Wednesday, June 13, 2012

ДЗЬВЕ ПЕСЬНІ СЬВЯТОГА ПІСАНЬНЯ, ПРЫСУТНЫЯ Ў ПСАЛТЫРЫ, АЛЕ АДСУТНЫЯ Ў ПЕРАКЛАДЗЕ сп. ВАСІЛЯ СЁМУХІ

У часе чытаньня беларускамоўнае Псалтыры мы сустракаемся зь тым, што ў існуючых праваслаўных перакладах адсутны дзьве песьні Сьвятога Пісьма. Каб выправіць дадзеную праблему, мы падаем гэтыя песьні ў перакладзе зь царкоўнаславянскае мовы. Зьверка рабілася па Псалтырам Кіеўскае праваслаўнае традыцыі.
Песьня 7
Малітва Азарыі
Дабраслаўлёны Ты, Гасподзь, Божа бацькоў нашых, і хвалёнае і праслаўленае ёсьць імя Твае ва ўсе стагодзьдзі. Бо праведны Ты ва ўсім, што зрабіў зь намі, і ўсе справы Твае праўдзівыя, і правільныя шляхі Твае, і ўсе суды Твае справядлівыя, і гэтыя суды справядлівыя Ты зьдзейсьніў ва ўсім, што зрабіў зь намі і са сьвятым горадам бацькоў нашых – Еруалімам, бо Ты па справядліваму прысуду зрабіў гэта зь намі за грахі нашы. Паколькі зграшылі мы, і рабілі беззаконна.
Адышоўшы ад Цябе, і зграшылі ва ўсім, і запаветы твае не слухалі, не выконвалі, і не рабілі так, як Ты загадаў нам, каб добра нам было. І ўсё тое, што Ты зьдзейсьніў над намі, і ўсё, што Ты зрабіў зь намі, зроблена згодна справядлівага суду, і перадаў нас у рукі ворагаў беззаконных, варожых адступнікаў, і цару няправеднаму і найбольш злому ва ўсім сусьвеце. І цяпер не адчыніў нам вусны, мы зрабіліся сорамам і зьнявагаю для слуг Тваіх і шануючых Цябе. Не пакінь жа нас да канца дзеля імя Твайго, і не разбуры запавету Твайго, і не адбяры міласьці Тваёй ад нас дзеля Аўраама, упадабанага Табою, і дзеля Ісака, раба Твайго, і Ізраіля, сьвятога Твайго, якім Ты сказаў, размаўляючы зь імі, што памножыш насеньня іх, як зоркі нябесныя і як жвір на беразе мора. Бо мы зьменшыліся, Уладар, больш усіх народаў, і прыніжаны сёньня па ўсёй зямлі за грахі нашы, і няма ў нас сёньня: ні цара, і прарока, і павадыра, і ўсяспаленьня, ні ахвяры, ні прынашэньня, ні водару, ні месца, каб нам пакласьці плады прад тварам Тваім і атрымаць міласьць. Але зь душою пакутнае і духам пакорным ды будзем прыняты, як пры ўсяспаленьні авечак і цялушак, і як пры спаленьні дзесяткаў тысяч авечак тлустых, ды адбудзецца наша ахвяра прад Табой сёньня, і ды зьдзейсьніцца для Цябе, – бо няма сораму надзею на Цябе маючым. І цяпер мы крочым за Табою ўсім сэрцам, і баімся Цябе, і шукаем твар Твой; не пасаромейся нас, але ствары зь намі па літасьці Тваёй і па багацьцю міласьці Тваёй, і выратуй нас сілай цудаў Тваіх, і дай нам славу імя Твайго, Гасподзь, і ды будуць пасаромлены робячыя злое слугам Тваім, і пасаромлены са ўсёй сілай, а магутнасьць і моц іх разбурана будзе, і ды пазнаюць, што Ты, Гасподзь, адзіны і слаўны Бог ва ўсім сусьвеце.
Дан. 3, 26 – 45
Песьня 8
Песьня трох юнакоў
Дабраслаўлёны Ты, Гасподзь, Божа бацькоў нашых, і хвалёны, і ўздымаем ва ўсе стагодзьдзі, і дабраслаўлёнае імя славы Тваёй, сьвятое і хвалёнае і праслаўленае ва ўсе стагодзьдзі. Дабраслаўлёны Ты ў храме сьвятое славы Тваёй, і хвалены і ўслаўлены у вяках. Дабраслаўлёны Ты, бачачы бяздоньні, сядзячы на Херувімах, і хвалёны і праслаўлены у вяках. Дабраслаўлёны Ты на пасадзе славы Царства Твайго, і хвалёны і праслаўлены у вяках. Дабраслаўлёны ты на цьвердзі нябеснае, і хвалёны ды праслаўлены у вяках. Дабраслаўляйце ўсе тварэньні Гасподні, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго ва ўсе стагодзьдзі. Дабраслаўляйце, Анёлы Гасподні, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго ва ўсе стагодзьдзі. Дабраслаўляйце, нябёсы Гасподні, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго ад веку. Дабраслаўляйце ўсе сілы Гасподні, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго у вяках. Дабраслаўляйце, сонца і месяц, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго у вяках. Дабраслаўляйце, зоркі нябесныя, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго у вяках. Дабраслаўляйце, усялякі дождж і раса, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго у вяках. Дабраслаўляйце, усе ветры, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго у вяках. Дабраслаўляйце, полымя і жар, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго у вяках. Дабраслаўляйце, холад і сьпякота, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго у вяках. Дабраслаўляйце, росы і завірухі, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго у вяках. Дабраслаўляйце, лёд і мароз, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго у вяках. Дабраслаўляйце, іней і сьнег, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго у вяках. Дабраслаўляйце, ночы і дні, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго у вяках. Дабраслаўляйце, сьвятло і цемра, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго у вяках. Дабраслаўляйце, маланкі і аблокі, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго у вяках. Ды Дабраслаўляе зямля Госпада, апявае і праслаўляе Яго у вяках. Дабраслаўляйце, горы і пагоркі, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго у вяках. Дабраслаўляйце Госпада, усё, што расьце на зямлі, апявайце і праслаўляйце Яго у вяках. Дабраслаўляйце, крыніцы, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго у вяках. Дабраслаўляйце, мары і рэкі, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго у вяках. Дабраслаўляйце, кіты і ўсё, што рухаецца ў вадзе, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго у вяках. Дабраслаўляйце, усе птушкі нябесныя, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго у вяках. Дабраслаўляйце, усе зьвяры і ўся жывёла, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго у вяках. Дабраслаўляйце, сыны чалавечыя, Госпада, апявайце і праслаўляйце Яго у вяках. Ды дабраслаўляе Ізраіль Госпада, апявае і праслаўляе Яго ва усе стагодзьдзі. Дабраслаўляйце, сьвятары Гасподні, Госпада, апявае і праслаўляе Яго ва усе стагодзьдзі. Дабраслаўляйце, рабы Гасподні, Госпада, апявае і праслаўляе Яго ва усе стагодзьдзі. Дабраслаўляйце, духі і душы праведных, Госпада, апявае і праслаўляе Яго ва усе стагодзьдзі. Дабраслаўляйце, набожныя і пакорлівыя сэрцам, Госпада, апявае і праслаўляе Яго ва усе стагодзьдзі. Дабраслаўляйце, Ананія, Азарыя і Місаіл, Госпада, апявае і праслаўляе Яго ва усе стагодзьдзі.
Дан. 3, 52 – 88
Пераклад прат. Сяргея Горбіка па славянскае Бібліі.
 

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.