гэтым Ён быццам застаецца мне далёкім, няма ў мяне жывога пачуцьця Ягонае блізкасьці...
Сёньняшняе Эвангельле не асуджае такое стаўленьне, але павінна б расчыніць наша сэрца да нейчага іншага. У чалавека, у сотніка была пакутлівая патрэба: ягоны слуга паміраў, ляжаў у хваробе. І ён зьвярнуўся да Хрыста за дапамогай. Хрыстос яму адказаў: Я да цябе прыйду... І што ж адказаў Яму сотнік? – Не! Не прыходзь! Я нягодны, каб Ты увайшоў пад мой дах, – досыць аднаго Твайго слова, сказанага тут, каб здароўе і жыцьцё вярнуліся да майго слугі...
І Хрыстос яго паставіў у прыклад іншым людзям: паставіў у прыклад гэту дзівосную веру, якая яму дазволіла сказаць: не прыходзь, я гэтага нягодны, – досыць мне Твайго слова.

Saturday, July 9, 2011

АКАФІСТ СВЯТОМУ ЯНУ ПАПЯРЭДНІКУ

Кандак 1
Непераможнага Ўладыкі прароку і папярэдніку, прыслаўнаму Яну Хрысьціцелю сьпяваем гэтую хвалебную песьню, а ты, спавясьціўшы аб прыходзе Выратавальніка, ад усялякіх бед збаў сьпяваючых:
Радуйся, слаўны Ян, Прарок, Папярэднік і Хрысьціцель Хрыстовы!
Ікас 1
Анёл – дабравесьнік зьявіўся Захарыю ў храме, каб спавясьціць яму аб вялікай міласьці Госпада, ён аб табе, Ян, прынёс радасную вестку, мы ж сьпяваем табе так:
Радуйся, дзівоснай Боскай Рады таямніца; радуйся, выкананьне цудоўнага задуму Боскага.
Радуйся, даўно прароцтвам Ісаі прадбачаны; радуйся, Збаўцы Папярэднік, прарокам прадказаны.
Радуйся, бо народжаны ты па абяцаньню Анёла; радуйся, бо ты абраны быць прарокам Усявышняга.
Радуйся, Голас Слова Госпада; радуйся, Папярэднік Сьвяціла Адвечнага.
Радуйся, зарніца, што папярэднічае прыходу Сонца Праўды; радуйся, Боскага Сьвятла сьвяцільнік.
Радуйся, анёл у целе, адукаваны Анёлам; радуйся, плод малітвы, Усявышнім падараваны.
Радуйся, слаўны Ян, прарок, папярэднік і Хрысьціцель Хрыстовы!

Wednesday, June 29, 2011

ЛІТУРГІЯ, СЫМБАЛЬ І ТАЯМНІЦА

прат. А. Шмеман
Я не ведаю, колькі праваслаўных сьвятароў ужо прамаўлялі з гэтае трыбуны, і не ведаю, колькім яшчэ будзе выступаць у будучыні, пасьля таго, як я сёньня зраблю свой выступ. Аднак, паколькі сэмінарыя разьмешчана на поле бітвы (Увосені 1863 г., падчас грамадзянскай вайны, у Геттысбурге адбылася кровапралітная бітва, якое прынесла перамогу войска паўночнікаў. — заўв. перакладчыка.), верагодна, варта ўспомніць, што экумэнічны рух — гэта не проста павярхоўна—ветлівыя адносіны, пры якіх мы зьмяшчаем побач езуіта, рабіна, пратэстанта, праваслаўнага і вялікі амэрыканскі сьцяг і усё усьміхаемся адзін аднаму ў духу новай эры, але ў яго ёсьць і іншы бок. І заўсёды варта памятаць пра два бакі гэтага руху. Па-першае, трэба паглядзець, наколькі мы сапраўды адзіныя, адзіныя ў Хрысьце, а па-другое — наколькі мы сапраўды разьяднаны. Думаю, што калі мы разарвём сувязь паміж гэтымі двума пытаньнямі, то зьмесьцім экумэнічны рух у няправільную пэрспэктыву.

