Thursday, May 13, 2010

УЗЬНЯСЕНЬНЕ ГОСПАДА

Ісус зьяўляўся Сваім вучням 40 дзён пасьля Свайго Уваскрэсеньня. Ён распавядаў ім аб Царстве Божым і аб тым, што Яму было неабходна перацярпець Свае пакуты. Калі аднойчы Ён быў зь імі, то прамовіў ім: “Я пашлю абяцанае Айцом Маім на вас; вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не прасякнецеся сілаю згары.” (Лк. 24:49)

Узьнясеньня Госпада сьвяткуецца Сьвятой Праваслаўнай Царквой на саракавы дзень пасьля Сьветлай Нядзелі, у чацьвер шостага тыдня пасьля Вялікадня.

У Эвангельлях Марка і Лукаша зьмешчаны толькі кароткія зьвесткі аб гэтай вялікай падзеі, якая завяршае зямное жыцьцё Ісуса Хрыста.

Аб гэтым напісана ў Дзеях Сьвятых Апосталаў: “Сабраўшы іх, Ён загадаў ім: не адлучайцеся зь Ерусаліма, а чакайце абяцанага ад Айца, пра што вы чулі ад Мяне; бо Ян хрысьціў вадою, а вы, празь нямнога дзён пасьля будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым. Пасьля гэтага яны, сышоўшыся, пыталіся ў Яго, кажучы: ці ня гэтым часам, Госпадзе, аднаўляеш Ты царства Ізраілю? А Ён сказаў ім: ня вам ведаць часіны ці поры, якія Айцец назначыў Сваёй уладай; а вы прымеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне за сьведкаў у Ерусаліме і ва ўсёй Юдэі і Самарыі і нават па край зямлі. Сказаўшы гэта, Ён узьнёсься на вачах у іх, і воблака ўзяло Яго зь вачэй іхніх. І калі яны глядзелі на неба падчас ўшэсьця Ягонага, раптам сталі перад імі два мужы ў белым убраньні і сказалі: мужы Галілейскія! што вы стаіце і глядзіце на неба? Гэты Ісус, што ўзьнёсься ад вас на неба, прыйдзе гэтак сама, як вы бачылі Яго, калі ўзносіўся на неба.” (Дзеі. 1:4–11)

Вучні павярнуліся ў Ерусалім, дзе знаходзілася і малілася Маці Божа і жанчыны–міраносіцы. У Эвангеліста Марка сказана, што Гасподзь узьнёсься на неба і сеў па правую руку Бога Айца.

Сьвята ўзьнясеньня лічыцца вялікім дванадзесятым сьвята. Адданьне сьвята адбываецца ў пятніцу сёмага тыдня пасьля Вялікадня.

У IV стагодзьдзі сьвята Узьнясеньня Госпада робіцца агульна вядомым. Гісторык Сакрат (440 г. пасьля Н.Х.), у сваёй працы “Гісторыя Царквы”, называе яго “агульным сьвятам”. У тым жа IV стагодзьдзі царыца Алёна на месцы Ўзьнясеньня Госпада пабудавала храм у гонар гэтага сьвята.

Трапар сьвята

Узьнёсься Ты ў славе, Хрыстос Бог наш, радасьць падараваўшы вучням абяцаньням Сьвятога Духа, умацаваўшы іх дабраслаўленьнем, бо Ты ёсьць Сын Божы, выратавальнік сусьвету.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.