Friday, March 25, 2011

МАЛЕБЕН НА ДЗЕНЬ ВОЛІ 25 САКАВІКА

Сьвятар: Дабраслаўлёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін.
Уладару нябесны, Суцяшальнік, Духу ісьціны, што ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і Жыцьцядацелю, прыйдзі і ўсяліся ў нас і ачысьці нас ад ўсяго благога і збаў, Добры, душы нашы.
Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, памілуй нас. (тройчы)
Усясьвятая Тройца, зьлітуйся над намі. Госпадзе, ачысьці правіны нашы. Уладару, выбач бяспраўе наша. Сьвяты, наведай нас і аздараві немачы нашы дзеля імя Твайго.
Госпадзе памілуй. (тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Ойча наш , каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як на небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін.
Чытальнік: Госпадзі, памілуй. (12 разоў)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзём да Хрыста, Уладара нашага і Бога.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзём да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.
Псальма 142
Госпадзе, пачуй малітву маю, уваж маленьню майму па праўдзе Тваёй; пачуй мяне па праўдзе Тваёй і не ўваходзь у суд з рабом Тваім, бо не апраўдаецца прад Табою ніводзін жывы. Вораг перасьледуе душу маю, затаптаў у зямлю жыцьцё маё, прымусіў мяне жыць у цемры, як даўно памерлых, і засмуціўся ўва мне дух мой, зьнямела ўва мне сэрца маё. Прыгадваю дні мінулыя, думаю пра ўсе дзеі Твае, разважаю пра дзеі рук Тваіх, працягваю да Цябе рукі мае; душа мая — да Цябе, як перасохлая зямля. Хутчэй пачуй мяне, Госпадзе: дух мой зьнемагае; не хавай аблічча Твайго ад мяне, каб я не спадобіўся тым, што ў магілу ідуць. Дай мне рана пачуць ласку Тваю, бо я на Цябе спадзяюся. Пакажы мне, Госпадзе, дарогу, па якой мне ісьці, бо да Цябе я ўзношу душу маю. Вызвалі мяне, Госпадзе, ад ворагаў маіх; да Цябе прыбягаю. Навучы мяне выконваць волю Тваю, бо Ты — Бог мой; Дух Твой добры вядзе мяне ў зямлю праўды. Дзеля імя Твайго, Госпадзе, ажыві мяне; дзеля праўды Тваёй выведзі зь нягоды душу маю і зь літасьці Тваёй зьлічы ворагаў маіх, і загубі ўсіх, што ўціскаюць душу маю, бо я — Твой раб.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Алілуя, алілуя, алілуя, слава Табе, Божа. (тройчы)
Бог — Гасподзь, і зьявіўся нам; дабраслаўлёны той, хто ідзе ва імя Госпада.
Верш 1: Спавядайцеся Госпаду, бо Ён добры, бо на вякі літасьць Ягоная.
Бог — Гасподзь, і зьявіўся нам; дабраслаўлёны той, хто ідзе ва імя Госпада.
Верш 2: Абышоўшы абступілі мяне, імём Госпада супрацьстаяў я ім.
Бог — Гасподзь, і зьявіўся нам; дабраслаўлёны той, хто ідзе ва імя Госпада.
Верш 3: Не памру, а жыць буду, і паведамлю аб справах Госпада.
Бог — Гасподзь, і зьявіўся нам; дабраслаўлёны той, хто ідзе ва імя Госпада.
Верш 4: Камень, якім пагрэбавалі будаўнікі, зрабіўся галавой вугла; ад Госпада быў ён, і дзівосным ёсьць у вачах нашых.
Бог — Гасподзь, і зьявіўся нам; дабраслаўлёны той, хто ідзе ва імя Госпада.
