Tuesday, June 28, 2011

СЛОВА Ў ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ ЎСІХ СЬВЯТЫХ ЗЯМЛІ БЕЛАРУСКАЙ

прат. Сяргей Горбік
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
У гэтую нядзелю мы сьвяткуем памяць усіх сьвятых зямлі Беларускай. Гэты вялікі хор нашых абаронцаў і малітоўнікаў, якія праведным жыцьцём сваім, а некаторыя самой сьмерцю, удастоены права стаяць каля пасаду Госпада…
Сёньня мне жадаецца засяродзіць вашу ўвагу на слове “усіх сьвятых Беларускіх”.
Мы сёньня на Ранішняй сьпявалі канон ўсім сьвятым зямлі Беларускай, згадвалі імёны і справы іх. Але ці магчыма ў адным каноне згадаць усіх? Вядома не, бо і Бог раскрывае прад намі сьвятых сваіх паступова… Некаторыя зь іх ад старажытнасьці шануюцца і праслаўляюцца вельмі шырока, нават у іншых Праваслаўных Цэрквах, а некаторыя зрабіліся вядомы нам, у цемры і граху жывучым, толькі некалькі гадоў таму. Бо задум Божы адносна абраных Ягоных ёсьць недасягальны для розуму нашага і бязьмежны ў велічы сваёй.
Кожны зь нашых сьвятых у час зямнога жыцьця не думаў аб услаўленьні. Яны ўзялі крыж свой і пайшлі за Хрыстом… Пайшлі ў веры, пайшлі ў служэньні Госпаду Богу і сваёй Радзіме, свайму беларускаму народу. І сёньня мы бачым непарыўную сувязь гэтага служэньня, калі хор сьвятых нашых штодня папаўняецца новымі і новымі малітоўнікамі за Беларусь, за нас зь вамі… Не ўсе робяцца нам вядомымі адразу пасьля сьмерці, магчыма пройдуць гады, дзесяцігодзьдзя, нават магчыма – сотні гадоў, але час зямнога праслаўленьня надыдзе і Гасподзь адкрые нам іх імёны.
Кожны зь нашых сьвятых, ад старажытнасьці і да нашых дзён добра паслужыўшых Богу і Беларусі, ёсьць не толькі славай і малітоўнікам зямлі нашай, але і прыкладам жыцьця і служэньня для кожнага наступнага пакаленьня. Паглядзім у сэрцы свае і пабачым іх, зоркі нязгасныя, стоячых сёньня і кожны дзень побач зь намі, сузіраючых на жыцьцё наша і асьвятляючых праўдзівы шлях наш. Яны – натхняльнікі і малітоўнікі, абаронцы і параднікі кожнага зь нас. Дык будзем жа шчыра і праўдзіва пераймаць жыцьцю і служэньню іх, каб не сарамацілася нас Бацькаўшчына наша, а ў час суду Гасподняга ўдастоіцца Царства Нябеснага і жыцьця вечнага. Амін.
26.06.2011

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.