Thursday, May 13, 2010

СЬВЯЦІЦЕЛЬ КІРЫЛА, ЯПІСКАП ТУРАЎСКІ (+1183)

28 красавіка

Сьвяціцель Кірыла, Залатавуст Беларускі, нарадзіўся і выхоўваўся ў старажытным беларускім горадзе Тураве. Ужо ў дарослым узросьце прыняў пострыг у Тураўскім Барысаглебскім манастыры, які быў адначасна і рэзыдэнцыяй Тураўскіх япіскапаў.

Пасьля прыняцьця схімы, ён пачаў жыцьцё слупніка. Сваім праведным жыцьцём і мудрасьцю хутка заваяваў вялікую павагу ня толькі братоў–манахаў, а і сьвецкіх жыхароў Тураўскай зямлі, якая ад 1157 г. заваявала незалежнасьць ад Кіева. Неўзабаве, па шматлікім просьбам, сьв. Кірыла ўзяў на сябе крыж Тураўскага ўладыкі і зрабіўся пятым япіскапам на Тураўскае катэдры. Але за год да сваёй сьмерці пакінуў Тураўскую катэдру і павярнуўся ў родны манастыр, дзе і перайшоў да Госпада ў 1183 г.

Ад самага пачатку свайго манаскага подзьвігу сьв. Кірыла прысьвяціў сябе пісьменству. Ягоныя творы, уражаючыя сваёй духоўнай прыгажосьцю і сілай, выяўляюць ягонае глыбокае знаёмства з творамі сьвятых айцоў і грэцкай літаратурай. Да наш дайшлі 24 малітвы сьвяціцеля Кірылы, Беларускага Залатавуста, пакаянны канон і 12 казаньняў, якія прысьвечаныя галоўным сьвятам і манаскаму жыцьцю.

Жыцьцё айца нашага Кірылы, япіскапа Тураўскага

Дабрашчасны Кірыла быў сын багатых бацькоў, нарадзіўся і атрымаў выхаваньне ў горадзе Тураве. Не любячы багацьця і славы гэтага тленнага сьвету, ён з асаблівай стараннасьцю займаўся вывучэньнем боскіх кніг і ў дасканаласьці вывучыў Сьвятое Пісаньне. Калі наступіла час, ён прыйшоў у манастыр. Прыняўшы манаскі пострыг, ён стаў служыць Богу больш усіх манахаў, пастом і малітвай зьміраючы цела сваё, і праз гэта зрабіў сябе чыстай сялібай Сьвятога Духу. У гэты час ён шмат каму прынёс карысьць тым, што вучыў і прыкладам сваім заахвочваў манахаў знаходзіцца ў падпарадкаваньні і послуху ігумену, шанаваць яго, як Бога, і ва усім слухацца яго і казаў, што той манах, які не мае послуху свайму ігумену паводле дадзенаму зароку, не можа выратавацца. Імкнучыся да больш дасканалых подзьвігаў, звышгодны Кірыла зачыніў сябе ў слуп, дзе некаторы час і знаходзіўся, жывучы ў посьце і малітве. Тут ён склаў шмат набожных тэкстаў, чым набыў вядомасьць ва усёй краіне. Па вялікай просьбе князя і грамадзян горада Турава мітрапаліт узьвёў яго ў архірэйскі сан і паставіў япіскапам горада Турава, які насіў у то час такую назву і знаходзіўся каля Кіева.

У сане япіскапа звышгодны Кірыла доблесна вызначыўся ў кіраваньні царквой Боскай. Ён, на падставе Сьвятога Пісаньня, выкрыў ерась Феадорца, названага так у зьневажаньне, і аддаў яго праклёну. Шмат пасланьняў, заснаваных на словах Эвангельля і прароцкіх кніг, ён напісаў і князю Андрэю Багалюбскаму, а таксама пасылаў яму павучаньня, складзеныя ім на сьвяты Госпада, і шматлікія іншыя набожныя свае творы. Напісаўшы усё гэта і склаўшы мноства іншых казаньняў, звышгодны Кірыла распаўсюдзіў іх сярод сваёй паствы. Яго працамі і дагэтуль карыстаюцца праваслаўныя людзі, адукоўваючы і суцяшаючы сябе. Правёўшы ў такіх набожных подзьвігах сваё жыцьцё і годна кіраваўшы уручаным яму статкам, звышгодны Кірыла адышоў у вечны супакой бясконцага жыцьця.

Прыйдзіце ж цяпер, браты, праславім гэтага сьвяціцеля такімі словамі: Радуйся, слаўны настаўнік і сьвяціцель, больш усіх іншых годны сваёй славы другога Залатавуста Беларускага. Радуйся ты, які словам сваім цудоўным адукаваў усю Русь Кіеўскую духоўнай мудрасьцю. Гэтую малую пахвалу табе прыносім і молімся табе: Маліся за нас Выратавальніку, Якому ты цяпер годны прадстаяльнік, ды пазбавіць Ён нас ад усіх бед і ад ворагаў бязбожных, што заўсёды прагнуць скарыць нас, ды малітвамі тваімі атрымаем мы ад Госпада міласьць, прабачэньня грахоў і асалоду вечную ў жыцьці будучым.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.