ПСАЛЬМА 20
Госпадзе! сілаю Тваёю радуецца цар, і з Твайго ратаваньня цешыцца бясконца. Ты даў яму, чаго хацела сэрца ягонае, і просьбы вуснаў ягоных не адкінуў. Бо сустрэў Ты яго дабраславеньнямі даброці, на галаву яму ўсклаў вянок з чыстага золата. Ён прасіў у Цябе жыцьця; Ты даў яму даўгалецьце на векі вечныя. Вялікая слава ягоная ў ратаваньні Тваім; Ты ўсклаў на яго гонар і веліч. Ты ўсклаў на яго дабраславеньне навечна, разьвесяліў яго радасьцю аблічча Твайго, бо цар спадзяецца на Госпада, і зь даброці Ўсявышняга не пахісьнецца. Рука Твая знойдзе ўсіх ворагаў Тваіх, правіца Твая знойдзе Тваіх ненавісьнікаў. У час гневу Твайго Ты зробіш іх, як печ вогненную;у гневе Сваім Гасподзь іх пагубіць, і паглыне іх вагонь. Ты вынішчыш плод іхні — спасярод сыноў чалавечых, бо яны ўчынілі зло супроць Цябе, змовы склалі, але ня здолелі нічога, Ты іх паставіш пад стрэлы, зь лукаў Тваіх пацэліш у твар ім. Узьнясіся, Госпадзе, у сіле Тваёй: мы будзем апяваць і славіць Тваю магутнасьць.
ПСАЛЬМА 129
З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе. Госпадзе! пачуй голас мой. Хай будуць вушы Твае ўважлівыя да голасу маленьняў маіх. Калі Ты, Госпадзе, будзеш заўважаць беззаконьні, — Госпадзе! хто ўстоіць? Але ў Цябе дараваньне, хай багавеюць прад Табою. Спадзяюся на Госпада, спадзяецца душа мая; на слова Ягонае спадзяюся. Душа мая чакае Госпада, болей, чым варта — раніцы, болей, чым варта — раніцы. Хай спадзяецца Ізраіль на Госпада; бо ў Госпада літасьць і вялікае ў Яго збавеньне, і Ён збавіць Ізраіля ад усіх беззаконьняў ягоных.
Трапар, тон 2: Усячыстаму вобразу Твайму пакланяемся, Добры, просячы прабачэньня грахоў нашых, Хрыстос Бог, бо добраахвотна пажадаў Ты плоцьцю ўзьнесьціся на крыж, каб збавіць тых, якіх стварыў, ад палону варожага. Таму ўдзячна сьпяваем Табе: Ты радасьцю напоўніў усё, Збаўца наш, прыйшоўшы выратаваць сусьвет.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу,
Кандак, тон 2: Уславім Хрыста, што ў невымоўнай міласьці ўзьняў да волі народ беларускі. Годны пасад між народамі падаў нам. Усясьвятой крывёй мучанікаў, за народ жыцьцё паклаўшых, вера наша сьцьвярджаецца і дабраваленьня хрысьціянскае памнажаецца. Таму ўдзячна сьпяваем Табе: Ты сьвет радасьці і вызваленьня падаў народам, слава Табе.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Міласэрнасьці крыніца, міласьць падай нам, Багародзіца, паглядзі на людзей, што награшылі, выяві, як заўсёды, моц Тваю; бо на Цябе спадзяемся, Радуйся! Сьпяваем Табе, як калісьці Гаўрыіл, бесьцялесных архістратэг.
