Friday, June 15, 2012

Канон Смаленскаму абразу Усясьвятой Багародзіцы Адзігітрыя

Сьвяткаваньне 28 ліпеня / 10 жніўня
Трапар, тон 4
Да Багародзіцы старана сёньня прыйдзем, грэшныя і пакорныя, і прыпадзем, у пакаяньні заклікаючы з глыбіні душы: Уладарка, дапамажы, глянь на нас міласэрна, бо гінем ад шматлікіх грахоў нашых, не адкінь маленьні слуг Тваіх. Бо на Цябе адзіную надзею маем (двойчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Ніколі не спынім, Багародзіца, да сілы Тваёй заклікаць, хоць і нягодныя. Бо калі ты не дапамагала малітваю, хто б збавіў ад столькіх бед? Хто б захаваў да сёньня вольнымі? Не адыдзем, Уладарка, ад Цябе, бо слуг Тваіх заўсёды выратоўваеш.
Канон, тон 4
Твор манаха Ігнація
Песьня 1
Ірмас: Адчыні вусны мае і яны напоўняцца Духам, і песьню засьпяваю Царыцы Маці, і буду сьветла сьвяткаваць, і апаю, радуючыся, Твае цуды.
Прысьпеў: Усясьвятая Уладарка Багародзіца, пачуў малітву слуг Сваіх, што малітвы да Цябе ўзносяць.
Радасна, Чыстая сёньня гэтую хвалу прыношу, радуюся і ціхім голасам, Багародзіца, сьпяваю Табе: Радуйся і розумам напоўні мяне, гэты сьпеў пачынаючага.
Хрыста нарадзіўшая, нам радасьць вечную, радуйся, Усімі Апетая, праваслаўным надзея, сьпяваю Табе, Дзева, жаданаю радасьцю міру напоўні мяне.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Заўсёды радуюцца ўсе людзі й Анёлы, супольна сьпяваючыя на нябёсах і на зямлі Адзігітрыі: Радуйся, Дзева, бо радасьцю Нараджэньня Твайго ўсё выканала Ты.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Радуйся, Адзігітрыя, зь адвагай Табе сьпяваючых радасьці ўдастой, Маці праўдзівае радасьці, вызваляючая ад ўсіх скарбут, і ўсіх прыбягаючых да Цябе памілуй.
Багародзічны: Выратуй ад бед слуг Тваіх, Багародзіца, бо ўсе ў Богу да Цябе прыбягаем, як да непарушнае сьцяне ды абаронцы. (паклон)
Песьня 3
Тваіх сьпевакоў, Багародзіца, жывая і праўдзівая крыніца, хор свой склаўшых, духоўна зацьвердзі ў Боскае Тваёй славе, ды вянцоў славы ўдастой.
Прысьпеў: Усясьвятая Уладарка Багародзіца, пачуў малітву слуг Сваіх, што малітвы да Цябе ўзносяць.
Хрыста, Усявышняга Уладара, нарадзіўшая, радуйся, непахісна Чысты і адушаўлёны палац! Радуйся, Адзігітрыя, радуйся. Бо табой непарушным наш горад захоўваецца.
Умясьціць Яго няздольнае тварэньне, але ва ўлоньне, што шлюбу не ведала, Адзігітрыя Дзева, целам умясьціла Хрыста. Таму апяваем Цябе радасна, па годнасьці славячы.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Радасьць, багата апетая сьветам, радасна Табе сьпяваючаму сёньня, усіх чуючая, Чыстая, радасьці ўдастойваемся праз Твае мацярынскія малітвы да Народжанага ад Цябе, Адзігідрыя.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Цябе, залаты пасад, і сьвяцільнік, і жазло, і трапэзу, Чыстая, заклікаем, Адзігітрыя, і сьпеў “Радуйся” Табе заўсёды прыносім са ўсім тварэньнем.
