Friday, April 26, 2013

Казань на малебне ў дзень памяці Чарнобыльскае катастрофы


Слава Ісусу Хрысту!
Упадабаныя браты і сёстры!
Сёньня мы сабраліся тут, каб памаліцца за ахвяр Чарнобыля. Мы просім у Господа нашага, каб у невымоўнай Сваёй міласьці Ён падаў здароўя хворым, спакой загінуўшым і памёршым ад вынікаў катастрофы, супакоіў родзічаў загінуўшых…
У гэтым годзе дзень памяці аб Чарнобыльскае катастрофе прыпадае на час Вялікага посту. Гэта вельмі сымбалічны для нас знак, бо да вялікай бяды прывяло не стыхійнае ліха, не выпадковая паломка абсталяваньня, а, як мы зараз кажам, “чалавечы фактар”.
Гэты “чалавечы фактар”, які забіў і працягвае павольна забіваць тысячы людзей, не узьнік на пустым месцы. Ён стаў вынікам шматгадовага панаваньня «савета бязбожных» (Пс. 1:1), які зьнішчыў веру ў Бога, зьнішчала духоўнасьць нашага народа. Гэты, выхаваны бязбожнікамі “новы савецкі чалавек”, атрымаўшы вялікую сілу - праз свой розум, праз пранікненьне ў навуку, праз разьвіцьцё тэхналёгій, - быў адначасова пазбаўлены сапраўднае маральнай адказнасьці за блізкіх, пазбаўлены, як мы кажам, страху Божага. Душу такой асобы напаўнялі ілжывыя каштоўнасьці, яна, ў імя узнагарод «князя гэтага сьвету», гатовая адкінуць думку пра лёс сваіх блізкіх, адкінуць адказнасьць за Богам дадзеную зямлю ...
Мы мусім памятаваць, што Чарнобыльскай трагедыі папярэднічаў гэтакі “духоўны Чарнобыль”, калі адбывалася духоўнае, а часам і фізычнае, зьнішчэньня беларускага і ўкраінскага народу. Трагічныя вынікі “духоўнага Чарнобылі” невымоўна больш вынікаў “Чарнобыля фізычнага”.
Менавіта праз гэтую глыбінную падставу Чарнобыльскае трагедыі – зьнішчэньне камуністычным рэжымам веры і духоўнасьці народу, слова “Чарнобыль” зрабілася назыўным для вызначэньня духоўнай пустэчы частцы грамадзтва, людзей якія адкінулі Эвангельля, якія забылі сваіх продкаў, свае звычаі і мову.
Кожны зь нас разумее, што Чарнобыль – гэта жахлівая бяда беларускага і ўкраінскага народаў. Таму памяць аб Чарнобылі – гэта найперш заклік да барацьбы са ўсім тым, што сёньня служыць духоўнаму зьнішчэньню нашых народаў. Толькі перамога над злом, над бязбожніцтвам, нацыянальнае амнезіяй будзе гарантыяй таго, што Чарнобыльская трагедыя больш ніколі не паўтарыцца.
Супрацьстаяць новаму Чарнобылю – гэта ўчынак для моцных і сьвядомых духам, бо мы будзем непазьбежна сутыкацца з сіламі, якія не вераць у Бога, якія намагаюцца зрабіць грэх нормай, духоўна зьнішчыць нашы народы  і пабудаваць бязбожную цывілізацыю. Гэтыя сілы маюць у сваім распараджэньні вялікія рэсурсы, падманлівыя і спакушальныя словы аб “лібэралізме” ды “інтэрнацыяналізме”. Але “Бог нам прыстанішча і сіла, хуткі памочнік у нягодах; Таму не ўбаімся, хоць бы зямля здрыганулася і горы рушыліся б у сэрцы мораў” (Пс. 45:1 – 2). Таму мы, праваслаўныя хрысьціяне, павінны і будзем несьці сьведчаньне сьвету пра Боскую праўду, пра сілу Божага закона, пра тое, што збаўчай, пасьпяховай і шчасьлівай можа быць толькі тое жыцьцё, у якім Боскае злучаецца з чалавечым; толькі тое жыцьцё, дзе намаганьні чалавечага розуму і волі падтрымліваюцца ласкай Божай.
Так давайце ў гэты скарбутны дзень памолімся за ўсіх ахвяр Чарнобыльскае трагедыі. Памолімся аб тым, каб попел Чарнобыля “заўсёды стукаў у нашым сэрцы”. Каб мілата Боская была са ўсімі намі і захаваў Гасподзь нашу зямлю і нашы народы. Амін.
прат. Сяргей Горбік
26 красавіка 2013 л.Б.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.