Tuesday, June 28, 2011

СЛОВА Ў ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ ЎСІХ СЬВЯТЫХ ЗЯМЛІ БЕЛАРУСКАЙ

прат. Сяргей Горбік
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
У гэтую нядзелю мы сьвяткуем памяць усіх сьвятых зямлі Беларускай. Гэты вялікі хор нашых абаронцаў і малітоўнікаў, якія праведным жыцьцём сваім, а некаторыя самой сьмерцю, удастоены права стаяць каля пасаду Госпада…
Сёньня мне жадаецца засяродзіць вашу ўвагу на слове “усіх сьвятых Беларускіх”.
Мы сёньня на Ранішняй сьпявалі канон ўсім сьвятым зямлі Беларускай, згадвалі імёны і справы іх. Але ці магчыма ў адным каноне згадаць усіх? Вядома не, бо і Бог раскрывае прад намі сьвятых сваіх паступова… Некаторыя зь іх ад старажытнасьці шануюцца і праслаўляюцца вельмі шырока, нават у іншых Праваслаўных Цэрквах, а некаторыя зрабіліся вядомы нам, у цемры і граху жывучым, толькі некалькі гадоў таму. Бо задум Божы адносна абраных Ягоных ёсьць недасягальны для розуму нашага і бязьмежны ў велічы сваёй.

Sunday, June 26, 2011

НЯДЗЕЛЯ ЎСІХ БЕЛАРУСКІХ СЬВЯТЫХ

У першую нядзелю пасьля памяці ўсіх сьвятых, г.зн. у першую нядзелю посту сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў Пятра і Паўла, сьвяткуем памяць усіх сьвятых зямлі Беларускай.
у суботу на вялікай вячэрняй
На “Госпада клічу:” вершыры на 10; і сьпяваем вершыры нядзельныя першага тону чатыры, і сьвятых шэсьць, тон першы.

Вершыры сьвятым, тон 1

Прыйдзіце, хары Беларускія, / жыўшых у краіне нашай сьвятых усхвалім: / звышгодных, і герархаў, і князёў верных, / мучанікаў і сьвятамучанікаў, / і Хрыста дзеля юродзівых, / і жанчын сьвятых збор — / разам вядомых па імі і невядомых; / бо яны сапраўды справамі, і словамі, і шматпыкладным жыцьцём, / і ад Бога здольнасьцямі / зрабіліся сьвятымі, / і далі Беларусі права сьвятою менавацца, / а магілы іх Бог цудамі уславіў. / І цяпер тварам да твару стоячы уславіўшаму іх Хрысту, / моляцца старанна аб нас, / зь любоўю зьдзяйсьняючых іх сьветлую урачыстасьць.

Monday, June 20, 2011

НЯДЗЕЛЯ ЎСІХ СЬВЯТЫХ

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Калі мы упершыню сустракаем Госпада, калі Бог нас прыцягвае ў Свой храм, зь якім трапятаньнем, зь якой глыбокай павагай мы уступаем у яго: усё ў ім для нас сьвята — і сьцены, і абразы, і людзі, якія зьбіраюцца ў ім. На вялікі жаль, праз нейкі час мы абвыкаем да сьвятыні, і мы прыходзім у храм, у лепшым выпадку, як у родны дом, без першаснага трапятаньня, а ў горшым выпадку — проста як у тое месца, дзе мы жадаем памаліцца самі, паставіць сьвечку... І мы забываем, што гэта — Дом Божы, што тут жыве Сам Бог, што гэта — часьціца вечнасьці на зямлі, а з тых часоў, як пачаліся ганеньні на Бога і на веруючых у Яго, храм зрабіўся месцам сховішча для Самага Бога. Гэта — сьвятое месца, працятае Боскай сьвятасьцю, сьвятасьцю Таго, Хто ў ім усяліўся пад нашу абарону, і Які нас адначасова абараняе непераможнай Сваёй сілай.