Багародзічны: Выратуй ад бед слуг Тваіх, Багародзіца, бо ўсе ў Богу да Цябе прыбягаем, як да непарушнае сьцяне ды абаронцы. (паклон)
Госпадзе, памілуй. (тройчы)
Сядальны, тон 2
Малітва цёплая і сьцяна непарушная, міласьці крыніца, сьвету прыстанак, старана сьпяваем Табе: Багародзіца Ўладарка, абарані і ад бед выратуй нас, Адзіная хуткая ў дапамозе.
Песьня 4
Ірмас: Сядзячы ў славе на Пасадзе Боскасьці, на воблакі лёгкім, прыйдзе Ісус Усябоскі і рукою Сваёй выратуе сьпяваючых: Слава, Хрыстос, сіле Тваёй.
Прысьпеў: Усясьвятая Уладарка Багародзіца, пачуў малітву слуг Сваіх, што малітвы да Цябе ўзносяць.
Радуйся, цуд цудаў, Адзігітрыя Ўладарка. Радуйся, радасьць усіх гарадоў і ўсіх хрысьціян непераможная ў бедах ахоўніца, і цьвярдыня, і над ворагамі перамога.
Радуйся, радуйся, людзям праваслаўным хвала, і хрысьціянскаму войску пакрыў вечны, Уладарка. Радуйся, Адзігітрыя, прыстанак усім нам і сьцьверджаньне.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Радуйся, усім хуткае ад бед вызваленьне. Радуйся, усім скарбутным гатовае суцяшэньне. Радуйся, усімі апетая. Радуйся, Адзігітрыя усядабраслаўлёная, усім хворым вылячэньне.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Радуйся, Тваю веліч ўсё тварэньне сьпяшаецца славіць па годнасьці, але няздатнае зьдзейсьніць праслаўленьне невымоўнае славы Тваёй, праз гэта сьпявае Табе, Адзігітрыя: Радуйся, Уладарка, Бога ўмясьціўшая сяліба.
Багародзічны: Выратуй ад бед слуг Тваіх, Багародзіца, бо ўсе ў Богу да Цябе прыбягаем, як да непарушнае сьцяне ды абаронцы. (паклон)
Песьня 5
Ірмас: Страшная для ўсіх Боская слава Твая. Бо Ты, не ведаючая шлюбу Дзева, мела ва ўлоньні ўсіх Бога ды нарадзіла адвечнага Сына, усім апяваючым Цябе мір падаючая.
Прысьпеў: Усясьвятая Уладарка Багародзіца, пачуў малітву слуг Сваіх, што малітвы да Цябе ўзносяць.
Дабрыні і шчодрасьці бяздоньня, радуйся Адзігітрыя Дзева, усім верным радасьць зьдзяйсьняючая. Радуйся, усім у бедах і скарбуце хуткая Абаронца.
Радуйся, выкананьня велічных цудаў Тваіх бачачы, вялікім сьвятлом і невымоўным сьпевам напаўняюцца ўсе верныя. Таму, Адзігітрыя, сьпеў “Радуйся” прыносяць Табе няспынна усе і паўсюды.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Радуйся, Хрыста Бога нашага жыльлё і дом, Адзігітрыя – Дзева боская, невымоўнае Ягонае славы. Радуйся, палац упрыгожаны і горад адушаўлёны, заўсёды царуючы.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Радасьцю вечнае, вялікаю як мора, бачым Цябе, Юначка. Адзігітрыя Дзева, радуюцца ўсе ды радуючыся сьпяваюць Табе славу, Боскіх дарункаў нябачна і заўсёды ад Цябе чакаючы.
Багародзічны: Выратуй ад бед слуг Тваіх, Багародзіца, бо ўсе ў Богу да Цябе прыбягаем, як да непарушнае сьцяне ды абаронцы. (паклон)
Песьня 6
Ірмас: Гэтае Боскае і велічнае зьдзяйсьняючы сьвята Боскае Маці, прыйдзіце, у Богу мудрыя, рукамі запляскаем, праслаўляючы ад Яе народжанага Бога.