Псальма 50
Памілуй, Божа, зь мяне ў вялікай ласцы Тваёй, і ў мностве шчадротаў Тваіх загладзь беззаконьні мае! Адмый мяне шматкроць ад беззаконьня майго, і ад грэху майго ачысьці мяне: бо беззаконьне маё я ўсьведамляю, і грэх мой заўсёды перада мною. Табе, Табе аднаму я зграшыў і прад вачыма Тваімі благое ўчыніў: таму справядлівы Ты будзеш у прысудзе Тваім, і чысты ў судзе Тваім. Вось, я ў беззаконьні зачаты, і ў грэху маці мая нарадзіла мяне. Вось, палюбіў Ты праўду ў сэрцы і ўліў у мяне тайную мудрасьць. Акрапі мяне ісопам, і ачышчуся: абмый мяне, і бялей за сьнег адбялюся. Дай мне ўцеху пачуць і радасьць, і ўзрадуюцца косьці, Табою паламаныя. Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і загладзь усе беззаконьні мае. Чыстае сэрца ўмацуй ува мне, Божа, і дух справядлівы аднаві ўва мне. Не адкінь мяне ад аблічча Твайго і Духа Твайго Сьвятога не адбірай у мяне. Вярні мне радасьць збавеньня Твайго, і Духам Уладным мяне падтрымай. Я навучу беззаконцаў дарогам Тваім, і бязбожныя да Цябе навернуцца. Вызваль мяне ад крывавасьці, Божа, Божа ратунку майго; і язык мой уславіць праўду Тваю. Госпадзе! адкрый вусны мае, і вусны мае прагалосяць славу Табе: бо калі б ахвяры Ты пажадаў, я даў бы яе; цэласпаленьне Табе не падабаецца. Ахвяра Богу — дух упакораны; сэрца ўпакоранае і зьміранае Бог ня зьнішчае. Ушчасьліві, Госпадзе, добрай воляй Тваёю Сіён, і хай паўстануць муры Ерусалімскія. Тады ўпадабаеш Ты ахвяру праўды, прынашэньні і цэласпаленьні; тады пакладуць на алтар Твой цялят.
ПЕСЬНЯ ВОЛЬНАСЬЦІ[i]
Беларусь нарадзіла нас і тут Радзіма наша, ёй прысьвячаем сьпеў наш і працу нашу.
Іх таксама прысьвяціў цар Давыд Госпаду, разам са срэбрам і золатам, якое прысьвяціў зь адабранага ва ўсіх упакораных ім народаў.
Зямлю нашу і скарбы нашы, што Госпадам дадзены, павернем сябе яе Давыд у старажытнасьці павярнуў.
Ад Сірыйцаў і Маавіцянаў, і Аманіцянаў і Філістымлянаў і Амалікіцянаў, і зь адабранага ў Адраазара, сына Рэхавага, цара Суўскага.
Перамагаючы ворагаў – здабываем мір Бацькаўшчыне. Бо здабываньня вольнасьці асьпяваецца ва ўсе стагодзьдзя.
І зрабіў Давід сабе імя, вяртаючыся з разгрому васямнаццаці тысяч Сірыйцаў у даліне Салёнай.
А калі вораг аточыць нас, і надзея пачне сыходзіць, зьвярнёмся да Бога і выгукнем:
Мацуйцеся! І выявімся моцнымы змагарамі за народ наш і гарады Бога нашага. Госпад жа зробіць тое, што да спадобы яму.
Паўстанем разам за Вольнасьць Беларускую ды згіне жаль і страх зь сэрцаў нашых.
Бо лепш нам у баі загінуць, чым глядзець на зьнявагу народа нашага і сьвятыняў нашых.
Хваліліся ворагі колькасьцю сваёй і зброяй жалезнай, але адпавядалі шыхты беларускія:
Хай ня будзе таго, каб так рабіць – ад іх цякаць! Калі надышла гадзіна дзеля нас, памрём як храбрыя за братоў нашых і недамо забрудніць славы нашай!
Трымціце ворагі і хавайцеся, бо выйшаў на бой Змагар Беларускі.
Ён пашырыў славу народа свайго, апрануў, нябыта волат, на сябе браню, апаясаўся ваярскай зброяй і распачаў змаганьня, каб мячом абараніць народ свой.
На шчыце ягонам зьзяў сьветласьцю Крыж Госпада, а Перамога было імя ягонае.
У подзьвігах сваіх на льва быў падобны, нябыта леў, што рыкае на здабычу.
На кані, што бялей сьнегу і сьвятлей сонца. Зь мячом узьнятым рукой моцнай.
Гнаў беззаконных, знаходзячы іх паўсюль, зьнішчаў ворагаў народа свайго
Бо калі справа сьвятая – Гасподзь зь намі. Калі Бог зь намі – хто выстаіць супраць нас?
Беглі беззаконныя, яко спужаўшыся; усі, хто крыўды чыніў, жахнуліся, бо праз яго воля прыйшла.