Thursday, June 16, 2011

ВЯЧЭРНЯЯ КАЛЕНАСХІЛЕНЬНЯ Ў ДЗЕНЬ СЬВЯТОЙ ТРОЙЦЫ

Пасьля водпуску літургіі чытаецца дзевятая гадзіна.
Сьвятар: Дабраслаўлёны Бог наш, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Хор: Амін
Прыйдзеце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.
Прыйдзеце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара, нашага Бога.
Прыйдзеце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.
Псальма 103 з прысьпевамі
Дабраславі, душа мая, Госпада! Госпадзе, Божа мой! Ты дзівосна вялікі. Ты ўбраны ў славу і ў веліч. Дабраслаўлёны Ты Госпад! Ты ўбіраешся ў сьвятло, як у шаты, прасьціраеш нябёсы, як заслону. Дабраслаўлёны Ты Госпад! Ладзіш над водамі вышынныя харомы Твае, робіш хмары Твае калясьніцаю, крочыш на крылах ветру. Дабраслаўлёны Ты Госпад! Ты творыш анёлаў Тваіх зь духаў, слуг Тваіх - зь вагню палымянага. Дзівосныя справы Твае, Госпад! Ты паставіў зямлю на цьвёрдых асновах: не пахісьнецца яна векавечна. Дзівосныя справы Твае, Госпад! Безданьню, як вопраткаю, накрыў Ты яе; на горах воды стаяць. Дзівосныя справы Твае, Госпад! Ад пагрозы Тваёй уцякаюць яны, ад голасу грому Твайго пабеглі яны; Дзівосныя справы Твае, Госпад! узыходзяць на горы, сыходзяць у даліны, на месца, якое Ты ім назначыў. Дзівосныя справы Твае, Госпад! Ты паклаў мяжу, якой не пяройдуць, і ня вернуцца зямлю пакрыць. Дзівосныя справы Твае, Госпад! Ты паслаў крыніцы ў даліны; паміж гор цякуць воды. Дзівосныя справы Твае, Госпад! пояць усіх зьвяроў польных; дзікія аслы спатольваюць смагу сваю. Дзівосныя справы Твае, Госпад! Каля іх жывуць птушкі нябесныя, з гольля падаюць галасы. Дзівосныя справы Твае, Госпад! Ты напойваеш горы зь вышыняў Тваіх, плёнам дзеяў Тваіх зямля насычаецца. Дзівосныя справы Твае, Госпад! Ты росьціш быдлу траву, і зеляніну на спажытак чалавеку, каб ежу зь зямлі здабываў, Дзівосныя справы Твае, Госпад! і віно, якое вяселіць сэрца чалавеку, і алей, ад якога блішчыць твар ягоны, і хлеб, які мацуе сэрца чалавеку. Слава Табе, Госпад, стварыўшаму ўсё! Насычаюцца дрэвы Госпада, кедры Ліванскія, якія Ён пасадзіў; Дзівосныя справы Твае, Госпад! на іх гняздуюцца птушкі: яліны - пад гняздо буслам, Дзівосныя справы Твае, Госпад! высокія горы - сарнам; каменныя скалы - сховы зайцам. Дзівосныя справы Твае, Госпад! Ён стварыў месяц на азначэньне часу; сонца ведае свой захад. Дзівосныя справы Твае, Госпад! Ты прасьціраеш цемру, і бывае ноч: уначы бадзяюцца ўсе лясныя зьвяры; Дзівосныя справы Твае, Госпад! ільвы, якія рыкаюць па здабычы і просяць у Бога ежы сабе. Дзівосныя справы Твае, Госпад! Устае сонца, і яны зьбіраюцца і кладуцца ў свае логвішчы; Дзівосныя справы Твае, Госпад! выходзіць чалавек на дзеі свае і на працу сваю да вечара. Дзівосныя справы Твае, Госпад! Як многа дзеяў Тваіх, Госпадзе! Усё стварыў Ты мудра; зямля поўная твораў Тваіх. Дзівосныя справы Твае, Госпад! Гэта мора - вялікае і шырокае: там паўзуны, якім ліку няма, жывёлы малыя і вялікія; Дзівосныя справы Твае, Госпад! там плаваюць караблі, там гэты левіяфан, якога Ты стварыў гуляць у ім. Дзівосныя справы Твае, Госпад! Усе яны ад Цябе чакаюць, каб Ты даў ім ежу сваечасова. Дзівосныя справы Твае, Госпад! Даеш ім - прымаюць; адкрываеш далоню Тваю - насычаюцца дабром; Дзівосныя справы Твае, Госпад! схаваеш аблічча Тваё - палохаюцца; забіраеш у іх дух - паміраюць, і ў пыл свой вяртаюцца. Дзівосныя справы Твае, Госпад! пашлеш дух Твой - ствараюцца, і Ты абнаўляеш улоньне зямлі. Дзівосныя справы Твае, Госпад! Хай будзе Госпаду слава навечна; хай радуецца Гасподзь дзеямі Сваімі. Дзівосныя справы Твае, Госпад! Паглядзіць на зямлю, і яна трасецца; дакранецца да гор, і дымяцца. Дзівосныя справы Твае, Госпад! Буду сьпяваць Госпаду ўсё жыцьцё маё, буду сьпяваць Богу майму, пакуль я ёсьць. Дзівосныя справы Твае, Госпад! Хай Яму паспрыяе песьня мая; буду радавацца ў Госпадзе. Дзівосныя справы Твае, Госпад! Хай зьнікнуць грэшнікі зь зямлі, і бязбожных хай болей ня будзе. Дзівосныя справы Твае, Госпад! Дабраславі, душа мая, Госпада! Алілуя!