Прысьпеў: Усясьвятая Уладарка Багародзіца, пачуў малітву слуг Сваіх, што малітвы да Цябе ўзносяць.
Хрыста, Чыстая, прымаючы, слова “Радуйся” чула Ты, Адзігітрыя Дзева. Яго ж невымоўна нарадзіўшы, сьпеў “Радуйся” няспынна ад усіх чуеш.
Радасьцю ўсіх напоўніла, нябесных і зямных Ты, Адзігітрыя, зьяднала. Таму сьпеў “Радуйся” зямля і неба, у радасьці і згодзе, прыносяць Табе.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Радуйся, Адзігітрыя, усім удовам і сіротам суцяшэньне. Радуйся, усім патрабуючым падаючая багацьця вечнае.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Радуйся, жытло Хрыстова, больш усялякага золата зьзяючая і сьвятлей раніцы сонечнае. Радуйся, Адзігітрыя; радуйся Дзева; радуйся, Нявеста, што шлюбу не спазнала.
Багародзічны: Выратуй ад бед слуг Тваіх, Багародзіца, бо ўсе ў Богу да Цябе прыбягаем, як да непарушнае сьцяне ды абаронцы. (паклон)
Госпадзе, памілуй. (тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Кандак, тон 6
Абаронца хрысьціян годная, прасіцелька да Творцы няспынная, не пагрэбуй грэшных людзей малітвамі, але прыйдзі, як добрая, на дапамогу нам, праўдзіва заклікаючых Цябе. Хуткім адказам на малітву і дапамогай патрабуючым будзь, Багародзіца, для заўсёды шануючых Цябе.
Ікас.
Працягні далоні Твае, Багародзіца, якімі Уладара ўсіх як Немаўля трымала, за вялікаю мілатой. Не пакідай нас, заўсёды на Цябе надзею маючых, усьцеш Тваёю малітваю і незьлічонаю міласьцю адары нас, падаючы нашым душам міласэрнасьць Тваю, несканчоную ва ўсе стагодзьдзі. Бо Цябе мы, грэшныя, маем абаронцай ад нападаючых на нас бед і ўсяго злога. І. як маючая шчодрасьць міласэрнасьці, хуткім адказам на малітву і дапамогай патрабуючым будзь, Багародзіца, для заўсёды шануючых Цябе.
Песьня 7
Ірмас: Юнакі набожныя не паслужылі ідалу, як Стваральніку, але, полымя катаваньня мужна перамогшы, радаваліся сьпяваючы: Дабраслаўлёны ёсьць апеты Гасподзь і Бог бацькоў нашых.
Прысьпеў: Усясьвятая Уладарка Багародзіца, пачуў малітву слуг Сваіх, што малітвы да Цябе ўзносяць.
Радуйся, Багародзіца Адзігітрыя, усіх і заўсёды скіроўваючая на шлях выратаваньня. Радуйся, бо Табой заўсёды пазбаўляемся ад усялякае бяды і барбарскіх нападаў.
Радуйся, Адзігітрыя, няспынна молячая аб нас Бога, бо ўсялякае зло праз малітву Тваю, Багародзіца, ад нас адводзіцца і ад усялякае скрухі людзі вызваляюцца.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Радуйся, Усясьвятая Адзігітрыя, усе прашэньні нашы на карысьць нашу выконваючая, усім жадаючая заўсёды ўсім прынесьці добрую еднасьць у любові, патрэбную ўсім вернікам.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Радуйся, Адзігітрыя, карабель выратаваньня для патрабуючых, вызваляючая ўсіх вернікаў ад усялякіх скарбут і хвароб розныя і цяжкія вылічваючая хутка.