Непераможна прага волі Змагара Беларускага.
Ён уразіў шмат цароў, подзьвігамі сваімі ўзрадаваў Якава. Памяць ягоная заўсёды будзе дабраслаўлёнай.
І казалі людзі аб дзеях ягоных словамі Макавейскімі:
Ён прабёг праз усе гарады Юдэі і зьнішчыў у іх ворага, адвярнуў гнеў ад Ізраіля.
Зазьзяла воляй Беларусь сьвятая, шчасьця прыйшло народу яе праз Змагара Непераможнага.
Слава аб ім распаўсюдзілася аж да канцоў сусьвету, і згуртаваў ён загубленых.
Ад гадзіны той апявае народ наш дабрыню Госпада.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Дыякан: Будзьма ўважлівыя. Мудрасьць, слухаем ўважліва!
Пракімен, тон 6: Гасподзе, пачуй просьбу маю, будзь уважлівы да голасу маленьня майго.
Верш: Хваліце Госпада, бо ён добры.
Апостал. Плп,. пач.240.
Пасланьне Да Піліпянаў Сьвятога Апостала Паўла
Браты, у вас павінны быць тыя самыя адчуваньні, як і ў Хрысьце Ісусе; Ён, быўшы ў Божай прыродзе, не палічыў за рабунак Сваю роўнасьць з Богам, а прынізіў Сябе Самога, узяўшы вобраз раба, зрабіўшыся падобным на людзей і з выгляду стаўшыся, як чалавек; упакорыў Сябе і быў паслухмяны аж да сьмерці, і сьмерці крыжовай. Таму і Бог узьнёс Яго і даў Яму імя вышэй за ўсякае імя, каб прад імем Ісуса схілілася кожнае калена на небе, зямлі і ў апраметнай, і кожныя вусны вызнавалі, што Ісус Хрыстос ёсьць Гасподзь на славу Бога Айца.
Плп 2:5–11
Дыякан: Госпаду памолімся.
Людзі: Гасподзе, памілуй.
Сьвятар: Бо Ты сьвяты, Божа наш, і сярод сьвятых спачываеш, і мы Табе славу аддаём, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Дыякан: Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.
Людзі: Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.
Дыякан: Хваліце Госпада ў сьвятых Яго, хваліце Яго ў велічы сілы Яго.
Людзі: Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.
Дыякан: Усё, што жыве.
Людзі: Хай хваліць Госпада.
Дыякан: I каб нам быць дастойнымі слухаць Сьвятое Эвангельле, Госпада Бога молім.
Людзі: Госпадзе, памілуй. (тры разы)
Дыякан: Мудрасьць, устаньце, будзем слухаць Сьвятое Эвангельле.
Сьвятар: Мір усім.
Людзі: I твайму духу.
Сьвятар: Чытаньне Сьвятога Эвангельля паводле Мацьвея альбо Марка.
Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.
Дыякан: Слухаем ўважліва.
Эвангельля: Мц., пач. 90 альбо  Мк., пач 51
Мц. пач. 90 (22:15—22)
У той час, фарысэі пайшлі і дамаўляліся, як падлавіць Яго на слове. І пасылаюць да Яго вучняў сваіх зь ірадыянамі, кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не стараешся дагадзіць каму—небудзь, бо не глядзіш на абліччы; дык вось скажы нам: як Табе здаецца? ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не? Але Ісус, убачыўшы зламыснасьць іхнюю, сказаў: што спакушаеце Мяне, крывадушнікі? пакажэце Мне манету, якою плаціцца падатак. Яны прынесьлі Яму дынар. І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс? І кажуць Яму: кесаравы. Тады кажа ім: дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу. Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і пакінуўшы Яго, пайшлі.
