Wednesday, April 20, 2011

ВЯЛІКАЯ СЕРАДА ПАКУТНАГА ТЫДНЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

Юда працягнуў рукі да беззаконных; тая шукала пакіданьні грахоў, а гэты узяў срэбранікі. Грэшніца прынесла міро для памазаньня Госпада; вучань згаджаўся з беззаконнымі. Яна цешылася, марнуючы міро шмат каштоўнае; гэты клапаціўся прадаць Неацэннага. Яна Уладара пазнавала, а гэты ад Уладара выдаляўся. Яна вызвалялася ад граху, а гэты рабіўся палонным ягоным.
Сьвяціцель Ян Залатавусты
У ноч на сераду Гасподзь правёў ў Віфаніі. Тут, у доме Сымона пракажонага, у той час, калі ў радзе першасьвятароў, кніжнікаў і старэйшын было ужо вырашана узяць Ісуса Хрыста хітрасьцю і забіць Яго, нейкая жонка “грэшніца” выліла каштоўнае міро на галаву Выратавальніка і тым прыгатавала Яго на пахаваньне, як судзіў Сам Ён пра яе учынак. Тутака ж, у супрацьлегласьць бескарысьліваму учынку жонкі грэшніцы, нарадзілася ў няўдзячнай душы Юды, аднаго зь дванаццаці вучняў Выратавальніка, злачынны намер здрадзіць беззаконнай радзе свайго Настаўніка і Госпада. Таму ў царкоўнай службе Вялікай серады услаўляецца жонка грэшніца і ганіцца і праклінаецца срэбралюбства і здрада Юды.
У дзень адданьня Госпада на пакуты і сьмерць за грахі нашы, калі Ён прабачыў грахі жонцы грэшніцы, Царква па зьдзяйсьненьні гадзін канчае, па старажытным звычаі, чытаньне малітвы: “Уладыка шматміласьцівы, Гасподзь Ісусе Хрыстос Божа”, якою яна ў працяг Вялікага Посту штодня, на богаслужбе павечэр'я, пры схіленьні галоў і каленяў вернікаў, моліць прад Богам пра прабачэньне нам грахоў нашых. Таксама ў апошні  раз у Вялікую сераду зьдзяйсьняецца Літургія Раней Асьвячоных Дароў, на якой Царква дабравесьціць пра жанчыну, якая памазала Госпада міром, і пра здраду Юды (Мц. 26:6-16). У Вялікую сераду спыняюцца і вялікія паклоны, што зьдзяйсьняюцца пры малітве сьвятога Яфрэма Сірына: “Гасподзь і Ўладыка жыцьця майго”. Пасьля серады пастаноўлена зьдзяйсьняць гэту малітву да Вялікай пятніцы толькі манахам у кельлях. Такім чынам, малітва Яфрэма Сірына ў сераду Сырнага тыдня пачынаецца, і ў сераду Пакутную канчаюцца.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.