Saturday, July 9, 2011

АКАФІСТ СВЯТОМУ ЯНУ ПАПЯРЭДНІКУ

Кандак 1
Непераможнага Ўладыкі прароку і папярэдніку, прыслаўнаму Яну Хрысьціцелю сьпяваем гэтую хвалебную песьню, а ты, спавясьціўшы аб прыходзе Выратавальніка, ад усялякіх бед збаў сьпяваючых:
Радуйся, слаўны Ян, Прарок, Папярэднік і Хрысьціцель Хрыстовы!
Ікас 1
Анёл – дабравесьнік зьявіўся Захарыю ў храме, каб спавясьціць яму аб вялікай міласьці Госпада, ён аб табе, Ян, прынёс радасную вестку, мы ж сьпяваем табе так:
Радуйся, дзівоснай Боскай Рады таямніца; радуйся, выкананьне цудоўнага задуму Боскага.
Радуйся, даўно прароцтвам Ісаі прадбачаны; радуйся, Збаўцы Папярэднік, прарокам прадказаны.
Радуйся, бо народжаны ты па абяцаньню Анёла; радуйся, бо ты абраны быць прарокам Усявышняга.
Радуйся, Голас Слова Госпада; радуйся, Папярэднік Сьвяціла Адвечнага.
Радуйся, зарніца, што папярэднічае прыходу Сонца Праўды; радуйся, Боскага Сьвятла сьвяцільнік.
Радуйся, анёл у целе, адукаваны Анёлам; радуйся, плод малітвы, Усявышнім падараваны.
Радуйся, слаўны Ян, прарок, папярэднік і Хрысьціцель Хрыстовы!
Кандак 2
Бачачы нябеснага Пасланьніка прад сабой, усхваляваўся праведны Захарый, не прыняў ён верай дабравесьце дзівоснае, калі ж за няверу язык ягоны зьвязаўся бязмоўнасьцю, усім сэрцам засьпяваў ён Госпаду: Алілуя.
Ікас 2
Таямніцу невымоўную спавясьціў Гаўрыіл бацьку твайму, Папярэднік Гасподні, аб цудоўным нараджэньні сына ад няплоднай маці, імя Ян загадаў ён надаць табе, Прарок і Хрысьціцель, мы ж табе так сьпяваем:
Радуйся, Ян слаўны, сусьветны апостал; радуйся, Гаўрыіла навіна усярадасная.
Радуйся, суцяшэньне няплоднай маці; радуйся, нематы бацькавай зьнішчальнік.
Радуйся, дабравесьнік выратаваньня Гасподняга; радуйся, Боскага прыходу Голас.
Радуйся, Ягня Боскага прапаведнік; радуйся, чыстая малітва за сусьвет грэшны.
Радуйся, Шлях да Сьвятла Адвечнага; радуйся, Голас мілаты Ўсявышняга.
Радуйся, прарокаў вяршыня найвысокая; радуйся, вышэйшых вясёласьць сьветлая.
Радуйся, слаўны Ян, прарок, папярэднік і Хрысьціцель Хрыстовы!
Кандак З
Сіла Ўсявышняга агарнула Дзеву Бязгрэшную ў шосты месяц пасьля зачацьця твайго, сьвяты Ян, і Яна, Бога Слова ва ўлоньні бязгрэшным прымаючы, сэрцам сьпявала Госпаду: Алілуя!
Ікас З
Пакліканы выроўніваць шляхі Госпада, Духам Сьвятым ты напоўніўся яшчэ ва ўлоньні няплодным, слаўны Папярэднік, таму і прарокам дзівосным зьявіўся ты, ва ўлоньні маці трапятаньнем радасным Багародзіцу прывітаўшы і пакланіўшыся Ўладару, мы ж табе так сьпяваем:
Радуйся, Духам Сьвятым ва ўлоньні маці напоўнены; радуйся, слаўны Папярэднік прыходу Госпада.