Мк. пач. 51 (11:22—26)
Ісус, адказваючы, кажа ім: майце веру Божую. Бо праўду кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: падыміся і кінься ў мора, і не засумняваецца ў сэрцы сваім, а паверыць, што збудзецца паводле словаў ягоных, — будзе яму, што ні скажа. Таму кажу вам: усё, чаго ні будзеце прасіць у малітве, верце, што атрымаеце, — і будзе вам. І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце на каго, каб і Айцец ваш нябесны дараваў вам грахі вашыя; калі ж не даруеце, дык і Айцец ваш нябесны не даруе вам грахоў вашых.
Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.
(Тон 6)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Ойча, Сыне і Духу, Тройца сьвятая, ачысьці мноства правінаў нашых.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Малітвамі Багародзіцы, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых.
Памілуй нада мною, Божа, паводле вялікай міласэрнасьці Тваёй і паводле велічы дабротаў Тваіх ачысьці беззаконьне маё.
Ня дай мне спадзявацца на людзкую помач, Усясьвятая Ўладарка, але прымі малітвы слугі Твайго: жаль і сум мяне агарнуў, не магу цярпець сатанінскіх нападкаў, ня маю, няшчасны, аховы, ні дзе ўкрыцца; пераможаны, не знаходжу суцяшэньня, апроч Цябе, Уладарка сусьвету: Надзея і Заступніца верных, не пагардзі малітвамі маімі, але ўчыні карыснае мне.
Дыякан: Збаў, Божа, людзей Тваіх і дабраславі спадчыну Тваю, наведай сусьвет Твой міласэрнасьцю і дабротамі Тваімі, узьнясі рог хрысьціян праваслаўных і зышлі на нас Твае багатыя ласкі. Малітвамі ўсячыстае Ўладаркі нашае Багародзіцы і Заўсёды Дзевы Марыі; сілаю пачэснага і жыватворчага Крыжа; заступніцтвам сьвятых нябесных сілаў анёльскіх; малітвамі сьвятога, слаўнага прарока, Прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна; сьвятых слаўных і годных пахвалы апосталаў Пятра і Паўла, і ўсіх сьвятых апосталаў; між сьвятымі айцоў нашых, сусьветных вялікіх настаўнікаў і сьвяціцеля Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага; між сьвятымі айца нашага Міколы цудатворцы, архіяпіскапа Мірлікійскага; сьвятых слаўных і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мяфодзія; між сьвятымі айца нашага Кірылы, япіскапа Тураўскага; сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу; сьвятога (сьвятой) (імя сьвятога дня); сьвятых і праведных багаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых: просім Цябе, міласэрны Госпадзе, выслухай нас грэшных, якія молімся Табе, і зьмілуйся над намі.
Людзі: Госпадзе, памілуй. (12 разоў)
Сьвятар: Міласэрнасьцю, дабротамі і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, зь якім Дабраслаўлёны Ты і Твой усясьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Дыякан: Памілуй нас, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і памілуй.
Людзі: Госпадзе, памілуй. (тройчы)
Дыякан: Яшчэ молімся за богалюбнага Сьвяцейшага Ўсяленскага патрыярха Канстантынопальскага, за ўладыку нашага (імя і тытул першагерарха) япіскапа нашага Пачэснага (імя) і ўсіх у Хрысьце братоў нашых.
Людзі: Госпадзе, памілуй. (тройчы)
Яшчэ молімся за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас.
Людзі: Госпадзе, памілуй. (тройчы)
Яшчэ молімся за ўсіх загінуўшых і памёршых змагароў за вольнасьць Беларусі, каб добры і міласэрны Бог падаў ім супакой у палацах сваіх, дзе сьвятыя спачываюць.
Людзі: Госпадзе, памілуй. (тройчы)
Яшчэ молімся за усіх сыноў і дачок Беларусі, каб добры і міласэрны Бог наведаў іх і падаў ім спакойнае жыцьцё, здароўе, посьпеху кожнай добрай справе, і каб адпусьціў ім усе іхнія грахі вольныя і міжвольныя.
Людзі: Госпадзе, памілуй. (тройчы)
Яшчэ молімся Госпаду Богу нашаму, каб Ён пачуў голас маленьняў нас, грэшных, і зьлітаваўся над слугамі сваімі, захаваў ад усякага суму, бяды, гневу і патрэбы, і ад усякае хворасьці душэўнае і цялеснае, і дараваў ім здароўе і даўгалецьце. Скажам усе разам: Хутка пачуй нас і памілуй.
