Thursday, December 30, 2010

КАЛЯДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ КІРАЎНІКА ЎКРАІНСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ СЬВЯЦЕЙШАГА МЯФОДЗІЯ, МІТРАПАЛІТА КІЕЎСКАГА І ЎСЁЙ УКРАІНЫ

Сьвятарству, манаству і ўсім вернікам Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.
Хрыстос Нараджаецца!
Упадабаныя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Ўкраінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы!
Больш чым два тысячагодзьдзя прайшло з той адзінай і дабраслаўлёнае ночы, калі ў зацямнёным грахом сьвеце, зазьзяла Сонца Праўды – у Бэтлеемскае пячоры нарадзілася Боганемаўля Хрыстос, Выратавальнік людзей і сусьвету. “Слова зрабілася плоцьцю”, піша аб гэтай патаемнай таямніцы сьвяты апостал Ян Багаслоў. Сын Боскі – зрабіўся Сынам Чалавечым. Бязьмежнае, няўмяшчальнае сьветам Неба прыйшло на зямлю і ўвасобілася ў чалавечай плоці.
У чым падстава Ўвасабленьня? У чым сэнс гэтага таямнічага і незразумелага для анёльскага і чалавечага розуму ўчынку Бога? Вось як на гэта пытаньне адпавядае сьвяты Ірыней Ліёнскі: “Вось падстава, па якой Слова Боскае зрабілася плоцьцю і Сын Боскі – Сынам Чалавечым дзеля таго, каб чалавек уступіў у зносіны зь Словам Боскім і, набыўшы сыноўста, зрабіўся сынам Божым”.
Сэнс увасабленьня ў паўнаце зносін паміж чалавекам і Богам. Сэнс увасабленьня ў тым, што чалавек у Хрысьце атрымоўвае сыноўства і несьмяротнасьць. Сэнс увасабленьня ў абагаўленьні, у тым, што чалавека ахінае мілата, якая надае ёй паўнату Боскасьці.
Ці патрэбны Выратавальнік Хрыстос сучаснаму чалавеку? Ці гатовае прыняць гэты зьзяючы падарунак Бога сучаснае чалавецтва? Ці здатнае яно сёньня, скрозь стому і змрок, пачуць Боскі заклік да еднасьці? ХХ стагодзьдзе зрабілася пераломным часам у жыцьці чалавецтва. Радыкальна зьмяніліся усталяваўшыся ўяўленьні  аб чалавеку і сусьвеце. Чалавек упершыню пачаў вандраваць у космасе. Чалавечае жыцьцё карэнным чынам зьмянілася дзякуючы хуткаму разьвіцьцю інфармацыйных тэхналёгій.
Аднак, гэтыя глябальныя зьмены ў нашым жыцьці толькі яшчэ раз падкрэсьлілі патрэбу ў вызваленьні і еднасьці. Бо, а ні навуковы і тэхнічны прагрэс, а ні  новы, створаны інфармацыйнымі тэхналёгіямі лад жыцьця, а ні сучасная сьвецкая філязофія не здолелі абараніць чалавека прад тварам драпежнае пустэчы, якая намагаецца яе зьнішчыць.
Сучасны чалавек пачаў лягчэй стамляцца ад зносін. У яго хранічна не хапае часу. Ён перанасычаны інфармацыяй, а ягоны душэўны смутак не здольныя цалкам адкінуць: а ні актуальнае мастацтва, а ні сродкі сучаснае мэдыцыны.
Але ў той момант, калі стомлены і зьняверыўшыся ва ўсім чалавек уздымае вочы да неба, ён абавязкова чуе Боскі голас, які нагадвае ёй, што сапраўдная бацькаўшчына чалавека – гэта не горад Каіна, якое разраслося да межаў сучаснае цывілізацыі, а Нябесны Ерусалім, горад нябесны,  Царства Боскае. Сэнс чалавечага жыцьця не ў тым, каб пасьпець перадаць ланцужок жыцьця іншае істоце, нагадвае Хрысьціянскае Адкрыцьцё. Ён таксама не ляжыць ў цывілізацыйнае плоскасьці. Чалавек створаны Богам не для рабства ў горадзе Каіна, а дзеля творчага сузіраньня Боскай прамудрасьці ў раю салодкасьці. Створаны атрымаць паўнату жыцьця. Створаны, каб быць богам, каб падзяліць зь сваім Творцам паўнату боскага жыцьця, абагавіцца. Сын Боскі робіцца Сынам чалавечым, каб абноўленае Ім чалавецтва зьядналася зь небам, каб чалавечы, пабудаваны Каінам горад – пераўтварыўся ў горад Нябесны, на Нябесны і вышэйшы Ерусалім.
Зьзяючая Калядная ноч – гэта ноч згадкі. Згадкі аб нашым нябесным паходжаньні, аб нашае нябеснай бацькаўшчыне, аб нябесным сэнсе нашага жыцьця. Няхай жа ў гэтую таемную ноч, калі ў змроку Бэтлеемскай пячоры ўзгарэлася полымя Боскасьці, кожны зь нас, дзяцей Сьвятой Царквы, згадае аб праўдзівым сэнсе жыцьця. Згадае, што адзіныя лекі, якія здольныя вылечыць ад стомы наша жыцьцё – гэта Хрыстова любоў і мілата Сьвятога Духа. “Належала, – піша  сьвяты Рыгор Ніскій, – паклікаць ад зьмерці да жыцьця ўсю нашу прыроду цалкам. І вось Бог схіліўся над нашым трупам, каб, так бы мовіць, працягнуць руку істоце, якая прад Ім ляжала. Ён наблізіўся да сьмерці аж да яднаньня зь нашае маласьцю і надаў нашай прыродзе, праз пасрэдніцтва Свайго ўласнага цела, пачатак уваскрэсеньня, уваскрэсіў усяго чалавека Сваёй Сілай”. Згадаем жа ў гэтую радасную ноч аб невымоўнай Боскай любові і ўздымем вочы ды сэрцы да неба, да нашага праўдзівага дому. Узьнясём малітвы да Боганемаўля Хрыста, каб радасьць Каляд не пакінула нас заўтра і ў наступныя дні нашага жыцьця.
Упадабаныя ў Госпадзе ўладыкі, дарагія айцы, браты і сёстры, зноў і зноў вітаю вас з радасным і вялікім сьвятам Нараджэньня Хрыстовага і Новым годам міласьці і дабрыні Госпада! Як піша сьвяты Ян Залатавуст, Нараджэньне Хрыстова ёсьць найвялікім зь усіх сьвятаў, мітраполія ўсіх сьвятаў, пачатак і вянец іх. Няхай жа гэтае вялікае сьвята зробіцца і мітраполіяй нашага выратаваньня, пачаткам і вянцом нашае малітвы і набожнага жыцьця! Хрыстос Выратавальнік, што сёньня нараджаецца ў Бэтлеемеі, няхай дабраслаўляе і захоўвае нас ва ўсе дні нашага зямнога жыцьця! Міласьці і шчодрасьці Боганемаўля Хрыста няхай будуць са ўсімі вамі і набожным, Богу пакорным, народам украінскім.
Хрыстос Нараджаецца! Славім Яго!
+ Мяфодзій, Мітрапаліт Кіеўскі і Ўсёй Украіны, Кіраўнік Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.
Нараджэньне Хрыстова
7 студзеня 2011 л.Б. г. Кіеў.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.