Радуйся, прадвесьнік Прамудрасьці Боскай; радуйся, пачатак прыходу Хрыстовага.
Радуйся, зьяўленьне цуду прыслаўнага; радуйся, плод дзівосны пустэльні бязплоднай.
Радуйся, галіна юная ад дрэва старажытнага; радуйся, сьцьверджаньне слаўнае ўсямагутнасьці Госпада.
Радуйся, дабраслаўленьня пары набожнай; радуйся, насеньне іскравая абяцаньня Боскага.
Радуйся, старасьці бацькоўскай прысьветлая радасьць; радуйся, пакорнай маці вясельле любімае.
Радуйся, слаўны Ян, прарок, папярэднік і Хрысьціцель Хрыстовы!
Кандак 4
Бурай сумневаў ахоплены, анямеў за няверу сьвятар Захарыя, калі ж нарадзіўся ты, храбры ваяр Хрыстовы, ён, імя твае, Анёлам дадзенае, напісаўшы, дарунак мовы павярнуў і засьпяваў Госпаду: Алілуя.
Ікас 4
Пачулі суседзі і родзічы твае, Папярэднік, аб міласьці Госпада, дадзенай Захарыі і Лізавеце, дзівосна яны дзіваваліся прароцтву бацькоўскаму, бо аб справах тваіх слаўных казаў ён, таму мы сьпяваем табе так:
Радуйся, слаўны Ян, мілатой напоўнены; радуйся, сын Памяці Госпада.
Радуйся, выяўленьне міласьці Боскай; радуйся, зарніца – прадвесьніца Сонца Праўдзівага.
Радуйся, найбольш слаўны паміж прарокамі; радуйся, апосталаў першанец.
Радуйся, ваяр Цара Нябеснага, радуйся, слуга верны Ўладара Адвечнага.
Радуйся, вядомы рукой Госпада; радуйся, Духам Сьвятым упадабаны.
Радуйся, зорка, сярод зорак найсьветлая; радуйся, Усходу зь вышыні прадвесьнік.
Радуйся, слаўны Ян, прарок, папярэднік і Хрысьціцель Хрыстовы!
Кандак 5
Бязбожны загад праклятага Ірада – дзетазабойцы ў пустэльню пагнаў цябе, сьвяты Ян, зь дому бацькоўскага, маці твая занесла цябе ў месца бясьпечнае, сьпяваючы Госпаду: Алілуя.
Ікас 5
Калі ж бачым дзіўны клопат Ўсявышняга, у тваім, Папярэднік, жыцьці выявіўшыся, Госпада хвалім, што ў табе праславіўся, табе ж так сьпяваем:
Радуйся, Ян усяхвальны, прадвесьнік Ісьціны; радуйся, пагроза нясправядлівасьці.
Радуйся, жах цароў няправедных; радуйся, прапаведнік адзінай Праўды.
Радуйся, рукой Боскай дзівосна захаваны; радуйся, бязмоўнай пустэльняй выхаваны.
Радуйся, постам цудоўна ўпрыгожаны; радуйся, чысьцінёй бязгрэшнасьці зьзяючы.
Радуйся, самаахвярнасьці поўнай узор; радуйся, пакоры кветка водарная.
Радуйся, скарбніца багамудрасьці; радуйся, кадзіла малітвы шчырай.
Радуйся, слаўны Ян, прарок, папярэднік і Хрысьціцель Хрыстовы!
Кандак 6
Зьдзейсьнілася прароцтва Захарыі, бацькі твайго, Хрысьціцель слаўны, зрабіўся ты прарокам Усявышняга, багамудры, Голас у пустэльні абвясьціў Слова Боскае ў целе, сьпяваючы Яму: Алілуя!
Ікас 6
Асьвяціў ты сьвет сьвятлом пропаведзі, Ян усяхвальны, Ягня Боскага, узяўшага грахі сьвету, указаў ты яўна, радасьць абвясьціўшы ўсім няплодным сэрцам, усім пустэльням духоўным, таму так табе сьпяваем:
Радуйся, найбольшы з прарокаў, выратаваньня прадвесьнік; радуйся, залатая сурма Духа Боскага.