Багародзічны: Выратуй ад бед слуг Тваіх, Багародзіца, бо ўсе ў Богу да Цябе прыбягаем, як да непарушнае сьцяне ды абаронцы. (паклон)
Песьня 8
Ірмас: Юнакоў набожных у пячы Нараджэньне Багародзіцай выратавала, тады будучы правобразам, а цяпер дзеючае, увесь сусьвет уздымае сьпяваць Табе: Справы Гасподні апявайце і слаўце Яго ва ўсе стагодзьдзі.
Прысьпеў: Усясьвятая Уладарка Багародзіца, пачуў малітву слуг Сваіх, што малітвы да Цябе ўзносяць.
Радуйся, Усядабраслаўлёная Марыя, бо зь Цябе Усядобры Бог апрануўся ва ўсяго мяне, чалавека, і, апрануўшыся, зьяднаў са Сваёй Боскасьцю невымоўным яднаньнем. Радуйся, Дзева Адзігітрыя; радуйся, Абяцаная, радасьць ўсяго сьвету.
Радуйся, нячысьцікаў адганяючая; радуйся, Багародзіца Адзігітрыя. Радуйся, бо Цябе войскі нябесныя заўсёды славяць і праслаўляюць, як Маці Боскую; радуйся, бо зямных зьяднала зь нябеснымі.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Радуйся, без параўнаньня большая за ўсе сілы нябесныя; радуйся, Адзігітрыя. Радуйся, Бога нарадзіўшая і ўсім Ягоным тварэньнем Уладарка апетая; радуйся, і пасьля нараджэньня захаваная Дзевай Чыстае.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Радуйся, Усясьвяты храм Бога нашага і ўсіх жанчын слава; радуйся, Адзігітрыя, выратавальніца душаў усяго сусьвету; радуйся, пакрыў воблачны, больш неба шырокі; радуйся, Сасуд сьвяты, поўны Боскага міру.
Багародзічны: Выратуй ад бед слуг Тваіх, Багародзіца, бо ўсе ў Богу да Цябе прыбягаем, як да непарушнае сьцяне ды абаронцы. (паклон)
Песьня 9
Ірмас: Усялякі на зямлі народжаны ды ўздрыгнецца, Духам адукаваны, ды сьвяткуе бесьцялесных розум, шануючы сьвятое сьвята Боскае Маці, і ды засьпявае: Радуйся, Усядабрашчасная Багародзіца. Чыстая Дзева.
Прысьпеў: Усясьвятая Уладарка Багародзіца, пачуў малітву слуг Сваіх, што малітвы да Цябе ўзносяць.
Радуйся, Сьвяцільнік, Сьвятло вечнае прынёсшы, і ў нараджэньні Табой цемру язычніцтва разбурыўшая ды ад бяздоньня пекла людзей пазбавіўшая. Радуйся, Адзігітрыя Багародзіца, бо праз малітвы Твае ўсе даброты падаюцца.
Радуйся, Зямля, разумная і адушаўлёная, зь якой прарос нябесны колас вернікам, сьвет ад душазгубнага голаду пазбавіўшы. Радуйся, Багародзіца Чыстая Адзігітрыя, вінаграднік, гронку жыватворную нараджаючы.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Радуйся, Кветка райская, таямнічая і прыгожая; радуйся, Дзева Маці, нябачнага розуму невымоўна чысты прыстанак і Маці Боская. Радуйся, Юначка, радуйся, Адзігітрыя, усясьветны цуд і пачатак выратаваньня.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Лета жыцьця нашага захавай непашкоджаным дапамогай Тваёй, Дзева Юначка, і ўдастой канец добры атрымаць нам, апяваючым Цябе так: Радуйся, усядабрашчасная Багародзіца, Чыстая Адзігітрыя.
Багародзічны: Выратуй ад бед слуг Тваіх, Багародзіца, бо ўсе ў Богу да Цябе прыбягаем, як да непарушнае сьцяне ды абаронцы. (паклон)
 

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.