Sunday, April 10, 2011

НЯДЗЕЛЯ ПЯТАЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Зь дня ў дзень Эвангельля ўсё больш настойліва гаворыць нам аб тым, што крочыць Гасподзь на добраахвотную пакуту: “Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы, выдадзены будзе першасьвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць; і выдадуць Яго язычнікам на ганьбаваньне і біцьцё і крыжаваньне; і на трэйці дзень уваскрэсьне…” (Мц. 20:18 – 19) Як нам ставіцца да гэтых словаў і да таго, што на Госпада нашага крочыць сьмерць, што не столькі Ён да яе крочыць, але яна немінуча крочыць на Яго, згубіць Найбольш Прыгожага зь сыноў чалавечых?
Шматлікія зь нас, пасьля доўгай іх хваробы, гублялі родных, блізкіх, дарагіх; шматлікім зь нас было сказана  — ці сэрца падказала, што вось, застаецца трохі дзён, і сьмерць пажне чалавека, і прыйдзе расстаньне. Як мы тады ставіліся да паміраючых, як мы тады ставіліся да саміх сябе? Калі мы можам амаль зь упэўненасьцю сказаць, што да сьмерці чалавека застаўся дзесятак дзён, тыдзень, дзень, можа быць, толькі гадзіна,  — хіба не робіцца тады ясным, што усё жыцьцё засяроджваецца толькі на гэтым кананьні упадабанага? Тады жыцьцё набывае небывалую глыбіню; тады кожная гадзіна і кожнае імгненьне робіцца бездонна глыбокім і значным, тады робіцца так ясна, што не можа быць пустога, бязьдзейнага, бязмэтнага, бессэнсоўнага слова і учынку, што кожны учынак, кожнае слова, кожнае дзеяньне, кожная думка павінна быць жывым, творчым выразам усёй любові, якая назапасілася за шматлікія гады, выразам усёй глыбіні адносін, якія склаліся за жыцьцё. Тады жадаецца, каб нават кожная дробязь мела глыбіню вечнасьці, была ў меру вечнасьці, якая ужо зьзяе, ужо ахінула, ахапіла і паміраючага, і тых, якія вакол яго чакаюць таямніцы сьмерці.
І так мы павінны былі б цяпер ісьці да пакутных дзён. Нам кажа Царква, нам паўтарае Эвангельле, Боскае уласнае слова, што крочыць Гасподзь на сьмерць; мы ведаем, што памерці Ён павінен толькі з—за нас і дзеля нас; і таму мы міма гэтай сьмерці ніяк не можам прайсьці. Эвангельле, страшная Добрая вестка нашага выратаваньня, кажа нам, што нядоўга ужо чакаць. Хутка мы будзем успамінаць Гэфсіманскі сад, хутка мы будзем стаяць і глядзець бездапаможна, разьдзіраючыся душой ці канаючы ад жаху, на тое, як на Крыжы памірае Чалавек, Сын Божы, — памірае дзеля нас, з—за нас.
Як жа нам правесьці рэшту дзён? Няўжо толькі даць дням проста цечы, пакуль час не прынясе гэтыя страшныя гадзіны? І няўжо ў гэтыя страшныя гадзіны, калі мы стаім у храме перад тварам зьдзяйсьненьня, будзем мы толькі успамінаць: Ах да, памірае! Пакута ідзе!.. Ці для нас Гасподзь рэальны, Ён для нас блізкі, свой, родны? Тады усе гэтыя дні мы павінны правесьці так, як мы праводзілі б іх, калі б у нас дома памірала маці, бацька, брат, сястра, дзіця наша уласнае: не толькі чакаючы, што будзе, але супаміраючы, уваходзячы ў таямніцу гэтай неспасьціжнай сьмерці...
Вось пра што кажа Эвангельле, калі яно нам кідае ў твар гэты напамінак: “Вось, уваходзім ў Ерусалім і Сын Чалавечы аддаецца ў рукі людзей грэшных; і зьняважаць Яго, і заб’юць Яго…Вось з чым нам зараз трэба увайсьці ў гэту шосты тыдзень Посту, калі пры сьмерці яшчэ жывы Гасподзь, і як нам трэба увайсьці ў будучыя пакутныя дні. Інакш Ён нам не родны, Ён нам чужы,  — але тады і мы Яму чужыя, чужыя Богу. Вось што перад намі; хай кожны зь нас узважыць: як ён можа правесьці гэтыя дні? Што сумяшчальна зь узыходжаньнем на сьмерць Сына Чалавечага, што можна сабе дазволіць, што можна зрабіць, як магчыма жыць, калі памірае самы блізкі  — Хрыстос, Богачалавек? Амін!

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.