Людзі: Госпадзе, памілуй. (тройчы)
Яшчэ молімся, каб гэтаму гораду і гэтай сьвятой царкве, і ўсякаму гораду і краіне захавацца ад голаду, пошасьці, землятрусу, патопу, агню, мяча, нападу ворагаў і братабойчае вайны; і каб добры і чалавекалюбны Бог наш быў міласэрны і спагадлівы да нас, адхіліў ад нас усякую небясьпеку, што нам пагражае, вызваліў нас ад сванго справядлівага гневу і зьмілаваўся над намі.
Людзі: Госпадзе, памілуй. (тройчы)
Яшчэ молімся, каб Госпад Бог пачуў голас маленьня нас, грэшных, і зьмілаваўся над намі.
Людзі: Госпадзе, памілуй. (тройчы)
Сьвятар: Выслухай нас, Божа, Збавіцелю наш, надзея ўсіх, што жывуць на зямлі, і тых, што далёка на моры, і будзь спагадлівы да нас, грэшных, і Памілуй нас. Бо Ты міласэрны і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаём, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Малітва да ўсіх беларускіх сьвятых
Як цудоўны плод Твайго выратавальнага пасеву, Госпад, зямля наша, Беларуская, прыносіць Табе ўсіх сьвятых, якія зазьзялі ў нашай зямлі. Іх малітвамі захавай наш народ, Шматміласьцівы.
Усе сьвятыя Беларускага народу, маліце Бога за нас!
Праведнікі Боскія, мучанікі і сьвятамучанікі Беларусі, нашая зямля радуецца і нябёсы вяселяцца, праслаўляючы подзьвігі вашы! Вы Беларусі Сьвятой замацаваньня, вы стоўп і прыгажосьць нашай Царквы! Жывучы ў нявячэрням сьвятле ўладарства Боскага, маліцеся за нас, за збаўленьня душаў нашых.
Прасіце дабраслаўленьня Бога на нашу Радзіму, каб замацавалася ў нас вера праваслаўная, мір і набожнасьць. Сонца праўды Хрыстос паслаў вас, як праменьні, што асьвячаюць нашу зямлю, праведнікі Боскія, сьветачы народу Беларускага. Душу народу нашага малітвамі вашымі асьвяціце.
Радуйся, Усясьвятая Багародзіца, Абаронца нашай бацькаўшчыны, што Сваім дабраваленьням вянчала Беларусь Сьвятую ад старажытнасьці і пасылаеш ёй Сваю дабрыню! Не адбяры ад нам, Уладарка, і цяпер міласьці Твае. Паглядзі на Радзіму нашу і дапамажы Сваёй абаронай. Усясьвятая Багародзіца, Пакрыў зямлі Беларускай, выратуй нас!
О, Тройца Ўсясьвятая! Прымі, што Беларусь прыносіць Табе, як пах прыемны, усіх дагаджальнікаў Тваіх — сьвятых беларускага народу, вядомых і невядомых — і, малітвамі іх, абарані нашу зямлю ад усяго злога. Амін.
Сьвятар: Мудрасьць.
Людзі: Больш годную пашаны за херувімаў І без параўнаньня больш слаўную за серафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога—Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.
Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.
Людзі: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Госпадзе, памілуй. (3)
Ойча, дабраславі.
Сьвятар робіць водпуск: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятых і баганосных айцоў нашых, сьвятога айца нашага Кірылы, япіскапа Тураўскага, мілі нашай Еўфрасіньні, асьветніцы беларускага народу, ўсіх сьвятых зямлі Беларускай, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбца.
Людзі: Амін.




[i] У Беларускай праваслаўнай традыцыі сустракаецца звычай, калі замест Канону на малебнах сьпяваецца песьня падзкі, што складаюцца зь вершаў і прысьпеваў з кнігаў Старога Запавету альбо абраных вершаў псальмаў.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.