Радуйся, Голас, скіраваўшы заблукаўшых; радуйся, покліч, які заклікае да пакаяньня.
Радуйся, раўняючы сьцежкі Госпада; радуйся, выроўніваньне ямаў духоўных.
Радуйся, правалаў глыбокіх напаўненьне; радуйся, пагоркаў ганарлівых прыніжэньне.
Радуйся, прадвесьнік выратавальнай купелі; радуйся, вестка добрае аб другім нараджэньні.
Радуйся, вялікі настаўнік ісьціны; радуйся, насеньне прысьветлага Эвангельля.
Радуйся, слаўны Ян, прарок, папярэднік і Хрысьціцель Хрыстовы!
Кандак 7
Пакліканы ўвасобленае Слова Боскае хрысьціць у Ярдане, ты супраціў чыніў гэтаму, Богахвальны Ян, але, скарыўшыся Ўладару, слуга мудры, ты руку правую ўзьняў над Галавой Творцы і засьпяваў: Алілуя!
Ікас 7
Новае тварэньне паказаў Творца, калі плоцьцю прыйшоў на Ярдан, бязгрэшны, хрысьціць Сябе папрасіў Ён Яна, пад руку слугі схіліў галаву Ўладар Усясільны, мы ж Хрысьціцелю богаабранаму так сьпяваем:
Радуйся, богаадзначаны Ян Хрысьціцель; радуйся, зьдзяйсьняльнік таямніцы жахлівай.
Радуйся, першы сьведка выратаваньня Гасподняга; радуйся, відавочнік краху дзяржавы грахоўнай.
Радуйся, бо ты ўдастоіўся бачыць Духа Ўсячыстага; радуйся, бо ты чуў голас Айца адвечнага.
Радуйся, бо ты ахрысьціў Выратавальніка Госпада; радуйся, Богабачца Творцы Трыадзінага.
Радуйся, пакланеньне праўдзівая Тройцы Ўсясільнай; радуйся, весьнік боскай радасьці.
Радуйся, слуга верны і добры, волю Ўладыкі выканаўшы; радуйся, Новага Запавету першы настаўнік.
Радуйся, слаўны Ян, прарок, папярэднік і Хрысьціцель Хрыстовы!
Кандак 8
Пабачыўшы дзіўную пакору Ўладара Ўсясільнага, сам пакорай ты напоўніўся, слаўны Хрысьціцель, выпрасі і нам дабрыню гэту ў Госпада, каб, гонар адкінуўшы, мы ў пакоры засьпявалі Яму: Алілуя!
Ікас 8
Цалкам знаходзіўся на зямлі, але быццам на неба ўзьняты быў богахвальны Папярэднік, калі Выратавальніка ахрысьціў ён, твар схіліўшага, стоячы ў водах Ярдану, дзіваваўся Ян невымоўнаму Боскаму Задуму, мы ж яму, як Хрысьціцелю Слова, так сьпяваем:
Радуйся, сьведак вялікай таямніцы; радуйся, першая ластаўка вясны добрай.
Радуйся, Задуму Боскага дабравесьнік; радуйся, выканаўца служэньня сьвятога.
Радуйся, прапаведнік купелі пакаяньня; радуйся, зьдзяйсьняльнік невымоўнай таямніцы.
Радуйся, сьмелы пераможца нячысьцікаў; радуйся, упадабаны Сьвятой Тройцы.
Радуйся, за грэшнікаў хуткі малітвеньнік; радуйся, за душы нашы малітоўнік.
Радуйся, і малі за нас Хрыста Госпада; радуйся і вымалі для нас грахоў прабачэньне.
Радуйся, слаўны Ян, прарок, папярэднік і Хрысьціцель Хрыстовы!
