Sunday, July 10, 2011

НЯДЗЕЛЯ 4-Я ПАСЬЛЯ ПЯЦІДЗЕСЯТНІЦЫ. ВЫЛЯЧЭНЬНЕ СЛУГІ СОТНІКА

Мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Так часта даводзіцца чуць ад людзей: я малюся, я імкнуся да Бога, я прагну сустрэчы зь Ім, – а разам з гэтым Ён быццам застаецца мне далёкім, няма ў мяне жывога пачуцьця Ягонае блізкасьці...
Сёньняшняе Эвангельле не асуджае такое стаўленьне, але павінна б расчыніць наша сэрца да нейчага іншага. У чалавека, у сотніка была пакутлівая патрэба: ягоны слуга паміраў, ляжаў у хваробе. І ён зьвярнуўся да Хрыста за дапамогай. Хрыстос яму адказаў: Я да цябе прыйду... І што ж адказаў Яму сотнік? – Не! Не прыходзь! Я нягодны, каб Ты увайшоў пад мой дах, – досыць аднаго Твайго слова, сказанага тут, каб здароўе і жыцьцё вярнуліся да майго слугі...
І Хрыстос яго паставіў у прыклад іншым людзям: паставіў у прыклад гэту дзівосную веру, якая яму дазволіла сказаць: не прыходзь, я гэтага нягодны, – досыць мне Твайго слова.
Як часта мы сабе задаём пытаньне: як жыць? што рабіць? Калі б толькі Гасподзь, Выратавальнік Хрыстос устаў перад мной, калі б толькі Ён мне сказаў вось зараз: Паступай так, паступай інакш... – я б паступіў; але Ён маўчыць... Ці праўда гэта? Не, няпраўда! Ён пакінуў нам Сваё слова ў сьвятым Эвангельлі; там сказана усё, што трэба, для таго каб наша жыцьцё зрабілася іншым, каб яно зьмянілася, каб усё ў ім зрабілася новым, каб шляхі нашы зрабіліся шляхамі Божымі. Але мы чакаем іншага адкрыцьця, асабістага: гэта сказана усім, гэта сказана на усе часы, а я жадаю асабістае слова, якое вырашыла б вось зараз, цудам, маю задачу... І гэтага слова мы не чуем – таму што яно гучыць на кожнай старонцы Эвангельля, але мы туды не зазіраем: Эвангельле я чытаў даўно, Эвангельле я ведаю; было б мне новае слова, прыйшоў бы Гасподзь...
Як магчыма было б нам жыць, чаму толькі ні навучыцца, калі б, як гэты сотнік, мы маглі сказаць: новага адкрыцьця, непасрэднага ўзьдзеяньня я нягодны; зь мяне досыць слова Божага – жыватворчага, расчыняючага новыя шляхі... І тады усё было б. Таму навучымся, як Пётр, калі ён убачыў цудоўны улоў рыбы, сказаць: Госпадзі! Выйдзі зь маёй лодкі! Я нягодны, каб Ты быў са мной!.. – ці як сотнік: Не! Твайго слова даволі...
Навучымся гэтаму паслухмянству, гэтай веры і гэтай пакоры, і тады усё перад намі расчыніцца, і Бог стане для нас Жывым і блізкім і цудатворным. Амін.
4 ліпеня 1982 года

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.