Friday, March 29, 2013

Казань на малебне на Дзень Волі

Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?
1 Яна 4:20
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Дарагія браты і сёстры!
Сёньня мы сабраліся каб памаліцца за нашу Бацькаўшчыну – сьвятую Беларусь. Памаліцца за тых людзей, якія паклалі і да сёньня кладуць свае жыцьця за Незалежнасьць і Свабоду Беларусі. Мы молімся за жывых і ўжо адышоўшых да Госпада… за ўсіх, для каго словы “Незалежная Беларусь” ёсьць найбольш важнымі ў іх грамадзкім жыцьці.
 
Кожны з нас мусіць памятаць, што любоў да сваёй Айчыны і свайго народу, што спалучана з ахвярнасьцю, зьяўляецца вялікай дабрадзейнасьцю і адзнакай праваслаўнае набожнасьці. Апостал Павел кажа: “Калі ж хто пра сваіх і асабліва пра хатніх ня дбае, той выракся веры і горшы за нявернага” (1 Цім.5:8). З гэтых слоў вынікае, што хрысьціянства не толькі не вызваляе чалавека ад клопату пра свае, але і вызначае чалавека, які грэбуе гэтым клопатам як такога, які горшы за нявернага, паколькі нават з боку няверных гэтая дабрадзейнасьць не падвяргаецца сумневу. Цяжка знайсьці народ і краіну, дзе б патрыятызм не лічыўся дабрачыннасьцю. Але толькі ў хрысьціянстве гэтая дабрадзейнасьць раскрываецца цалкам і робіцца дасканалай. Праваслаўная аскэтыка сьведчыць, што няма дабрадзейнасьць па-за Хрыстом. Па-за Хрыстом усе дабрачыннасьці зьяўляюцца уяўнымі, яны заўсёды скажоныя, заўсёды спалучаныя з грахоўнымі запалам і ганарыстасьцю. Таму можна з упэўненасьцю сказаць, што па-за Хрыстом няма і патрыятызму. Толькі Вера Хрыстова ачышчае і узвышае патрыятызм, робячы зямную Айчыну для чалавека ганкам Айчыны Нябеснае.
Мы, Праваслаўныя Хрысьціяне, падобна прароку Давіду, які напісаў пра сябе: вандроўнік я на зямлі” (Пс.118:19), таксама лічым і сябе, разам з Апосталам Паўлам, вандроўнікі і прыхадні на зямлі, бо тыя, якія так кажуць, паказваюць, што яны шукаюць бацькаўшчыны»(Жыд. 11:13-14) нябеснае. Але хрысьціяне “у думках маюць тую бацькаўшчыну, - як піша далей апостал, - з якой яны выйшлі” (Жыд.11:15). Таму кожны хрысьціянін, несучы ў сэрцы вобразы нябеснага(Жыд. 9:23), бачыць у зямной Айчыне правобраз Божага Валадарства, Айчыны Нябеснае. Мы не можам казаць, што мы любім Бога, жадаем Царства Нябеснага ды гатовы пацярпець за гэта, калі ў нашым сэрцы няма любові ды ахвярнасьці да нашае Бацькаўшчыны – Беларусі. Бо кажа сьвяты Апостал і Эвангеліст Лука: “Верны ў малым і ў вялікім верны, а няверны ў малым няверны і ў вялікім” (Лк. 16:10)
Таму наш патрыятызм, наш беларускі нацыяналізм, зьява глыбока праваслаўная.
Таксама будзем, браты і сёстры, сьвядомымі таго, што сёньня наша Беларусь знаходзіцца ў стане барацьбы за свае нацыянальнае вызваленьне. Але не ў першы раз беларускаму народу вытрымліваць такія выпрабаваньні…
З Боскаю дапамогай і на гэты раз ён разьвее ў прах усіх ворагаў нашага народу. Нашы продкі не падалі духам і ў горшым становішчы, бо памяталі не пра уласную небясьпеку і выгоды, а аб сваім сьвяшчэнным абавязку перад Радзімай, і выходзілі пераможцамі. Не зганьбім ж іх слаўнага імя і мы – праваслаўныя беларусы, родныя ім і па плоці і па веры. Айчына абараняецца агульным народным подзьвігам, агульнай гатоўнасьцю паслужыць айчыне ў цяжкі час выпрабаваньня, гатоўнасьцю да ахвярнасьці ды ўсім, што кожны можа пакласьці на алтар вызваленьня.
Наша, Беларуская, Праваслаўная Царква заўсёды падзяляла лёс народа. Разам з ім яна несла выпрабаваньні, і радавалася перамогам. Не пакіне яна народу свайго і цяпер, дабраслаўляючы усіх нас на барацьбу за нашу Бацькаўшчыну.
Дык давайце згадаем нашых сьвятых, якія свой подзьвіг прысьвяцілі выратаваньню нашае Бацькаўшчыны. Згадаем нашых мужных мітрапалітаў, такіх як Іосіф Солтан, якія на сьценах беларускіх гарадоў баранілі нашу Вольнасьць. Згадаем нашых мучанікаў, паклаўшых жыцьцё за Беларусь! Шляхам самаадданасьці ішлі незьлічоныя тысячы нашых праваслаўных ваяроў, якія пакладалі жыцьцё сваё за Радзіму і веру ва усе часы нападу ворагаў на нашу Бацькаўшчыну – Сьвятую Беларусь. Яны паміралі, не думаючы пра славу, яны думалі толькі пра тое, што Беларусі патрэбна ахвяра з іх боку, і пакорліва ахвяравалі усім і самім жыцьцём сваёй Будзем жа годныя іх славы ў мужнасьці, цярпеньні і змаганьні. Амін.
прот. Сяргей Горбік

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.