Кандак 9
Усе сілы анёльскія дзівіліся велічы служэньня твайго, Ян Хрысьціцель, бо чалавек ты, а выяўляеш жыцьцё роўнае анёльскае, ты – анёл у целе, ты – мучанік мужны, удзячныя за цябе сьпяваем Хрысту: Алілуя!
Ікас 9
Бачым, што прамоўцы вельмі мудрыя, быццам рыбы нямеюць, бо няздольныя годна ўсхваліць цябе, Хрысьціцель слаўны, бо цябе Хрыстос пахваліў, бо Сам Гасподзь цябе ўзьвялічыў, мы ж табе сьпяваем так:
Радуйся, Ян Хрысьціцель, Богам пахвалены; радуйся, верны сябра Збаўцы Адвечнага.
Радуйся, дружка ўпадабаны Жаніха Слаўнага; радуйся, найбольшы зь ўсіх жанчынамі народжаных.
Радуйся, Анёлаў цуд дзівосны; радуйся, прабацькаў слава прыслаўная.
Радуйся, прарокаў пахвала найвялікая; радуйся, апосталаў вянец зьзяючы.
Радуйся, прыгажосьць сьветлая сьвяціцеляў; радуйся, звышгодных дасканаласьць.
Радуйся, падмурак пакоры манаскай; радуйся, цудоўнае аздабленьне праведнікаў
Радуйся, слаўны Ян, прарок, папярэднік і Хрысьціцель Хрыстовы!
Кандак 10
Сусьвет выратаваць жадаючы, паслаў Гасподзь табе, Яна Папярэдніка, каб шлях Яму ты раўняў, каб навучыў ты ўсіх нас сьпяваць Яму: Алілуя!
Ікас 10
Ты абарона і прыстанак ўсім, хто зь малітвай прыбягае да цябе, Ян прыслаўны, дапамогі просім у цябе і мы, так табе сьпяваючы:
Радуйся, дабраслаўлёны Папярэднік Выратавальніка; радуйся, сэрцаў закамянеўшых прасьвятленьне.
Радуйся, кветка пустэльні дзівосная; радуйся, і выведзі нас з пустэльні духоўнай.
Радуйся, Хрысьціцель Міласэрнасьці бязьмежнай; радуйся, і вымалі нам кроплю міласьці.
Радуйся, усядабрашчаснай Любові Хрысьціцель; радуйся і вызвалі нас зь мора запалаў.
Радуйся, сьвяцільнік Сонца Праўдзівага; радуйся, і асьвяці нам ноч грахоўную.
Радуйся, плод цудоўны зь улоньня няплоднага; радуйся і навучы нас быць дабром плоданосіць.
Радуйся, слаўны Ян, прарок, папярэднік і Хрысьціцель Хрыстовы!
Кандак 11
Лепшы сьпеў не апяе дзівоснае тваё жыцьцё, сьвяты Ян, бо ты дух Ільлі, ягоную руплівасьць атрымаў цалкам атрымаў, ты за Праўду загінуў, ты абвясьціў Хрыста–Выратавальніка ў пекле, заўсёды і паўсюды сьпяваў ты Творцы: Алілуя!
Ікас 11
Сьветлы праменьнем сьвяцільнік Вечнага Сьвятла, Ян Папярэднік, табе мы сьпяваем песьню гэтую велічную, за нас ты маліся, абаронца, мы цябе просім, сьпяваючы:
Радуйся, дзівосны пасланца Задуму Госпада; радуйся, прапаведнік выратавальнага пакаяньня.
Радуйся, пасрэднік паміж Законам і Мілатой; радуйся, царскага беззаконьня пераможца.
Радуйся, засароміўшы збор грахоўны; радуйся, слава адважнага пакутніцтва.
Радуйся, узьвялічаны ад усходу сонца і аж да заходу; радуйся, ушанаваны хорам анёльскім.
Радуйся, Голас багаслоўя, прапаведнік Ісьціны; радуйся, Добрую Навіну ў пекле абвясьціўшы;
Радуйся, бо прад табой трымцяць запалы чалавечыя; радуйся, бо ад цябе зь жахам уцякаюць нячысьцікі.
