Thursday, December 30, 2010

АРХІПАСТЫРСКІ НАВАГОДНІ ЗВАРОТ ДА ВЭТЭРАНАЎ БЕЛАРУСКАЙ НЕЗАЛЕЖНІЦКАЙ ПАРТЫЗАНКІ

архіяпіскап Апанас (Мартас)
“Дабраслаўлёны канец году дабрыні Тваёй Госпадзі, захоўвай ў міры людзей Тваіх, малітвамі Багародзіцы, і выратуй нас”
У навагоднім набажэнстве мы рупліва просім Гасподзь Бога аб паданьні нам літасьці і шчодрасьці Сваёй у Новым годзе. Гасподзь слухае нашы маленьні і дае кожнаму па заслугах ягоных. Найвялікім дабрадзействам Божым да нас ёсьць дараваньне нашай беларускай капліцы, у якой мы зьдзяйсьняем урачыстыя Набажэнствы ужо са сьвята Цудатворцы Мікалая 1956 г. Пры дапамозе Боскай мы дасягнулі вялікіх посьпехаў ва усіх праявах нашага царкоўнага жыцьця, але гэта апошняе пераўзыходзіць усё іншае па важнасьці і свайму значэньню для Аргентынскай беларускай дыяспары. Усе мы памятаем рэакцыю на беларускую мову і наш народ рускіх праваслаўных хрысьціян: сьвятароў і вернікаў. Нешта падобнае можна было выпрабоўваць толькі ад бязбожнікаў камуністаў, але не ад служак Хрыста Выратавальніка. Цяпер мы молімся спакойна ва уласнай капліцы і атрымліваем асалоду ад яе унутранай прыгажосьці па нашых эмігранцкіх магчымасьцях. Нараджэньне Хрыстова сёлета мы  сустракаем у сваёй уласнай беларускай сьвятыні і сьвядомасьць гэтага цешыць сэрца.
Яшчэ некалькі гадоў таму назад у нас не было вялікіх шанцаў на набыцьцё сваёй сьвятыні. Мы не мелі участку і грашовых сродкаў на яго набыцьцё. Але па нашых малітвах і па малітвах сьвятога мучаніка Меркурыя Смаленскага, нашага нябеснага Заступніка, мы здолелі набыць памяшканьне пад храм у канцы 1956 гады. Пасьля гэтага адкрылася магчымасьць прыступіць да ажыцьцяўленьня нашага жаданьня — пабудаваць беларускі праваслаўны храм. Цяпер прад намі стаіць задача ўпрыгожыць і ўладкаваць нашу сьвятыню.
Хто ахвяраваў шмат ці мала, паўторыце вашы ахвяры яшчэ, а тыя, якія нічога не далі, унясіце ваша укладаньне ў царкоўную касу. За кожным Набажэнствам у храме узносіцца малітва аб стваральніках ягоных. Малітва і ахвяры маюць вялікую сілу перад Богам. Ды пашле Гасподзь у надыходзячым 1959 году кожнаму з нас і здароўе, і зямны дабрабыт, і — першым чынам — Сваю праведную дапамогу ў нашае працы над выратаваньнем сваёй душы.
Буэнас-Айрэс, сьнежань 1958 г.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.