Saturday, November 23, 2013

КАЗАНЬ У ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ АХВЯР ГОЛАДАМОРУ ВА УКРАІНЕ

Бойся Бога і запаведзяў Ягоных трымайся, бо чалавеку ў гэтым - усё. Бо ўсякі ўчынак Бог прывядзе на суд і ўсё таемнае, ці яно добрае, а ці благое.
Экл.12:13 – 14
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Упадабаныя браты і сёстры!
Сёньня мы сышліся на гэтую памінальнаю малітву, каб прасіць Госпада за душы тых, хто зрабіўся ахвярай жахлівага генацыду ХХ стагодзьдзя – Голадамору.
Жахлівы генацыд ва Украіне быў старана сплянаваны, падрыхтаваны і зьдзейсьнены сатанінскім камуністычным рэжымам, які ўжо прынёс ва Украіну сьмерць і голад 1918-1923 гадоў. Мы ўсе ведаем і цудоўна ўсьведамляем гэты факт…
Але сёньня, у дзень памяці мільёнаў ахвяр антычалавечага камуністычнага рэжыму, мусім таксама зьдзейсьніць жорсткі рахунак сваёй гістарычнай памяці. Бо ніякі дыктатар, ніякая ўлада катаў не зьяўляецца на пустым месцы.

Давайце згадаем, што ў Расейскае імпэрыі, на час кастрычніцкага перавароту, жыло амаль 80 мільёнаў украінцаў. Гэта былі працавітыя, праваслаўныя людзі… Гэта была вялікая сіла, здольная адстаяць свае права на ўласную Дзяржаву, уласную Праваслаўную Царкву – усе тое, што заўсёды называлася ПРАВАМ БЫЦЬ ГАСПАДАРОМ НА СВАЁЙ, БОГАМ ДАДЗЕНАЕ ЗЯМЛІ. Але гэтага не сталася… бо замест еднасьці, замест агульнае барацьбы за сваё жыцьцё, пайшлі людзі па шляху абыякавасьці, шляху ўласных амбіцый і “паўстаньня брата на брата”. Бо, апантаныя зямнымі страсьцямі, забылі людзі словы Хрыста: “Калі царства разьдзеліцца самое ў сабе, ня можа ўстояць царства тое; і калі дом разьдзеліцца сам у сабе, ня можа ўстояць дом той” (Мк. 3:24 – 25).
Мы мусім памятаць, што прад тым, як зьдзейсьніць страшны генацыд голадам, богаборчая ўлада зьдзяйсьняла генацыд духоўны: руйнавала храмы, арыштоўвала і фізычна зьнішчала праваслаўнае духавенства, забірала ў заможных, працавітых, людзей маёмасьць і высылала іх на сьмерць… Але толькі адзінкі “бралі свой крыж”, бралі на сябе цяжар адказнасьці і ўступалі ў няроўны бой з бальшавікамі, фактычна – духоўны бой за жыцьця свайго народу!
І былі мільёны, была большасьць тых, каго мы сёньня б назвалі “прагматыкамі”. Яны абіралі “прагматызм жыцьця”, яны не жадалі ваяваць за сябе і сваіх дзяцей, яны цярпелі і чакалі… Цярпелі калі зачынялі храмы і зьневажалі Бога; цярпелі калі забіралі іх майно і зямлю; цярпелі, калі бальшавікі зьневажалі саму сутнасьць народу… І толькі калі каты, выконваючы загад “князя сьвету гэтага”, пачалі адбіраць “іх жыцьцё і жыцьцё дзяцей іх” яны зразумелі жах свайго “прагматызму”, але было ўжо позна!
Упадабаныя браты і сёстры, вось за гэты “прагматызм”, за гэтую “абыякавасьць”, прынёс народ тыя мільёны бязьвінных ахвяр… і яны, мёртвыя, стукаюць у наша сэрца, спрабуюць дастукацца да сьвядомасьці і розуму кожнага зь нас.
Сёньня мы молімся за кожную загінуўшую ў полымі камуністычна–расейскага генацыду душу…. але молімся і за тое, каб даў Гасподзь усім нам, усяму беларускаму і ўкраінскаму народам, мудрасьць не быць “прагматычнымі” ды “абыякавымі”, бо толькі памяць і разуменьня ёсьць гарантыяй таго, што трагедыя больш ніколі не паўторыцца на нашай зямлі.
Амін.
прат. Сяргей Горбік
10/23 лістапада 2013 л.Б.



No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.