Радуйся, слаўны Ян, прарок, папярэднік і Хрысьціцель Хрыстовы!
Кандак 12
Мілаты імя ты носіш, усяхвальны Хрысьціцель Хрыстовы, мілатой напоўніўшыся, ты перамог ворага злога, вернае служэньне ўвянчалася подзьвігам слаўным, малі Бога за нас, сьпяваючых Яму: Алілуя!
Ікас 12
Апяваючы Ўсявышняга Бога, цудоўна ў табе праслаўленага, сьвяты Ян, усхваляем цябе, шчыры сябра Выратавальніка сусьвету. Голас Слова, дзівосных цудаў сьведка, табе мы так сьпяваем:
Радуйся, Выратавальніка Папярэднік і Сябра Госпада; радуйся, прарок прарокаў, ва ўлоньні асьвячоны.
Радуйся, славай Боскаю ўвенчаны; радуйся, вясёласьць Царквы Хрыстовай.
Радуйся, прапаведнік Царства Нябеснага; радуйся, сьведка Траістай Таямніцы.
Радуйся, прадвесьнік Прамудрасьці Боскай; Радуйся, удзельнік вясельля ўрачыстага.
Радуйся, стоячы прад Пасадам Ўсявышняга; радуйся ў спакоі Госпада.
Радуйся, радасьцю поўнай і сьветлай; радуйся і вядзі нас шляхамі Боскімі.
Радуйся, слаўны Ян, прарок, папярэднік і Хрысьціцель Хрыстовы!
Кандак 13
О прыслаўны Папярэднік, ты стаіш прад Пасадам Траістага Бога, прымі сёньняшнія маленьні нашы і выратуй нас ад ўсяго злога, ды збаў нас ад мукі вечнай, бо з табой сьпяваем Творцы: Алілуя!
 (Потым сьпяваем Ікас 1 і кандак 1)
Малітва да сьвятога Яна Папярэдніка
Хрысьціцель Хрыстовы, прапаведнік пакаяньня, не адвярніся ад мяне, прыносячага пакаяньне, але, разам зь ваярамі нябеснымі, малі Ўладыку за мяне, нягоднага, лянотнага, нямоглага і сумнага, упаўшага ў беды шматлікія, змучанага бурнымі думкамі розуму майго. Бо я ёсьць сасудам спраў кепскіх і цалкам не бачу канца звычкам грахоўным, бо розум мой прыбіты – працьвічаны да рэчаў зямных! Што вечнае – я не ведаю, і да каго прыйду, каб выратавалася душа мая!? Толькі да цябе, сьвяты Ян, Мілатой названы, бо цябе пасьля Багародзіцы ведаю першым прад Госпадам зь усіх народжаных, бо ты ўдастоіўся дакрануцца галавы Цара Хрыста, ўзяўшага грахі сусьвету, Ягня Боскага. Яго ж і малі за грэшную душу маю, хай хоць цяпер, ад адзінаццатай гадзіны панясу я цяжар добры і прыму ўзнагароду зь іншымі. Так, Хрысьціцель Хрыстовы, годны Папярэднік, Прарок апошні і першы ў добрым пакутніцтве, настаўнік посьнікаў і пустэльнікаў, чысьціні настаўнік і блізкі сябра Хрыстовы, цябе я малю, я да цябе прыбягаю, не адкінь жа мяне ад абароны сваёй, а ўздымі ты мяне, абнаві пакаяньнем як другім хрышчэньнем, бо ты хрышчэньня і пакаяньня кіраўнік. Хрост абмывае грэх прабацькаўскі, пакаяньне ж – кожную справу кепскую зьнішчае. Ачысьці ж мяне, грахамі забруджанага, і ўвайсьці дапамажы ў Царства Нябеснае, куды аніякі бруд ўвайсьці няздольны. Амін.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.